Вы тут

Выхадныя з тэатральным ухілам


Штогод, 27 сакавіка, ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень тэатра. Свята ўсіх, хто стварае сваім прафесіяналізмам магію на сцэне. Яно традыцыйна праходзіць пад дэвізам «Тэатр як сродак узаемаразумення і ўмацавання міру паміж народамі». Прыхільнікі тэатральнага мастацтва змогуць адсвяткаваць гэты дзень у тым ліку і далучыўшыся да прагляду спектакляў і праграм з удзелам дзеячаў тэатральнай сферы на «Беларусь 3».


Напярэдадні свята ў суботу, 26 сакавіка, ў эфіры сацыякультурнага канала можна паглядзець праект «Камертон», дзе госцем выпуску будзе драматург, сцэнарыст, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксей Дудараў. Разам з майстрам слова аўдыторыя здзейсніць падарожжа па яго творчай біяграфіі. «Драматургія, на мой погляд, самы складаны жанр. Ты павінен быць і паэтам, і філосафам, і празаікам, але больш за ўсё ты павінен адчуваць, што слова са сцэны — яно іншае, чым проста слова», — кажа Аляксей Ануфрыевіч. І гэта сапраўды так, калі ўвогуле казаць пра тэатральнае мастацтва. Бо на сцэне ўвасабляюцца гісторыі, якія распавядаюцца не проста словамі і дзеяннямі акцёраў, але і праз шматлікія дэталі ў музыцы, у дэкарацыях, у касцюмах і г. д. А самае, бадай, галоўнае, што тут ніколі не бывае другога дубля, штораз нараджаюцца новыя эмоцыі і танальнасці як для стваральнікаў спектакля, так і для гледачоў.

Адразу пасля запланаваны паказ драматычнай балады «Не пакідай мяне...». Спектакль Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. «Даніна памяці тым, хто цаной уласнага жыцця наблізіў Перамогу над фашызмам. А яшчэ пра тое, наколькі вайна сваёй жорсткасцю, антыгуманнасцю, ненармальнасцю супярэчыць чалавечай прыродзе, прызначэнню чалавека на Зямлі», — такія словы аб пастаноўцы можна знайсці на сайце тэатра, але лепш за ўсё паглядзець і прыслухацца пасля да ўласных адчуванняў. А вечарам на «Беларусь 3» — опера «Дзікае паляванне караля Стаха» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Пастаноўка адносна нядаўна набыла новае гучанне ў рэжысёрскім бачанні Ганны Маторнай.

У нядзелю ўбачым балет «Анастасія» Вячаслава Кузняцова таксама ў пастаноўцы Тэатра оперы і балета. Гісторыя пра Анастасію Слуцкую — яшчэ адзін напамін, што беларуская зямля мае багатае гістарычнае мінулае і годных герояў... Не абыдзецца і без прэм'ер у гэты дзень. Спектакль Тэатра-студыі кінаакцёра «Мікітаў лапаць» па творы Міхася Чарота пакажуць бліжэй да вечара. Камедыя пра сялянскае жыццё і каханне падорыць кожнаму добры настрой. Па заканчэнні пастаноўкі глядзіце выпуск праекта «Кадры жыцця» з удзелам рэжысёра, народнага артыста Беларусі Аляксандра Яфрэмава.

Выбірайце свае спектаклі, згадвайце любімых акцёраў і часцей наведвайце тэатры. А ўсіх, хто служыць у імя тэатральнага мастацтва, віншуем з надыходзячым святам! Вы робіце наш свет лепшым!

Алена ДРАПКО

Фота з сайтаў тэатраў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.