Вы тут

Вясновы догляд маліны


Найперш распачынаюць ачыстку малінніку ад сухой травы і леташняга лісця. У гэтай падсцілцы зімуюць галоўныя шкоднікі малін. І яны выпаўзуць са свайго сховішча з надыходам першага цяпла. Лісце, якое апала, можа быць пашкоджана небяспечнымі грыбковымі і бактэрыяльнымі хваробамі. Таму ўсе арганічныя рэшткі трэба своечасова сабраць і спаліць. Для закладкі ў кампост гэтыя матэрыялы не падыходзяць.


Абрэзка

Пасля зімы выконваюць санітарнае і фармавальную абрэзку маліны. Інакш маліннік хутка ператворыцца ў непраходны зараснік з густой лістотай і невялікай колькасцю дробных ягад. Работы па вясновай абрэзцы маліны праводзяцца тады, калі сыдзе снег, але яшчэ не да канца прагрэецца зямля.

Кветкавыя пупышкі і ягады на большасці сартоў малін з'яўляюцца на парастках другога года жыцця. Гэта не датычыцца толькі рэмантантных сартоў. У іх кветкавыя пупышкі закладваюцца на парастках гэтага года. Рэмантантную маліну выразаюць пад корань восенню, пасля заканчэння плоданашэння. Вясной яна не мае патрэбы ў абрэзцы.

Каранёвая сістэма ў маліны шматгадовая, а надземная частка — двухгадовая. У першы год вырастаюць зялёныя парасткі, якія затым дранцвеюць. Пладаносіць куст толькі на наступны год, пасля зімоўкі.

Увесну ў маліны ў першую чаргу выдаляюць усе пашкоджаныя, сухія, вымерзлыя, хворыя, слабыя парасткі. Далей фарміруюць пасадкі. Калі маліна была пасаджана кустовым спосабам, то пакідаюць на адным кусце 8—10 парасткаў. Пры стужачнай пасадцы малін на 1 пагонны метр пакідаюць 10—15 парасткаў.

У парасткаў маліны, якія будуць пладаносіць у гэтым сезоне і дасягнулі вышыні 1,2—1,5 м, абразаюць верхавіны на 10-15 см. Гэтая аперацыя запавольвае вертыкальнае развіццё куста, спрыяе павелічэнню колькасці пладовых галінак на парастках, прымушае расліну перанакіраваць пажыўныя рэчывы да будучых бутонаў і ягад. Падмерзлыя верхавіны кустоў абразаюць да першай жывой пупышкі.

Апрацоўка

Маліна пакутуе ад такіх грыбковых хвароб як антракноз, іржа, шэрая гніль, пурпурная плямістасць. Апрацоўку ад інфекцый праводзяць па голых ствалах, да распускання лісця. Можна выкарыстоўваць медзьзмяшчальныя прэпараты — бардоскую вадкасць, сумесь меднага купарвасу і мачавіны, а таксама хімікаты — «Тапаз», «Фундазол» і іншыя.

Са шкоднікаў найбольш распаўсюджаныя малінавы жук, малінава-сунічны даўганосік, розныя віды галіц, малінавая сцябловая муха, кляшчы, молі, цыкадкі. Для барацьбы з імі ўжываюць інсектыцыды — «Актара», «Вермітэк» і іншыя. Апрацоўку мэтазгодна праводзіць за 5-7 дзён да цвіцення, у фазе фармівання бутонаў. І другі раз — пасля цвіцення.

Падкормка

У самым пачатку вегетацыі, увесну, маліне неабходны азот. Пад пладаносныя насаджэнні ранняй вясной уносяць нітраамафоску 30-50 г на м. кв. або 50 г суперфасфату, 15 г аміячнай салетры і 20-30 г калійных угнаенняў на м. кв. Вельмі любіць маліна і арганіку — гной, перагной, кампост.

Перад цвіценнем, калі ўжо з'явіліся бутоны, маліне патрэбныя азот і калій. Калій садзейнічае з'яўленню буйных і смачных ягад.

Паліў і мульчыраванне

Паліў ранняй вясной выконваюць, толькі калі зіма была маласнежнай і глеба не напоўнена вільгаццю. Наогул маліны любяць нячасты, але багаты паліў. Мульчыраванне дазваляе захоўваць вільгаць і рыхласць глебы ў малінніку, перашкаджае прарастанню пустазелля. Мэтазгодна выкарыстоўваць розныя арганічныя матэрыялы — кампост, перагной, свежаскошаную траву, торф.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.