Вы тут

Зубы на паліцу. Чаму разгортваецца сусветны харчовы крызіс


Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш папярэдзіў аб пагрозе «ўрагану голаду». «Наступствы ўжо адчуваюцца па ўсім свеце з рэзкім ростам цэн на прадукты харчавання, энергію і ўгнаенні», — сказаў ён, паведаміла ТАСС. Парушаны ланцужкі паставак. Як заўважыў Гутэрыш, неабходна «зрабіць усё магчымае, каб прадухіліць крах глабальнай харчовай сістэмы». Сусветная шокавая хваля закранула не толькі краіны, якія развіваюцца, у Афрыцы, Азіі і Лацінскай Амерыцы, яна спустошыла паліцы крам заможных дзяржаў Паўночнай Амерыкі і Еўропы. Прычын патавай сітуацыі некалькі, адна з асноўных — бязглуздая санкцыйная палітыка калектыўнага Захаду. Чаму ж разгортваецца найцяжэйшы пасля Другой сусветнай вайны глабальны харчовы крызіс?


Фота: pexels.com

Пагроза бяспецы

Свет сутыкнецца з дэфіцытам харчавання і голадам, калі Расія і Украіна спыняць экспарт пшаніцы, паведаміла The Guardіan. Цэны на пшаніцу, кукурузу і соевыя бабы ўжо перавысілі ўзровень 2008 года, калі свет сутыкнуўся з глабальным фінансавым крызісам. Як адзначаюць эксперты, кошт прадуктаў харчавання павялічваўся ва ўсім свеце і да падзей у Украіне з-за наступстваў кліматычнага крызісу і ўздзеяння пандэміі COVІD-19. Аднак зараз пад пагрозай сяўба ва Украіне, якая з'яўляецца адным з найбуйнейшых экспарцёраў пшаніцы. Пастаўкі з Расіі таксама могуць аказацца пад пагрозай, калі Масква скароціць экспарт пшаніцы ў адказ на заходнія санкцыі.

Па даных Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО), Расія з'яўляецца найбуйнейшым у свеце экспарцёрам пшаніцы з доляй каля 17 працэнтаў на сусветным рынку і другім па велічыні пастаўшчыком насення сланечніка. Украіна — пяты па велічыні экспарцёр пшаніцы, на яе долю прыпадае каля 10 працэнтаў сусветнага рынку. Яна таксама з'яўляецца адным з найбуйнейшых экспарцёраў кукурузы — каля 15 працэнтаў глабальнага экспарту. Пры гэтым 40 працэнтаў паставак пшаніцы з Чарнаморскага рэгіёна прыпадае на Блізкі Усход і Афрыку, дзе рост цэн на прадукты харчавання ўжо моцна адчуваецца.

Як заявіў прэзідэнт Міжнароднага фонду сельскагаспадарчага развіцця Гілберт Хунгба, прагнозы несуцяшальныя: мяркуецца, што будуць абмежаваны сусветныя пастаўкі асноўных культур, такіх як пшаніца, кукуруза і сланечнікавы алей, што прывядзе да рэзкага росту цэн на прадукты харчавання і голаду. «Гэта можа паставіць пад пагрозу глабальную харчовую бяспеку і ўзмацніць геапалітычную напружанасць», — лічыць Гілберт Хунгба.

Паводле статыстыкі, кожнаму дзясятаму чалавеку ў свеце ўжо не хапае ежы, і пандэмія пагоршыла праблему, парушыўшы дзейнасць рынкаў і ланцужкі паставак прадуктаў харчавання. На сітуацыю таксама ўплываюць наступствы змены клімату. Так, цэны на цвёрдыя сарты пшаніцы, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці макаронных вырабаў, падскочылі на 90 працэнтаў напрыканцы мінулага года пасля шырокамаштабнай засухі і рэкорднай спякоты ў Канадзе, адным з найбуйнейшых у свеце вытворцаў збожжа.

Абяцанкі ад Маска

Найбуйнейшыя сельскагаспадарчыя рэгіёны ЗША летась перажылі лясныя пажары і экстрэмальныя ўмовы надвор'я. Многія раёны Лацінскай Амерыкі пацярпелі ад засухі. У той жа час Аўстралія пакутуе ад разбуральных паводак.

Рэгіён Афрыканскага Рога ўжо сутыкнуўся з праблемай голаду. Тры сезоны дажджоў знішчылі пасевы і выклікалі масавую гібель жывёлы. Недахоп вады і пашы прымушае тысячы сем'яў пакідаць свае дамы і правакуе канфлікты паміж абшчынамі. Паводле слоў рэгіянальнага дырэктара Сусветнай харчовай праграмы ААН ва Усходняй Афрыцы Майкла Данфарда, сітуацыя ў рэгіёне патрабуе неадкладных гуманітарных дзеянняў.

Дырэктар Сусветнай харчовай праграмы ААН Дэвід Біслі папярэдзіў еўрапейскіх лідараў аб тым, што з надыходзячым харчовым крызісам неабходна спраўляцца ўжо цяпер — у іншым выпадку ім давядзецца сутыкнуцца з міграцыйным крызісам, падобнага якому яны раней не бачылі. «Нам не хапае мільярдаў долараў. Калі мы іх сёлета не атрымаем, то будуць голад, дэстабілізацыя і масавая міграцыя. Калі вы думаеце, што ў нас зараз пекла на зямлі, то вы толькі пачакайце. Калі вы кінеце Паўночную Афрыку, яна прыйдзе ў Еўропу. Калі вы кінеце Блізкі Усход, ён прыйдзе ў Еўропу», — заўважыў у інтэрв'ю Polіtіco Дэвід Біслі . Як удакладняе газета, асноўныя праблемы абумоўлены перабоямі ў пастаўках прадуктаў харчавання і рэзкім ростам цэн на яго.

Біслі спрабуе сабраць неабходныя грошы пры дапамозе ахвяраванняў урадаў ці прыватных донараў. Найбольшую дапамогу арганізацыі аказваюць ЗША, Германія і Еўракамісія, але не ўсе еўрапейскія дзяржавы ўносяць роўны ўклад: у 2020 годзе Францыя, напрыклад, ахвяравала менш за палову таго, што ўнесла Расія. Цяпер праграма спадзяецца на дапамогу найбагацейшых людзей планеты, накшталт заснавальніка Amazon Джэфа Безаса або Tesla Ілана Маска. Паводле яго слоў, гэта «ганьба для чалавецтва», што «мы выпрошваем некалькі мільярдаў долараў», калі кіраўнікі тэхналагічных кампаній шматразова павялічылі свой асабісты капітал падчас пандэміі.

Біслі ўжо спрабаваў дамовіцца з Іланам Маскам, які паабяцаў аддаць значную суму, калі Біслі растлумачыць, як ён плануе пакончыць з голадам ва ўсім свеце. «Ад яго я пакуль атрымаў шмат каментарыяў, але ніводнага цэнта», — распавёў Біслі. У Еўрасаюзе таксама пакуль абмежаваліся абяцаннямі.

Б'е бумерангам

Значна абвастрылі харчовы крызіс бязглуздыя санкцыі. «Перад шэрагам сур'ёзных і агульных выклікаў міжнародная супольнасць павінна была аб'яднацца і супрацоўнічаць, каб пераадолець цяжкасці, але ў рэальнасці некаторыя падбухторваюць да раздзялення на групы і проціборства, памнажаюць рознагалоссі і штурхаюць свет да новай халоднай вайны любой цаной», — заявіў генеральны сакратар Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Чжан Мін, паведаміла ТАСС. — У апошнія гады некаторыя краіны ўвасобілі шэраг аднабаковых, пратэкцыянісцкіх мер, сярод якіх увядзенне санкцый, тарыфная і гандлёвая вайна, стыгматызацыя і іншыя». Паводле яго слоў, «яны нанеслі вялікі ўрон глабальным вытворчым ланцужкам, ланцужкам паставак, патокам капіталу і інвестыцыйнай дзейнасці, рынку энерганосьбітаў». «Гэта моцна ўдарыла па сусветнай эканоміцы, усё больш балюча адбіваецца на сацыяльна-эканамічным становішчы ў краінах, кола якіх пашыраецца, не кажучы аб тым, што бумерангам б'е па саміх ініцыятарах гэтых дзеянняў», — заўважыў Чжан Мін.

Адзін з прыкладаў — санкцыі Еўрапейскага саюза і ЗША ў адносінах да Беларусі, буйнога экспарцёра калію, які з'яўляецца ключавым кампанентам мінеральных угнаенняў. «Беларусь прадстаўляе 20 працэнтаў сусветнай вытворчасці калію, таму відавочна, што яна з'яўляецца важным пастаўшчыком. Калі гэты аб'ём не будзе пастаўляцца з Беларусі, то я не бачу нікога, хто б быў гатовы яго павялічыць», — адзначыў The Wall Street Journal Свейн Торы Холсетэр, генеральны дырэктар нарвежскай кампаніі Yara Іnternatіonal ASA, якая з'яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце вытворцаў угнаенняў.

Галіновыя эксперты адзначаюць, што вытворчасць угнаенняў у Еўропе, верагодна, будзе абмежавана, пакуль цэны на прыродны газ там застаюцца высокімі. Дэфіцыт угнаенняў таксама ўзмацняецца гандлёвымі абмежаваннямі ў адносінах да буйных пастаўшчыкоў.

Рэакцыя фермераў

Аб праблеме высокіх цэн на ўгнаенні ўжо гавораць аграрыі па ўсім свеце: ад фермераў у Паўднёвай Амерыцы, якія вырошчваюць авакада, кукурузу і каву, да ўладальнікаў плантацый какосаў і алейных пальм у Паўднёва-Усходняй Азіі. «Фермы церпяць няўдачу», — сказаў The Wall Street Journal 61-гадовы Радрыга Ф'ера, які вырошчвае авакада, мандарыны і апельсіны на сваёй ферме ў Цэнтральнай Калумбіі. Паводле яго слоў, за апошнія месяцы цэны на ўгнаенні падвоіліся. Фаўстын Лохуры Бітра, які вырошчвае насенне кукурузы, рысу і соі ў Кот-д'Івуары, заявіў, што, калі цэны на ўгнаенні застануцца высокія, яму давядзецца скараціць уласныя пасевы ўдвая ці больш. Ён не можа бясконца падымаць цэны на насенне, паколькі мясцовыя фермеры проста не змогуць за іх плаціць. «Калі я кажу ім, што цана насення складае тры долары за кілаграм, яны плачуць», — сказаў Фаўстын Лахуры Бітра.

Фермеры ў ЗША таксама адчуваюць цяжкасці з пакупкай угнаенняў, некаторыя з іх вымушаны змяняць тэрміны пасадкі сельгаскультур. Чакаецца, што наступствы будуць яшчэ горшыя для фермераў з краін, якія развіваюцца, дзе дробныя землеўладальнікі маюць абмежаваны доступ да банкаўскіх крэдытаў і не могуць плаціць наперад за дарагія ўгнаенні.

Рост цэн робіць вырошчванне сельскагаспадарчых культур больш дарагім, і фермеры ў сітуацыі, якая склалася, вымушаны скарачаць вытворчасць. Сусветныя цэны на прадукты харчавання ў мінулым годзе ўжо выраслі да дзесяцігадовага максімуму. На думку спецыялістаў, скарачэнне вытворчасці яшчэ больш паўплывае на сёлетні рост цэн. Такая сітуацыя пагоршыць праблему голаду, што ўжо востра стаіць у некаторых частках свету з-за страты працоўных месцаў у сувязі з пандэміяй, а таксама паскорыць інфляцыю.

Тым часам прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у эфіры радыёстанцыі France Bleu заявіў аб магчымым увядзенні чэкаў на прадукты. У Германіі цэны на шэраг прадуктаў харчавання і іншыя тавары рэзка выраслі ў параўнанні са студзенем гэтага года. У большасці выпадкаў скачок складае да нябачаных дагэтуль 50 працэнтаў, паведамляе нямецкі часопіс Focus. Іспанія сутыкнулася з сур'ёзнымі перабоямі паставак прадуктаў і матэрыялаў ва ўсіх сферах эканомікі з-за забастоўкі перавозчыкаў, якая праходзіць пяты дзень, паведаміла газета La Razon. У супермаркетах пустыя паліцы: няма малака, сланечнікавага алею, гародніны і садавіны, рыбы, мукі і рысу. Уладальнікі крам не ведаюць, калі змогуць папоўніць запасы неабходных прадуктаў. У Вялікабрытаніі інфляцыя па выніках лютага паскорылася да 6,2 працэнта, што стала рэкордам за апошнія 30 гадоў, паведаміла «Бі-бі-сі». Адным словам — зубы на паліцу.


Даслоўна

«Збожжа сёння — новае золата або нафта»

Пасяўная кампанія для Беларусі сёлета важная як ніколі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях гатоўнасці да правядзення веснавых палявых работ.

«Мы праводзім яе на фоне гарачага канфлікту каля нашых паўднёвых граніц, а таксама ва ўмовах вялікага санкцыйнага ціску на Расію як галоўны рынак нашай краіны і нашага галоўнага саюзніка, пастаўшчыка сыравіны ў тым ліку, беспрэцэдэнтнага росту цэн ва ўсім свеце на вуглевадароды, угнаенні і прадукты харчавання. Акрамя таго, усталявалася засушлівае надвор'е, якое ўскладняе пачатак кампаніі», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Збожжа сёння — практычна новае золата або нафта. Можа, нават будзе даражэйшым. І паколькі адзін з асноўных сусветных пастаўшчыкоў — Украіна — наўрад ці зможа правесці паўнацэнную пасяўную кампанію, цэны будуць расці і далей», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. У самых бедных краінах планеты ААН ужо прагназуе голад.

На коне цяпер перш за ўсё ўласная харчовая бяспека Беларусі, падкрэсліў Прэзідэнт. «Мы павінны забяспечыць усім неабходным беларускі народ. Свой мы, як і заўсёды, забяспечым айчыннымі прадуктамі. Ну і галоўнае — стварыць стабілізацыйныя фонды. У Беларусі ёсць для гэтага абсалютна ўсё: ворныя землі, айчынныя ўгнаенні, селекцыйнае насенне, сельскагаспадарчая тэхніка (не проста ёсць, мы яе вырабляем, увесь шлейф), сучасныя перапрацоўчыя заводы — самыя лепшыя, людзі ўмеюць працаваць», — заявіў беларускі лідар.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Асцярожна: ежа! Як папярэдзіць харчовыя атручэнні

Асцярожна: ежа! Як папярэдзіць харчовыя атручэнні

Як папярэдзіць харчовыя атручэнні.

Грамадства

Каб забава не стала трагедыяй

Каб забава не стала трагедыяй

Дзеці, прычым у любым узросце, павінны быць на кантролі дарослых.

Культура

След Рагнеды і два Менскі. Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю

След Рагнеды і два Менскі. Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю

 Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю.

Грамадства

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

У БДУ 82 % залічаных на першы курс набралі 300 балаў і больш.