Вы тут

Любель-Поль — сястра Хатыні


Прайшло ўжо больш за 75 гадоў, як карнікі ў адзін дзень за нішто знішчылі жыхароў вёсак Любель-Поль і суседнняй Вулькі Гарадзішчанскай. Памяць пра трагедыю жыве ў ваколіцы. Аўтару гэтых радкоў пра падзеі расказаў некалькі гадоў таму выхадзец з тутэйшых мясцін Іван Каржаневіч. 


Ён ведае страшную гісторыю ад сваіх бацькоў, дзядоў і бабуль. Бацькі таксама ведалі найбольш з расказаў бацькоў. Адным словам, немцы стаялі ў суседняй Вульцы. Кругом лясы і балоты, партызанскі край. Адзін з вайскоўцаў-акупантаў, які стаяў у дазоры, заўважыў рух, увязаўся ў перастрэлку з партызанамі. Гэтага хапіла, каб падпісаць смяротны прыгавор абедзвюм вёскам. Людзей вялі ў Любель-Поль і з Вулькі, усіх зганялі ў хлеў на сядзібе Антона Жылевіча, дзеда Івана Каржаневіча. У нейкі момант сяляне зразумелі, што гэта іх апошняя дарога, і рашыліся ўцякаць. Хто пабег у бок цяперашняй шашы, застаўся жыць: акупант, які стаяў там, страляў уверх, даваў людзям выратавацца. Хто выбраў супрацьлеглы напрамак, таго дагнала куля. Астатніх спалілі ў хляве. Калі загарэлася, людзі рынуліся ў дзверы, іх сустракалі кулямётным агнём. Толькі адна дзяўчынка Таццяна Пронька, калі яе збілі з ног, упала і праляжала пад целамі, аж пакуль усё не сціхла. Яна ў тым пекле засталася жывой. Адна са 105 ахвяр.

Бабулі Івана Каржаневіча ў той страшны дзень таксама пашанцавала выжыць, інакш і не было б Івана... Надзея Антонаўна пабегла ў бок цяперашняй бетонкі з малымі дзецьмі. Самы малы, амаль двухгадовы сын, быў у яе за плячыма. Беглі па балоце, рызыкуючы ўскочыць у багну, пад плач дзяцей і галашэнне старых. Яна потым доўга не магла асэнсаваць, як не заўважыла, што дзіця вывалілася з фартуховага капшука, проста не адчула. А калі агледзела, ёй не далі вярнуцца астатнія: «Сама загінеш, а ў цябе яшчэ шасцёра дзяцей!» Так і сядзела ў схованцы, пакуль у вёсцы ўсё не заціхла. Потым пайшла назад шукаць сваё дзіцятка і знайшла яго! Па плачы. Дзіва, што не загінуў у балоце, што не з’еў які звер, тут звяр’я заўсёды была процьма. Малога выратавала, сямёра дзяцей выгадавала. 

Былі і выпадковыя ахвяры, як, напрылад, дзяўчына масквічка, якая прыехала да сваякоў з жаніхом. Ён прыехаў пазней, за ёй, літаральна на дзень. Яны хацелі вяртацца, але наступіла 22 чэрвеня, выехаць у Маскву стала немагчыма, так і прабылі тут да 1943 года і згарэлі ў тым самым хляве…

У кожным доме тут была свая страшная гісторыя. Хаты карнікі не спалілі, бо недзе спяшаліся...На месцы трагедыі быў устаноўлены абеліск у 1963 годзе, яго карэнным чынам аднавілі ў 1990-м. Яшчэ людзі самі пабудавалі невялікую капліцу, дзе ўспаміналі ахвяры. Вёска пакрысе адраджалася, памяць падтрымлівалі. Але апошнім часам у Любель-Полі засталося зусім не многа жыхароў. І райвыканкам прыняў рашэнне паставіць новы памятны знак на месца таго, што пачаў разбурацца. З мінулай восені вяліся работы. І вось за кошт раённага бюджэту і спонсараў узведзеная пліта з барэльефам твараў людзей, ахвяраваных на смерць. 

На мітынг з нагоды адкрыцця помніка сабраліся прадстаўнікі ўлады, грамадскасці, моладзь. Памяць нявінных ахвяраў фашызму ўшанаалі хвілінай маўчання. У кароткіх прамовах напомнілі пра страшную сутнасць вайны і каштоўнасць міру. Для таго і ставяцца помнікі, каб не забываць і не дапусціць. Ніколі больш.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».