Вы тут

«Неабходна кожны дзень рабіць сваю справу і быць карыснымі людзям»


Самы малады рэктар самага маладога медыцынскага ўніверсітэта краіны Ігар Стома з цяжкасцю выдзеліў час для інтэрв'ю. Карыстаючыся магчымасцю зрабіць перапынак і заадно адказаць на пытанні, ён запрасіў у парк каля палаца Румянцавых-Паскевічаў, які знаходзіцца амаль насупраць Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Шпацыруючы ўздоўж берага Сожа, пытаюся, як часта Ігар Алегавіч знаходзіць час для прагулак па жывапісных мясцінах горада?


— Вельмі рэдка. З задавальненнем рабіў бы гэта часцей, але не магу з-за занятасці сабе дазволіць. Калі выпаў час на інтэрв'ю, лепш прайсціся і падыхаць свежым паветрам.

Я вельмі люблю родны Мінск, але ўжо люблю і Гомель. Да гэтага часу блытаю назвы вуліц, вельмі складана ўяўляю язду на машыне. Да Гомеля адношуся з павагай і любоўю, але назваць сябе экспертам па горадзе пакуль не магу.

— Тое, што вы будзеце ўрачом, было амаль што прадвызначана — некалькі пакаленняў вашай сям'і займалася лячэннем людзей. Таму крыху недарэчна пытацца пра ваш шлях у прафесію, але чаму пры выбары спецыяльнасці спыніліся менавіта на інфекцыйных хваробах?

— З выбарам не было ўсё так адназначна. У юнацтве захапляўся і гісторыяй, і замежнымі мовамі, шмат сіл пратраціў на іх вывучэнне. Я лічу, што дынастыі, асабліва ў такой высокаінтэлектуальнай, складанай галіне, як медыцына, — гэта добра, хоць і не заўсёды лёгка. З аднаго боку, з дзяцінства бачыш пэўныя заканамернасці развіцця сферы, а з іншага — каму больш дадзена, з таго больш і запытаюць. Так гістарычна склалася ў шматлікіх краінах, што ўрачэбныя дынастыі — вельмі распаўсюджаная з'ява. У маёй сям'і яна пачынаецца з прапрадзеда. Ён быў у першым савецкім выпуску Кіеўскага медыцынскага ўніверсітэта. Гэта былі няпростыя часы — пачатак ХХ стагоддзя. Ён фельчарам прайшоў Грамадзянскую вайну, удзельнічаў у Вялікай Айчыннай і завяршаў свой працоўны шлях ў Батумі. Я скончыў вучобу ў Мінскім медуніверсітэце як хірург па спецыяльнасці «хірургічныя хваробы». Яшчэ на першых курсах мяне вельмі цікавіў навуковы кампанент спецыяльнасцяў. Спрагназаваўшы з дапамогай старэйшых калег, я вызначыў, што ўсе найбольш важныя падзеі ХХІ стагоддзя будуць адбывацца ў галіне інфекцыйных хвароб. Як бачыце, прагнозы праз гады спраўдзіліся. Я не змяніў сваё меркаванне, што інфекцыйныя хваробы — адна з самых цікавых спецыяльнасцяў у медыцыне. Як інфекцыяніст гляджу на хваробу не на ўзроўні аднаго пацыента, а бачу сітуацыю з пазіцыі насельніцтва, дзясяткаў і соцень тысяч захварэлых людзей.

— Ад агульнага да асобнага: можна казаць, што наша краіна ўжо пераадолела пандэмію каранавіруса? Ці будуць яшчэ эпідэміі, якія могуць пагражаць чалавецтву?

— Я бы ўвогуле з пункту гледжання інфекцыйных хвароб хацеў бы перасцерагчы: пакуль існуе чалавецтва, яго будуць суправаджаць інфекцыі і эпідэміі. Таму расслабляцца не трэба. Дасведчаныя кіраўнікі будуць у першую чаргу ўкладваць сродкі ў механізмы барацьбы з эпідэміямі, працаваць на папярэджанне іх наступстваў. Сказаць, што ўсё закончылася і больш такога ніколі не будзе — няправільна. Не будзе каранавіруса, будзе іншы вірус. Нагадаю, што эпідэміі адбываюцца рэгулярна. Той жа грып нікуды не сышоў і будзе прысутнічаць у чалавечай папуляцыі. Успомніце: ліхаманкі Эбола, Зіка — рэгулярна адбываюцца нейкія інфекцыйныя пагрозы для значнай колькасці чалавецтва. Калі адказваць на ваша пытанне, ці будуць яшчэ эпідэміі, скажу: «Так». Чым яны будуць выкліканыя, не ведаю.

— Наша краіна на вопыце пандэміі навучылася прыстасоўваць сваю сістэму аховы здароўя да эпідэмій?

— Адным з моцных бакоў сістэмы аховы здароўя нашай краіны з'яўляецца тое, што ў нас захавалася самае лепшае з сістэмы аховы здароўя Сямашкі. Яна мела ў сабе вялікі прафілактычны кампанент — санэпідслужбы, інфекцыйныя бальніцы. У шэрагу замежных краін, дарэчы, няма паняцця «інфекцыйная бальніца». Ёсць шматпрофільная бальніца, дзе прысутнічае адпаведнае аддзяленне. У нас жа захаваліся разгалінаваныя сеткі інфекцыйных бальніц, якія маюць дастатковы ложкавы фонд, спецыялістаў гэтай галіны. Ёсць добры выраз у адносінах да любых эпідэмій: любая эпідэмія заканчваецца — гэта біялагічны закон. Як толькі мікраарганізмы захопліваюць новыя арэалы жыхарства, яны вычэрпваюцца і згасаюць самі сабой. Іншае пытанне, якой цаной яны заканчваюцца. Калі пры эпідэміі ў горадзе памірае 2/3 жыхароў, яна закончыцца, але цана — смерць вялікай колькасці людзей.

— Але заканчваюцца эпідэміі і з-за набыцця імунітэту?

— За кошт фарміравання імуннай праслойкі. Нават у выпадку асабліва небяспечных інфекцый паміраюць не ўсе. Ад чумы таксама паміралі не ўсе захварэлыя, нават пры адсутнасці нейкага лячэння. Частка людзей гіне, але частка і выздараўлівае, атрымлівае імунітэт да хваробы.

— Вы перахварэлі на ковід?

— Яшчэ ў пачатку пандэміі. Пасля я не адзін раз прышчапляўся. Перанёс хваробу сярэдняй цяжкасці. У мяне было пашкоджанне лёгкіх. Падкрэслю, што перахварэў я тады, калі яшчэ не было вакцын як механізма аховы ад інфекцый.

— Якраз пра вакцыны... Шмат было размоў пра іх у грамадстве. Вы сцвярджаеце, што вакцынацыю ад ковіду неабходна працягваць?

— Абавязкова. Падыходы да вакцынацыі ў цэлым (я зараз не толькі пра ковід кажу) — гэта як падыходы да ўласнай гігіены. Ці неабходна чысціць зубы раніцай? Гэта хтосьці яшчэ абмяркоўвае? Верагодна, не. Таму і адносіны да вакцынацыі дасведчанага, адукаванага чалавека павінна быць як да базавых пытанняў клопату пра сябе. Нармальны чалавек павінен праходзіць дыспансерызацыю, перыядычна ацэньваць параметры свайго арганізма, рабіць прышчэпкі для сваіх дзяцей і для сябе, каб засцерагчы ад інфекцый. У сённяшняй сітуацыі з ковідам неабходна зрабіць прышчэпку, калі яшчэ не рабілі. Нават калі вы перахварэлі, ідзіце па прышчэпку. Так, сёння ёсць зніжэнне захваральнасці, але ў мяне няма ўпэўненасці, што адбудзецца праз паўтара-два месяцы.

— У вас быў значны вопыт удзелу ў замежных стажыроўках. Відавочна, што вы параўноўвалі сістэму аховы здароўя ў нашай краіне і ў заходніх дзяржавах. Як вы можаце ацаніць нашу медыцыну?

— У цэлым, у нас дастаткова эфектыўная сістэма аховы здароўя. Самае лепшае, што было ў Савецкім Саюзе, засталося, але дадаліся сучасныя тэхналогіі. Вельмі важная ўвага з боку дзяржавы накіравана на ахову здароўя. Больш за тое, як рэакцыя на пандэмію, дзяржава аказала яшчэ большую падтрымку фінансавую, арганізацыйную. На мой погляд, сёння неабходна не забываць пра тыя ўрокі, якія мы вынеслі з пандэміі. Часта ў адносінах да інфекцыйных захворванняў адбываецца расслабленасць у міжпандэмійны перыяд. Я б не хацеў, каб у гэты час забываліся пра падтрымку навукі, лабараторый, сістэму інфекцыйных клінік. Каб быць гатовымі да пагроз, неабходна рыхтавацца не ў час небяспекі, а загадзя.

— Давайце пагаворым пра вашу сённяшнюю асноўную справу — работу ў ВНУ. Вы самі малады чалавек. Удаецца знаходзіць агульную мову са студэнцкай супольнасцю?

— Увогуле пытанне ўзросту вельмі цікавае. Пакаленне — гэта не ўпоперак, а ўздоўж. Можна знайсці блізкага табе чалавека па поглядах, які будзе значна старэйшы ці малодшы за цябе. А можна не мець агульных пунктаў перасячэння з аднагодкамі. З моладдзю неабходна ўзаемадзейнічаць. Як казаў Маа Цзэдун: «Каб плаваць, неабходна плаваць». Каб мець зносіны з моладдзю, неабходна мець зносіны з моладдзю. Мне цяжка сказаць, што ўзрост дзесьці дапамагае ці перашкаджае. Калі я прыйшоў па пасаду рэктара, удзяліў значную ўвагу маладзёжнай навуцы. Я паказаў, што тыя, хто займаецца навукай, атрымаюць поўную падтрымку рэктара, які сам са студэнцкіх гадоў ёй займаўся. Лічу, што гэта правільна.

Рэктар з валанцёрамі, якія працавалі з ковід-пацыентамі.

Часам манітору, як ідуць заняткі ў выкладчыкаў, якім за 70 гадоў. Я бачу, наколькі жвавыя яны, наколькі здольныя зацікавіць моладзь. Бывае, сустракаеш чалавека гадоў 25-ці, а ён абсалютна пусты, незацікаўлены нічым, з нейкімі нігілістычнымі поглядамі на свет. Памятаеце раман Тургенева «Бацькі і дзеці»? Герой Базараў памёр ад сыпнога тыфу. На гэтым увесь нігілізм скончыўся. Інфекцыі не разбіраюць, хто ў што верыць, не падзяляюць нашых поглядаў, рэлігій, палітычных пераваг. Мікробам усё роўна, за каго мы галасавалі і якое тэлебачанне глядзім, яны абсалютна аднолькава адносяцца да ўсіх.

— З гэтай нагоды ў мяне пытанне. Ёсць такое меркаванне, што людзі з асаблівасцямі характару маюць пэўныя дыягназы. Як вы лічыце, псіхалогія чалавека ўплывае на яго здароўе?

— Што датычацца інфекцыйных хвароб, то няма даказаных даных, нібыта настрой чалавека ўплывае на ход хвароб. Больш за тое, калі ў мяне пытаюць, як падтрымаць імунітэт, я адказваю, што спецыфічных імунастымулятараў няма. Пры ўсёй маёй павазе да аптэчных сетак, тое, што прадаецца пад назвай «павысіць ваш імунітэт», — гэта недаказаныя рэчы. З боку неспецыфічнай стымуляцыі імунітэту: пазітыўны чалавек з добрым настроем, які часцей усміхаецца, мае вышэйшымі некаторыя паказчыкі імунітэту.

— Чаго хаваць, у нашага насельніцтва вельмі скептычныя погляды на ўрачоў, асабліва адносна тых, што працуюць у раённых паліклініках. Вы выхоўваеце маладых спецыялістаў, таму да вас пытанне: якімі якасцямі павінен валодаць сучасны медык, каб быць аўтарытэтным і прафесіянальным?

— Адзначу такое паняцце як эмацыянальны інтэлект — калі чалавек кампетэнтны не толькі ў пэўнай галіне, але і ў стане эфектыўна ўзаемадзейнічаць з людзьмі. Мы і рыхтуем моладзь, каб яна больш цярпліва адносілася да пацыентаў. Але неабходна разумець, што студэнты медВНУ — гэта не жыхары іншай планеты, яны адлюстроўваюць наша грамадства. Тыя праблемы, што ёсць у грамадстве, будуць сустракацца і ў медсупольнасці.

— Які ўменні неабходныя сучаснай моладзі?

— Я лічу, што маладым людзям неабходна больш чытаць. Сёння рэдкасць — сустрэць кагосьці сярод моладзі з кнігай. Падчас прагляду кінафільма задзейнічана значна менш зон галаўнога мозга, чым пры чытанні. Калі чытаеш кнігу, прыходзіцца самому ўяўляць карціну ў галаве. Я чытаю і навуковую, і мастацкую літаратуру. Не лічу правільным, калі чалавек ізалявана вывучае толькі сваю прафесію. Урач як інтэлігент павінен цікавіцца і мастацтвам, і літаратурай, і тэатрам. Люблю рускую літаратуру: Антона Чэхава, Міхаіла Булгакава, Аляксандра Пушкіна — іх можна перачытваць бясконца ў залежнасці ад узросту. З беларускіх аўтараў любімы — Уладзімір Караткевіч. Для расслаблення чытаю Яраслава Гашэка. З замежных падабаецца яшчэ Эрнэст Хемінгуэй, Джон Стэйнбэк, Джэк Лондан.

— Як вы ставіцеся да фільмаў пра медыкаў? У якой стужцы больш дакладна паказана работа ўрачоў?

— Мне ўспамінаецца чорна-белы фільм савецкіх часоў «Калегі». Там паказана сяброўства трох маладых людзей, выпускнікоў Ленінградскага медуніверсітэта, іх станаўленне ў прафесіі. Шматлікія фільмы савецкага часу маюць долю рамантызму і добрай наіўнасці, чаго не хапае сучаснаму кінамастацтву. Я не гляджу серыялы, люблю поўны метр. «Доктара Хауса» некалькі серый паглядзеў — гэта дастаткова дакладна зробленае кіно. Відавочна, у іх былі добрыя кансультанты са сферы медыцыны.

— Медыцына — гэта сфера, дзе працуюць толькі энтузіясты? Ці магчыма ўрачу добра зарабляць?

— Чаму доктар павінен быць бяссрэбранікам? Не разумею гэтага стэрэатыпу. Сур'ёзная работа павінна адпаведным чынам і ацэньвацца. Я лічу, што ў медыцыне можна добра зарабляць. Але гэта прыходзіць з цягам часу, з вопытам, з кваліфікацыяй. У любой краіне свету прафесійны ўрач будзе запатрабаваны і зможа забяспечыць добрае жыццё сабе і сваёй сям'і.

— Ці займаецеся вы цяпер урачэбнай практыкай?

— Я ў першую чаргу ўрач, а ўжо затым арганізатар, кіраўнік. Я быў ўрачом і ім застаюся. У мяне атрымліваецца аказваць меддапамогу, браў удзел у лячэнні найбольш складаных ковід-пацыентаў.

— Якія мэты ў вас на далейшае жыццё?

— Рабі, што павінен, і што будзе, тое будзе. Неабходна кожны дзень рабіць сваю справу і быць карыснымі людзям. Прафесія ў мяне вельмі добрая. Яна становіцца ўсё больш запатрабаванай. У нашай прафесіі можна працаваць усё жыццё, каб рабіць людзям дабро.

— Вы вельмі скептычна ставіцеся да афішыравання свайго ўзросту. Чаму не любіце падкрэсліваць свой малады ўзрост як перавагу?

— Я не люблю ўвогуле падкрэсліваць свае перавагі. Добрыя мае якасці ацэняць людзі, слабыя я ведаю сам. Мне нічога нечакана і неабгрунтавана не звалілася з неба. Я прайшоў шлях, неабходны для кіраўніка ВНУ. Проста хтосьці гэта робіць крыху даўжэй, а нехта хутчэй. Зноў жа: каму многае дадзена, з таго многае і запытаюць. Пазіцыя рэктара — не ўзнагарода, а складаная штодзённая работа.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».