Вы тут

Свята пад назвай «М@rt.Кантакт»


У Магілёў зноў завітаў цёплы і па-вясноваму прыгожы міжнародны маладзёжны тэатральны форум, які на працягу тыдня — з 21 да 27 сакавіка будзе галоўнай культурнай падзеяй горада. У 2020 годзе ён быў адменены з-за каранавіруса, а летась прайшоў у фармаце тыдня беларускіх тэатраў. Гледачы яшчэ раз смаглі пацешыцца найлепшымі пастаноўкамі беларускіх тэатраў мінулых фестывальных гадоў. Сёлетні юбілейны форум вярнуўся да ранейшага міжнароднага фармату. Першапачаткова меркавалася, што ў ім возьмуць удзел таксама Арменія і Малдова, але ў выніку абставін ён абмежаваўся ўдзелам тэатраў толькі дзвюх краін — Беларусі і Расіі. У яго рамках адбудзецца столькі ж спектакляў, колькі гадоў форуму, — 15.


У панядзелак імпрэза гучна заявіла пра сябе вулічным перформансам Streat.Art. Падарожжа ў загадкавы свет пад назвай «М@rt.Кантакт» пачалося пад гукі фанфар, залпаў канфеці-пушкі запускам паветраных шароў, якія, нібы птушкі, высока ўзняліся над будынкам драмтэатра. Па чырвонай дарожцы пад апладысменты гараджан у тэатр прайшлі арганізатары, эксперты і непасрэдныя ўдзельнікі форуму.

Са сцэны гледачоў павіншаваў з адметнай тэатральнай падзеяй першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада.

— Менавіта на такіх творчых форумах, як «М@rt.Контакт», мы адкрываем для сябе новыя таленты і ідэі, — адзначыў ён. — Магілёўскі форум ужо мае свае традыцыі, сваіх прыхільнікаў і гледачоў. Цудоўна, што ён, нягледзячы ні на што, працягваецца. На такіх творчых пляцоўках мы зараджаемся пазітывам.

Арганізатары «М@rt.Кантакту» паклапаціліся, каб на гэты раз у афішы было больш спектакляў не столькі авангардных, колькі псіхалагічных.

— Рэпертуар падабраны з такім разлікам, каб абудзіць душу гледача і нагадаць яму пра вечныя ісціны, —кажа галоўны рэжысёр Таццяна Пацай. — Сёння хочацца не эксперыментаў дзеля эксперыментаў, не авангарду дзеля авангарду, а каб у людзях абудзілася эмпатыя, каб яны спачувалі таму, што адбываецца на сцэне.

Усе пастаноўкі форуму — лаўрэаты і прызёры нацыянальнай тэатральнай прэміі, а таксама прэм'ерныя, якія ўжо атрымалі прызнанне крытыкаў і гледачоў. Апошнім часам маладзёжны тэатральны форум абыходзіўся без журы, цяпер прынята рашэнне яго вярнуць. Экспертнае журы ўзначаліла актрыса, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Алена Барзова.

— Мы захавалі ўсе традыцыі папярэдніх форумаў, — заўважыла дырэктар тэатра Ірына Белякова. — Асноўны брэнд фестывалю — сярэбраную маску — атрымае кожны калектыў, які выйдзе на сцэну. Ну, а тры найлепшыя пастаноўкі атрымаюць залатыя маскі — іх адзначыць экспертнае і маладзёжнае журы, а таксама нашы гледачы, якія прагаласуюць квіткамі. Запланаваны новы конкурс — «Магія моманту». Кожны, хто будзе рабіць фота з фестывалю, зможа ў ім паўдзельнічаць. Пры закрыцці форуму будзе абраны пераможца, які атрымае ўзнагароду.

— Нягледзячы на тыя падзеі, якія сёння адбываюцца ў свеце, мы хочам звярнуць увагу на тое, што так неабходна нам сёння дзеля міру на зямлі, — рэзюмаваў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама, старшыня аргкамітэта Валерый Малашка. — Мовай тэатра хочацца данесці да гледача тое добрае і вечнае, што заўсёды аб'ядноўвала людзей. Хацелася б, каб форум стаў той пляцоўкай, дзе абмяркоўваюць жыццесцвярджальныя моманты. «М@rt.Кантакт» заўсёды быў цікавай дыскусійнай пляцоўкай. Тут вызначалася будучае сцэны не толькі горада, але і краіны. Важна, што разам з вясной мы вяртаемся да тэатральнага жыцця. І гэта дае спадзяванні, што найлепшыя нашы мары спраўдзяцца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».