Вы тут

Адзін з найбагацейшых збораў «кацінага» мастацтва можна пабачыць ў НЦСМ


Агаліўшы пажоўклую сухую траву і сумныя прагаліны чорнай зямлі, растаў апошні снег. Вызваленая ад цяжару глеба, адчувальна прасядаючы пад падэшвай, адказвае на крокі прыемным глухім водгукам. Птушкі — верныя прадвеснікі адлігі — яшчэ напярэдадні пацяплення распачалі свае зацяжныя рэпетыцыі, зліўшыся ў поліфанічным хоры. Абудзіліся ад спячкі і браты нашы меншыя (нашмат меншыя) — адусюль з куткоў, адтулін павысоўвалі кароценькія насы павучкі, шашалі, іншая драбяза...


Эліна Шаўкунова (9 гадоў) «КОТМАС», 2022 г.

Натуральна, прыход цяпла не мог не адбіцца і на жыцці пушыстых прадстаўнікоў жывёльнага свету. Калі жыццёвы ўклад хатніх гадаванцаў ад перамены надвор’я змяніўся не вельмі, то ў бытаванне дзікіх звяроў вясна, вядома, унесла карэктывы. Напрыклад, тыя ж дваровыя каты, якіх шмат на нашых вуліцах, пакінулі свае «норы», каб дружна сустрэць цёплую пару. Вуліцы, адгукаючыся шчодрым рэхам, падтрымалі іх гартанныя спевы. І калі птушкі вызвоньваюць класіку, то музыка гэтых выканаўцаў — джаз!

Такога ж меркавання, відавочна, прытрымліваліся і супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, калі некалькі гадоў назад працавалі над канцэпцыяй новага выставачнага праекта. Стаўшы пераемніцай даўніх «Сакавіцкіх катоў», чыя гісторыя ўзыходзіць ажно да 2004 года, выстаўка «Джаз! Каты! Вясна!» сама паспела ператварыцца ў добрую традыцыю і палюбіцца мінчанам. Адкрыццё сёлетняй экспазіцыі, згодна з усталяваным звычаем, адбылося на самым пачатку вясны — 3 сакавіка.

Канцэпцыя штогадовай выстаўкі надзвычай простая. Яна аб’ядноўвае творы, дзе яўна або не зусім фігуруюць каты ды коткі — хатнія млекакормячыя драпежнікі. Прытым да разгляду прымаюцца самыя розныя работы, не зважаючы ні на прафесійнасць выканання, ні на тэхніку, ні нават на відавую прыналежнасць (экспануюцца як творы выяўленчага мастацтва, так і дэкаратыўна-прыкладнога). Якім чынам падысці да тэмы, аўтар вырашае сам, абмежаванняў не існуе. 

Ф,юзінг «Танец Матыса» (з калекцыі «Катавасіі»).

Трэба сказаць, многія ўдзельнікі гэтым актыўна карыстаюцца. У выставачнай прасторы можна сустрэць і творы абстрактныя (плямы і лініі, у сілуэтах якіх ледзь пазнаюцца каціныя, ды і тое — калі задацца такой мэтай), і фігуратыўныя палотны, дзе «віноўнікаў урачыстасці» яшчэ паспрабуй адшукай, і шматлікія канцэптуальныя работы... Тым цікавей! Бо кожны наступны твор становіцца для гледачоў свайго роду рэбусам, які цікава разгадваць. Гэтая асаблівасць не дасць засумаваць падчас прагляду нават самым раўнадушным алергікам.

Разглядваць жа тут, паверце, ёсць што. Сёлета, напрыклад, па словах супрацоўнікаў НЦСМ, у музейную ўстанову было пададзена больш ад 100 заявак з просьбамі аб удзеле ў праекце. Выставачныя плошчы другога паверха галерэі па адрасе Някрасава, 3 (а гэта, між іншым, восем залаў) цалкам адведзены пад размяшчэнне твораў. Тут варта было б зрабіць невялічкае адступленне... Выяў катоў, як вы можаце здагадацца, культура за сваю гісторыю назапасіла бясконцую колькасць. Таму даўно ўжо з’явіліся і профільныя галерэі... 

Думаецца, для вас не стане адкрыццём той факт, што каты з’яўляюцца героямі многіх агульнапрызнаных шэдэўраў, былі ўлюбёнымі жывёламі для некаторых легендарных аўтараў, а першыя спробы іх выяўлення датуюцца глыбокай старажытнасцю. Дзякуючы інтэрнэту, эпоха, у якой жывём мы, па праве можа лічыцца эпохай росквіту цікавасці да мурлык. Нездарма заўзятыя кашатнікі па ўсім свеце збіраюць такія творы. Адзін з найбагацейшых, калі верыць рэкламцы, збораў «кацінага» мастацтва знаходзіцца менавіта ў Беларусі. 

«Катавасія» — агромністая калекцыя твораў дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва, прадметаў быту, дызайну і інтэр’ера, прысвечаных катам. Разам з тым гэта і назва сталічнай арт-галерэі, дзе ўся тая прыгажосць беражліва захоўваецца і экспануецца. Адміністратары галерэі настолькі ўпэўнены ў сабе, што нават абяцаюць прэмію ў «5000 рублёў таму, хто пакажа на больш значны аб’ект падобнага роду ў свеце»... Дык аб чым гэта мы? Дзве залы экспазіцыі «Джаз! Каты! Вясна!» амаль цалкам аддадзены ў распараджэнне «Катавасіі».

Тут вы знойдзеце і скульптуры катоў (як бронзавыя, так і драўляныя), і габелены з выявамі антрапаморфных жывёлін, і калекцыю неверагодна папулярных у свой час гумарыстычных паштовак нью-ёркскага выдаўца Альфрэда Майнцара «Апранутыя кошкі», і, само сабой, разнастайныя вееры, качалкі, шчоткі, сальніцы, парасоны ды шмат чаго яшчэ... Усё гэта лішні раз прымусіць задумацца, у якім усё ж такі дзіўным свеце мы з вамі жывём. Трэба заўважыць, «Катавасія» карыстаецца асаблівым попытам.

Што да астатніх залаў, то яны не адстаюць... У асобным памяшканні прадстаўлена дзіцячае мастацтва. Узроставы цэнз, па даўняй традыцыі, адсутнічае. Малодшаму з удзельнікаў выстаўкі 4 гады. Зрэшты, шырока прадстаўлена і падлеткавае бачанне. Светлая зала, першая на маршруце, з парога сустракае наведвальнікаў буянствам фарбаў (ажно ў вачах мігціць). Найчасцей пастаўленую перад імі задачу маленькія аўтары вырашаюць літаральна, але ў дадзеным выпадку галоўнае, бясспрэчна, стыль.

Джон Джагер «Стары кот» (з калекцыі «Катавасіі»).

Папулярным сярод усіх аўтараў прыёмам чамусьці зрабілася гульня з коранем «кот» у назвах работ. Напрыклад, у той жа «дзіцячай» зале ёсць карціна дзвевяцігадовай Эліны Шаўкуновай, падпісаная «КОТМАС». На ёй каты ў спецыяльных шлемах, сядлаючы ракеты, даследуюць міжпланетную прастору, а амаль ва ўсіх касмічных цел — вушкі. Такія творы, хутчэй за ўсё, нараджаюцца менавіта ад слоў, у спробе іх візуалізаваць. Сярод іншых прыкладаў — работы «КАМПкот» і «ТрыКатаЖ» ад дарослых аўтараў. Галоўны герой першай закаваны ў шкляны слоік, персанажы другой — вынік неакуратнай вязкі.

Апроч іншых, у экспазіцыі прадстаўлены і творы з фондаў Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Так, у адным з памяшканняў экспануюцца надзвычай цікавыя работы Уладзіміра Правідохіна, Сяргея Балянка і іншых вядомых айчынных аўтараў. Карціна Правідохіна з вычарпальнай назвай «Проста кот» 1992 года ўражвае асабліва. Неверагоднае колеравае спалучэнне добра стасуецца з геаметрычным, у чымсьці арнаментальным (карціны складзены з мноства дробных элементаў) стылем мастака. Проста цудоўны кот!

Вікторыя Ільіна «Поле», 2004 г.

Вандруючы па выстаўцы «Джаз! Каты! Вясна!», пастаянна адчуваеш на сабе нечыя хітрыя позіркі. За табою быццам увесь час нехта назірае. А рэч у тым, што гэтымі днямі, акурат да выстаўкі, сцены ў калідорах і залах другога паверха НЦСМ аздоблены малюнкамі... З выявамі каго б вы думалі? Катоў, вядома, каго ж яшчэ! І яны тут літаральна паўсюль: дзе пузам разетку прыкрые, дзе ляніва лапай пакажа шлях, а дзе толькі вачамі блісне. Зрэшты, усё гэта вельмі замілоўвае. Каты стануць вашымі спадарожнікамі на час прагляду.

Не дадуць яны прайсці і міма хоць колькі-небудзь прыкметных твораў у экспазіцыі. Тут асобна вылучым некаторыя работы, пра якія яшчэ не паспелі згадаць. Дзве вязаныя карціны Надзеі Рэўтовіч, зробленыя ўручную ў тэхніцы інтарсіі, наўрад ці пакінуць вас раўнадушнымі. Аднак асабліва моцнае ўражанне дорыць буйнафарматнае палатно Вікторыі Ільіной «Поле» 2004 года. На ім — звычайнае (ды не зусім) поле з валошкамі і мятлікамі. Але шукаць катоў бессэнсоўна. Бо тут не каты, як пазней разумееш, а коцікі!

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Друкуееца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.