Вы тут

Sex-балясы. Рэкламны трук


Пачну з анекдота. «Сустракаюцца неяк два бізнесмены і адзін у размове мімаходзь кажа, што купіў сабе слана. Другі здзіўляецца: «Як гэта? Гэта ж столькі праблем!» — «Наадварот, адны прыемныя навіны! Дзеці сталі больш паслухмяныя, лепш вучацца. Жонка лагодная. З цешчай узаемаадносіны палепшыліся!» — «Бач ты! Слухай, а прадай слана мне?!» — «Не, такая жывёліна патрэбная самому! Зрэшты, як найлепшаму партнёру... За колькі купіў, за столькі і прадам — забірай!» Прайшоў час, зноў абодва сустрэліся. Пакупнік: «Слухай, чаго ты мне нагаварыў?! У мяне слон усё разнёс, усё загадзіў! Дзеці напалоханыя, жонка пагражае на развод падаць, цешча ўвогуле ад нас з'ехала!..» — «Чакай-чакай, братан! З такім настроем ты слана дакладна не прадасі!» Такім чынам, тэма сённяшніх нататак — рэклама і настрой.


Незвычайны спосаб абраў краснадарац Вадзім Этман для продажу сваёй кватэры. Як расказаў гаспадар жылля, да афармлення здзелкі ён вырашыў падысці творча і крэатыўна. («Калі вы запрасілі дзяўчыну карміць рыбак, а акварыума ў вас ніколі не было, адкрыйце хаця б бляшанку шпротаў. Як правіла, пакрышыўшы туды крыху хлеба, дзяўчаты пачынаюць здагадвацца, навошта іх пазвалі».) Ён не проста адправіў аб'яву на сайт «Авіта» з фатаграфіямі, а напісаў песню і зняў кліп пра сваё любімае жыллё, з якім даводзіцца расставацца. «Мая двушка — гэта пушка», — без ілжывай сціпласці заявіў Вадзім. Былі там і аголены торс, і здымкі ў ваннай і ложку... («Дарагая, давай на ложку?» — «Так!» — «А цяпер на кухні?» — «Так!» — «А цяпер у калідоры!» — «Вы кватэру здымаць будзеце?») Да здымкаў малады чалавек падышоў адказна. Прыйшлося папацець у прамым сэнсе гэтага слова: хлопец схуднеў і напампаваў мышцы. Атрымалася сапраўды арыгінальна, праўда, невядома, ці ўсе дзяўчаты-пакупніцы змаглі разгледзець плюсы кватэры, а не любаваліся толькі яе гаспадаром. («Тэлеканал мод — якраз той канал, які мужчыны і жанчыны могуць з задавальненнем глядзець разам. Але яны не змогуць потым абмеркаваць тое, што адбывалася, таму што бачылі розныя рэчы».) Мэта гэтай творчасці, як кажа Этман, 50 працэнтаў хайпу і 50 працэнтаў — «паскарэнне» продажу. Вадзіму паступіла мноства прапаноў зняць падобны ролік для іншых кватэр або машын. («Я здымаю кватэру з аднакурснікам. Часам заводжу фальшывыя акаунты ў Tіnder, «знаёмлюся» з ім там і пасля непрацяглага флірту абяцаю прыехаць у госці. Прыемна глядзець, як ён пасля гэтага драіць жыллё».) Прафесійных жа агентаў па продажы нерухомасці такі нестандартны падыход павесяліў. Але, на іх думку, наўрад ці гэта дапаможа ўладальнікам хутка знайсці патэнцыйных пакупнікоў. («Дзве студэнткі здымалі кватэру і вырашылі паставіць маскітныя сеткі на вокны, каб ніхто не заляцеў. Але, на жаль, ім абедзвюм гэта не дапамагло».) Меркаванне краснадарцаў таксама падзялілася. Адны лічаць, што толькі так і трэба прадаваць кватэры, іншыя, наадварот, шакіраваны. «Дапамажыце мне зразумець: малады чалавек сябе прадае ці кватэру?» («Калі ў жанчыны адначасова глыбокае дэкальтэ і міні-спадніца, гэта прыводзіць да касавокасці ў мужчын».)

А жыхар Чалябінска Аляксандр Кайноў паспрабаваў выкарыстаць калажы з фатаграфіямі галівудскага рэжысёра Квенціна Таранціна, каб прадаць сваю трохпакаёвую кватэру. («Адзенне павінна падкрэсліваць вартасці фігуры і хаваць недахопы зарплаты».) Ён прыфаташопіў выявы знакамітасці, выразаныя са здымкаў, якія зрабілі падчас візіту рэжысёра ў Расію, да фота тыпавога расійскага жылля. На калажах Квенцін стаіць у ваннай з аблупленай кафляй, паказвае вялікі палец у пакоі і разглядае просценькую кухню. («Адзінокі мужчына засяліўся ў кватэру. Вечарам трэцяга дня раздаецца званок у дзверы. Адчыняе, а там жанчына: «Прывітанне, я ваша суседка. У вас выпадкова соль не скончылася?») «Людзям падабаецца, я задаволены вынікам, сама задума вельмі цікавая». («Мужчын трэба здзіўляць. Вось прыходзіць ён з работы, а ты кватэру ў карты прайграла. Нечакана? Нечакана!») У каментарыях у «Фэйсбуку» карыстальнікі пытаюцца, ці прыкладаецца «мужык» да кватэры? А таксама называлі серыю калажаў «Агіднай траячкай» (адсылка да назвы аднаго з фільмаў Таранціна «Агідная васьмёрка»).

Кампанія Yota размясціла рэкламу на фасадзе дома ў Маскве. Але яна, здаецца, не спадабалася нейкаму Сярожу — гэтае імя велізарнымі літарамі напісалі над графіці. («Уяўляеце, прыходжу дадому, а ён з палюбоўніцай. Ну, я пайшла на кухню, адкрыла халадзільнік, дастала бутэльку гарэлкі, выпіла залпам, паспявала сумных песень... А потым гляджу: кватэра ж не мая!») У кампаніі зрабілі новую рэкламу, але на гэты раз... са згадваннем Сярожы. Яшчэ і аўтарскі стыль захавалі. («— Ну што, купіў кватэру? — «Не, здымаю». — «Ажаніўся?» — «Не, здымаю».) Раней на тым месцы доўгі час было графіці «Аэрафлота» са сцюардэсай, якая «ўсім падабалася». («Аб'ява: «Патрабуецца дзяўчына на запчасткі». Не адразу здагадаўся, што гаворка аб прадаўцы ў краму запчастак».) Не ўсе адобрылі новы стрыт-арт на доме. Графіці перамалявалі, і замест стандартнага слогана «Графіці з рэкламай Yota» на фасадзе дома з'явіўся надпіс «Графіці з рэкламай Yota і Сярожа». («Прадаецца двухспальны ложак з адным свабодным месцам».)Такая рэклама, такі настрой...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?