Вы тут

У «Акадэмкнізе» прайшла сустрэча з галоўным рэдактарам «Литературной газеты»


У кніжнай краме «Акадэмкніга» адбылася сустрэча з Максімам Замшавым — пісьменнікам, публіцыстам, галоўным рэдактарам «Литературной газеты», які прымае ўдзел у Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. У камернай абстаноўцы аўтар прачытаў вершы са свайго зборніка «Исповедальная пора», у якім сабраны паэтычныя творы розных гадоў. Таксама Замшаў адказаў на пытанні наведвальнікаў прэзентацыі, паразважаў аб стане сучаснай літаратурнай крытыкі і ўплыве інтэрнэту на паэзію. 


— Калісьці я ўдзельнічаў у перадачы Ігара Волгіна «Гульня ў бісер» па паэзіі Фета. Здавалася б, у інтэрнэце павінен быць увесь Фет. Але без кніг падрыхтавацца немагчыма, — распавёў Максім Замшаў. — Інтэрнэт не дае ні адчування цыклаў, ні адчування асобы паэта — нічога. Таму ў паэзіі крыніцай ведаў з’яўляецца толькі кніга. Паэзія не можа існаваць без кніжнага афармлення. Для кніг прозы прадмовы можа і не быць, але ў паэтычных зборніках яна іграе вялікую ролю. Напрыклад, для чытачоў, якія толькі знаёмяцца з аўтарам — ім цікава даведацца аб біяграфіі паэта, узяць дадатковую інфармацыю з каментарыяў.

Акрамя гэтага, пісьменнік адзначыў, што ў Расіі імкліва знікаюць кніжныя крамы. Па словах Замшава, іх засталося каля дзвюх тысяч — для такой вялікай краіны гэта нішто. А вось бібліятэкі ў сваю чаргу перажываюць новы, больш паспяховы этап:

— Калі напрыканцы 90-х, пачатку нулявых вы прыходзілі ў бібліятэку, то бабулькі, якія там працавалі, глядзелі на вас незадаволена, бо вы заміналі ім піць гарбату. Зараз сітуацыя значна палепшылася, у бібліятэках ладзяцца мерапрыемствы, чытаюцца лекцыі. Сапраўды, бібліятэка становіцца цэнтрам культурнага жыцця. Людзі, асабліва ў рэгіёнах, прыходзяць туды, каб пазнаёміцца з сучаснай літаратурай. 

Адзначыў Максім Замшаў і тое, што прафесійнай крытыкі зараз амаль не існуе:

— Літаратурнага працэсу няма як такога — ён вельмі рваны, падзелены на розныя пісьменніцкія групы. Сумна, але цяпер крытыка займаецца абслугоўваннем гэтых груп. 

Падчас сустрэчы прагучала цікавае пытанне — хто з сучасных расійскіх аўтараў можа атрымаць Нобелеўскую прэмію. Разважаючы, Замшаў выказаў меркаванне: 

— Ёсць пісьменнікі, якія адчуваюць і робяць тое, што запатрабавана грамадствам. А ёсць такія, якія слухаюць толькі сваю капрызную эстэтычную парадыгму.

Сустрэцца з Максімам Замшавым і іншымі расійскімі літаратарамі і выдаўцамі можна таксама на XXIX Мінскай кніжнай выставе-кірмашы, які праходзіць у выставачным цэнтры па пр.Пераможцаў, 14.

Арына КАРПОВІЧ

Фота: Яўген ПЯСЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?