Вы тут

«Выступаць у камандзе павінны тыя, хто хоча біцца за краіну і за клуб»


У гісторыю хакейнага клуба «Дынама-Мінск» упісаны чарговы спартыўны сезон — цікавы, насычаны, але вельмі неадназначны. Аднак менавіта гэта і надае яму пэўную непаўторнасць і адметнасць, а таксама новы вопыт. Якім мінулы сезон бачыць кіраўніцтва клуба, якія ўрокі вынеслі трэнеры і гульцы і якія планы на будучыню — прадстаўнікі каманды расказалі журналістам.


Галоўную задачу выканалі

Сёлета «зубры» ў КХЛ спынілся ў першым раўндзе плэй-оф Кубка Гагарына. Спынілі іх сапернікі са СКА, якія ў заключным матчы абыгралі мінчан з вынікам 4:3. Аднак, па словах генеральнага дырэктара клуба Сяргея Сушко, са сваёй задачай каманда справілася: «У нас была задача мініум — прайсці ў плэй-оф. Каманда яе выканала. У спорце заўсёды ставяцца максімальныя задачы. У хакеі — гэта Кубак Гагарына, мы да яго не падышлі, таму нам ёсць куды расці. Сезон быў скамечаны, было шмат абмежаванняў, каманда не заўсёды выступала ў поўным саставе. Мы страцілі дзевяць дамашніх гульняў, калі паглядзець на сапернікаў, то сем з іх павінны былі быць нашымі. І месца ў рэгулярным чэмпіянаце мы маглі заняць вышэйшае. Але галоўную задачу каманда выканала. Калі зыходзіць з гэтага, сезон быў нядрэнны, але хацелася б лепш».

Гэты сезон галоўны трэнер «зуброў» Крэйг Вудкрафт назваў унікальным. Сезон алімпійскі, і таму расклад рэгулярнага чэмпіянату КХЛ атрымаўся вельмі скамечаным. Спачатку «Дынама-Мінск» паказваў добрыя вынікі ў матчах з мацнейшымі камандамі, але потым пачаліся хваробы. З-за гэтага былі моманты, калі не хапала гульцоў. Перад плэй-оф быў перапынак у восем тыдняў. Па словах трэнера, два месяцы рыхтавацца да плэй-оф — гэта нонсэнс. «Я не шкадую аб тым, як прайшоў сезон. Увесь клуб зрабіў вялікую работу. Што датычыцца вынікаў плэй-оф, канешне, хацелася прайсці далей. Я заўсёды кажу хакеістам, што мы тут, каб перамагаць. І ўсё, што не з'яўляецца перамогай у Кубку Гагарына — незадаваняльны вынік. З гэтага сезона трэба вынесці ўрокі, паглядзець, што варта ўдасканаліць, каб рыхтавацца да наступнага сезона», — сказаў Крэйг Вудкрафт.

Знешніх фактараў, якія ўскладанялі жыццё хакеістам, у гэтым сезоне было сапраўды шмат. Да каранавірусных абмежаваняў усе ўжо прывыклі, але яны змаглі нарабіць сюрпрызаў. З 15 студзеня быў спынены рэгулярны чэмпіянат Кантынентальнай хакейнай лігі. «Зубры» не правялі дзевяць запланаваных гульняў, што, зразумела, не магло не паўплываць на іх вынікі. «Мы вельмі добра выступалі ў снежні і студзені, каманда паказвала добры хакей. І нечакана Ліга спынілася пасля нашай гульні з «Авангардам». Наступныя 53 дні мы не гулялі ўвогуле, у нас была толькі выставачная гульня. Нам вельмі хацелася правесці тыя дзевяць матчаў, сем з іх былі дамашнія. Калі паглядзець на сапернікаў, можна сказаць, што некаторыя з іх абавязкова былі б нашы. І мы маглі б заняць вышэйшае месца ў табліцы, чым ёсць. Тыя гульні нам бы дапамаглі. Адмена рэгулярнага чэмпінату КХЛ моцна паўплывала на нашы вынікі ў плэй-оф», — расказаў галоўны трэнер «Дынама-Мінск» Крэйг Вудкрафт.

У гэтым сезоне далей у плэй-оф «зуброў» не прапусцілі хакеісты санкт-пецярбургскага СКА. Каманды правядлі чатыры матчы, і мацнейшымі ў гэтай серыі аказаліся расійскія хакеісты. Па словах Крэйга Вудкрафта, гэта серыя паказала, што «Дынама-Мінск» можа спаборнічаць з самым моцным сапернікам. Ён падкрэсліў, што 11 з 12 перыядаў серыі праходзілі ў роўнай барацьбе. Выключеннем стаў толькі перыяд матча 2 сакавіка. «Магчыма, нашым хлопцам недзе не хапала заточанасці на перамогу, выканання задання на гульні, былі праблемы з рэалізацыяй сваіх момантаў. Узровень нашых сапернікаў вельмі высокі. Вылучу тры аспекты, у якіх мы саступілі: больш элітны ўзровень спартсменаў, выдатная рэалізацыя і добрыя хуткасці. Нам патрэбна ўдасканальваць гэтыя моманты, каб станавіцца мацней і лепей. Усяму клубу неабходна правесці вялізную працу, каб пераўзысці свой вынік у наступным сезоне. Нам трэба быць адзіным цэлым і бачыць мэты ў развіцці хакеістаў. А ім патрэбна ненавідзець прайграваць і выступаць з агнём у вачах, яны павінны быць галодныя да перамог. Тады для каманды настануць лепшыя часы. І мы ўжо побач з гэтым», — рэзюмаваў Крэйг Вудкрафт. Ён падкрэсліў, што ўсе цяжкасці, якія выпалі на долю каманды, не варта ўспрымаць негатыўна. Гэта рэальнасць, з якой сутыкнуліся ўсе. І ў ёй былі і добрыя моманты. Каманда паказвала добрыя вынікі ў пачатку сезона. «Пазітыўны момант яшчэ і ў тым, што каманда змагалася, нягледзячы на розныя праблемы і перашкоды. Хлопцы заўсёды аддавалі максімум усяго, што ад іх патрабавалася. У гульнях з лідарамі лігі «Металургам, «АК-Барсам», «Трактарам» мы паказалі добрый хакей. І яшчэ адзін пазітыўны момант — развіццё нашых гульцоў на працягу сезона», — адзначыў ён.

Ні адзін не выпадае з поля зроку

Прарэс сапраўды можна лічыць пазітыўным момантам. І не проста так. Крэйг Вудкрафт нагадаў, што адна з глабальных мэт клуба «Дынама-Мінск» — развіццё беларускіх хакеістаў, у тым ліку і маладых. Менавіта ў клубе яны могуць прагрэсіраваць, што і робяць ад сезона да сезона. Ілья Усаў і Уладзімір Алістратаў засталіся ў камандзе з мінулага сезона. Па словах галоўнага трэнера, у гэтым сезоне яны палепшылі сваю гульню, сталі праяўляць лідарскія якасці. Аляксей Коласаў добра праяўляў сябе ў найбольш напружаных матчах. Для Аляксандра Суворава гэты сезон быў дэбютам у КХЛ. І ў хакеіста былі як узлёты, так і спады. Умяшаўся каранавірус, траўмы, свой уплыў аказаў і яго ад'езд на чэмпіянат свету ў саставе маладзёжнай зборнай. Але для першага сезона нядрэнна. Тое самае Крэйг Вудкрафт сказаў і пра Сяргея Сапегу. У сваім дэбютным сезоне ён праявіў сябе як важны гулец на абарончай лініі. Мікіта Пышкайла прыйшоў на дапамогу камандзе, калі шмат хакеістаў хварэлі на каранавірус. І паказаў, што можа выступаць на ўзроўні КХЛ. Крэйг Вудкрафт падкрэсліў: у гэтага хакеіста вялікая будучыня, што, безумоўна, вельмі важна для клуба.

А вось запрошаныя хакеісты не ўсе паказалі той вынік, які ад іх чакалі. «Думаю, на іх выступленне паўплывала вельмі шмат знешніх фактараў, пачынаючы з пандэміі і траўмаў, заканчваючы псіхалагічным станам. Таму атрымалася такая гульня, якую мы бачылі. Да таго ж у плэй-оф мы недалічыліся двух майстравітых гульцоў — Лукаса Бенгтсана і Марыё Кемпэ. Разумеем, што Марыё быў не вельмі дзейсны, але яго агульны ўзровень і ўменне трымаць інтэнсіўнасць і шчыльнасць гульні, мабільнасць досыць высокія. Ягоная траўма стала сур'ёзнай стратай для нас. Калі прайсціся персанальна, дык так, некаторыя замежнікі не паказалі свайго максімуму. На мой суб'ектыўны погляд, менш за ўсё прэтэнзій можа быць да Антона Ліндхольма, які, па вялікім рахунку, праявіў сябе лепш за ўсіх легіянераў», — расказаў вядучы спецыяліст па селекцыі клуба Андрэй Парфімовіч.

Хто з гульцоў застанецца ў складзе каманды на наступны сезон пакуль сказаць цяжка. Як падкрэсліў Сяргей Сушко, працэс селекцыі хакеістаў ідзе круглы год. Гульцы з двухгадовымі кантрактамі ў саставе застануцца. «Які будзе састаў на наступны сезон? Гэта пакажа найбліжэйшая будучыня. Мы ўсе жывём у сучасным свеце, загадваць тут складана. Невядома, што далей, якая будзе сітуацыя з легіянерамі. Усюды дэкларуецца, што спорт па-за палітыкай. Але, як правіла, атрымліваецца наадварот. Таму не ўсё залежыць ад нас. Усе клубы КХЛ, у прыватнасці «Дынама», цалкам выконваць свае абавязкі перад замежнымі хакеістамі. Але часам бываюць прычыны, якія індывідуальныя для кожнага.

Адштурхоўваемся ад таго, што будзе адбывацца далей, а не загадваем зараз», — падкрэсліў генеральны дырэктар клуба.

Шмат маладых беларускіх перспектыўных хакеістаў выступае ў лігах Паўночнай Амерыкі. Іх патэнцыял мог бы быць вельмі карысным для «Дынама-Мінск». Калі, яны захочуць выступаць пад яго эмблемай, канешне. Сёння ўсе гэтыя гульцы знаходзяцца пад увагай селекцыйнага аддзела «Дынама-Мінск». «Калі хтосьці з хлопцаў будзе вольны ці знойдзем кампраміснае рашэнне, якое задаволіць абодва клубы і гульца, тады, вядома, паспрабуем вярнуць хакеістаў, якія гараць жаданнем выступаць за наш клуб у КХЛ і годна яго прадстаўляць», — заявіў Сяргей Сушко. Але галоўнае — выканаць усе ўмовы і дзейнічаць толькі згодна з кантрактамі. «Мы хацелі б, каб Данііл Клімовіч гуляў у нас, але тут нашага жадання мала. Некалькі месяцаў таму мы радаваліся яго высокаму нумару драфту НХЛ. Ён з'ехаў у Паўночную Амерыку і адразу падпісаў шматгадовы кантракт пачаткоўца з адным з найстарэйшых клубаў. Гэта дарагога варта. Калі ў «Ванкувера» паўстане жаданне, каб Клімовіч атрымаў практыку ў КХЛ, дык, пэўна, ён выступіць за мінскае «Дынама». У нас замацаваны правы на хакеіста ў лізе», — дадаў генеральны дырэктар клуба.

Каб хакеіст апыныўся ў складзе «Дынама-Мінск» павінна супасці шмат фактараў. Першым з іх Сяргей Сушко назваў жаданне самога гульца. Выступаць у камандзе павінны тыя, хто хоча біцца за краіну і за клуб. Ён прывёў у прыклад Васіля Філяева, які хоча развівацца ў «Аўтамабілісце» з Екацерынбурга. Зразумела, што ў тым ці іншым гульцы павінен быць зацікаўлены і трэнерскі штаб. І калі жаданне ўсіх бакоў супадае, гулец аказваецца сярод «зуброў».

«Ні адзін малады гулец не выпадае з поля зроку селекцыйнай службы. Мы актыўна сочым за ўсімі. У нас не так шмат хакеістаў, каб раскідвацца імі. Самае галоўнае, каб нашы хлопцы гулялі. Наша асноўная задача — стварыць усе ўмовы і такі мікраклімат, каб хакеісты з гонарам прыязджалі ў нашу зборную і абаранялі гонар краіны на міжнароднай арэне», — заявіў Сяргей Сушко.

Экзамен для трэнераў

Кожны сезон — праверка сіл не толькі для спартсменаў, але і для трэнераў. У гэтым сезоне пост асістэнта галоўнага трэнера пакінуў вядомы хакеіст Міхаіл Грабоўскі. Яго абавязкі паміж сабой размеркавалі астатнія спецыялісты, вялікую нагрузку ўзяў на сябе Андрэй Мезін. Ён актыўна працаваў з нападаючымі. Крэйг Вудкрафт высока ацаніў работу сваіх маладых калег Дзмітрыя Астапенкі, Дзмітрыя Філіповіча і Аляксея Дашкевіча, якія толькі ў гэтым сезоне сталі працаваць з камандай. «Я хачу сказаць вялікі дзякуй нашаму трэнерскаму саставу, які ў гэты няпросты сезон вельмі добра сябе паказаў. Тры новыя трэнеры выдатна сябе праявілі. Яны заўсёды былі гатовыя працаваць, шмат чаму вучыліся і паспяхова выбудоўвалі зносіны з гульцамі. Яны шмат зрабілі для нас усіх. Для мяне самае важнае, калі трэнеры прыходзяць на работу, гатовыя рабіць усё, каб дапамагчы камандзе быць лепей», — падзяліўся Крэйг Вудкрафт.

Дарэчы, галоўны трэнер Крэйг Вудкрафт, які працуе з камандай з 2016 года, застаецца на наступны сезон. Ён сам прызнаўся, што жадае гэтага і што ў яго вялікія планы. Акрамя таго, спецыяліст і мінскі клуб звязаныя доўгатэрміновым кантрактам. «Сёлета была адна ўмова — прайсці ў плэй-оф, яна выканана. Таму працяг кантракта — пытанне аўтаматычнае. І мне хацелася б адзначыць галоўнае. У Крэйга вялізнае жаданне застацца ў нашай краіне, прыносіць карысць мінскаму «Дынама». Акрамя таго, што ён трэнер нашага клуба, яшчэ і трэнер зборнай. Крэйг тут не часова, у яго планы працаваць на карысць беларускага хакея», — расказаў Сяргей Сушко.

У канадскага спецыяліста яшчэ адна задача — передаць свае веды маладым спецыялістам. Па словах кіраўніцтва клуба, менавіта на пераемнасці пакаленняў і перадачы вопыту і навыкаў і будуецца работа ў клубе. Магчыма, у гэтым і заключаецца сакрэт «Зуброў».

Дарэчы, абменьваюцца вопытам не толькі трэнеры. Самі хакеісты пасля такога цяжкага сезона пачалі серыю майстар-класаў для юных дынамаўцаў. Ужо стала традыцыяй наведваць трэніроўкі ўсіх груп школы «Дынама-Мінск». Першыя хакейныя ўрокі малодшаму пакаленню ўжо далі Сяргей Сапега і Дзмітрый Буйніцкі. Такія заняткі карысныя для ўсіх. Дарослым хакеістам яны даюць новы погляд на некаторыя рэчы, адпачынак, а малодшым, безумоўна, матывацыю. А яна ў спорце патрэбныя ўсім, асабліва ў такі няпросты час.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: ХК «Дынама-Мінск»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».