Вы тут

Хто выбірае прафесію, якая лечыць


Сучасны свет развіваецца на шалёнай хуткасці. Каб адпавядаць тэмпам жыцця, чалавеку трэба быць гнуткім, мець шматлікія сацыяльныя кантакты і ўцягваць інфармацыю як губка. У гэткіх умовах наша свядомасць не заўсёды спраўляецца з нагрузкамі. Менавіта таму стала натуральным жаданне людзей звяртацца па дапамогу да псіхолагаў — спецыялістаў, якія дапамагаюць аптымізаваць псіхічны стан і аднавіць жыццёвыя рэсурсы.


Знайсці адказы на пытанні

У апошнія дзесяцігоддзі колькасць студэнтаў, якія спецыялізуюцца ў галінах псіхалогіі, значна вырасла. Ва ўніверсітэтах па ўсім свеце гэтая спецыяльнасць часта ўваходзіць у пяцёрку самых папулярных. Зразумець, чаму ўсё больш маладых людзей аддаюць перавагу такой адказнай і глыбокай прафесіі, нам дапаможа Вераніка Горбач, студэнтка другога курса факультэта псіхалогіі інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка.

— Жаданне стаць спецыялістам у гэтай галіне з'явілася ў мяне ў сярэдняй школе разам усведамленнем, што псіхалагічны стан чалавека такі ж важны, як і яго фізічнае здароўе. Колькі сябе памятаю, заўсёды любіла слухаць людзей і даваць ім парады. У шостым класе пачала размаўляць са школьным педагогам-псіхолагам.

І ўжо тады мне прыйшла думка, што хачу вывучаць псіхалогію, а ў далейшым — і займацца ёй. Мяне натхняла ідэя, што магу дапамагаць іншым паляпшаць іх эмацыянальны стан. Пачала чытаць кнігі па псіхалогіі, многія з якіх аказвалі на мяне вялікае ўражанне. Напрыклад, кніга Міхаіла Лабкоўскага «Хачу і буду» сапраўды дапамагла адказаць на некаторыя важныя пытанні і палюбіць сябе. У выпускным класе я мэтанакіравана рыхтавалася да паступлення менавіта на псіхолага. Рада, што мама і блізкія падтрымалі маё імкненне, — расказвае Вераніка.

У працэсе навучання вялікая ўвага ўдзяляецца базавым псіхалагічным дысцыплінам, без якіх немагчыма абысціся будучым спецыялістам. Разам з гэтым асноўны ўпор — на практычныя навыкі стасункаў з людзьмі. У далейшым на такой адукацыйнай базе можна паспяхова развівацца ў любым кірунку.

— Няхай я вучуся толькі на другім курсе, але ўжо разумею, наколькі мне падабаецца псіхалогія. Я пачала лепш разумець сябе і іншых. Ад усведамляення гэтага хочацца паглыбляцца ў вучобу ўсё больш. У інстытуце мы вывучаем шэраг цікавых дысцыплін: некаторыя непасрэдна звязаны з будучай прафесіяй, напрыклад, агульная псіхалогія, а некаторыя — толькі часткова, але таксама патрэбны для агульнай эрудзіраванасці. Думаю, мы з аднагрупнікамі прыкладзём усе намаганні і справімся з засваеннем такой няпростай, але важнай спецыяльнасці, — кажа суразмоўніца.

Псіхолаг — спецыяліст, які лечыць душу. Пры гэтым ён не прызначае пацыенту медыкаменты, а выкарыстоўвае толькі спецыяльныя псіхалагічныя тэхнікі. Аднак адказнасць, якую ён бярэ на сябе, ніколькі не меншая, чым урачэбная. Бо ўсе мы ведаем, што душа існуе, і ўсе адчуваем, як не соладка даводзіцца, калі яна баліць. Таму работа псіхолага — справа вельмі тонкая і карпатлівая.

Кола сфер, у якіх можна працаваць з псіхалагічнай адукацыяй, на сёння неверагодна шырокае і разнастайнае. Акрамя псіхалогіі, ёсць цяга да медыцыны? Становіцеся псіхіятрам. Цікавіць, як уладкаваны мозг і наша мысленне? Вас чакае нейра-кагнітыўная псіхалогія.

— Каб паглыбіцца ў спецыфіку будучай работы, акрамя вучобы я хацела б прайсці яшчэ і курсы па якіх-небудзь пэўных напрамках. Яшчэ не ведаю, чым буду займацца пасля заканчэння ВНУ: можа, стану псіхолагам-кансультантам і адкрыю ўласны кабінет, а можа ўладкуюся бізнес-псіхолагам у якую-небудзь кампанію, — падзялілася планамі студэнтка.

Важная здольнасць — суперыжыванне

Кожны чалавек разумее псіхалогію па-свойму. А што яна значыць для спецыяліста, які звязаў сваё жыццё з гэтай прафесіяй? Пра гэта мы даведаліся ў практыкуючага псіхолага Наталлі Ласкевіч, якая 15 гадоў дапамагае людзям спраўляцца з цяжкімі сітуацыямі і знаходзіць шлях да сябе. Наталля Сцяпанаўна атрымала дзве адукацыі: першая — дэфекталагічная ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя Максіма Танка, а другая па спецыяльнасці «Практычны псіхолаг» у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

— Маладым псіхолагам, каб знізіць напружанне ад недахопу вопыту, рэкамендуюць пачынаць кансультаванне з людзьмі сваёй узроставай катэгорыі або малодшай. Менавіта таму пачаткам маёй прафесійнай дзейнасці стала работа псіхолагам у дзіцячым садзе. Далей я была педагогам-псіхолагам у інтэрнаце для дзяцей з парушэннем зроку, а пазней доўгі час кансультавала тых, хто сутыкнуўся з рознымі псіхалагічнымі цяжкасцямі, у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, — распавяла Наталля Сцяпанаўна.

Для работы псіхолагам аднойчы атрыманай адукацыі, няхай і вышэйшай, бывае недастаткова. Каб спецыялісты маглі дасягнуць высокага прафесійнага ўзроўню, цяпер існуе мноства семінараў, курсаў і трэнінгаў для павышэння кваліфікацыі. Трэба толькі не страчваць імкнення да самаадукацыі, што павінна быць цалкам натуральным для практыкуючага псіхолага, упэўнена суразмоўніца.

— У сваёй рабоце сінтэзую розныя методыкі і падыходы: «Арт-тэрапію», «Цялесна-арыентаваную псіхатэрапію», «Казкатэрапію» і «Сімвалдраму». Акрамя гэтага, у практыцы выкарыстоўваю аналітычныя, інтэгратыўныя трансперсанальныя і кліент-цэнтраваныя метады. Для лепшага разумення спецыфікі прафесіі магу параіць студэнтам псіхалагічнага факультэта ўжо ў пачатку навучання азнаёміцца з гэтай багатай разнастайнасцю методык. А на апошніх курсах выбраць для сябе тую, па якой будзе жаданне працаваць у будучыні, і асвойваць яе паралельна з акадэмічным навучаннем. Калі справа дойдзе да кансультавання, варта таксама выбраць адзін канкрэтны кірунак, напрыклад, сямейнае, дзіцячае альбо ж групавое, каб з-за спроб выпрабаваць сябе ва ўсім не адбылося выгарання, — патлумачыла псіхолаг.

На жаль, не існуе такой чароўнай палачкі, узмах якой здольны імгненна вырашыць усе праблемы без карпатлівай працы над сабой, у тым ліку для спецыяліста.

— Працэс псіхалагічнага кансультавання дазваляе раскрыць іншыя грані жыцця, убачыць сябе ў адлюстраванні іншага. Калі ў спецыяліста не адпрацаваны яго асабістыя праблемы і перажыванні, ён рызыкуе быць эмацыянальна ўключаным у гэты працэс або, куды яшчэ горш, уцягнуць кліента ў свае праблемы. Таму псіхолагам-пачаткоўцам трэба абавязкова праходзіць асобасную тэрапію, — падкрэслівае спецыяліст.

Сталенне часта адбываецца, калі маладыя людзі даследуюць розныя грані саміх сябе і спрабуюць высветліць, хто яны як асобы. Нядзіўна, што многія юнакі і дзяўчаты робяць выбар на карысць псіхалогіі.

— Магу сказаць дакладна, што не варта ісці ў гэтую прафесію толькі дзеля добрай заработнай платы, бо гэта можа абярнуцца на шкоду. Не таму, што работа псіхолага цяжкая — яна спецыфічная. Каб быць добрым спецыялістам, маладыя людзі павінны многае даведацца пра сябе, у першую чаргу — ці любяць яны людзей і ці гатовыя да блізкіх стасункаў з кліентамі, якія перажываюць гора і сур'ёзныя жыццёвыя цяжкасці. Важнай уласцівасцю душы псіхолага з'яўляецца і суперажыванне. Таму, калі вы вырашылі прысвяціць жыццё гэтай прафесіі, варта выпрацоўваць у сабе такую якасць, — раіць Наталля Сцяпанаўна.

Надзея БОБРЫК, студэнтка ІV курса факультэта міжкультурных камунікацый МДЛУ

Фота дадзена суразмоўніцамі

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Душа на далоні

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.