Вы тут

На сваёй зямлі


Каб зразумець горад, трэба ведаць яго помнікі. Нашы ўражваюць. А некаторыя прымушаюць спыніцца. Падумаць аб часе і прасторы. Спыніцца нават у самых вірлівых кутках беларускай сталіцы.


Паміж бойкай Камароўкай і паважным, як і належыць, сталічным гандлёвым цэнтрам, дый яшчэ са старой добрай назвай — ЦУМ, — зручна ўладкаваўся дзядзька Якуб. Сядзіць у задуменні. Погляд строгі, экзаменацыйны. А часам здаецца, свідруе позіркам нас — нашчадкаў.

Маўляў, ну што, браткі-беларусы, мары класікаў аб нацыянальнай ідэі спраўдзіліся. Замест спрадвечнага пытання — «А хто там ідзе?» зычна гучыць: «Мы — беларусы», а далей вы і самы ведаеце.

І мара літаратурнага Міхала спраўдзілася. Есць «свая зямля, свой родны кут». На жаль, у зямлі не заўжды ёсць гаспадар. І ў маштабах бацькоўскага надзелу, і ў некаторых вялізных аграхолдынгах. Ёсць тэхналогіі, тэхніка, сучасныя жывёлагадоўчыя комплексы, асфальт у сельскай мясцовасці, прасторныя дамы, палацы мастацтва... Усё гэта ёсць. Не хапае працавітых вяскоўцаў. Хоць дэфіцыт кадраў цяпер вырашаецца. У пошуках лепшага жыцця і будучыні ў Беларусь мігрыруюць паўднёвыя суседзі.

За савецкім часам украінцаў называлі нацыяй яфрэйтараў. Чаму? Спытайцеся ў тых, хто на зубок ведае прысягу Савецкага Саюза. І вось заўжды больш спрытныя, а за гады «самасційнасці» і яшчэ выхаваныя абыякавасцю уладаў украінцы самі гатовыя ўладкоўваць сваё жыццё ў Беларусі. А ім тут яшчэ як у атэлях, розныя кампліменты ад уладаў. Работу ці не губернатары шукаюць.

А ў гэты час некаторыя беларусы працягваюць жыць у «Тэлеграме» і абмяркоўваць, як паступова вымірае глыбінка і пусцее сталіца (маўляў, хаваюцца мінчукі). І ва ўсім гэтым абвінавачваюць улады. Прывыклі мы да дзіцячага светапогляду. Бацька павінен дапамагчы, вырашыць, а калі што не так, то адказаць за ўсё. Атрымліваецца такая вось «дыктатура».

У нацыянальнай літаратуры ёсць такі вобраз — Зносак. Ён заўжды хаваецца — за шырму або спадніцу. Ён з тутэйшых. А ў сучаснай нацыянальнай рэчаіснасці гэты вобраз трансфармаваўся ў небараку. Яму ўсе павінны. Знасілаў—Знасілоўскі нашага часу абвінаваціць ва ўсім Бацьку. Але не ў тым бяда. Такія людзі будуць заўжды. Бяда ў тым, што ўсякія Знасілоўскія ўяўляюць сябе Здольнікамі. З неверагодных яны, са змагароў!

Пра глыбінку спрачацца не буду. Забыліся мы на бацькоўскую хату. Дзякуй Богу, не ўсе. Не ўсе з галавой ды сэрцам кінуліся ў фрыланс ды ІТ. І, дарэчы, напіўшыся іншаземных газіровак, назапасіўшы тлушчу ад заморскай «хіміі» і вопыту ад жыцця, моладзь вяртаецца на бацькоўскія сцежкі. Гэта сёння кажуць: касмапаліт, грамадзянін свету. Раней было больш зразумела — жабрак. Ні хаты, ні рыдлёўкі. Ні жонкі, ні дзяцей. Гэта цяпер дыпламатычна кажуць «фэйк» — раней было больш зразумела: мана, хлусня.

За пустыя вясковыя сядзібы я не хвалююся. Украінскія мігранты там яшчэ буракі пасадзяць. І за сталіцу, якая быццам бы пусцее, я таксама не хвалююся. Ні за гандлёвы цэнтр, ні за Мінск увогуле. Дастаткова зайсці ў любую шматпавярховую краму ў выхадныя дні. Па-першае, гэтых гандлёвых цэнтраў больш, чым з'ездаў КПСС у свой час. І ў кожным, маю на увазе, цэнтры, чарга — нібы ў галоўны савецкі некропаль у гады развітога сацыялізму. Але колькі б ні было тых гандлёвых цэнтраў, галоўнае ж, як трапна заўважыў модны спявак Віталь Карпанаў: «Не прадаецца хата бацькоў».

Мо так санкцыі на суайчыннікаў падзейнічалі. Але па праўдзе кажучы, чэргі ў магазінах пастаянна. Бо мы сапраўдная нацыя «небарак». Буднямі ўвечары машыну не ўладкаваць, у выхадныя ў кавярнях месца не знайсці. А так насамрэч — Мінск увесь збег.

Мне так падаецца, сталіца планава збягае кожную пятніцу а пятай гадзіне вечара, называецца тое «эвакуцыя» на лецішча, а вяртаецца — кожную нядзелю. Такі вось сыход атрымліваецца. Але ж шукаць нам, беларусам, «запаветную зямлю» наўрад ці трэба. Наша надзейная спадчына —- тая самая зямля пад нагамі. Пра якую дзядзька Якуб некалі напісаў: «Мой родны кут, як ты мне мілы...»

Вось, напрыклад, у народным бытавым календары і свята 22 сакавіка ёсць — Сорак саракоў. На Палессі дасюль рэальна вясну гукаюць. Птушкі вяртаюцца з заморскіх берагоў. Гэта нагадвае і нас саміх. Якія б атэлі найвышэйшага ўзроўню з функцыямі «ол інклюзіў» ні вабілі, мы вяртаемся ў родныя гнёзды —- дадому.

«Мой родны кут, як ты мне мілы...» За намі назіраюць. Не толькі помнікі. Назіраюць з нябёсаў, з выраю. Сорамна будзе, калі страцім сябе і здабытую Спадчыну. А пакуль у цэнтры і каля купала «Сталіцы» пад распасцёртымі крыламі архітэктурных буслоў чуваць шматгалосы гоман дзятвы — будучага краіны. І гэта толькі-толькі ад зімняга сну абуджаецца вясна. Сапраўдная цеплыня яшчэ наперадзе.

Яўген ПУСТАВОЙ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.