Вы тут

Якія пытанні ўзнімалі ўдзельнікі сімпозіума літаратараў


VІІІ Сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час», які ладзіцца Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Выдавецкім домам «Звязда» і Саюзам пісьменнікаў Беларусі ў межах ХХІХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, аб’яднаў літаратараў з розных краін у фармаце ан-лайн і аф-лайн. У павестцы ўздымаліся такія тэмы, як «Грамадзянская і мастацкая адказнасць пісьменніка перад чытачом», «Гістарычная памяць — асновы выхавання грамадства», «Сіла мастацкага слова ў развіцці патрыятычнага мыслення чытача» і «Выбар творчых рашэнняў у пошуках мастацкай і жыццёвай праўды».


Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч заўважыў, што форум прызначаны аб’ядноўваць, кансалідаваць пісьменніцкія сілы, падкрэсліваць, што кніжная і пісьменніцкая Беларусь з’яўляецца той пляцоўкай, якая развівае мірнае добрасуседства з краінамі, у тым ліку тымі, якія тэрытарыяльна знаходзяцца далёка ад яе межаў. Знаёмства з літаратурай, а праз яе з каштоўнасцямі іншых народаў заўсёды ўзбагачае, дапамагае лепш разумець адзін аднаго, зноў і зноў гаварыць пра агульначалавечыя каштоўнасці. Наладжаны добрыя культурныя сувязі паміж пісьменнікамі, выдаўцамі і перакладчыкамі. Творы беларускіх аўтараў знаёмы чытачам з розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, Казахстану і іншых краін. Лепшая замежная класіка выходзіць у беларускіх выдавецтвах. Так, на кніжнай выстаўцы прэзентуецца зборнік выбраных твораў Амара Хаяма ў перакладзе беларускіх пісьменнікаў Рыгора Барадуліна, Віктара Шніпа і Генадзя Аўласенкі.

Але сёння роля пісьменнікаў значна вырастае, пра што ў сваім звароце да ўдзельнікаў форуму заўважыў намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Бузоўскі: 

— Рэспубліка Беларусь стала фактычна выпрабавальнай пляцоўкай для вялікай колькасці тэхналогій, і не толькі і не столькі эканамічных, палітычных, а, у першую чаргу, пляцоўкай для барацьбы з сэнсамі, ідэаламі, каштоўнасцямі. 

Пісьменнікі, прадстаўнікі культуры і мастацтва як раз звязаныя з фарміраваннем каштоўнасцей. І сёння, як бы гэта пафасна ні гучала, вырашаецца будучыня планеты, вядзецца барацьба за тое, як будзе далей развівацца чалавецтва, наладжвацца сувязі паміж людзьмі і народамі. Уздымаюцца ўжо не толькі пытанні эканомікі, палітыкі, а нават гендару. Адбываецца пераасэнсаванне на ўзроўні свядомасці, падсвядомасці і сэрца. Каласальнае значэнне набывае чалавек, які здольны мысліць. Кожная думка і кніга становяцца на вагу золата. І менавіта ад пісьменніка шмат залежыць, якім чыннам будзе развівацца грамадская думка.

Галоўны рэдактар «Литературной газеты» Максім Замшаў таксама звярнуў увагу на тое, што сёння, калі мір успрымаецца як безумоўная каштоўнасць, вельмі важна зразумець прычыны, якія прывялі да ваенных канфліктаў, тады прасцей будзе знайсці вакцыну ад зла і нянавісці: 

— Канфрантацыя, я думаю, у многім звязана з тым, што паступова свет пачаў забываць аб ролі пісьменніка, захраснуў, нават не скажу у матэрыяльных дабротах (кожны чалавек павінен жыць добра), а ў нейкай агіднай пошласці і мяшчанстве жыцця, бездухоўнасці, у нейкай дзіўнай нішчымніцы думкі. Мы прыйшлі да такога стану, калі чалавек адукаваны, начытаны, становіцца амаль смешным, на першыя палосы газет і першыя ступені сацыяльных лесвіц выходзяць прайдзісветы, якія валодаюць навыкамі, умеюць набіраць лайкі... Гэтая ўся каламуць, канешне, павінна сысці. 

Тое, што ў Рэспубліцы Беларусь у такі складаны час ладзіцца маштабная кніжная выстаўка — адно са сведчанняў таго, што пісьменнікі розных краін свету спрабуюць намацаць шлях да развіцця цывілізацыі. І асалода ад знаёмства з кнігамі, калі і не здолее выратаваць свет, ва ўсялякім разе выратуе таго, хто яе чытае. Трэба толькі да чытача дайсці, і гэта таксама адна з праблем, якую узнялі ўдзельнікі сімпозіума.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.