Вы тут

У Жлобіне прайшло выязное пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі


Сустрэча пад старшынствам спікера верхняй палаты Парламента Наталлі Качанавай прайшла ў Палацы металургаў у Жлобіне. Удзельнікі выязнога пашыранага пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі далі ацэнку рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, праведзенай з пачатку бягучага года. 


Удзел у пашыраным пасяджэнні бралі сенатары, кіраўніцтва рэгіёну, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Гомельшчыны, члены Маладзёжнага парламента і маладзёжных саветаў. У сваім звароце да прысутных спікер верхняй палаты Парламенту асабліва адзначыла, што практыка выязных прыёмаў па асабістых пытаннях добра сябе зарэкамендавала, бачныя вынікі:

— Падчас прыёмаў мы прынялі больш за 600 чалавек, — растлумачыла Наталля Качанава, — пытанні, з якімі яны звяртаюцца, вельмі важныя. Яны датычацца ўсіх сфер, часцей за ўсё ЖКГ, адукацыі, аховы здароўя, навядзення парадку, распрацоўкі новых законапраектаў, унясення дапаўнення ў дзеючыя. І для членаў Савета Рэспублікі гэта зваротная сувязь з людзьмі вельмі важная.

Як было адзначана, за два месяцы бягучага года ў Савет Рэспублікі паступіла ўжо 1200 зваротаў грамадзян, што на 27 % больш у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. З Гомельскай вобласці — прынятыя 153 звароты, ці 13% ад агульнай колькасці.

Увогуле што тычыцца работы з людзьмі на месцах, упэўненая старшыня Савета рэспублікі, уважлівае стаўленне да людзей — гэта асноватворная задача для кожнага кіраўніка:

— Будзь гэта дэпутат ці член Савета Рэспублікі, кіраўнік прадпрыемства ці арганізацыі, мы павінны ўважліва ставіцца да людзей. Як адзначыў Прэзідэнт нашай краіны: «Мы павінны ўмець слухаць людзей і самае галоўнае чуць іх», — зазначыла Наталля Качанава.

Спікер нагадала, што ў сваіх зваротах да Парламента і беларускага народа, Прэзідэнт нашай краіны на гэтых пытаннях асабліва акцэнтуе ўвагу. Бо людзі і справядлівае стаўленне да іх — прыярытэтны кірунак дзяржаўнай палітыкі Беларусі:

— У гэтым годзе Прэзідэнт яшчэ раз засяродзіў увагу на тым, што мы павінны працаваць на апярэджанне, каб людзі ведалі, былі інфармаваны, дакладна разумелі працэсы, якія адбываюцца на прадпрыемствах, у арганізацыях, ва ўстановах у вобласці, у раёне, у краіне. І тады, калі чалавек ведае і інфармаваны, аб тым, што адбываецца, у яго будзе ўзнікаць менш пытанняў, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Спікер звярнула ўвагу ўдзельнікаў выязнога пашыранага пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі і на такі важны прынцып у рабоце з людзьмі, як даступнасць звароту і дапамога ў вырашэнні праблемнай сітуацыі.

— Мы з вамі павінны ўразумець і запомніць раз і назаўжды — колькі б людзей да нас ні прыходзіла, мы павінны людзей прымаць. Людзі павінны мець магчымасць запісацца да кіраўніка любога ўзроўню. Усё роўна, што ў нас вызначаны час, людзі павінны мець магчымасць патрапіць да таго кіраўніка, да таго чалавека, з якім яны жадаюць сустрэцца. На гэта звернеце асаблівую ўвагу, — матывавала Наталля Качанава.

У сваёй ацэнцы ў цэлым работы са зваротамі грамадзян, Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што сістэма ў гэтым напрамку выбудавана:

— Я кожны раз кажу пра тое, што мы — наша краіна — можам служыць прыкладам у працы са зваротамі грамадзян і наогул у працы з людзьмі. Гэта чыстая праўда. Але дасканаласці няма мяжы. І жыццё мяняецца, падае новыя задачы і праблемы, якія неабходна вырашаць, а значыць, мы павінны мяняць заканадаўства, павінны прымаць тыя рашэнні, якія актуальныя на дадзеным этапе развіцця нашай краіны ці вобласці, ці горада, ці райцэнтра. А значыць, мы павінны быць уважлівымі адзін да аднаго, — падкрэсліла Наталля Іванаўна.

Спікер верхняй палаты Парламента нагадала аб важнай прамой сувязі паміж працай з людзьмі і захаваннем міру, спакою, незалежнасці ў нашай краіне.

Апрача таго Наталля Качанава засяродзіла ўвагу на ролі ў рабоце з насельніцтвам на месцах дэпутацкага корпуса. З прыняццем абноўленай Канстытуцыі, актыўнай падрыхтоўкай новых законапраектаў, змяненняў і дапаўненняў у дзейныя законы работа са зваротамі грамадзян надзвычай важная для заканатворчай дзейнасці парламентарыяў.

Па выніках пашыранага пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі на Гомельшчыне, спікер верхняй палаты Парламента звярнула ўвагу, — нягледзячы на тое, што такія выязныя мерапрыемствы ўжо прайшлі практычна ва ўсіх абласцях і Мінску, на чарзе — Магілёўшчына, падобная практыка адназначна будзе прадоўжана і адноўлена ў іншых абласцях Рэспублікі.

Пасля завяршэння работы пашыранага выязнога пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі яго ўдзельнікі наведалі месца памяці знакавае не толькі для Гомельшчыны, але і для ўсёй краіны. Яны ўсклалі кветкі і ўшанавалі памяць дзяцей-ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ля мемарыяла ў Чырвоным Беразе Жлобінскага раёна. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?