Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Стараверскае слова — яно непарушнае...

Фота: pixabay.com

Гэта не абмяркоўваецца: найбольш прыгод ды розных гісторый здараецца не з рыбакамі, не з паляўнічымі, не з артыстамі, а менавіта з шафёрамі, з тымі, што працуюць на дальніх рэйсах ды ў камандзіроўках — і пагатоў, бо «прыгоды» ў іх проста ўздоўж дарогі стаяць (па абодва бакі), па месцах часовага пражывання — ледзь не да жаніцьбы людзей даводзяць. Праўда, не заўжды...

У нас вось многія з мужчын шафёрылі на МАЗах, часам — далёка ад дому (а што — абы грошы плацілі), на будаўніцтве дарог. Тую, як расказваў адзін з камандзіровачных, «насыпалі» ў суровых бранскіх лясах, куды ў сямнаццатым стагоддзі падчас Ніканавай рэформы сыходзіў люд, каб «схорониться», каб веру сваю захаваць. Дарогі (а хутчэй таемныя сцежкі) пракладвалі тады з дапамогай пілы ды сякеры. Імі ж рубілі дамы і жылі ў іх, можна сказаць, адасоблена ад іншага свету — усяго свайго трымаліся: веры, звычаяў, лексікі, манеры іканапісу... Іхнія мужчыны гадоў 50 таму дык нават бароды яшчэ насілі...

Нашы — тыя ж шафёры — былі ўжо іншымі: у асноўным — бязбожнымі, «брыдкаслоўнымі», з дапамогай мацюкоў ды магутнай тэхнікі «небывалымі тэмпамі» вялі сур'ёзнае дарожнае будаўніцтва. Змену, казалі, «адбухаюць» — і вячэраць (часам не без пляшачкі) ды адпачываць: хто ў карты гуляць, хто кніжкі чытаць, хто спаць... Халасцяк жа адзін (таксама са старавераў, але з нашых, тутэйшых) — панадзіўся ў вёску на танцы хадзіць. Дзяўчыну там нагледзеў і нават заявіў, што ажаніцца з ёй хоча: трэба, маўляў, у сваты ісці.

Таварышы па рабоце хлопца ведалі, і да гэтай заявы паставіліся з усёй сур'ёзнасцю. Сталі выбіраць сватоў: ад начальства — прараба, ад рабацяг — экскаватаршчыка і двух самых перадавых шафёраў...

І вось у адзін з вечароў усе яны, што называецца, прыбраліся-падчапурыліся, узялі з сабой манаполькі (самагону стараверы не пілі-не гналі — гэта ў іх «не положено»), за пяць вёрстаў паехалі да бацькоў дзяўчыны — зайшлі ў двор. Бачаць — гаспадыня насустрач. Кажа ім: «Прабачце, але сёння мы прыняць вас не зможам — давайце заўтра».

Хлопцы потым дазналіся, што дзяўчыну ў той вечар іншыя сваталі, але крыўдаваць не сталі, бо яно ж і правільна: трэба выбіраць, калі ёсць з каго... А яны і заўтра могуць прыйсці.

Факт, што вечарам зноў падчапурыліся зноў, узялі гарэлкі — новай, са старой, казалі, магло не пашчасціць — пакіравалі ў знаёмы двор.

На гэты раз іх прымалі як след, з усёю пашанай; аддаць дачушку пад канец вячэры згадзіліся. Ды і як іначай, калі сваты ўсю праўду казалі — у нашага хлопца аніякіх заган: і працавіты, і спакойны, і прыгожы, і закаханы па самыя вушы (як і дзеўка ў яго), і нават веры сваёй! (Хоць якраз у гэтым і была закавыка, бо вера як быццам адна, а вось плыні...)

Хлопец, вядома ж, пра іх не думаў — рваўся дамоў, да бацькоў, каб прасіць блаславення.

Туды ляцеў як на крылах, а вось назад прыпоўз чарнейшы за самую чорную хмару! Як потым прызнаўся — бацька не ўхваліў яго выбару, сказаў: «Выбірай: альбо гэтая жаніцьба, альбо новыя «Жыгулі».

Сыну — калі па праўдзе — вельмі хацелася і таго, і таго, але раіцца ён ні з кім не стаў — засяроджана думаў сам.

Вечарам згойсаў у вёску, — моўчкі вярнуўся назад.

А раніцай селі мужчыны снедаць, — бачаць, жанчына танкам ідзе (ну чыста баярыня Марозава! Падышла бліжэй — маці той дзеўкі)... Без слоў прывітання — кулаком па стале (аж лыжкі ўверх!) і ўльтыматум: даём тры дні. На трэці — альбо дамова на вяселле, альбо галаву знясём і жаніху, і ўсім, хто ў сваты прыходзіў!

...Канфлікт з мясцовым насельніцтвам (а стараверскае слова, яно ж непарушнае!) у планы шафёраў зусім не ўваходзіў. Таму асобныя са сватоў зноў падчапурыліся і паехалі да дырэктара аўтабазы з просьбай тэрмінова зняць іх брыгаду з гэтага аб'екта і перавесці на іншы...

Не без таго — давялося расказаць, чаму. Дырэктар, казалі, уважліва слухаў, дзівіўся, але ж зразумеў, што крыўду (а ганьбу і пагатоў!) стараверы і сапраўды не даруюць.

Такім чынам, «каб яны не знайшлі», брыгаду «герояў» спехам перакінулі аж да чорта на рогі — на новы аб'ект. На іх месца накіравалі іншых...

Чым усё завяршылася?

Бацька тога хлопца слова стрымаў: «Жыгулі» для сына купіў. Па тым часе ён зайздросным жаніхом зрабіўся! Аднак... не жаніўся. І нават, казалі, не спрабаваў. Дзяўчына, магчыма, таксама замуж не выйшла, бо «стараверскае слова — яно ж непарушнае»?..

Дакладна вядома толькі адно: згаданыя асобы (прараб, экскаватаршчык і два шафёры) у сваты больш не хадзілі ніколі.

Соф'я Вароніна,

Рагачоўскі раён


«Хоць якая, ды карысць»

Я, мусіць, ніколі не сабралася б напісаць гэту гісторыю, але ў «Простай мове», у нумары «Звязды» за 16 сакавіка, што называецца, зачапіў абразок пра «Заю» — пра тэлевізар, які жанчына з-за несупадзення пазіцый час ад часу парывалася выкінуць з хаты... Дык вось, адзін мой знаёмы зрабіў: новая, досыць дарагая рэч апынулася...

Зрэшты, трэба пачаць з пачатку, з таго, што некалі ў нашай вёсцы жыў вельмі паважаны святар — айцец Георгій. Сан ён прыняў у тыя часы, калі рэлігія з боку ўладаў зусім не віталася (хутчэй наадварот) і, нягледзячы на гэта, усё жыццё праслужыў у адным прыходзе: сумленна рабіў сваю справу, разам з матушкай, вельмі прыстойнай жанчынай, гадавалі дзяцей, ва ўсім былі прыкладам для вяскоўцаў. Я чаму гэта ведаю? Мая сястра з іхняй дачкой вучылася ў адным класе, зрэдчас бывала ў бацюшкі дома і заўжды вярталася адтуль, як са свята. Адзінае...

Айцец Георгій, галава сям'і, ну ніяк не хацеў купляць тэлевізар! У кожнай хаце, ва ўсіх вяскоўцаў яны ўжо былі, у асобных — даўным-даўно альбо нават два, а ў бацюшкі — не, прынцыпова.

Дзеці, напэўна ж, крыўдавалі. Яны, відаць, хацелі, каб і ў іх, як у іншых. Бацька па-ранейшаму не здаваўся: на вось гэтую пакупку яго ўгаварылі толькі ў 1990-х, калі ў сям'і ўжо з'явіліся ўнукі і калі па тым самым тэлебачанні сталі паказваць усё, што трэба (а больш — што не трэба!), усё, што ранейшаму, савецкаму гледачу, і ў жудасных снах не снілася...

Значыць, якраз тады паехаў айцец Георгій у горад, выбраў там тэлепрыёмнік — з немалым экранам (тады — людзі старэйшыя помняць — гэта аб'ёмная скрынка была, у якой змяшчаліся вялікі кінескоп ды безліч іншых драбнейшых дэталяў), неяк прывёз дамоў. З гэтай нагоды ўсе дамачадцы ў хаце сабраліся, з цікавасцю назіралі, як гаспадар распакоўвае скрынку, як ставіць на стол (не, крый бог, не на покуці!) тэлевізар, як прымацоўвае хатнюю партатыўную антэну, як уключае ў разетку і...

Па тым часе — мо адзіны шанц на мільён: на блакітным экране, які ўпершыню засвяціўся ў хаце святара, з'яўляецца не гаваркі генеральны сакратар кампартыі, не элегантны дыктар з выпуску навін, не прыгожая маладзіца з прагнозам надвор'я, не футбольны матч і нават не сюжэт з мастацкага фільма, а (вочы б не бачылі!) самая сапраўдная... пасцельная сцэна, якія тады яшчэ толькі пачыналі эпаціраваць тэлегледачоў.

Сваіх — жонку, дзяцей-унукаў, усіх, хто быў тады ў хаце — бацюшка ад гэтай распусты засцерагчы паспеў — засланіў сабою экран (трэба сказаць, што мужчына ён быў высокі і мажны), мігам вырваў провад з разеткі, аберуч схапіў тую скрынку, занёс у гумно і з усёй сваёй сілы бразнуў вобзем...

Ад удару кінескоп, ды і іншая начынка раскрышыліся ў друз! Скрынка засталася... Амаль што цэлая...

Бацюшка, які ўсё і заўсёды рабіў з толкам, падняў яе, пакруціў у руках, паклаў унутр некалькі пасмаў сена і адно яечка на поклад — занёс у куратнік. Палюбаваўся яшчэ — файнае гняздо для нясушак! Хоць такая, ды карысць ад пакупкі.

...Што потым было? Дома скандалу ніякага: матушка ўсё зразумела і па грашах не плакала. Што да айца Георгія, то ён, свабодны ад прагляду рознай дураты, здолеў арганізаваць грамаду, знайсці фундатараў і адрадзіць-такі наш вайной разбураны храм!

Магчыма, яшчэ і за гэта бог яму даў пражыць 90 з гакам гадоў і сысці ў лепшы свет не самотным, а на пару з матушкай... Не, не ў адзін дзянёк, як у казках, але ж зусім неўзабаве, а галоўнае — пакінуўшы па сабе найсвятлейшую памяць!

Ганна Шырокава,

г. Брэст.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж

Як там у паэта?

Усё прайшло, мінула

Як і не было,

У капцах паснула,

Зеллем зарасло...

Але ж помніцца! І вельмі шмат!.. Цікава паслухаць, цікава пачытаць! Так што пішыце! (Калі ласка, з нумарам тэлефона для аператыўнай зваротнай сувязі): конкурс на найлепшую вясёлую ды праўдзівую гісторыю працягваецца. Падпіска на газету, дарэчы, таксама.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».