Вы тут

Што новага ва указе Лукашэнкі аб навінных агрэгатарах?


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 сакавіка падпісаў указ нумар 116 «Аб агрэгатарах навін у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт». Афіцыйная інфармацыя наконт гэтага была апублікавана напярэдадні. Цяпер жа ў сетцы з’явіўся і поўны тэкст дакумента. У матэрыяле БелТА аб тым, якія навацыі чакаюць уладальнікаў агрэгатараў навін.


Фота: pexels.com

Як паведамляла прэс-служба Прэзідэнта Беларусі, дакумент распрацаваны ў мэтах павышэння якасці і даступнасці інфармацыі, якая прадастаўляецца грамадзянам праз агрэгатары навін, забеспячэння абароны інтарэсаў грамадства і дзяржавы ў гэтым сегменце інфармацыйнай прасторы. Указам рэгулююцца асаблівасці функцыянавання агрэгатараў навін і прававы статус іх уладальнікаў. У прыватнасці, устанаўліваюцца правы і абавязкі ўладальнікаў агрэгатараў навін. Вызначана, што яны маюць права збіраць, апрацоўваць і распаўсюджваць як уласныя, так і запазычаныя з іншых крыніц матэрыялы.

Дакументам устанаўліваюцца падставы, умовы і парадак прымянення да ўладальніка агрэгатара навін мер рэагавання ў выпадку парушэння ім дзеючага заканадаўства. Указ накіраваны на спыненне магчымасці распаўсюджвання ўладальнікамі агрэгатараў навін матэрыялаў інтэрнэт-рэсурсаў, у адносінах да якіх у адпаведнасці з заканадаўствам вынесена рашэнне аб абмежаванні да іх доступу.

Крыху матчасткі

У адпаведнасці з указам уладальнік агрэгатара навін — юрыдычная асоба, індывідуальны прадпрымальнік, якія рэалізуюць правы валодання, карыстання і (або) распараджэння агрэгатарам навін.

Агрэгатар навін — інтэрнэт-рэсурс, які выкарыстоўваецца для апрацоўкі, структуравання і распаўсюджвання інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт і на якім размяшчаецца не менш за 50 матэрыялаў навін у суткі на працягу пяці сутак запар, а колькасць запазычаных з розных крыніц матэрыялаў навін перавышае 50 працэнтаў ад агульнай колькасці размешчаных інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў у суткі.

Не з’яўляюцца агрэгатарамі навін сеткавыя выданні, афіцыйныя інтэрнэт-сайты і іншыя інтэрнэт-рэсурсы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, іншых дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый, а таксама інтэрнэт-магазіны.

У сваю чаргу матэрыяламі навін лічацца інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, якія змяшчаюць інфармацыю па бягучых пытаннях у эканамічнай, палітычнай, сацыяльнай, навукова-тэхналагічнай, экалагічнай, ваеннай і іншых сферах жыццядзейнасці дзяржавы і грамадства.

Аб абавязках уладальнікаў агрэгатараў

Ва ўказе падрабязна распісаны абавязкі ўладальнікаў агрэгатараў навін.

Па-першае, ім не трэба дапускаць выкарыстання агрэгатара навін для размяшчэння інфармацыі, распаўсюджванне якой абмежавана заканадаўчымі актамі.

Яны таксама абавязаны выконваць устаноўленыя выбарчым заканадаўствам абмежаванні пры правядзенні перадвыбарнай агітацыі, агітацыі па рэферэндуме, адкліканні дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, парадак выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі ў перадвыбарнай кампаніі, пры правядзенні рэферэндуму.

Нельга дапускаць распаўсюджвання на агрэгатары навін інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў інтэрнэт-рэсурсаў, сеткавых выданняў, у адносінах да якіх прынята рашэнне аб абмежаванні доступу ў адпаведнасці з законам ад 17 ліпеня 2008 года нумар 427-3 «Аб сродках масавай інфармацыі», а таксама гіперспасылак на іх.

Уладальнікі агрэгатараў цяпер абавязаны захоўваць на працягу аднаго года распаўсюджаную інфармацыю, звесткі аб крыніцы яе атрымання, а таксама аб тэрмінах яе распаўсюджвання. Акрамя таго, яны павінны выконваць шэраг абавязкаў уладальніка інтэрнэт-рэсурсу, прадугледжаных законам «Аб сродках масавай інфармацыі».

Пры гэтым уладальнік агрэгатара навін у шэрагу выпадкаў не нясе адказнасці за распаўсюджванне ім інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў. Калі яны з’яўляюцца даслоўным узнаўленнем інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў (іх фрагментаў), размешчаных на афіцыйных інтэрнэт-сайтах і іншых інтэрнэт-рэсурсах рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, іншых дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый. Альбо былі распаўсюджаны зарэгістраванымі ў Беларусі сродкамі масавай інфармацыі, інфармацыйнымі агенцтвамі, за выключэннем інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў інтэрнэт-рэсурсаў, сеткавых выданняў, у дачыненні да якіх прынята рашэнне аб абмежаванні доступу ў адпаведнасці з законам «Аб сродках масавай інфармацыі», а таксама гіперспасылак на іх.

Аб функцыях Мінінфарма і магчымасці абмежаваць доступ да агрэгатара

Міністэрства інфармацыі ў адпаведнасці з указам мае права запытваць ва ўладальніка агрэгатара навін звесткі, неабходныя для аналізу размешчанай на агрэгатары навін інфармацыі. Уладальнік агрэгатара навін у сваю чаргу абавязаны прадстаўляць запытаныя звесткі не пазней за пяць рабочых дзён з дня атрымання запыту Мінінфарма.

У выпадку невыканання ўладальнікам агрэгатара навін абавязкаў, устаноўленых гэтым указам, Міністэрства інфармацыі накіроўвае такому ўладальніку патрабаванне аб устараненні (недапушчэнні) парушэнняў заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.

Мінінфарм можа абмежаваць доступ да агрэгатара навін у выпадках, прадугледжаных у пункце 2 артыкула 51-1 закона «Аб сродках масавай інфармацыі». Указ таксама дае магчымасць гэта зрабіць, калі не выконваецца патрабаванне аб недапушчальнасці распаўсюджвання інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў інтэрнэт-рэсурсаў, сеткавых выданняў, у адносінах да якіх прынята рашэнне аб абмежаванні доступу, а таксама гіперспасылак на іх. Або ў выпадку неаднаразовага (два і больш разы на працягу года) непрадстаўлення або нясвоечасовага прадстаўлення запытаных Мінінфармам звестак, аб чым адзнача вышэй.

Абмежаванне, аднаўленне доступу да агрэгатара навін ажыццяўляюцца ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам аб сродках масавай інфармацыі для абмежавання, аднаўлення доступу да інтэрнэт-рэсурсу.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.