Вы тут

Валерый Асташонак — былы партызанскі камандзір, у 60-я гады ўзначаліў брэсцкую міліцыю


Былы партызанскі камандзір у 60-я гады ўзначаліў брэсцкую міліцыю і шмат зрабіў для ўсталявання правапарадку ў самым заходнім рэгіёне краіны Валерыя Асташонка перавялі ў сталіцу з пасады начальніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў у 1976 годзе. Але доўгія гады яшчэ многія і многія на Брэстчыне ўспаміналі кіраўніка міліцэйскага ведамства добрым словам. Зайшла неяк дачка Лілія Валер’еўна ў ЖЭС па даведку, а начальнік ёй насустрач: «Вы дачка Валерыя Паўлавіча? Я служыў пад яго кіраўніцтвам». І адразу стаў дзяліцца самымі добрымі ўражаннямі і ўспамінамі. Нават у паліклініцы медсястра згадала, як ёй даводзілася звяртацца ў міліцыю і як дапамаглі там.


У партызанскім атрадзе

Ветэраны ўнутраных спраў, каму давялося служыць у той час, у адзін голас гавораць: «Асташонак — гэта велічыня! Міліцэйскі генерал — інтэлігент, прафесіянал, чалавек самай высокай пробы». Успаміны беражліва захоўваюць у музеі міліцыі і архіве ветэранскай арганізацыі Брэсцкага УУС. Асабліва шмат было зроблена для ўвекавечання памяці Валерыя Асташонка, калі арганізацыю ўзначальваў Георгій Длюбарскі. Але пра гэта крыху пазней.

Сёлета, дарэчы, споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння генерала. Ён нарадзіўся ў 1922 годзе ў вёсцы Слабада тагачаснага Сіроцінскага раёна Віцебскай вобласці. У школе хлопцу найлепей давалася гісторыя. Ён і думаў прысвяціць сябе выкладанню гэтай навукі, у 1941 годзе планаваў паступаць на гістфак педагагічнага інстытута. Але планы таго пакалення паламала вайна.

Адразу пасля акупацыі родных мясцін юнак падаўся ў партызаны. Яго баявая біяграфія звязана з партызанскай брыгадай «За Радзіму». І ўжо вясной 1942 года 20-гадовы Валерый стаў камандзірам узвода, а пазней быў прызначаны камісарам партызанскага атрада імя Валькова. Былі звычайныя партызанскія будні з рызыкай, раненнямі, стратамі: узрывалі эшалоны, ратавалі сваіх людзей ад угону ў Германію, здаралася, грамілі нямецкія гарнізоны. Малады камісар заўсёды быў на пярэднім краі і вёў байцоў за сабой. Засталіся ўспаміны яго таварышаў аб тым, як камісар наладзіў работу з асабовым складам. Пры ім не было зафіксавана ніводнага выпадку марадзёрства, што вельмі важна. За гэта паважалі атрад у асяродку мясцовага насельніцтва і дапамагалі, чым маглі. Камандзірам атрада тады быў Міхаіл Чацверыкоў, начальнікам штаба — Кірыл Шлыкоўскі. У той перыяд малады партызанскі камісар атрымлівае ўзнагароды салдацкай доблесці: медалі «За баявыя заслугі», «За адвагу», шэраг іншых. Спачатку атрад дзейнічаў на тэрыторыі Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці, потым баявая адзінка змагалася на тэрыторыі Дзівінскага, затым Маларыцкага раёнаў Брэстчыны.

Знаходка ўсяго жыцця

Менавіта ў партызанах хлопец знаходзіць каханне ўсяго жыцця, свой лёс — Анастасію Лосеву. О, гэта была не звычайная гісторыя, тыя падзеі заслугоўваюць асобнага аповеду. Насця пайшла ў партызаны ў 16 гадоў. І ўжо ў атрадзе даведалася, што гітлераўцы забілі маці і малодшую сястру. Бацька дзяўчыны загінуў у 1944-м на фронце. Ваявала яна спачатку ў другім атрадзе. Юная, бясстрашная, зусім нявопытная, падчас адной з аперацый трапіла ў рукі гітлераўцаў і аказалася ў канцлагеры «Шталаг 382» пад Барысавам. Гэта здарылася ўвесну 1942-га. Якое жыццё ў лагеры, вядома: голад, холад, рызыка быць застрэленым канваірамі з любой нагоды. Словам, Насця і яшчэ адна дзяўчынка вырашылі ўцякаць, як умелі, рыхтавалі сваю «аперацыю». У канцы вясны, калі пацяплела, яны здолелі выбрацца з лагера, але не прадугледзелі далейшыя падзеі. Дзяўчаты блукалі па лясах і рызыкавалі загінуць ад голаду альбо нарвацца на любых злыдняў. Схуднелых і змораных, да ўсяго іх аднойчы моцна пакусалі сабакі. Эсэсаўцы перыядычна выпускалі сабак, каб адшукваць уцекачоў. Ад сабак удалося ўцячы, але Насця, здаецца, канчаткова страціла сілы. А яшчэ ў яе на ўсё жыццё засталіся сляды ад укусаў і ўсё жыццё, асабліва на змену надвор’я, балелі ногі. Яна не магла глядзець на сабак пароды нямецкая аўчарка...

У той дзень па атрадзе дзяжурыў Асташонак, байцы далажылі, што ў лесе знайшлі змарнелую падарожніцу. Ён загадаў дапамагчы, паказаць жанчыну партызанскаму доктару. Потым згадаў пра выпадак праз некалькі дзён і зайшоў праведаць знойдзеную, распытаць, як аказалася ў лесе. А калі зайшоў у зямлянку, аслупянеў: перад ім была не кабета, а зусім дзяўчынка з раскошнымі светлымі валасамі. Ёй жа ішоў толькі 18 год. Ці трэба казаць, што камісар закахаўся з першага погляду?!

Гэтую гісторыю апіша пазней сяброўка дачок Асташонка расійская літаратуразнаўца Валянціна Платаненка ў сваёй кнізе. А тады Насця, як яе называлі Ася, паціху ўлівалася ў жыццё атрада, некаторы час была разведчыцай. Праз год яны ажаніліся з камісарам, згулялі партызанскае вяселле. А пад перамогу, у сакавіку 45-га, у Асташонкаў нарадзілася старэйшая дачушка Лілія, з якой мы і гутарым пра Валерыя Паўлавіча. Дарэчы, і назвалі яе ў гонар адной са сваячак бацькі, якую расстралялі захопнікі. Усё тады было звязана з вайной.

Лілія Валер’еўна згадвае, што іх дом заўсёды быў адкрыты і гасцінны. Колькі сябе памятае, да іх перыядычна прыязджалі былыя саслужыўцы, таварышы па партызанскім атрадзе, потым іх дзеці. І бацькі ім шчыра радаваліся, усіх прывячалі, пакідалі на начлег. Часам дапамагалі, вырашалі нейкія праблемы. Яны і людзі іх пакалення вельмі любілі жыццё. Можа, таму, што пабачылі шмат гора і смерці, ведалі сапраўдную цану жыццю, умелі яго аберагаць і радавацца. Да свят паштальёны неслі ў дом мяхамі віншавальныя паштоўкі з розных гарадоў і вёсак, і ў адказ Анастасія Пятроўна з дочкамі, пазней з унучкамі пісала віншаванні на адрасы са старых запісных кніжак. А Валерый Паўлавіч вечарамі праглядаў гэтую карэспандэнцыю, усміхаўся, святлеў душой.

Служба ў міліцыі

Усё сваё пасляваеннае жыццё ён прысвяціў службе ў міліцыі. У першыя мірныя гады давялося ваяваць з бандамі, якія заселі ў лясах. Гэта былі даволі небяспечныя аперацыі, такія ж, як у ваенны час. Пазней вырашалі другія задачы. За шаснаццаць гадоў службы Асташонак фактычна прайшоў шлях ад радавога міліцыянера да начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама. Упраўленне ўзначаліў у 1961 годзе і кіраваў ім 14 гадоў. Дакументы сведчаць, што за гэты час у вобласці карэнным чынам палепшылася крымінагенная сітуацыя. Па раскрыцці злачынстваў вобласць займала лідарскія пазіцыі ў БССР. Асаблівую ўвагу ўдзяляў начальнік пытанням падбору і расстаноўкі кадраў. Адным з галоўным дасягненняў Валерый Паўлавіч лічыў павышэнне аўтарытэту міліцыі ў асяродку насельніцтва, усёй сваёй дзейнасцю яны з калегамі сцвярджалі гэты аўтарытэт. У тую пару ён быў узнагароджаны за сваю работу ордэнамі «Знак Пашаны» і Працоўнага Чырвонага Сцяга, у 1966 годзе яму было прысвоена званне генерал-маёра.

Лілія Асташонак згадвае, што дома бацька ніколі не гаварыў пра работу, свядома аберагаў сям’ю ад трывог і любога негатыву. Толькі праз гады яны з маці выпадкова даведаліся ад саслужыўца пра здарэнне ў вайсковай часці. Мабыць, справа была ў тым, што зараз называюць нестатутнымі адносінамі. Словам, салдат зачыніўся ў танку і пагражаў расстраляць таго, хто наблізіцца. Камандзіры разгубіліся, сітуацыя выглядала болей чым сур’ёзна. Асташонку далажылі, бо надзвычайнае здарэнне адбывалася на тэрыторыі горада. Ён прыехаў, выйшаў з машыны ў грамадзянскім адзенні і пайшоў без зброі да танка. Ніхто не чуў, аб чым міліцэйскі начальнік гаварыў з салдатам тэрміновай службы, але праз нейкі час той вылез з баявой машыны, заплакаў і прыхіліўся да Валерыя Паўлавіча нібы да бацькі...

— Цяпер для такіх сітуацыі ёсць служба псіхолагаў, перагаворшчыкаў, а тады іх не было, — разважае Лілія Валер’еўна. — Вядома, бацька рызыкаваў, але па-іншаму не мог, думаю, ён нават не вагаўся. І ўпэўнена, што яго разуменне, бацькоўскі тон размовы адыгралі вырашальную ролю ў той ракавы момант. Мне сказалі, што ўсё скончылася добра і для салдата. Спадзяюся, што так і было.

— А колькі і якіх сітуацый было ў яго штодзённай рабоце, калі меў справу са злачынцамі, бандытамі, мы і не здагадваліся, — працягвае дачка. — Ён быў з тых, пра каго гавораць, што гарэў на рабоце. У 1976 годзе быў прызначаны намеснікам начальніка Мінскай вышэйшай школы міліцыі. А ў лютым 1980 года памёр у шпіталі пасля сардэчнага прыступу ва ўзросце 58 гадоў. На здароўі не маглі не адбіцца і партызанская маладосць, і міліцэйская работа.

Каб справа жыла

Сям’ю сваю ён вельмі любіў. Старшая дачка Лілія стала філолагам, спецыялістам па дзіцячай літаратуры, да пенсіі выкладала ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным універсітэце. А малодшая Тамара вырашыла прадоўжыць справу бацькі, пасля заканчэння тэхнічнай ВНУ прадоўжыла вучобу ў міліцэйскай установе, але бацькам сказала, толькі калі ўжо была залічана ў шэрагі курсантаў. Даслужылася да падпалкоўніка. Унукі Валерыя і Анастасіі Асташонкаў атрымалі гуманітарную адукацыю, выбралі адпаведныя прафесіі.

Варта сказаць, што ў Брэсце памятаюць генерала Асташонка. На доме, дзе ён жыў, размешчана мемарыяльная дошка. А ў 2013 годзе на ўваходзе ў будынак абласнога УУС быў усталяваны барэльеф генерал-маёра Асташонка. Кажуць, што ініцыятыва ўвекавечыць такім чынам памяць належала тагачаснаму начальніку ўпраўлення Івану Саўчыцу. Затым ідэю падхапіў Савет ветэранаў міліцыі. Старшыня савета палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Георгій Длюбарскі ўзяў на сябе арганізацыйныя клопаты. Брэсцкія скульптары Павел Герасіменка і Алеся Гуршчанкова вырабілі барэльеф. І вось 27 лістапада 2013 года сабралася шмат людзей на яго адкрыццё. Слова атрымала і Лілія Асташонак. Яна гаварыла аб тым, што чалавек жывы, пакуль жывая памяць пра яго. А яшчэ нагадала, што памятны знак стане данінай памяці ўсім супрацоўнікам міліцыі, якія перажылі тую страшную вайну, абаранялі мірную працу грамадзян, сумленна неслі сваю службу.

На сустрэчы з баявымі партызанскімі сябрамі (В. Асташонак трэці справа)

 

Мемарыяльная дошка ў Брэсцкім абласным УУС

На тым мерапрыемстве былі людзі, якія служылі побач з Валерыем Асташонкам. Яны згадвалі, акрамя бездакорнай службы, яго чалавечую прыстойнасць, высокую інтэлігентнасць, чуласць, гатоўнасць заўсёды дапамагаць людзям. Такім вось і павінен быць супрацоўнік, які стаіць на варце закона. Нездарма ж кіраўніцтва УУС увяло ганаровы пераходны прыз імя Валерыя Асташонка. Яго прысуджаюць штогод найлепшым вартавым парадку, і ўзнагарода лічыцца адной з самых прэстыжных у міліцэйскіх колах.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Дзеля міру і спакою людзей

Выбар рэдакцыі