Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Перамога была за намі, альбо Трэба чытаць класікаў

Гэтая гісторыя адбылася ў самым пачатку маёй педагагічнай дзейнасці. У школе, дзе я працавала, праводзіўся тыдзень беларускай мовы ды літаратуры, і ў яго рамках майму творчаму класу была даручана інсцэніроўка ўрыўка з якога-небудзь твора Міхася Лынькова.

Фота: pixabay.com

Пасля бурных дэбатаў мы выбралі апавяданне «Дзед Аўсей і Палашка». Яны ўдваіх, калі коратка, з партызанскага атрада на кані паехалі па ваду на лясное возера і там захапілі ў палон немцаў, якія, пакінуўшы на беразе сваю вопратку і зброю, палезлі купацца...

Клас неяк адразу ўбачыў будучы спектакль і без прамаруджвання ўзяўся за справу — спачатку, ну вядома ж, за падрыхтоўку дэкарацый. Для гэтага нехта з дому прынёс блакітнага атласу — бліскучай тканіны, для таго каб зрабіць «сапраўднае» возера, нехта — нарэзаў чароту на яго «берагі», нехта (у той самы сапраўдны чарот) пасадзіў цацачную, але «як жывую!» качку... На год старэйшыя хлопцы, адзін з якіх у свае пятнаццаць меў і славуты сажань у плячах, і пад два метры росту, падрадзіліся пабыць канём. Галаву і хвост са шпагату мы знайшлі яму ў школьных запасніках...

Далей паўстала пытанне, на чым можна везці бочку для вады?

У добрых людзей, якія жылі насупраць школы, вучні ўзялі напракат велікаватую тачку, і мы пачалі рэпетыцыі.

Трэба сказаць, што праходзілі яны не проста так, бо фантазія біла крыніцай: вучні прагнулі імправізацыі, і — дай ім волю — у спектакль уключылі б такое, што Лынькову нават не снілася!..

У нечым мне прыйшлося трошкі саступіць: развучыць некалькі фраз на нямецкай.

І вось, нарэшце, наш час, наш выхад! У вялікай прахалоднай спартзале — вучні і настаўнікі, нават асобныя з бацькоў. Дзея пачынаецца вельмі сур'ёзна і прыстойна. Але ж потым некалькі непрадбачаных дробязяў, і...

Сур'ёзны, з лёгкім гумарам, твор шаноўнага пісьменніка ператвараецца ці не ў камедыю.

А ўсё з-за таго, што на тачцы восенню звозілі з агарода ўраджай. На колах засталася гразь — недзе прысохла, недзе прымерзла, а ў школе потым адтала (тачку прыкацілі загадзя)... І як толькі нашы дзед з Палашкай уладкаваліся «ў возе», і конь, заржаўшы, сарваўся ледзь не на галоп, падталыя кавалачкі гразі веерам паляцелі ў бок першакласнікаў, што сядзелі спераду на гімнастычнай лаўцы.

Па зале пракаціўся лёгкі смяшок.

А тым часам з хваляў «возера» ўжо вынырнуў першы ссінелы «немец» Сяргей і, пырснуўшы з роту струменьчыкам загадзя набранай вады (смех пачаўся сапраўдны), гаркнуў: «Wasser іst kalt!» («Вада халодная!»). — «Ja, ja» — тут жа падтакнуў яму «немец» другі, вылазячы «на бераг» у новых, спецыяльна набытых сямейных трусах у кветачкі.

Сцены ў зале скалануліся ад рогату...

З-за якога трэці з нашых «немцаў» начыста забыў свой «тэкст» — выдаў першае, што прыйшло ў галаву: «О, meіn Gott!» («О, мой божа!») і тым самым давёў гледачоў да стану поўнай эйфарыі.

... Дзея, тым не менш, магла завяршыцца на досыць высокай ноце, аднак гэтаму перашкодзіла яшчэ адна недарэчнасць. Наша Наташка (яна ж Палашка) была дзяўчынай худзенькай і невялічкай. Каб «ператварыць» яе ў сталую вясковую жанчыну, партызанскую кухарку, мы пайшлі на пэўныя хітрыкі.

І вось, нарэшце, той самы фінальны момант: дзед Аўсей пад дулам аўтамата гоніць перад сабою немцаў у партызанскі атрад, Палашка смела вядзе за аброць «каня», і раптам з-пад яе шырокай клятчатай спадніцы вывальваецца невялікая такая... падушка.

Умомант «пахудзелая» (знізу) гераіня, дзякуй богу, не губляецца: яна падбірае згубу са словамі: «Вось дзе мая падушачка! А я ўсю раніцу яе шукала!».

...Апладысменты былі бурнымі. Мае артысты тройчы выходзілі на паклон. Яны ж свята верылі ў свой проста феерычны поспех!

Не сумняваліся ў ім і гледачы «спектакля», бо нашы ж — дзед з Палашкай — перамаглі! Ды яшчэ і як: «немцаў» у палон узялі, вады ў партызанскі атрад прывезлі, падушку і тую знайшлі! Трэба чытаць Лынькова.

Алена Несцяронак,

г. Докшыцы.


Свет і яго адкрыццё

Гэта было гадоў з дзесяць таму і амаль такой жа парою. Вясна прыйшла ранняя, цёплая — дружна зацвілі сады, у зеляніну прыбраліся дрэвы, а я выкраіў трохі часу, каб з'ездзіць, пагасціць у сястры.

...З Мінска ад'язджаў рэйсавым аўтобусам. Чакаў яго на вакзале — сядзеў на лаўцы, глядзеў на людзей.

Сярод іх найбольш вылучаліся прыгожы мужчына гадоў мо 40—45-ці і хлопец — можа, 15-ці. Яны ўвесь час аб нечым жыва размаўлялі, трымаліся за рукі, хадзілі... Маладзейшы пры гэтым то неяк дзіўна, быццам нясмела, пазіраў пад ногі, то штосьці паказваў свабоднай рукой і ўвесь час усміхаўся — ну зусім як малы!..

Потым падышоў мой аўтобус, і гэтую «пару» я ўбачыў зноў — ужо сярод сваіх спадарожнікаў. Нават больш за тое, маё месца аказалася якраз за іхнімі спінамі, што давала магчымасць не толькі бачыць гэтых дваіх, але і чуць, аб чым яны так жыва гамоняць. Ва ўсякім разе, як толькі крануўся аўтобус, хлопец устаў — адсунуў шыбу ў акне...

— Прабачце, вам дзьмуць не будзе? — павярнуўшыся, спытаўся ў мяне старэйшы.

— Не, не хвалюйцеся, — запэўніў я.

Хлопец тым часам высунуў вонкі руку — жменяй стаў лавіць сустрэчнае і халаднаватае, відаць, паветра, бо аўтобус, апынуўшыся за горадам, пачаў набіраць усё большую хуткасць і адкрываць такія краявіды, што юнак не вытрымаў:

— Глянь, тата, каровы на лузе! І якія ж пярэстыя — як на падбор! — захоплена ўсклікнуў ён.

— Гэта, відаць, калгасны статак, — узяўся тлумачыць бацька. — І ўсе кароўкі там адной пароды.

— А тут, глянь, — лес! — не сунімаўся хлопец. — Глянь, якія шышкі на дрэвах! А луг які, тата, глянь! Колькі кветак на ім!

— Шмат, Сяргейка... Заўсёды шмат: адны расцвітаюць, другія адцвітаюць, — спакойна расказваў бацька. — І такая вось прыгажосць пануе ў нас заўжды, аж да самай восені.

Пасажыры між тым ужо ёрзалі на месцах, ціха перагаворваліся, кідалі на гэтых дваіх досыць гнеўныя позіркі (нехта нават пальцам круціў каля скроні). Што, можа, і не дзіва: гучныя галасы і сапраўды маглі перашкаджаць — некаму чытаць, некаму — драмаць... А галоўнае — яны і не думалі сціхаць:

— Глянь, глянь, тата, гэта ж самалёт?! — ледзь не крычаў ад радасці юнак. — Глядзі, мы, наш аўтобус, здаецца, стаіць на месцы, а ён — ляціць... І што гэта? З яго падаюць нейкія парасонікі?..

— Гэта не парасонікі, — засмяяўся бацька, — гэта, сынок, парашутысты. У іх, відаць, ідзе трэніроўка...

— Э-эй вы, экскурсаводы, ці нельга цішэй? — даляцела да нас аднекуль з задняй пляцоўкі. — Вы ж не ўдвух тут едзеце? І смешна каму сказаць: дарослыя людзі, адзін — амаль дзяцюк, а паводзіць сябе, як дзіця... Вы б дактарам яго паказалі, ці што?

— А мы ад іх едзем, — дрыготкім голасам стаў тлумачыць старэйшы з «экскурсаводаў». — Аперацыю зрабілі — на вочы. Сяргейка ў нас амаль сляпым нарадзіўся, а ўчора знялі павязку і вось[x1] — бачыце вынік...

Усе пасажыры на імгненне сціхлі, потым адзін (і, вядома ж, за ўсіх) досыць гучна сказаў:

— Дык вы гаварыце, гаварыце! Нікому вы не замінаеце. Я праўду кажу?

— Праўду, праўду, — заківалі галовамі пасажыры і потым, калі гэтыя двое сабраліся на выхад, доўга абодвум глядзелі ўслед — і як жа шчыра зычылі здароўя!

Мікалай Багданаў,

Мёрскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР


Ад яе ж і, напэўна, яшчэ раз. Як пераканаліся нашы чытачы, «Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы» не хлусіць: гісторыі бываюць абсурдныя, амурныя, анекдатычныя, банальныя, абуральныя, дзівосныя, ідыёцкія, камічныя, кранальныя, павучальныя, скандальныя, трагікамічныя... Усяго — каля сотні слоў!.. А ўжо колькі праўдзівых — за час існавання рубрыкі...

Для тых, хто забыўся, нагадаем, што ў апошнія гады яна стала конкурсам на найлепшую... Вынікі яго падводзяцца ў пачатку года. Журы — і вялікае чытацкае, і малое рэдакцыйнае — працуюць. Так што пішыце. І, калі ласкА, — з нумарам тэлефона для аператыўнай зваротнай сувязі!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».