Вы тут

Доўгачаканае цяпло, а потым зноў мокры снег, праўда часова


Нарэшце да нас ідзе сапраўдная вясна. Вясна з упэўненым цяплом, калі сонца не толькі свеціць, але і грэе. А ў першай палове тыдня будзе наогул амаль ідэальна для сярэдзіны сакавіка — цёпла і суха, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды. Праўда, пачынаючы з чацвярга вызначаюцца не зусім камфортныя змены, калі павялічыцца і ўшчыльніцца воблачнасць, пачне ўзмацняцца вецер, а па ўсходзе і паўднёвым усходзе краіны пройдуць ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Але, пра ўсё па парадку...


Як мы і абяцалі, у аўторак будзе без ападкаў. Але раніцай і раннім днём па поўначы і паўночным усходзе краіны месцамі на дарогах магчымая галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўночна-заходні слабы. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 5 градусаў да 1 цяпла. Удзень сонца ўключыцца на ўсю магутнасць і будзе ў сярэдзіне дня ад плюс 12 градусаў да 18 цяпла.

Пераважна без ападкаў чакаецца і ў сераду. У гэтую раніцу ў асобных раёнах чакаецца слабы туман. Вецер прагназуецца няўстойлівы слабы. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 градусаў да плюс 3, месцамі, пры праясненнях, да мінус 5 градусаў. А ўдзень наогул прыгрэе не на жарт — будзе амаль майскае надвор’е, ад плюс 12 градусаў да 19 цяпла.

Праўда ўжо ў чацвер надвор’е зробіць невялікую перадышку і чакаецца пераважна без ападкаў, толькі па ўсходзе краіны месцамі пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Вецер будзе паўночна-заходні ўмераны, удзень парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 2 градусаў да 3 цяпла. Удзень будзе плюс 7–13 градусаў, па паўднёвым захадзе краіны месцамі да 15 цяпла.

У пятніцу будзе пераважна без ападкаў, толькі ўначы па паўднёвым усходзе краіны месцамі пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Вецер прагназуецца паўночна-заходні, заходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 градусаў да плюс 3 градусаў. Удзень будзе плюс 7–13 градусаў, па паўднёвым захадзе чакаецца да 16 цяпла.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у суботу нас чакае не зусім камфортнае надвор’е. Уначы ў гэтыя суткі будзе пераважна без ападкаў, раніцай і ўдзень месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу, па поўначы магчымы мокры снег. Вецер прагназуецца паўночна-заходні, заходні ўмераны, раніцай і ўдзень парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 2 градусаў да 4 цяпла. Удзень будзе плюс 8–15 са знакам плюс, па поўначы краіны 4–7 цяпла. Чакаецца, што і ў нядзелю месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Уначы і раніцай на асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўдзень ўпадзе да 2–9 цяпла, а ўначы ўвогуле стане халодна — ад нуля да 7 марозу. Так, сакавік гэта далёка не май.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Маргарыты ПАЛЮХОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.