Вы тут

Пацяпленне ідзе: калі садзіць бульбу?


Ужо некалькі дзясяткаў гадоў на планеце назіраецца глабальнае пацяпленне. І не сакрэт, што змяненне клімату на тэрыторыі Беларусі — частка глабальных тэндэнцый.


Мы «грэемся» хутчэй амаль у чатыры разы

Па падліках спецыялістаў, пачынаючы з 1976 года па 2020 год на тэрыторыі нашай краіны гадавая тэмпература паветра ў сярэднім расце з хуткасцю 0,63 градуса за 10 гадоў. Гэтыя тэмпы росту перавышаюць хуткасць росту тэмпературы паветра па ўсім зямным шары ў 3,5 разы.

Вядома, тэмпы вельмі высокія, але важна адзначыць, што на тэрыторыі ўсіх суседніх краін хуткасць росту блізкая да гэтай, адзначыла на прэс-брыфінгу начальнік аддзела вывучэння змяненняў клімату службы метэаралагічнага і кліматычнага маніторынгу, фонду дадзеных Белгідрамета Наталля Клевец. На яе думку, калі казаць пра СНД, то на тэрыторыі Беларусі тэмпы росту тэмператур самыя высокія. Гэта ў першую чаргу звязана з нашай невялікай тэрытарыяльнай працягласцю, лічыць спецыяліст.

Варта адзначыць, што на працягу года тэмпы трэнду на пацяпленне вельмі розныя. Найбольшая хуткасць росту тэмпературы паветра характэрная для восеньскага і летняга сезону, а найменшая — для зімовага. «У гадавым разрэзе на працягу практычна ўсіх месяцаў тэмпература паветра вышэй за норму, за выключэннем мая», — дадала прадстаўнік Белгідрамета. Май у нашай краіне можа быць, як вельмі гарачым, так і вельмі халодным з мінімальнымі начнымі тэмпературамі (замаразкамі).

Што тычыцца ападкаў, кліматолагі не адзначаюць значнай тэндэнцыі да змены іх гадавой колькасці. Але адзначаецца змена ўнутры — і размеркавання ападкаў па сезонах і месяцах. У апошні час у нас пераважае сухі верасень, недахоп ападкаў у першыя вясновыя месяцы, а так жа супермагутныя дажджы ў сярэдзіне лета.

Экстрэмальнасць надвор’я толькі павялічваецца

Сельскагаспадарчая вытворчасць узаемадзейнічае са складанай сістэмай прыродных умоў, з ліку якіх клімат і надвор’е з’яўляюцца самымі дынамічнымі і актыўнымі, паведаміла на брыфінгу начальнік службы гідралогіі і аграметэаралогіі Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Кацярына Істоміна.

На яе думку, змяненне клімату мае як пазітыўны, так і негатыўны ўплыў на расліны. Нягледзячы на гэта, наша краіна ўсё роўна застаецца зонай досыць рызыкоўнага земляробства.

Якімі б не былі цёплымі першыя вясновыя месяцы, у маі па-ранейшаму даволі часта адзначаюцца замаразкі. Хоць зімы ў цэлым прыкметна пацяплелі, зімовы перыяд скараціўся, што спрыяльна для перазімоўкі раслін, пладовых дрэў і кустоў, але маразы да дваццаці градусаў і ніжэй здараюцца, як і раней. Пры гэтым снежнае покрыва няўстойлівае. То ёсць рызыкі пашкоджанні зімуючых культур ад перападаў тэмператур (вяртання халадоў) захоўваюцца. Вегетацыйны перыяд таксама стаў цяплей, палепшылася цеплазабеспячэнне раслін. Але пры гэтым узмацняецца экстрэмальнасць клімату за кошт росту максімальных тэмператур паветра, павелічэння колькасці гарачых дзён, нарастае паўтаральнасць засух і засушлівых з’яў.

Змяненне клімату, павелічэнне экстрэмальнасці ўмоў надвор’я, якое мы назіраем, патрабуе рэгулярнай ацэнкі агракліматычных рэсурсаў на тэрыторыі краіны, перагляду шматгадовых паказчыкаў. Гэта адзін з кірункаў, якому ў апошнія гады аграметэаролагі надаюць асаблівую ўвагу.

У Белгідрамеце выканана навукова-даследчая работа «Ацэнка агракліматычных рэсурсаў тэрыторыі Беларусі за перыяд пацяплення», дзе прадстаўлены асноўныя агракліматычныя паказчыкі, характэрныя для сучаснага клімату. У прыватнасці распрацаваны і ўкаранёны для выкарыстання навукова-прыкладны даведнік па агракліматычных рэсурсах Беларусі на аснове ацэнкі сучасных змяненняў клімату за 1989–2018 гадоў.

Бульбу лепш садзіць крыху раней, а ад лёну даводзіцца адмаўляцца

Па словах Кацярыны Істомінай, пераглядаецца набор сельгаскультур, якія вырошчваюцца ў Беларусі. Спецыялісты выводзяць новыя гатункі збожжавых, кукурузы, бульбы. Дарэчы, цяпер краіна пераходзіць больш на пасадку ранняй бульбы для таго, каб захапіць ранні вясновы і летні перыяды, калі запасы вільгаці яшчэ дастатковыя і тэмпература паветра не вельмі высокая, і сабраць першы ўраджай. У заходніх і паўднёвых рэгіёнах гэта ўжо практыкуецца не першы год.

Прадстаўнік Белгідрамета адзначыла, што засухі ў краіне паўтараюцца практычна штогод, асабліва пакутуюць Гомельская і частка Брэсцкай абласцей. «Што тычыцца такой гістарычнай для нас культуры, як лён, у сувязі са змяненнем клімату яе плошчаў застаецца ўсё менш. Затое з’яўляюцца нехарактэрныя для нашай тэрыторыі культуры: вінаград, персікі, абрыкосы і нават кавуны», — дадала яна.

Кацярына Істоміна адзначыла, што пад уплывам змяненняў клімату сельскагаспадарчая вытворчасць усё больш мяняецца. Аграрыі адаптуюцца да новых умоў. Аграметэаролагі даюць ім неабходныя рэкамендацыі па доглядзе сельгаскультурамі.

Азімы рапс — культура «пяшчотная»

Перазімоўка сельскагаспадарчых культур сёлета праходзіла ва ўмовах перавагі адліжнага надвор’я. У той жа час у першы зімовы месяц на тэрыторыі краіны назіраўся даволі кантрасны тэмпературны рэжым, мелі месца затокі халодных паветраных мас, распавядае спецыяліст. У найбольш халодныя ночы тэмпература паветра паніжалася да мінус 14 і нават мінус 19 градусаў, ва ўсходняй частцы краіны і месцамі ў Віцебскай вобласці паветра выхалоджваецца да мінус 24 градусаў.

Тэмпература глебы на глыбіні залягання вузла кушчэння азімых збожжавых на працягу зімы ў асноўным была павышанай, што стварала перадумовы для больш інтэнсіўнага расходу раслінамі пажыўных рэчываў і іх паслаблення. У першую чаргу гэта тычыцца паўночна-ўсходняй паловы Беларусі, дзе працяглы час захоўвалася снежнае покрыва.

Для ацэнкі жыццяздольнасці азімых культур падраздзяленні Белгідрамета двойчы правялі іх адрошчванне: у канцы студзеня і ў канцы лютага. Вынікі паказалі, што на большасці назіраных палёў азімыя збожжавыя культуры валодаюць нармальнай жыццяздольнасцю — у адабраных узорах назіралася поўнае адрастанне або парэжанасць не перавысіла натуральную гібель. Некалькі павышаная парэжанасць пшаніцы і трыцікале адзначана ў адзінкавых пробах у Віцебскай і Гомельскай абласцях.

Шматгадовыя травы (люцэрна, канюшына і іншыя) пры гадоўлі ва ўсіх пробах цалкам адраслі. Што тычыцца азімага рапсу, то ў асобных пробах у Магілёўскай і Віцебскай абласцях парэжанасць была значнай. Прычынай частковай гібелі раслін магла паслужыць прыцёртая да глебы ледзяная скарынка, не выключаны пашкоджанні і нізкімі тэмпературамі ў перыяды непрацяглых пахаладанняў у першай палове зімоўкі пры недастатковым снежным покрыве. Справа ў тым, што азімы рапс у нас моцна распаўсюдзіўся, але, у той жа час, гэтая культура не зусім падыходзіць для нашага клімату. Таму, страт не ўдалося пазбегнуць.

Да пачатку сакавіка на большай тэрыторыі краіны снежнае покрыва на палях разбурылася. Пры гэтым, з другой пяцідзёнкі сакавіка ўсталяваўся паніжаны тэмпературны рэжым. У самыя халодныя ночы ў многіх раёнах нашага рэгіёну пры адсутнасці снежнага покрыва тэмпература паветра паніжалася да мінус 13 градусаў. Месцамі ў паўночнай частцы і на ўсходзе краіны паветра выхалоджвалася да нават 15 марозу (метэастанцыя Езярышча мінус 20 градусаў), тут на палях яшчэ захоўваецца снежны полаг вышынёй ад 4 сантыметраў да 13 сантыметраў.

Па назіраннях спецыялістаў аграметэаролагаў, аднаўлення вегетацыі азімых культур да моманту пахаладання яшчэ не было. Таму нізкія тэмпературы ў сакавіку не павінны выклікаць пашкоджанняў збожжавых культур. Тэмпература глебы на глыбіні вузла кушчэння да небяспечных значэнняў не паніжалася — у найбольш халодныя ночы была мінус 3 — мінус 8 градусаў.

Проста неабходна правесці яравую сяўбу ў максімальна сціснутыя тэрміны

У цэлым перазімоўка збожжавых культур прайшла добра. Менш за 10 % плошчаў неабходна будзе перасеяць — гэта сярэднія шматгадовыя паказчыкі, гэта нармальна.

Аднак, улічваючы, што азімыя збожжавыя культуры сыходзілі ў зіму ў менш развітым стане, чым звычайна (на значных плошчах да моманту спынення вегетацыі не дасягнулі фазы «кушчэння»), у ранневяснавы перыяд ім, як ніколі, неабходны своечасовы і пільны дагляд, лічыць начальнік службы.

Для азімага рапсу, як найбольш адчувальнай культуры да перападаў тэмпературы, у сакавіку ўмовы пагоршыліся — месцамі магчымыя пашкоджанні гэтай культуры назіранымі нізкімі тэмпературамі.

Сакавіцкае пахаладанне зрушыла пачатак вегетацыі азімых культур і сяўбу яравых на пазнейшыя тэрміны. Пры гэтым ва ўмовах перавагі сонечнай з дэфіцытам ападкаў надвор’я назіралася страта глебавай вільгаці.

У аграметэаралагічнай абстаноўцы вельмі важна не ўпусціць аптымальныя тэрміны сяўбы яравых культур і правесці яе ў максімальна сціснутыя тэрміны. Пры апрацоўцы глебы неабходна прымяненне вільгацезберагальных тэхналогій, правядзенне агратэхнічных мерапрыемстваў па закрыцці глебавай вільгаці.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?