Вы тут

Ганна Траўкова: Алімпійскія гульні надалі мне матывацыі


Беларуская спартыўная гімнастыка сёння, нібыта птушка-фенікс, перажывае адраджэнне. Гучныя дасягненні Вольгі Корбут, Нэлі Кім, Віталя Шчэрбы ўжо сталі гісторыяй. Але спорт жыве і сёння. І паступова крок за крокам набліжаецца да былой славы. Адказнасць за гэта ляжыць на плячах маладых, перспектыўных спартсменаў. Адна з іх — Ганна Траўкова, якая пераймае вопыт знакамітай школы легендарнага трэнера Рэнальда Іванавіча Кныша. Ганна — пераможца шматлікіх рэспубліканскіх турніраў і ўдзельніца міжнародных стартаў. У мінулым сезоне яна перамагла на чэмпіянаце Беларусі ў шматбор'і і вольных практыкаваннях, стала чэмпіёнкай у камандным турніры. Але самай галоўнай падзеяй для Ганны сталі Алімпійскія гульні ў Токіа, дзе яна замяніла Настассю Алістратаву. Дзяўчына не разгубілася і зрабіла ўсё, што ў яе сілах. Пасля вынесла пэўныя ўрокі і пачала рыхтавацца да новага сезона, які ўжо пачынаецца. Пра свае спартыўныя планы Ганна Траўкова расказала «Чырвонцы. Чырвонай змене».


— Раскажы, калі ласка, чаму сярод усіх відаў спорту ты выбрала менавіта спартыўную гімнастыку?

— Мне было гадоў пяць, калі тата прывёў у секцыю. Проста каб я магла фізічна развівацца. Але не скажу, што мне падабалася. Я саромелася туды хадзіць. І гэта не дзіўна: маленькая пяцігадовая дзяўчынка ў вялікай спартыўнай зале. Але з часам я прывыкла, і, самае галоўнае, палюбіла гімнастыку. Калі на першых спаборніцтвах заняла трэцяе месца, адчула, што ў будучыні хачу быць першай. А ў 2015 годзе на спартакіядзе школьнікаў заваявала пяць медалёў, адабралася на Еўрапейскі юнацкі фестываль ў Тбілісі. І так, у 14 гадоў, мая спартыўная кар'ера выйшла на новы ўзровень. А некалі страшная спартыўная зала стала другім домам.

Гімнастыка зачапіла мяне сваёй разнастайнасцю: брусы, бервяно, апорныя скачкі і вольныя практыкаванні. І кожная дысцыпліна па-свойму цікавая, да кожнага снарада патрабуецца свой падыход. Дзякуючы гэтаму мы пастаянна ўсебакова развіваемся. Больш за ўсё я люблю скакаць, абажаю вольныя практыкаванні, вельмі падабаюцца акрабатычныя і харэаграфічныя элементы. Магчыма, пасля гімнастыкі буду займацца танцамі. Пакуль на гэта не хапае часу, таму проста люблю глядзець, як людзі танцуюць. А вось самы складаны снарад для мяне — гэта брусы. Ён вельмі капрызны і патрабавальны. Як паказвае вопыт, калі прапусціць некалькі трэніровак, цяжэй за ўсё адпрацаваць тэхніку менавіта на брусах. Лішнія грамы таксама асабліва адчуваюцца на гэтым снарадзе.

— Магчыма, любові да спартыўнай гімнастыкі дадало і тое, што ты займаешся ў школе легендарнага трэнера Рэнальда Кныша?

— Безумоўна. На мой погляд, вучыцца трэба ў найлепшых. Мне ў гэтым вельмі пашанцавала. Рэнальд Іванавіч стварыў унікальную методыку, гэта сапраўды легендарны трэнер. А мой асабісты трэнер — Вольга Мікалаеўна, яго жонка. І ўсяго дасягнула менавіта з ёй. Дарэчы, мне пашчасціла пазнаёміцца з Рэнальдам Іванавічам. Ён прыходзіў да нас на трэніроўкі, калі я была маленькая. Нават нешта падказваў, даваў парады. Вельмі важна для спартсмена атрымаць словы падтрымкі ад такога майстра і працаваць па яго методыцы.

Сёння з трэнерам я праводжу больш часу, чым з бацькамі. Вольга Мікалаеўна мне дапамагае не толькі ў спорце, але і ў пэўных жыццёвых сітуацыях. На Алімпійскіх гульнях яна была маёй галоўнай падтрымкай, перажывала як ніхто іншы, рабіла ўсё, каб я не хвалявалася. Вельмі важна, што яна на мяне не цісне, не патрабуе вынікаў. Напрыклад, на Алімпіядзе яна разумела, што гэта вялікая адказнасць, да якой мы, магчыма, былі не гатовыя. І яна проста настройвала мяне на добрае выступленне, а не чакала нечага звышнатуральнага.

— Дарэчы, пра Алімпійскія гульні. Памятаеш свае эмоцыі, калі даведалася, што ты будзеш на іх выступаць?

— Хіба такое забудзеш! Я тады ўзрадавалася і здзівілася адначасова. Радасці, мабыць, было больш. Ніхто не планаваў, што ў Токіа паеду я, і часу на падрыхтоўку да галоўных стартаў было вельмі мала. Таму два тыдні перад Гульнямі былі вельмі насычаныя. Мне здаецца, і сёння не веру, што выступала на Алімпійскіх гульнях. Было вельмі цікава на свае вочы ўбачыць галоўныя старты і выступленні вядучых спартсменаў свету. Пасля Алімпіяды мне захацелася трэніравацца яшчэ больш, рабіць свае праграмы лепшымі. Алімпійскія гульні надалі мне матывацыі. Шкада, што Токіа не ўдалося паглядзець. Гэта вельмі цікавы горад з выдатнай архітэктурай. І хацелася б пазнаёміцца з ім бліжэй, але мы прыехалі ў першую чаргу спаборнічаць, таму выконвалі ўсе каранавірусныя абмежаванні.

— Выступленні сваіх куміраў у Токіа ўбачыла?

— Не магу сказаць, што ў мяне ёсць куміры. Падабаецца гімнастыка, якую паказваюць расіянкі. Я бачыла жаночы фінал каманднага турніру, дзе яны сталі алімпійскімі чэмпіёнкамі. Гэта быў вельмі яркі момант. У свеце шмат спартыўных гімнастаў, чые выступленні мяне захапляюць. І я бясконца паважаю гэтых людзей, бо ведаю, якую вялікую працу яны выконваюць штодня. У некаторых заўважаю цікавыя элементы і спрабую ўключыць іх у свае праграмы. У некаторых заўважаю памылкі, і гэта таксама карысна.

— На Алімпіядзе ў Токіа шмат шуму нарабіла гісторыя з Сімонай Байлз, якая знялася са шматбор'я і растлумачыла свой крок праблемамі з псіхічным здароўем. Пасля гэтага шмат разважалі аб ментальным здароўі спарстменаў. На твой погляд, наколькі важна быць гатовым не толькі фізічна, але і псіхалагічна?

— Сімона Байлз — выдатная гімнастка. Не ўяўляю, што такое магло здарыцца, каб яна адмовілася выступаць на галоўным старце. Канешне, псіхалагічны стан кожнага спартсмена павінен быць у норме. Лішнія хваляванні могуць сапсаваць вынік. І кожны спартсмен перажывае перад выступленнем, важна ўмець з гэтым спраўляцца. Я выходжу на старт з намерам зрабіць усё як на трэніроўцы. Прыкладна ўяўляю, якую адзнаку хачу атрымаць, але не зацыкліваюся на гэтым. Мая задача — максімальна добра выканаць свае праграмы. І маё галоўнае правіла — не расслабляцца, у спартыўнай гімнастыцы гэта недапушчальна. Нашы выступленні — своеасаблівы экзамен, які нельга і не хочацца праваліць.

— Адзін з герояў гэтай алімпіяды Артур Далалаян выступаў з незалечанай траўмай. У тваёй кар'еры былі выпадкі, калі даводзілася выступаць, нягледзячы на такое?

— На ўсіх апошніх стартах сезона мы выступаем з траўмамі. Некалькі разоў даводзілася выходзіць з невялікімі. Перад спаборніцтвамі не думаю ні аб чым, акрамя выступлення. Ні на што не звяртаю ўвагі. Але пасля спаборніцтваў абавязкова займаюся сваім здароўем.

— Ганна, раскажы калі ласка, як табе ўдаецца трымаць сябе ў добрай форме?

— Існуе меркаванне, што ўсе гімнасты сядзяць на вельмі строгай дыеце. Але гэта не так. Не трэба ніякіх дыет. Галоўнае — прыслухоўвацца да свайго арганізма. Нават знакамітае правіла «не есці пасля шасці гадзін вечара» для мяне не працуе. Мая другая трэніроўка пачынаецца ў 16.00, а заканчваецца ў 19.00. Я ж не магу з сярэдзіны дня нічога не есці. Канешне, я не ем фаст-фуд, гэта ў прынцыпе шкодна для кожнага, а не толькі для спартсменаў. Калі мне хочацца, напрыклад, пірожнае, я сабе гэта дазваляю. Потым на трэніроўцы ўсё адпрацую. Спартыўная гімнастыка даўно стала маёй любімай справай, і дзеля яе я гатовая адмовіцца ад шмат чаго, але не наадварот.

— Ганна, раскрый, калі ласка, сакрэт сваёй спартыўнай матывацыі?

— У мяне, як і ва ўсіх спартсменаў, адна мэта — добра выступаць на кожным старце, асабліва на галоўных. Мяне матывуць вынікі. Чым яны вышэйшыя — тым больш сіл працаваць яшчэ больш і станавіцца лепшай.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіву гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».