Вы тут

Аляксандр Казека: Па творах можна меркаваць пра чалавечыя якасці і грамадзянскую пазіцыю аўтара


Літаратурная Магілёўшчына налічвае шмат вядомых імёнаў і адметных традыцый. Літаратуразнаўцы пачынаюць распавядаць пра яе ажно з шаснаццатага стагоддзя, калі тут была створана Баркулабаўская хроніка. І сёння тут жыве і працуе шмат беларускіх літаратараў, адбываюцца цікавыя праекты, захоўваецца памяць пра слаўных папярэднікаў. Пра гэта чытачам «Звязды» распавядае старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомы паэт і перакладчык Аляксандр Казкека.


Фота: sb.by

— Магілёўскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў БССР было створана яшчэ ў 1960-м, яго доўгі час узначальваў паэт-франтавік Аляксей Пысін. Як шануецца яго памяць і памяць іншых пісьменнікаў ? ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, на Магілёўшчыне?

— На жаль, з Аляксеем Васілевічам Пысіным, які ўзначальваў нашу пісьменніцкую суполку з 1974 да 1981 года, пры яго жыцці мне пазнаёміцца не давялося. Бо ў сярэдзіне сямідзясятых я, вясковы хлопец, пасля заканчэння сярэдняй школы паехаў вучыцца ў ваенную навучальную ўстанову ў горад Арол і вярнуўся на Радзіму толькі ў другой палове васьмідзясятых. Але Магілёўшчына шануе памяць нашага вядомага пісьменніка-франтавіка. Штогод, разам з абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна, мы праводзім Пысінскія чытанні. Па выніках у бібліятэцы выдаецца зборнік матэрыялаў.

У гонар Аляксея Пысіна названа вуліца ў Магілёве, на доме, у якім ён жыў, размешчана мемарыяльная дошка. Нашы пісьменнікі наведваюць магілу Аляксея Васілевіча: калі з моладдзю, каб расказаць ім пра славутага земляка, ды і парадак навесці, а калі сваім гуртам, разам з тымі, хто асабіста ведаў Пысіна, каб успомніць таварыша, пагаварыць аб літаратуры, аб жыцці.

На літаратурным небасхіле Магілёўшчыны нязгасна гарыць зорка яшчэ аднаго славутага паэта — ветэрана Вялікай Айчыннай вайны: народнага паэта БССР Аркадзя Куляшова, імя якога носіць Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Абапіраючыся на ўсебаковую падтрымку з боку рэктара ўніверсітэта Дзяніса Дука, мы разам штогод праводзім Куляшоўскія чытанні і літаратурны конкурс «І кружыцца планета Куляшова».

Сярод пісьменнікаў Магілёўшчыны — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны варта адзначыць яшчэ Васіля Матэвушава, які ўзначальваў магілёўскую пісьменніцкую суполку ў 1971—1974 гг. Імя яго носяць вуліца і завулак у Магілёве; Аляксандра (Алеся) Адамовіча, які хоць і не нарадзіўся на Магілёўшчыне, але цесна з ёю звязаны і пахаваны на могілках в. Глуша, побач з бацькамі. Помнік Алесю Адамовічу быў адкрыты 9 лістапада 2019 года ў Глушы Бабруйскага раёна.

Час няўмольна ідзе наперад і, на жаль, на сённяшні дзень няма ўжо з намі пісьменнікаў, якія неслі праўду пра гады ваеннага ліхалецця, як той казаў, з першых вуснаў.

— Якія важныя праекты і акцыі Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ запланаваныя ў Год гістарычнай памяці?

— Гэта перш за ўсё літаратурна-пластычны спектакль «Песня роднай зямлі», які зрабілі навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў ? удзельнікі тэатральнай студыі «Отражение» (кіраўнік Алена Ярашук) па маіх паэмах «Медуніца» і «Марыйка». Першае прадстаўленне адбылося 17 сакавіка, падчас тыдня спаленых вёсак, у Кіраўску.

Разам з Магілёўскай абласной філармоніяй плануем штоквартальна праводзіць музычна-літаратурныя вечары «Я словам і песняй з Радзімай заўсёды» з выездам у Жыліцкі палацава-паркавы комплекс.

Выконваючы рашэнне чарговага пленума Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, які адбыўся ў Магілёве 3-4 кастрычніка 2019 года, на чэрвень запланавана Міжнародная патрыятычная акцыя «Это нужно — не мертвым! Это надо — живым!», прысвечаная году гістарычнай памяці і памяці Канстанціна Сіманава. Конкурс у межах дадзенай акцыі ўжо адкрыты.

Рыхтуемся таксама да ўдзелу ў мерапрыемствах, прысвечаных 80-годдзю спалення вёскі Боркі Кіраўскага раёна, яны пройдуць 15 чэрвеня 2022 года.

Разам з Магілёўскім абласным аддзяленнем ГА «Беларускі фонд міру» мы распачалі маладзёжны конкурс беларускамоўнага верша «З табой маё слова, Радзіма!», прысвечаны году гістарычнай памяці і 140-годдзю з Дня нараджэння славутых песняроў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Для пераможцаў конкурсу арганізуем паездкі ў Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі» і ў філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа «Мікалаеўшчына», дзе таксама правядзём шэраг мерапрыемстваў.

— Якія яшчэ існуюць на Магілёўшчыне літаратурныя прэміі і конкурсы?

— Іх праводзіцца нямала. Так, за перыяд 2016—2021 гг. праведзена больш за 40 конкурсаў, арганізаваных намі і з нашым удзелам. Варта адзначыць конкурсы, прысвечаныя Раству Хрыстову і Вялікадню, якія мы праводзім разам з Магілёўскай епархіяй. Сёлета нават запланавалі правесці конкурс крытыкі на творы нашых пісьменнікаў. Прыемна адзначыць, што з году ў год усё больш магілёўскай моладзі адгукаецца на нашы прапановы. І расце якасць твораў. Літаратары добра ведаюць прымаўку «як мы дыхаем, так і пішам». Таму па творах можна меркаваць не толькі аб таленце аўтара, але і шмат сказаць пра яго чалавечыя якасці і грамадзянскую пазіцыю.

Найлепшыя творы друкуюцца на літаратурнай старонцы «Натхненне», якая штомесяц выходзіць у абласной грамадска-палітычнай газеце «Магілёўскія ведамасці». А лепшыя з лепшых друкуюцца ў літаратурным альманаху «Прыдняпроўе. Магілёўшчына літаратурная». У чарговым альманаху, які выйшаў з друку ў канцы 2021 года, у рубрыцы «Новыя імёны» — творы 15 маладых аўтараў.

Асобнай літаратурнай прэміі ў нашай вобласці, на жаль, пакуль што няма. Але найлепшыя з творцаў прадстаўляюцца на спецыяльную прэмію Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта «Дасягненне» ў намінацыі «Літаратурная дзейнасць». За апошнія гады лаўрэатамі гэтай прэміі сталі пісьменнікі Вольга Бялова, Алесь Казека, Алена Кісель, Валянціна Габрусева, Жанна Усцінава.

— Як Магілёўскае аддзяленне СПБ вядзе работу з моладдзю?

— На базе Магілёўскай абласной бібліятэкі імя Леніна была створана літаратурная гасцёўня «Магія слова», якую вядзе член савета аддзялення, кандыдат філалагічных навук Алена Кісель. Першапачаткова літгасцёўня задумвалася для работы з творчай моладдзю ? як месца, дзе пісьменнікі-пачаткоўцы маглі б сустракацца з пісьменнікамі сталымі, прачытаць свае творы, абмеркаваць іх, атрымаць пэўныя веды па тэорыі літаратуры. Аднак вельмі хутка высветлілася, што яна стала цікавай не толькі для творчай моладзі. На жаль, з-за эпідэмічнай сітуацыі гасцёўня пакуль што «пераехала» ў інтэрнэт, але, як паказвае практыка, тут кола яе наведвальнікаў толькі пашыраецца.

Важна адзначыць магчымасць выхавання моладзі праз маладзёжныя літаратурныя аб'яднанні. Яркі прыклад — гэта літаратурнае аб'яднанне «Натхненне» пры МДУ імя А. А. Куляшова, якое ўзначальвае член савета аддзялення, кандыдат філалагічных навук Наталля Міхальчук. Прывіццё інтарэсу да дзіцячай літаратуры вядзецца праз узорную тэатральную студыю «В точку!», якой кіруе член савета аддзялення Вольга Бялова.

— Пасля выхаду ў запас з вайсковай службы вы працавалі настаўнікам... Ці частыя госці ў школах пісьменнікі вашага аддзялення, пра што найперш трэба размаўляць з сучаснымі дзецьмі?

— У сярэднім за год пісьменнікі аддзялення праводзяць 600-700 сустрэч. Многа гэта ці мала, мяркуйце самі. А калі на мой погляд, то справа не столькі ў колькасці праведзеных сустрэч, колькі ў іх якасці. Важней не тое, пра што размаўляць з дзецьмі, а як размаўляць. Вядома, падчас падрыхтоўкі да сустрэчы вызначаеш асноўную тэму і мэты. Але калі палічыць, што гэтага дастаткова — то, хутчэй за ўсё, такая выснова будзе памылковай. А вось калі табе ўдалося пранікнуць у дзіцячыя чуйныя душы, то яны закідаюць цябе рознымі пытаннямі. А каб тое здарылася, з дзецьмі трэба размаўляць не з пункту гледжання нашай «дарослай» логікі, а сэрцам. «Будзьце як дзеці» — казаў нам Гасподзь. Гэта, на мой погляд, і ёсць той залаты ключык, які адкрые любое дзіцячае сэрца насустрач.

— Як выхоўваць цікавасць і павагу да роднай мовы ў сённяшнім складаным, глабалісцкім свеце?

— Павага да роднай мовы ўбіраецца з малаком маці. Гэтак жа, як і любоў да Радзімы, да роднай зямлі. Не вырашыш такую праблему, калі яна ёсць, вокамгненна. А вырашаць трэба. Бо мова — адна з асноватворных прыкмет існавання нацыі. Я ўпэўнены, што гэтай праблемай сур'ёзна і адказна займаецца наша дзяржава.

Хто навучыць дзяцей любіць і шанаваць родную мову? Вядома ж маці, бацька, школа і гэтак далей. Адсюль і задачы. Па-першае: выбудоўваць сістэму адукацыі, пачынаючы з дзіцячага садка і да апошняга дня вучобы ў ВНУ, у адпаведнасці з дзяржаўнымі задачамі. Тым больш, і я ўжо гэта казаў не раз, у нас ёсць што ўзяць за аснову — гэта прызнаная ў свой час найлепшай у свеце савецкая сістэма адукацыі, зразумела, адаптаваная да сучаснага моманту (так здарылася, што ў нашай сям'і каля десяці настаўнікаў розных пакаленняў). І, па-другое, прывіваць гэтую любоў да роднай мовы пакаленню маладых бацькоў, станаўленне якіх праходзіла якраз у «ліхія дзевяностыя і нулявыя» з усімі адсюль наступствамі. Ёсць яшчэ і трэцяе: вырашаючы гэтыя задачы, недапушчальна даходзіць да дыскрымінацыі мовы рускай, таксама дзяржаўнай мовы, вызначанай Канстытуцыяй.

— Вы — аўтар паэмы «Марыйка», заснаванай на гісторыі вашай уласнай сям'і. Наколькі было эмацыянальна цяжка працаваць над такім матэрыялам? Ці атрымаўся твор дакументальны?

— Менавіта такой непасрэдна задумы напісаць гэты твор у мяне не было. Першыя радкі прыйшлі знянацку і... на некалькі тыдняў перанеслі мяне ў іншы сусвет. Я амаль што не спаў і не хацеў есці. Я быў там, у далёкім 1942-м, разам з жыхарамі вёскі Боркі, разам са сваімі сваякамі. Амаль наяве бачыў карнікаў і жахі, што перажывалі людзі. Як мне ўжо потым сказаў мой добры сябра — першы чытач і рэдактар гэтага твора, таленавіты паэт і літаратуразнавец Сяргей Украінка: «Я баяўся, што ты не вытрымаеш, звар'яцееш». Што датычыцца дакументальнасці, то хачу сказаць толькі тое, што імёны і падзеі адпавядаюць рэальнасці. Але выяўлена гэта ўсё мастацкімі сродкамі. Такі вось сінтэз атрымаўся — дакументальнасці і мастацкасці. Можа, таму так гэта ўсё здарылася, што маці назвала нас, сваіх дзяцей: мяне — Аляксандрам, у памяць пра свайго брата Шурку, а маю старэйшую сястру — Вольгай, у памяць пра сваю спаленую сястрычку Вольгу. Не ведаю....

— Гучала меркаванне, што з адыходам літаратараў-франтавікоў адыдзе і «сапраўдная» літаратура пра Вялікую Айчынную вайну. Маўляў, толькі сведкі маюць права пра яе пісаць... Але, зразумела, і наступныя пакаленні звяртаюцца да гэтай тэмы. Якія новыя ракурсы, падыходы тут могуць з'явіцца?

— Што датычыцца думкі пра тое, што толькі сведкі могуць пісаць пра вайну ... Уладзімір Высоцкі не ўдзельнічаў у вайне. Аднак у яго песнях яна ўвасобілася з такой сілай, з такім жывым болем, што франтавікі шчыра лічылі яго сапраўдным салдатам вайны. З іншага боку, літаратура ведае выпадкі, калі на ўдзельнікаў вайны ўплываў «эфект сведкі», і яны стваралі творы, далёкія ад гістарычнай праўды. Справа, як мне здаецца, больш у глыбіні і сіле літаратурнага пражывання, у здольнасці аўтара паглыбіцца ў эпоху, у падзеі, адчуць іх па-сапраўднаму.

— Быў час, калі вы працавалі ў Магілёўскай філармоніі... Наколькі цесна на Магілёўшчыне супрацоўнічаюць з пісьменнікамі прадстаўнікі іншых відаў мастацтва?

— Мы пішам тэксты для песень, якія гучаць на Магілёўшчыне і далёка за яе межамі. Членам савета нашага аддзялення Алёнай Беланожкай напісана і зарэгістравана больш за 100 песень, Валянціна Габрусева напісала каля 200 песень, вельмі цудоўна выконвае іх сама. Дарэчы, песня на мае словы «Чистые руки, горячее сердце, холодная голова» ў выкананні артыста Магілёўскай абласной філармоніі Паўла Любчанкі летась заняла першае месца на Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе «Сердцем причастны». Песня «За Беларусь» Наталлі Азаранкі ўвайшла ў рэпертуар «Песняроў».

Мы плённа супрацоўнічаем з тэатрамі. Так, п'еса члена савета нашага аддзялення Вольгі Бяловай «Прыгоды Заранкі і Янкі» ішла на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра Янкі Купалы, а п'еса «Пчолка Зуза» доўга жыла ў Магілёўскім абласным лялечным тэатры. Магілёўская абласная філармонія паставіла мюзікл «Вянок на вадзе» на словы Алёны Беланожкі. Прэм'ера мюзікла адбылася ў 2021 годзе на штогадовым фестывалі «Александрыя збірае сяброў».

Варта адзначыць створаныя намі сумесна з Магілёўскім дзяржаўным каледжам мастацтваў літаратурна-музычную кампазіцыю «Марыйка» і літаратурна-пластычны спектакль «Песня роднай зямлі» па маіх творах. Гэтыя імпрэзы маюць шырокі рэзананс і з'яўляюцца важнай часткай патрыятычнага выхавання ў рэгіёне.

Сёлета да 150-годдзя вядомага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі плануем таксама разам з абласным мастацкім музеем імя Паўла Масленікава зрабіць кнігу, у якой карціны будуць суправаджацца вершамі нашых пісьменнікаў.

Падрыхтавала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?