Вы тут

Чыста вясновы ласунак. Ці такі карысны бярозавік, як пра яго гавораць?


Бярозавы сок можна смела назваць адным з сімвалаў вясны ў нашых шыротах. Ці карысны гэты прадукт і ці не шкодзіць дрэвам яго нарыхтоўка? Давайце разбяромся...

Сезон збору бярозавага соку пакуль стартаваў толькі ў асобных рэгіёнах Брэсцкай вобласці, распавялі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі. Масавы збор соку ў лясах Беларусі пачнецца бліжэй да канца наступнага тыдня. Як адзначае прэс-сакратар Мінлясгаса Анастасія Мацкевіч, пакуль руху соку перашкаджаюць начныя замаразкі: для збору бярозавіку неабходна, каб ноччу тэмпература паветра не апускалася ніжэй за нуль, а днём дасягала пяці-шасці градусаў.


Бярозавы сок неабавязкова збіраць самастойна. Напой можна будзе набыць непасрэдна ў лясніцтвах, а таксама ў месцах выязнога гандлю. Арыенціровачная цана прысмаку — 20 капеек за літр. Дзе-нідзе цана можа быць на некалькі капеек вышэйшая або ніжэйшая, але ў цэлым даступная любому пакупніку.

Лесагаспадарчыя ўстановы цалкам забяспечаць патрэбы насельніцтва і прадпрыемстваў, — адзначылі ў Мінлясгасе.

Нарыхтаваць сок можна і самому. Для гэтага, падкрэсліла суразмоўніца, неабходна звярнуцца ў найбліжэйшае лясніцтва ці лясгас. Спецыялісты пакажуць прыдатныя для нарыхтоўкі соку дрэвы, растлумачаць тэхналогію яго збору і прасочаць за правільным завяршэннем працэсу, каб здароўю бяроз не быў нанесены ўрон.

Далёка не кожная бяроза падыходзіць для збору соку. Самазагатоўкай варта займацца выключна на ўчастках, вызначаных лясгасамі, — папярэдзілі ў Мінлясгасе.

Для фізічных асоб збор соку будзе бясплатны, індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам прыйдзецца заплаціць невялікую суму. А парушэнне правілаў нарыхтоўкі соку можа пацягнуць за сабой сур'ёзны штраф — да 20 базавых велічынь для грамадзяніна, да 100 — для індывідуальнага прадпрымальніка і да 500 для юрыдычных асоб. Няправільны збор бярозавага соку шкодзіць дрэвам, і справа не ў тым, што чалавек «адпампаваў» частку соку — якраз гэта на «самаадчуванні» дарослай бярозы не адаб'ецца. Але адтуліны ў ствале — гэта свайго кшталту дзверы для вірусаў, бактэрыяў і грыбкоў. Таму так важна паклапаціцца пра здароўе дрэва.

Пры правільным зборы соку каналы ў ствале свідруюць з ухілам уніз (каб лепш сцякаў сок). Дыяметр канала — каля сантыметра, глыбіня (таўшчыня кары ў разлік не бярэцца) — 2-3 см углыб. У адтуліну ўстаўляецца жалабок (сёння з «нержавейкі», даўней — з ляшчыны, клёну або ліпы). А пад «бярозавыя слёзы» падстаўляецца ёмістасць. Пасля завяршэння збору соку жалабок дастаецца, а адтуліну вельмі важна замазаць садовым варам або смалой-жывіцай.

Прэс-сакратар Міністэрства лясной гаспадаркі распавяла, што сёння людзі часцей аддаюць перавагу куплі бярозавага соку, а не самастойнай яго нарыхтоўцы.

— Кошт напою ў нарыхтаваным выглядзе будзе ніжэйшы, чым выдаткі, якія грамадзяне панясуць пры саманарыхтоўцы (транспарт, тара, час), — падкрэсліла Анастасія Мацкевіч. — Тыя, хто звяртаецца ў лясгасы з мэтай нарыхтаваць сок самастойна, — гэта, як правіла, бацькі або дзядулі, якія жадаюць паказаць дзецям і ўнукам, як нарыхтоўвалі сок у іх дзяцінстве.

Сок як сімвал

Дыетолагі любяць выцягваць на свет даўно забытае старое і аб'яўляць суперкарысным. Так адбылося і з бярозавым сокам. А родам гэты савецкі «спецыялітэт» (гаворка аб бярозавым соку на паліцах прадуктовых крам) з тых часоў, калі ў СССР з'явіліся тэхналогіі кансервацыі сокаў, і вытворчасць славянскага напою вырашылі паставіць на паток.

Уласна, бярозавы сок п'юць не толькі ў славянскіх краінах. У ЗША яго можна сустрэць у гіпермаркетах пад брэндам Byarozavіk, у некаторых краінах з яго вырабляюць бярозавы сіроп, выпарваючы ваду і дадаючы цукар. Але ў СССР прадукт лічыўся своеасаблівым сімвалам патрыятызму, пра яго спявалі песні («Я в весеннем лесу пил березовый сок...», «И родина щедро поила меня березовым соком, березовым соком...»). А таксама складалі анекдоты. Сучасныя дыетолагі называюць «суперфудам» не той бярозававік, які ў крамах (з цукрам і смакавымі дадаткамі), а той, які цячэ вясной з бярозы, калі прасвідраваць у ствале адтуліну і ўставіць трубачку.

У неабсяжным СССР бяроз на ўсіх не хапала (аб'ём продажаў бярозавага соку складаў у сярэднім 5 л на душу насельніцтва ў год), і ў трохлітровых слоічках з бярозкай на этыкетцы на самай справе прадаваўся сокаўтрымліваючы напой. ДАСТ 537-82 дакладна рэгламентаваў правілы нарыхтоўкі сыравіны, але пакідаў на меркаванне вытворцы тое, колькі ў канчатковым прадукце павінна быць уласна соку. У напой дадаваліся вада, лімонная кіслата і цукар. Выкарыстоўваюцца дабаўкі пры вытворчасці бярозавага соку і сёння, але ўжо па іншай прычыне: хто піў сапраўдны бярозавы сок, ведае, што ён амаль не мае смаку, а сучасны спажывец прывык да яркіх смакаў.

У савецкія часы бярозавы сок быў адной з самых танных пазіцый сярод сокаў і напояў. Сёння «Сок бярозавы з цукрам» 1 л айчыннай вытворчасці каштуе 2 рублі 59 капеек, 3 л бярозавіку можна купіць за 8,85. У тую ж суму абыдзецца і сок бярозавы з настоем пладоў шыпшыны.

Як купіць сапраўдны бярозавы сок, а не ваду з цукрам і аскарбінкай — пра гэта пакупнікі спрачаюцца. Аптымальны варыянт — у лясгасах з апошняй дэкады сакавіка да сярэдзіны (канца) красавіка: там вам не прададуць падробку. А калі ў краме? Дакладна вызначыць склад бярозавага соку ў напоі можна толькі пры дапамозе лабараторнага даследавання. Але ў аматараў соку ёсць і «ўскосныя» спосабы.

— Важна звярнуць увагу на маркіроўку: чытаць склад і ўлічваць дату вырабу, — дзеліцца адна з пакупніц. — Бярозавы сок збіраюць вясной, таму я заўсёды бяру сок з вясновай датай вырабу. Хоць у бярозавы сок прамысловай вытворчасці ў любым выпадку дадаюць кансерванты, каб падоўжыць тэрмін прыдатнасці. Да таго ж у бярозавы сок заўсёды дадаецца цукар.

— Тое, што прадаюць у крамах, — гэта салодзенькая вадзічка, а не бярозавы сок, — катэгарычна заяўляе мужчына пенсіённага ўзросту. — Сок прамысловай вытворчасці прайшоў тэрмічную апрацоўку — гэта ўжо не той натуральны прадукт, які цячэ з бярозы вясной. Сапраўдны бярозавы сок амаль не мае смаку, хіба што трохі саладкаваты. І ён не павінен пахнуць лімонам — ён пахне бярозай і вясновай свежасцю.

Купляючы бярозавы сок з рук на трасе, важна звярнуць увагу на яго пах, а таксама празрыстасць. А ў ідэале лепш яго пакаштаваць, дзеліцца вопытам суразмоўнік. Калі ў соку адчуваецца кіслінка і слодыч, прадавец дадаў у яго цукар і аскарбінку або лімонную кіслату. Значна бяспечней, калі патрэбен натуральны прадукт, усё ж даехаць да лясгаса.

А гэта сапраўды карысна?

З тэхналагічнага пункту гледжання «бярозавы сок» — гэта як бы зусім і не сок (вадкасць, атрыманая ў выніку механічнай апрацоўкі садавіны і агародніны). І сёння далёка не ўсе спецыялісты ў галіне правільнага харчавання лічаць, што «эліксір жыцця, што сілкуе бярозу» сапраўды карысны чалавеку. Тыя, хто «за» і называюць бярозавы сок «суперфудам», кажуць, што, хоць бярозавы сок і падобны на ваду, гэта зусім не вада: ён змяшчае мінералы, вітаміны, ферменты, фітанцыды, фруктозу, дубільныя рэчывы, арганічныя кіслоты і эфірныя алеі, і яго багаты збалансаваны склад дае карысць для чалавечага арганізма.

Кожную вясну (якраз у гэтыя дні) дрэвы ўступаюць у фазу вясновага руху соку. Пасля запаволення жыццёвых працэсаў у зімовы перыяд з прыходам цяпла дрэва аднаўляе актыўнасць, рыхтуючыся да цвіцення. І для хуткага аднаўлення выкарыстоўвае назапашаныя пажыўныя рэчывы — каранёвы ціск транспартуе іх уверх па ствале разам з грунтавымі водамі. Гэтая сумесь і ёсць бярозавы сок. Якому (як і належыць «суперфуду») прыпісваюцца сапраўды цудадзейныя здольнасці: лячыць бранхіты, умацоўваць імунітэт, пазбаўляць ад туберкулёзу і падагры, а таксама скурных захворванняў. Дарэчы, уплыў бярозавіку на маладосць і здароўе скуры ацанілі, напрыклад, у Кітаі — там папулярныя маскі для твару на аснове бярозавіку.

Але многія спецыялісты скептычна ставяцца да «суперздольнасцяў» гэтага спецыфічнага прадукту, спасылаючыся на адсутнасць доказнай базы. Біёлагі адзначаюць, што склад соку не адрозніваецца стабільнасцю — усё залежыць ад таго, дзе расце дрэва. Сок вельмі нізкакаларыйны — 4,6 ккал на 100 г (зразумела, калі туды не дадалі цукру). Канцэнтрацыя глюкозы — ад 0,2 да 2,25 %. Амінакіслоты (лікам 17) — таксама ў вельмі нізкай колькасці. У мізэрных дозах утрымлівае сок і вітаміны С і групы В. Затое прадукт пастаўляе ў арганізм каштоўныя мінералы — у ім шмат кальцыю, калію, магнію і марганцу: дзённая норма гэтага апошняга рэчыва для дарослага чалавека змяшчаецца ў 200 мл бярозавага соку. А марганец нам неабходны для фарміравання касцяной тканкі, сінтэзу бялкоў і рэгуляцыі клеткавага метабалізму. Таксама ў бярозавым соку ёсць фенол бетулазід — прыродны антыаксідант. Медыкі рэкамендуюць даросламу чалавеку выпіваць у дзень не больш за дзве шклянкі свежасабранага бярозавага соку — у вялікай колькасці ён можа выклікаць нястраўнасць або стаць прычынай алергіі. І папярэджваюць: не варта збіраць сок з дрэў, якія растуць уздоўж трас або ў межах горада: акрамя штрафу, ад такога «прыродакарыстання» можна атрымаць праблемы са здароўем.


Захоўваем правільна

Шматлікія аматары «бярозавых слёз» нарыхтоўваюць сок у запас, бо сезон яго збору вельмі кароткі. Правераных спосабаў некалькі.

Замарозка

  • Пры такім спосабе сок захоўвае ўсе карысныя ўласцівасці. Перад ужываннем важна цалкам размарозіць прадукт, інакш зверху сок будзе салодкі, а ўнізе — гаркаватая вадзіца.

Пастэрызацыя

  • Сок даводзяць да кіпення (але не кіпяцяць) з цукрам (з разліку 2 ст. л. на літр) і лімоннай кіслатой (па гусце) і закатваюць у стэрыльныя слоікі. Часта ў такую нарыхтоўку дадаюць лімон, духмяныя травы, спецыі і г. д. «Вясновае прывітанне» можна будзе паставіць на навагодні стол, а таксама выпіць бярозавага соку замест мінералкі раніцай 1 студзеня.

«Бярозавы квас»

  • У стэрыльны слоік або бутэльку наліваем свежасабраны сок, дадаём цукар (дасведчаныя гаспадыні рэкамендуюць выкарыстоўваць 2 ч. л. на літр), кідаем жменю разынак і пакідаем у халодным месцы. Праз 7—12 дзён можна каштаваць.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».