Вы тут

«У нас ёсць магчымасць быць мацнейшымі, быць разам»


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем важныя спартыўныя навіны.


Героі тыдня. У расійскім Ханты-Мансійску скончыліся зімовыя гульні паралімпійцаў «Мы разам. Спорт». Беларуская каманда заваявала 16 медалёў: 5 залатых, 2 сярэбраныя і 9 бронзавых. Гэта дазволіла камандзе заняць другое месца ў медальным заліку, на першым месцы — расійскія спартсмены, якія заваявалі 106 узнагарод. Трохразовай чэмпіёнкай гульняў стала Валянціна Шыц. Два «золата» і адно «серабро» заваявала Святлана Саханенка. У актыве Дар'і Фядзьковіч адзін сярэбраны і тры бронзавыя медалі. Двухразовымі бронзавымі прызёрамі сталі Дзмітрый Лобан і Юрый Голуб. Па адным бронзавым медалі ў Лідзіі Лобан і Рамана Свірыдзенкі.

З паспяховым выступленнем каманду павіншаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. «У Ханты-Мансійску вы заваявалі цэлы россып узнагарод, праявіўшы высокае спартыўнае майстэрства, жалезную волю і нязломны характар. Чарговы раз даказалі, што няма мяжы магчымасцям чалавека. Усе нашы людзі падтрымліваюць вас у барацьбе за права займацца любімай справай і адстойваць гонар Беларусі на міжнародных спартыўных арэнах без умяшання палітыкі. Мы ганарымся вашай устойлівасцю і патрыятызмам», — гаворыцца ў віншаванні.

У зімовых гульнях паралімпійцаў «Мы разам. Спорт» бралі ўдзел спартсмены з Беларусі, Расіі, Арменіі, Казахстана і Таджыкістана. Спаборніцтвы праходзілі ў шасці відах спорту: лыжных гонках, біятлоне, кёрлінгу, сноўбордзе, горных лыжах і слэдж-хакеі. Беларусь прадстаўлялі 16 спартсменаў, якія павінны былі выступаць на Паралімпійскіх гульнях у Пекіне.

Няўдача тыдня. Арына Сабаленка няўдала выступіла на турніры ў амерыканскім Індыян-Уэлсе і ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA) перамясцілася з трэцяй пазіцыі на пятую. Цяпер у яе актыве 4862 балы. Вікторыя Азаранка займае 16-ю пазіцыю, маючы 2336 балаў, Аляксандра Сасновіч займае 60-е месца (1033 балы). У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) першая ракетка Беларусі Ілья Івашка займае 43-е месца (1159 балаў), Ягор Герасімаў — на 153-й пазіцыі (412).

Перамога тыдня. Мікіта Лабастаў стаў пераможцам вялікага мас-старту на 60 чалавек на Кубке Саюза біятланістаў Расіі ва Уфе. На чатырох агнявых рубяжах беларус не дапусціў ні аднаго промаху.

Падзея тыдня. Прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму Беларусі правялі рабочую сустрэчу з расійскімі калегамі. Асноўная тэма — абарона інтарэсаў сваіх спартсменаў, якія былі адхілены ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах. «Нам вельмі важна, каб яны зразумелі, што ніхто не будзе кінуты, а спаборніцтвы будуць праводзіцца, што гэта ўсяго толькі часовы перыяд, і сумеснымі намаганнямі мы станем яшчэ мацнейшымі. Акрамя таго, гэта ўнікальная магчымасць паглядзець на свае ўнутраныя рэзервы. У нас ёсць магчымасць быць мацнейшымі, быць разам», — сказаў кіраўнік беларускай дэлегацыі, намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Бараўля.

Міністр спорту Расійскай Федэрацыі Алег Матыцын адзначыў, што сёння як ніколі важна праявіць салідарнасць і падставіць адзін аднаму плячо. У гэтых умовах неабходна кансалідаваць намаганні, больш абменьвацца вопытам і ведамі. Тым больш што беларускія і расійскія спартсмены, трэнеры, спецыялісты і кіраўнікі галіны заўсёды выступалі адзіным фронтам. На наступным тыдні ў Мінску на сумесным пасяджэнні калегій спартыўных ведамстваў будуць прыняты канкрэтныя рашэнні для прадаўжэння сумеснай работы.

Поспех тыдня. Беларускі нападаючы Ілья Усаў падпісаў трохгадовы кантракт навічка з клубам НХЛ «Тампа-Бэй Лайтнінг». Гэты сезон Ілья правёў у «Дынама-Мінск», у 40 матчах рэгулярнага чэмпіянату КХЛ набраў 26 балаў. «Тампа-Бэй» — дзеючы ўладальнік Кубка Стэнлі, каманда займае чацвёртае месца ва Усходняй канферэнцыі НХЛ.

Пазіцыя тыдня. Аб'яднаны свет барацьбы апублікаваў рэйтынгі найлепшых спартсменак. У вагавой катэгорыі да 57 кілаграмаў трэцяе месца заняла беларуска Ірына Курачкіна. У топ-10 таксама ўвайшлі беларускія спартсменкі Ванеса Каладзінская (7-е месца ў катэгорыі да 53 кг), Вераніка Іванова (10-е месца да 62 кг), Марыя Мамашук (6-е месца да 65 кг) і Настасся Зімянкова (8-е месца да 72 кг).

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.