Вы тут

Не спыніць плынь пераемнасці. «Гомельскай праўдзе» — 105 гадоў


Сёння, 22 сакавіка, 105-годдзе з дня выхаду свайго першага нумара адзначае найстарэйшая газета Беларусі «Гомельская праўда». Яе рэдакцыя адкрылася ў 1917 годзе ў Палацы Румянцавых і Паскевічаў. Выпускацца газета пачала пад назвай «Весткі Гомельскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў». Але вось ужо амаль 85 гадоў выданне выходзіць пад сваёй вядомай і звыклай назвай. «Гомельская праўда» сёння — гэта не толькі брэнд на рынку беларускіх СМІ, але і вядомая ў краіне школа прафесійнай журналістыкі. З нагоды святочнай даты — наша размова з галоўным рэдактарам газеты, старшынёй Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў Сяргеем Бяспалым.


— Сяргей Міхайлавіч, якім традыцыям «Гомельскай праўды» хочацца заставацца вернымі насуперак імкліваму часу?

— Яшчэ напярэдадні 100-гадовага юбілею наша рэдакцыя правяла велізарную работу, каб алічбаваць усе выпускі газеты, якія захаваліся, пачынаючы з сакавіка 1917 года. З гэтай спадчынай вельмі цікава азнаёміцца. Для нас гонар, што ў свой час з нашай газетай звязалі жыццё і творчасць класікі айчыннай літаратуры Шамякін, Мележ, Макаёнак, Навуменка. У газеце друкаваліся Купала і Колас, Паўлюк Трус і Ілья Эрэнбург. І гэта нас абавязвае...

Імкнёмся прытрымлівацца традыцыі, калі хочаце, фірменнага стылю рэдакцыі — сапраўды моцнай каманды аўтараў. «Гомельская праўда» ва ўсе часы — моцная! Я прыйшоў у «Гомельскую праўду» ў 1986-м учарашнім студэнтам, пасля заканчэння факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. І тады ў рэдакцыі працавалі журналісты — прафесіяналы сваёй справы, у якіх было чаму павучыцца. Да сёння стараемся захаваць школу «Гомельскай праўды», не спыніць плынь прафесійнай пераемнасці пакаленняў. І, думаю, нам тое ўдаецца нядрэнна. Са студэнтамі, якія прыходзяць да нас на практыку, уважліва працуем, прыглядаемся да кожнага, даём магчымасць рэалізавацца. Калі студэнт праявіў сябе ў рабоце, бяром яго на ўтрыманне падчас практыкі, заахвочваем матэрыяльна, адказна ставімся да публікацый. Калі гэта «наш чалавек», пасля заканчэння вучобы ён становіцца часткай рэдакцыі. Не змяняем і традыцыі святочнага пасвячэння «навабранцаў» у калектыў.

— З якім творчым багажом, настроем, планамі на будучае калектыў сустракае 105-гадовы юбілей?

— Яшчэ дзясятак гадоў таму, мусіць, мы і самі не думалі, што будзе сёння складаць наша рэдакцыя. Дзесяць гадоў назад у нас з'явіўся Выдавецкі дом «Гомельская праўда». Паспяхова працуем на рынку паліграфічных і выдавецкіх паслуг. Першымі з абласных газет краіны запусцілі свой інтэрнэт-сайт, сёння гэта зарэгістраванае СМІ і папулярны партал «Праўда Гомель». У сеціве таксама прадстаўлены ўласнымі каналамі ў месенджарах і групах у сацыяльных сетках. Найбольш актуальныя тэмы жыцця краіны і рэгіёна знаходзяць адлюстраванне на анлайн-рэсурсе «Праўда Блог». Сярод падраздзяленняў рэдакцыі — «Праўда Радыё». Амаль за шэсць гадоў работы яно з радыёхвалі Гомеля прыйшло ў іншыя рэгіёны, ахапіла вяшчаннем практычна ўсю тэрыторыю вобласці. У апошні час актыўна асвойваем новую для нас дзейнасць — здымаем фільмы, прэзентацыйныя ролікі. Сёння ўсё ідзе да таго, каб гэты перспектыўны кірунак вылучыць у асобнае падраздзяленне рэдакцыі. Бо вынікі з пачатку года па такой дзейнасці нас радуюць, мы дадаём у гэтай тэме.

— Падзяліцеся, як удаецца не страчваць увагу сваёй аўдыторыі? У чым сакрэт поспеху «Гомельскай праўды»?

— Для нашай рэдакцыі важна не страціць свой твар, захаваць стыль, сфарміраваны газетай на працягу ўсёй сваёй гісторыі. Мы ва ўсім арыентуемся на самыя высокія стандарты ў прафесіі. У гэтым, лічу, заключаецца сакрэт папулярнасці газеты. Стыль работы нашага калектыву — не замоўчваць тэмы і праблемы, нездарма наш дэвіз: «Для нас няма дробязяў. Важна ўсё!». Пры вызначэнні планаў работы не саступаем з прынцыпу: аўтар павінен хоць бы раз на год выступіць з жанрам журналісцкага расследавання. Гэта паказчык, на мой погляд, майстэрства, высокага прафесіяналізму. Калі не можаш тое зрабіць, напэўна, ты не ў сваёй камандзе.

Актуальная і цікавая для нас таксама аўтарская журналістыка. Аўтар павінен мець пазіцыю, развіты ўнутраны свет, быць мудрым і смелым. Уменне ў сваім стылі выступаць у гэтых жанрах было ва ўсе часы адметнай рысай рэдакцыі «Гомельскай праўды».

Сёння хочацца падзякаваць усім людзям, якія ў розныя гады працавалі ў нашай газеце. Сучасная «Гомельская праўда» — заслуга многіх пакаленняў прафесіяналаў сваёй справы. У нас цікавая і вялікая гісторыя, і мы павінны яе дастойна працягваць.

****

Дарагія калегі! Віншуем з прыгожым юбілеем! Жадаем невычэрпнага натхнення і прымнажэння добрых традыцый «Гомельскай праўдзе».

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота: «Гомельская праўда»

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

У свеце

Цугцванг па-варшаўску. Куды рушаць польскія ўлады?

Цугцванг па-варшаўску. Куды рушаць польскія ўлады?

Самыя важныя выклікі, з якімі палякам давядзецца сутыкнуцца ўжо адразу пасля летніх канікулаў, — гэта энергетычны крызіс, высокія працэнтныя стаўкі і будучы эканамічны спад.

Грамадства

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?