Вы тут

Рэктары: Урыўкі з новай кнігі


Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў у апошні час уразіў айчыннага чытача неспадзяванай сапраўднай бібліятэкай публіцыстычных і разам з тым мастацка-філасофскіх кніг. Чалавек, маючы жыццёвы і грамадскі досвед, маючы вартую ўвагі біяграфію, сумленна прайшоўшы праз многія выпрабаванні часу, застаецца сацыяльна актыўным. Вядзе сваю ўласную, калі хочаце, барацьбу за тыя ідэалы, якім служыў раней, якія і зараз, сілкуюць яго гады. Новая ў шэрагу кніг Аляксандра Радзькова — «Рэктары». Выйшла, як і папярэднія тры кнігі, у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Прыклад, калі і выдавецтву можна ганарыцца, што яно знайшло свайго аўтара...


Мы з прыемнасцю знаёмім чытача з асобнымі ўрыўкамі з разваг дасведчанага грамадскага, палітычна актыўнага чалавека, педагога, вучонага, які паспеў пабыць і выкладчыкам універсітэта, і загадчыкам кафедры алгебры і геаметрыі, і намеснікам дэкана фізіка-матэматычнага факультэта, і прарэктарам, і рэктарам. А яшчэ — міністрам адукацыі, першым намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Болей як дзесяць гадоў быў старшынёю Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Доктар педагагічных навук, прафесар матэматыкі, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь. Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі (2021). 

Вось што піша пра сваіх герояў Аляксандр Радзькоў: «... рэктар — фігура палітычная, ён адзін з самых аўтарытэтных ідэёлагаў. І гэтую грамадскую функцыю абавязаны ажыццяўляць не толькі ва ўніверсітэце, але і, увогуле, у грамадстве». І яшчэ — з уступнага слова аўтара да кнігі «Рэктары»: «Расказваючы пра рэктараў, я свядома ці не выкладаю свае погляды на сучасную гісторыю вышэйшай адукацыі ў нашай краіне, спрабую асэнсаваць перспектывы развіцця беларускіх універсітэтаў. Зразумела, што гэтыя ацэнкі, развагі, высновы таксама ў многім асабістыя, магчыма, што недзе і памылковыя, але ж яны могуць і спатрэбіцца. Дзеля карысці справы...» 

Знаёмцеся — вашай увазе ўрыўку з кнігі Аляксандра Радзькова «Рэктары»...

Першае знаёмства з рэктарам

Свайго першага ў жыцці рэктара я ўбачыў у Магілёўскім педінстытуце на сходзе абітурыентаў. Гэта быў кандыдат гістарычных навук, дацэнт Іван Пятровіч Ларчанка. Ён звярнуўся да нас з прывітальным словам, расказаў пра правілы арганізацыі ўступных экзаменаў і пажадаў іх паспяховай здачы. Мне, думаю, што і ўсім прысутным, было не да рэктара: нас хвалявалі ўступныя экзамены — конкурс на ўсе спецыяльнасці быў высокім. Таму ні вобраз рэктара Ларчанкі, ні яго манера зносін з людзьмі мне тады не запомніліся. Але недасягальнасць яго ўзроўня для вясковага хлапчука, які прыехаў паступаць у інстытут і няўпэўненага ў паспяховасці дасягнення гэтай мэты, я адчуў фізічна. 

Пасля паступлення ў інстытут асабіста мне стасавацца з Іванам Пятровічам таксама не давялося — студэнту да рэктара вельмі далёка. Але даведацца паболей пра тое, хто ў інстытуце самы галоўны, карцела ўсім. З часам нам стала вядома, што Іван Пятровіч да Вялікай Айчыннай вайны закончыў гістарычны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута, паспеў нават некаторы час папрацаваць завучам сельскай школы ў Рэчыцкім раёне, а ў 1941 годзе адразу пайшоў на фронт. Быў паранены, пасля лячэння дэмабілізаваны, працаваў настаўнікам у Куйбышаўскай вобласці, а пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў быў прызначаны намеснікам дырэктара Магілёўскага педагагічнага вучылішча, дарэчы, аднаго з найстарэйшых у нашай краіне. Ужо з 1945 года лёс Івана Пятровіча быў звязаны з Магілёўскім педінстытутам: выкладчык, загадчык кафедры марксізма-ленінізма, прарэктар па вучэбнай рабоце, з 1960 года — рэктар. А пасля сыхода з пасады рэктара ў 1971 годзе яшчэ ўзначальваў геаграфічны факультэт і працаваў дацэнтам кафедры гісторыі КПСС і навуковага камунізма. 

Хаця я і бачыў рэктара па тым часе толькі здалёку, але запомніў яго добра. Выхаваны, паважлівы да людзей, заўсёды з усмешкай на твары — ён рабіў уражанне разумнага, прыстойнага, я нават сказаў бы, далікатнага чалавека. А клопатаў у яго было шмат! 

Я неяк вырашыў пацікавіцца, а што ж турбавала і хвалявала самага першага нашага рэктара нашага інстытута ў тым далёкім 1913 годзе, калі ў Магілёве адкрылі настаўніцкі інстытут. Гэта быў кандыдат багаслоўя Уладзімір Мікалаевіч Тычынін. І я даведаўся. Што яго хвалявалі тыя самыя праблемы, што і рэктара Ларчанку, усіх яго наступнікаў, уключна і мяне, на гэтай пасадзе — недахоп сродкаў на побытавыя патрэбы (у прыватнасці пры Тычыніне — на дровы), вострая неабходнасць пашырэння вучэбных плошчаў і напружаная патрэба ў высокакваліфікаваных выкладчыках. 

Як «выбіваў» сродкі для вартага функцыяніравання інстытута Іван Пятровіч я не ведаю, але па сваёй практыцы перакананы, што з вялікімі цяжкасцямі. А вось як Ларчанка пашыраў вучэбныя плошчы, я бачыў непасрэдна. І гэта былі бітвы масштабнага характару. 

Мікалай Чаргінец уручае Аляксандру Радзькову Нацыянальную літаратурную прэмію Беларусі за лепшы публіцыстычны твор. Дзень беларускага пісьменства, Капыль, 5 верасня 2021 года.

Наш інстытут доўгі час размяшчаўся ў дарэвалюцыйным будынку былога купецкага клуба. Вельмі прыгожы будынак, ён да гэтага часу ўпрыгожвае вуліцу Ленінская, якую зрабілі пешаходнай. Але інстытут пашыраўся, адчыняліся новыя спецыяльнасці, і гэты вучэбны корпус стаў відавочна цесным. Заняткі ішлі ў дзве змены, аўдыторый катастрафічна не хапала, напрыклад, лабараторныя заняткі па механіцы мы выконвалі з 22:00 да 24:00. Таму Іван Пятровіч вырашыў дамагацца будаўніцтва новага вучэбнага корпуса. І вось дабіўся ж! З вялікімі ўступкамі мясцоваму і вышэйшаму начальству, з прыкметнымі адступленнямі ад задуманага праекта, але на сваёй прапанове ён здолеў настояць. 

Давялося саступіць нават па месцу будаўніцтва. Гарадское начальства вырашыла размясціць гэты будынак на пачатку вуліцы Касманаўтаў. Ён аказаўся ў атачэнні шумных грузавых магістраляў і таварнай чыгуначнай станцыі, таму ў будучым, ужо у прыбудове да яго, вучэбныя аўдыторыі давялося размяшчаць толькі з унутранага боку будынка, што прыкметна зменшчыла яго фукнцыянальныя магчымасыці. Кіраўніцтва ж горада патлумачыла сваё рашэнне наяўнасцю ў гэтым месцы маршрутаў гарадскога пасажырскага транспарта. І яшчэ. Іван Пятровіч пагадзіўся пабудаваць студэнцкую сталовую побач з вучэбным корпусам, але без крытага пераходу. Што надзвычай няёмка, асабліва ў зімовых умовах. Але гэта было выклікана бюракратычнымі патрабаваннямі. Рашэнне аб будаўніцтве ў Беларусі аб’екта коштам да двух мільёнаўрублёў прымаў Савет Міністраў БССР, звыш двух мільёнаў — Савет Міністраў СССР. Будаўніцтва корпуса абыходзілася казне ў 1 700 000 рублёў, сталовай — 500 000 рублёў, таму будавалі іх асобна. Іван Пятровіч пайшоў на гэтыя ўступкі, хаця і цяпер студэнты бегаюць па марозу ў сталовую без паліто. А што б вы рабілі ў гэтай сітуацыі?! Мне таксама давялося будаваць вучэбны корпус для біялагічнага і фізкультурнага факультэта на загараднай базе «Любуж». І таксама давялося адступаць, прычым істотна — адмовіцца ад ацяплення і каналізацыі. Не змог дабіцца патрэбнага фінансіравання. Таму летам гэты вучэбны корпус для забеспячэння загарадных практык функцыяніруе напоўніцу, а зімой пустуе. 

Адкрывалі новы вучэбны крпус 1 лютага 1974 года. Я быў студэнтам трэцяга курса фізмата, і мне прапанавалі выступіць на мітынгу з нагоды засялення інстытута ў новы будынак. Першым выступаў рэктар, і я бачыў, як ён шчыра радаваўся ажыццяўленню сваёй мары — у развіцці інстытута пачынаўся новы этап. 

Як і першага рэктара нашага інстытута Тычыніна, Івана Пятровіча Ларчанку непакоіла якасць вучэбнага працэса. А гэта найперш усяго — склад выкладчыкаў, іх навуковы ўзровень і педагагічнае майстэрства. Разумеючы гэта, Іван Пятровіч знаходзіў патрэбных для інстытута людзей па ўсяму Савецкаму Саюзу, болей таго, часта сам асабіста ездзіў да іх і ўгаворваў перайсці на працу ў Магілёўскі педінстытут. Абяцаў падтрымку ў творчым і службовым развіцці, кватэру. І стараўся ўсё гэта забяспечыць. Напрыклад, з’явілася неабходнасць у спецыялісту па беларускай мове, Іван Пятровіч нагледзеў у Мінску маладога таленавітага вучонага ў гэтай галіне — Мікалая Васільевіча Абабурку. Паехаў да яго ў БДУ і неяк змог угаварыць пераехаць у Магілёў. І аказаўся ж дальназоркім: Абабурка ў Магілёўскім педінстытуце вырас у вядомага вучонага, абараніў доктарскую дысертацыю, стаўшы прафесарам. І такіх прыкладаў у практыцы работы рэктара Ларчанкі нямала. 

Пра арыгінальнасць адносін Івана Пятровіча да калег, яго далікатнасці пры неабходнасці зрабіць выкладчыку заўвагу нават сярод студэнтаў хадзілі легенды. Аднойчы ён вымушаны быў адчытаць двух выкладчыкаў філалагічнага факультэта за непрыстойныя паводзіны ў грамадскім месцы. Выкладчыкі гэтага факультэта (ды і не толькі гэтага) любілі з нагоды свята сабрацца ў сталовай на агеньчык. Безумоўна, са спіртным. І выпілі лішку. Вось як адчытваў гэтых мужчын рэктар:

— Так жа нельга весці сябе выкладчыку інстытута! Добра, што хоць разам дахаты пайшлі, не кінулі адзін аднаго. Але ж адзін з вас апрануў чужое паліто! А другі нават не заўважыў, што яно падоўжанае, прыталенае і з лісою! Так і паехалі на гарадскім аўтобусе!

У 1971 годзе я быў у складзе студэнцкага будаўнічага атрада «Дубінушка». Працавалі мы ў Казахстане, ва Уральскай вобласці. Навіны з нашага інстытута да нас не даходзілі, таму па вяртанні дадому мы былі вельмі здзіўлены, калі даведаліся, што 30 жніўня Івана Пятровіча Ларчанку на пасадзе рэктара змяніў дацэнт Яўген Паўлавіч Кудрашоў. 

Пасля адстаўкі Івана Пятровіча як рэктара інстытута нейкі час мы разам працавалі ўжо ў якасці выкладчыкаў, і ён мяне асабіста ведаў, але блізка мы не стасавліся. Ужо вельмі вялікай была паміж намі і службовая, і ўзроставая дыстанцыя. Шкада, мне б у жыцці так спатрэбіўся яго вопыт. 

Аляксандр РАДЗЬКОЎ

Пераклаў з рускай мовы Кастусь ЛАДУЦЬКА

(Працяг публікацыі 2 красавіка)

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам не варта расслабляцца.

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.