Вы тут

Бацькаўшчына: У пошуках страчанага. І дойліды, і творцы


Вандруючы па Міншчыне, не мінайце старажытны Дзяржынск (ці Койданаў — так называўся сённяшні райцэнтр). Некалі я ліставаўся з рускай пісьменніцай Нінай Жыбрык з Марый Эл. Знайшоў яе як зямлячку з дзяржынскімі, койданаўскімі каранямі (нарадзілася яна ў Малых Навасёлках). І па памяці магу пераказваць, як узнёсла яна адгукалася пра сваю радзіму, якімі, на першы погляд, дробязнымі і разам з тым узвышанымі дэталямі дзялілася ў адказ на мае роспыты. Больш расказвала пра роднае паселішча, родныя сцежкі, чым пра сваю ўласную творчасць...


Станцыя Негарэлае 1930-я гады.

І ўзіраючыся цяпер у старыя краявіды, у выявы, якія нагадваюць пра гістарычныя вуліцы старажытнага мястэчка — Татарскую, Станькаўскую, Рубяжэвіцкую, Плябанскую ды іншыя, думаеш пра тую сябрыну землякоў, сябрыну койданаўцаў, ураджэнцаў і Дзяржынска, і блізкіх ваколіц, якія па свеце (не толькі па Беларусі) неслі славу роднай старонкі. Дарэчы, Малыя Навасёлкі — зусім блізка ад Дзяржынска, усяго за 6 км, ад станцыі Койданава — 8 км... Ніна Жыбрык нарадзілася ў 1933 годзе на хутары паблізу Малых Навасёлак. Закончыла сярэднюю школу ў Дзяржынску. Затым вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Трапіла ў Марый Эл, куды прыехала ў сувязі з размеркаваннем мужа — па яго лесатэхнічнай спецыяльнасці. Жыла ў Волжску. Незавершаная вышэйшая адукацыя не давала спакою. Але не было дакументаў за тры курсы БДУ. І тады маладая жанчына пераводзіцца на другі курс завочнага аддзялення біяфака Казанскага дзяржаўнага ўніверсітэта... Але малая дачка, якая часта хварэла, іншыя калізіі жыцця не далі завяршыць вучобу ва ўніверсітэце. Пайшла працаваць рабочай. Затым закончыла Марыйсці цэлюлозна-папяровы тэхнікум. Яе ўзялі на работу лабарантам у лакафарбавае аддзяленне лыжнага цэха. У 1967 годзе ўбачылі свет першыя вершаваныя зборнікі нашай зямлячкі — «Вясёлка» і «Цёплыя далоні трыпутніка».
З часам з'явіліся новыя кнігі. Ніна Жыбрык займалася і драўлянай скульптурай. Пра гэта шмат пісалі не толькі ў марыйскім перыядычным друку, але і ва ўсесаюзных выданнях. А ў канцы свайго жыцця паэтэса настойліва занялася даследваннем свайго радаводу — Гурыных і Умецкіх. Дарэчы, з першага роду — Герой Савецкага Саюза контр-адмірал Антон Іосіфавіч Гурын. Камандзір эсмінца «Гремящий», які ўдзельнічаў у драматычных падзеях, апісаных Валянцінам Пікулем у рамане «Рэквіем каравану PQ-17».

...Можа быць, нешта асаблівае ёсць у койданаўска-дзяржынскай прасторы, што яна выпеставала гэтулькі гісторыкаў, шукальнікаў гістарычнай памяці? З тых самых Малых Навасёлак — і гісторык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Ермаловіч (1921 — 2000). Скончыўшы сярэднюю школу ў Дзяржынску, ён да пачатку Вялікай Айчыннай вайны вучыўся ў Мінскім педінстытуце. Дрэнны зрок перашкодзіў трапіць у войска. У час вайны выкладаў рускую мову ў Мардовіі. Вярнуўшыся ў Беларусь, працаваў настаўнікам — спярша на Віцебшчыне, затым у Дзяржынску. Цяга да ведаў не давала спакою маладому чалавеку. У 1948 — 1955 гг. працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў Маладзечанскім педінстытуце. Выйшаўшы па стане здароўя на пенсію, збіраў матэрыялы для сваіх будучых гістарычных работ. У 1990 годзе выйшла яго кніга «Старажытная Беларусь: Полацк і Новагародскі перыяды», у 1994-м — «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд», у 2000 годзе — «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае»...

Дзяржынск (Койданава). Царква (пач. ХХ ст.)

А з Вялікімі Навасёлкамі звязаны лёс беларускага пісьменніка, мовазнаўцы, мастака, скульптара Каруся Каганца (1868 — 1918), які нарадзіўся ў Табольску ў сям'і сасланага ў Сібір удзельніка паўстання 1863—1864 гг. У 1874 годзе сям'я вярнулася ў Беларусь. Жылі ў вёсцы Засулле на Стаўбцоўшчыне і ў вёсцы Прымагілле каля Койданава. Зарабляючы на хлеб чым заўгодна, Карусь Каганец жыў клопатамі асветніка, літаратара. Многія творы пісьменніка засталіся ў рукапісах. Пры жыцці ўбачыў свет асобным выданнем вадэвіль К. Каганца «Модны шляхцюк» (у Санкт-Пецярбургу ў 1910 годзе). Памёр літаратар зусім нечакана, падчас наведвання сваякоў. Пахаваны ў Навасёлках. Сапраўднае імя пісьменніка — Казімір-Рафал Каралевіч Кастравіцкі. З гэтага роду — і славуты французскі паэт Гіём Апалінэр (1880 — 1918)...

Дзяржынск (Койданава). Вакзал 1918 г.

Віцкаўшчына — крыху далей ад Дзяржынска. Уваходзіць у склад Фаніпальскага сельсавета. Тут нарадзіўся гісторык, археограф, этнограф, краязнавец, мемуарыст Мікалай Улашчык (1906 — 1986). Аўтар многіх прац па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, доктар гістарычных навук, чалавек пакручастага лёсу, які надзвычай шмат паспеў зрабіць насуперак розным драматычным выпрабаванням лёсу, у канцы свайго жыцця ён стварыў унікальную, у многім узорную кнігу для беларускага краязнаўства — «Была такая вёска» (па-беларуску асобнай кнігай яна ўбачыла свет у 1989 годзе; на рускай мове надрукавана, таксама асобным выданнем, у Маскве ў 2003 годзе). Амаль чатыры дзесяцігоддзі з жыцця роднага паселішча пададзены ў гісторыка-этнаграфічным нарысе настолькі красамоўна, што бачацца вартымі ўвагі кожнага беларуса, родам з любога паселішча нашай Айчыны!..

З дзяржынска-койданаўскім маёнткам Дзягільня звязаны паэт, этнограф, мемуарыст, падарожнік Адольф Янушкевіч (1803 — 1857). Нарадзіўся ў Нясвіжы. У Віленскім універсітэце быў блізкі да філарэтаў. У маладосці падарожнічаў па Еўропе. Быў знаёмы з Адамам Міцкевічам. У славутай паэме «Дзяды» Міцкевіча Янушкевіч — прататып персанажа Адольф. Удзельнічаў у паўстанні 1830—1831 гг. Быў арыштаваны і сасланы ў Сібір. У ссылцы падарожнічаў па Сібіры, Кыргызстане, Казахстане. Вярнуўся ў Беларусь у 1856 годзе, жыў у радавым маёнтку Дзягільня. Памёр 19 чэрвеня 1957 года. Пахаваны на фамільных могілках. Падарожныя запісы ці пісьмы з ссылкі Адольфа Янушкевіча сабраў яго брат Яўстафій: у 1861 годзе ў Парыжы было здзейснена выданне ў дзвюх кнігах «Жыцця Адольфа Янушкевіча і яго лістоў з кыргызскіх стэпаў». У Астане (Нур-Султане), Алматы і Усць-Каменагорску імем нашага земляка названы вуліцы. А ў нас, у Беларусі, росшукам матэрыялаў, звестак пра Адольфа Янушкевіча займаецца пісьменніца Алена Стэльмах, якая, будзем спадзявацца, выдасць і кнігу пра славутага земляка.

Дзяржынск (Койданава). Базар 1918 г.

Такое сузор'е улюбёных у гісторыю землякоў у межах невялікай койданаўска-дзяржынскай прасторы не можа не ўражваць. Памяць пра лёсы яркіх асоб падштурхоўвае да распрацоўкі надзвычай цікавых турыстычна-экскурсійных маршрутаў. А ў Дзяржынскай раённай бібліятэцы, дзе многія дзесяцігоддзі вядзецца руплівая работа на ніве гістарычнага і літаратурнага краязнаўства, можа быць пачатак, пункт адліку любога з задуманых маршрутаў, любога з паходаў мясцінамі Каруся Каганца, Мікалая Улашчыка, Міколы Ермаловіча, Адольфа Янушкевіча... Дарэчы, у дзяржынскай кніжніцы захоўваецца асобным фондам кнігазбор гісторыка, журналіста, краязнаўца Анатоля Валахановіча (1939 — 2016). Ён хоць і нарадзіўся ў Мінску, самым цесным чынам звязаны з горадам і раёнам. Тут настаўнічаў у пачатку свайго дарослага жыцця. Шмат зрабіў дзеля стварэння гісторыка-дакументальнай хронікі Дзяржынскага раёна «Памяць». Выдаў асобны кніжны нарыс пра Дзяржынск.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

У ліпені, як і належыць экватару года, прагназуецца самы цёплы перыяд сезона.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.