Вы тут

Беларуская федэрацыя баскетбола запусціла дабрачынную акцыю


Пакуль увесь спартыўны свет ліхаманіць ад палітычных спаборніцтваў, у беларускім баскетболе разгортваецца барацьба за самае важнае — здароўе спартсмена. Капітан маладзёжнай нацыянальнай каманды змагаецца з цяжкай хваробай. У гэтым яму дапамагае спартыўная супольнасць. У цяжкія часы трымацца разам — самае правільнае рашэнне, асабліва ў спорце. 


Раману Гесцю зусім нядаўна споўніўся 21 год. Ён абараняў гонар краіны на пяці чэмпіянатах Еўропы ва ўзроставых катэгорыях U-16, U-18 і U-20. Летам 2021 года маладзёжная зборная заняла другое месца на Еўрапейскім Кубку выкліка. У складзе роднай каманды «Цмокі-Мінск» Раман увайшоў у лік лепшых гульцоў Расійскай студэнцкай лігі.

Цяпер баскетбаліст мужна змагаецца з цяжкай хваробай пры дапамозе прафесіяналаў з Рэспубліканскага цэнтра гематалогіі і перасадкі коснага мозгу. Раману штодзённа неабходна донарская кроў. Беларуская федэрацыя баскетбола запусціла дабрачынную акцыю «Рома, мы з табой». Свой каштоўны ўклад у выратаванне таварыша ўжо зрабілі баскетбалісты, супрацоўнікі Беларускай федэрацыі баскетболу, аматары, гандбалісты, урачы каманд. Далучыліся і прадстаўнікі гандбольнага клуба «СКА-Мінск». 

«З Ромам мы вучыліся разам у Рэспубліканскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву. Таму, калі даведаліся, што яму патрэбная наша дапамога, прынялі рашэнне стаць донарамі. Мы ўсёй камандай і клубам жадаем яму хутчэйшага выздараўлення, а яго бацькам — сіл, цярпенні і веры!», — падзяліўся гулец клуба Уладзіслаў Крывенка. 

Генеральны сакратар БФБ Настасся Марыніна падзякавала гульцам «СКА-Мінск» Андрэю Пушкіну, Даніілу Беламу, Яну Сабко, Яўгену Мікановічу і Уладзіславу Крывенку за іх рашэнне дапамагчы Раману. «Таксама дзякуй кіраўніцтву і трэнерскаму штабу за разуменне. Мы адна вялікая беларуская спартыўная сям’я і разумеем, што ў складанай сітуацыі калегі нам падстаўляюць плячо. Спадзяёмся, што і прадстаўнікі іншых відаў спорту далучацца да акцыі», — дадала яна. 

Дырэктар Гарадскога цэнтра трансфузіялогіі Вольга Левандоўская расказала, што донары для Рамана Гесця прыходзяць у цэнтр штодзённа. Нават прыязджаюць са Светлагорска — роднага горада хлопца. «Многія нашы пастаянныя донары таксама прымаюць рашэнне далучыцца да акцыі, якая можа выратаваць жыццё Роме і іншым пацыентам», — расказала ўрач.

Гульцы каманд і Беларуская федэрацыя баскетбола звяртаюцца да ўсіх з просьбай аб дапамозе для капітана. Жадаючыя з любой групай крыві могуць стаць бязвыплатнымі донарамі і дапамагчы Раману і іншым цяжкім пацыентам цэнтра. Падрабязная інфармацыя размешчана на сайце Рэспубліканскага цэнтра гематалогіі і перасадкі коснага мозгу. 

Баскетбалісты як ніхто іншы ведаюць, як важна падтрымка таварыша дзеля дасягнення агульнай мэты, прычым не толькі на баскетбольнай пляцоўцы. Летам 2021 года ўпершыню быў зменены алімпійскі дэвіз. Да класічнага «Хутчэй! Вышэй! Мацней» далалі слова «разам». І няхай спорт — гэта канкурэнцыя і спаборніцтвы, дзе часам кожны сам за сябе, гэтае «разам» праяўляецца менавіта ў такія часы, калі разыгрываецца самая дарагая ўзнагарода. 

Што неабходна, каб здаць кроў як донар для Рамана Гесця:

  • узяць даведку аб стане здароўя (форма Ф1) з вынікам флюараграфіі ОГК за папярэднія 12 месяцаў, і аглядам гінеколага (для жанчын) тэрмінам не старэй за 6 месяцаў у паліклініцы па месцы жыхарства або ў РНПЦ спорту (для спартсменаў і трэнераў нацкаманд);
  • запісацца на здачу крыві ў будны дзень па тэлефоне +375 (17) 277-20-17 (запіс з 8.00–16.00). Указаць падчас званку, што вы здаяце кроў бязвыплатна для баскетбаліста Рамана Гесця (група крыві значэнне не мае). Кроў можна здаць з панядзелка да пятніцы з 8.00 да 11.00. У Гарадскі цэнтр трансфузіялогіі (вул. Сямашкі, 8) лепш прыбыць да 8.00;
  • перад здачай крыві выконваць усе рэкамендацыі з памяткі;
  • пры сабе мець пашпарт, ваенны білет (для ваеннаабавязаных), фота 3×4, зменны абутак (сланцы), медыцынскую маску і добры настрой;
  • у прызначаны дзень прыехаць па адрасе вул. Сямашкі, 8 (будынак гарадскога цэнтра трансфузіялогіі размешчана злева за галоўным корпусам, уваход для донараў — правы бакавы);
  • прыйсці ў рэгістратуру з усімі дакументамі і сказаць, што вы здаяце кроў бязвыплатна для баскетбаліста Рамана Гесця;
  • усе мерапрыемствы зоймуць каля 1,5 гадзін, сама працэдура здачы крыві — 5-10 хвілін. Ад трэніровак і фізічных нагрузак у гэты дзень давядзецца ўстрымацца.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: Беларуская федэрацыя баскетбола

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.