Вы тут

Ва ўрочышчы Вараб'ёвы горы прайшла «Віцебская лыжня —2022»


Ва ўрочышчы Вараб'ёвы горы прайшло мастацка-спартыўнае свята «Віцебская лыжня —2022», якое сабрала каля 500 аматараў і прафесіяналаў лыжнага спорту з 70 камандаў Віцебскай вобласці.


19 сакавіка ў Гарадку было на радасць сонечна — само надвор'е спрыяла правядзенню маштабных спаборніцтваў на званне самага спартыўнага раёна. Зранку на тэрыторыі лыжаролернай трасы было ажыўлена: першымі прыбывалі найлепшыя лыжнікі, якія абаранялі гонар сваіх арганізацый на дыстанцыі, за імі — групы падтрымкі з плакатамі і каляровымі пампонамі.

З прывітальным словам да арганізатараў і ўдзельнікаў свята выступіў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, які таксама ў гэты дзень змяніў афіцыйны касцюм на спартыўны.

— На Віцебскай зямлі здаўна склаліся моцныя спартыўныя традыцыі, у тым ліку і зімніх відаў спорту. Мы выхоўваем прафесіяналаў для нацыянальнай зборнай. Сённяшняе мерапрыемства — не столькі пра саперніцтва, колькі пра сяброўства і адзінства. «Віцебская лыжня» — гэта тое месца, дзе можна сустрэцца з сябрамі, адпачыць на прыродзе і атрымаць зарад бадзёрасці і аптымізму, — адзначыў Аляксандр Міхайлавіч.

Таксама Аляксандр Субоцін ўзнагародзіў Ганаровымі граматамі членаў зборнай рэгіёна, дзякуючы якім каманда Віцебскай вобласці заняла першае месца на спартыўным свяце «Мінская лыжня — 2022», якое прайшло 5 сакавіка ў спорткомплексе «Раўбічы».

Старт спаборніцтвам далі заслужаны майстар спорту СССР, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Маскве 1980 года, трохразовы чэмпіён свету, чатырохразовы ўладальнік Кубка свету Ігар Каныгін разам з Аляксандрам Субоціным, запаліўшы алімпійскі агонь.

Зборная ад Віцебскага аблвыканкама ўзяла ўдзел у першым забегу па-за конкурсам і паказала найлепшы вынік. У рамках заліку першага заезду «золата» заваявала каманда Віцебскага гарвыканкама, другое месца заняў Аршанскі райвыканкам, замкнуў тройку лідараў Віцебскі гарвыканкам. Спецпрызам «За волю да перамогі» быў адзначаны старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў, які асабіста на дыстанцыі абараняў гонар сваёй каманды.

Нястомна стваралі святочны настрой на пляцоўках гарадоцкія артысты, якія падрыхтавалі для ўдзельнікаў мерапрыемства цікавую і насычаную праграму. Знайшлося месца песням і танцам, выпрабаванням на сілу і спрыт. Для дзяцей тут былі арганізаваны фотазоны, дартс, перацягванне каната, для волатаў — армрэстлінг і гіравы спорт, турнір па шахматах і шашках.

Шырока былі прадстаўлены гандлёвыя рады прадпрыемстваў і арганізацый, якія ў сонечны сакавіцкі дзень адказвалі за тое, каб ніхто з удзельнікаў і гасцей не застаўся галодным. ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка», птушкафабрыка «Гарадок», ААТ «Полацкі малочны камбінат» прапаноўвалі духмянае печыва, пірагі з разнастайнымі начынкамі і фірменную прадукцыю. Запрашалі на гарбату з лекавым варэннем прыгажуні з Гарадской цэнтральнай бібліятэкі.

У стракатых гандлёвых палатках можна было набыць памятныя сувеніры, прадстаўленыя Гарадоцкім Домам рамёстваў і фальклору: гліняныя талеркі з выявамі горада, карціны з тканіны і абярэгі — у кожным вырабе бачыцца душа майстра.

— «Віцебская лыжня» стане яшчэ адной слаўнай традыцыяй у паўночным рэгіёне, да якой павінны далучыцца ўсе катэгорыі насельніцтва. Здаровая нацыя — гэта аснова развіцця нашай краіны і дасягнення высокіх вынікаў на спартыўных вяршынях, — заключыў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.