Вы тут

Ствараем модны вобраз з дапамогай шаліка


У халоднае надвор’е наша элегантнае адзенне схавана пад паліто, курткай або пухавіком. Але дзякуючы такому неад’емнаму зімоваму аксесуару, як шалік, жанчына можа заставацца прывабнай нават у мароз. 


Фота: pexels.com

Сапраўды, шалік патрэбен не толькі для абароны горла ад холаду і ветру — ён стварае новыя акцэнты і здольны стаць складнікам моднага вобраза. З густам падабраны шалік можа надаць шык нават самаму немудрагелістаму зімоваму гардэробу. 

Як правільна выбраць шалік? 

Якасць і колер 

Выбіраючы шалік, мы, як правіла, звяртаем увагу на яго якасць. Лепш за ўсё справіцца са сваімі функцыямі па абароне ад неспрыяльных умоў надвор’я выраб з натуральных матэрыялаў — воўны, кашміру, бавоўны. Па-сапраўднаму цёплым будзе шалік, які на 100% складаецца з воўны. Палатно можа быць звязана з грубай пражы або тонкай — падбірайце на свой густ. 

Важны таксама колер шаліка, бо аксесуар павінен падыходзіць да верхняга адзення і адпавядаць вашаму стылю. Перавагу можна аддаць моднай у гэтым сезоне клетцы ці аднатонным вырабам. Калі колер вашай верхняй адзежы вытрыманы ў спакойнай каляровай гаме, лепш абраць яркі шалік.

Памер і мадэль 

На рынку зараз вялікая разнастайнасць мадэляў — усё залежыць ад вашых індывідуальных пажаданняў. 

На піку папулярнасці працягвае заставацца снуд — круглы шалік, канцы якога злучаны паміж сабой, такі шалік апранаецца цераз галаву. 

Бактус — шалік трохкутнай формы, нагадвае хустку або шаль. 

Стыльнымі і багатымі аксесуарамі з’яўляюцца модныя ў гэтым сезоне паланцін — прастакутны шалік-накідка і плед — аб’ёмны шалік, падобны на плед па сваіх памерах і фактуры. 

Традыцыйныя шалікі — вузкія і шырокія, з пэндзлямі і махрамі або без іх таксама ніхто не адмяняў. 

Мала набыць стыльны шалік. Каб атрымаўся цікавы вобраз, аксесуар трэба ўмець насіць. 

Як насіць шалік з верхнім адзеннем? 

  • Класічны доўгі шалік можна абгарнуць вакол шыі адзін ці два разы, схаваўшы яго канцы пад вопратку ці пакінуўшы іх звонку. Для надання шыку вобразу закіньце адзін з канцоў на плячо. 
  • Кароткі шалік-хустка завязваецца на шыі ззаду, пры гэтым маланку на пухавіку або куртцы можна злёгку расшпіліць. Такі шалік добра абараняе горла і грудзі. 
  • Калі на пухавіку ці куртцы ёсць капюшон, гэта не перашкода. Шалік можна завязаць пад яго ці схаваць унутр — у апошнім выпадку з-пад каўняра будзе выглядваць толькі частка аксесуара. 
  • На паліто ці модны пухавік шалік накіньце зверху, каб яго канцы свабодна ляжалі на плячах. Для гэтага выдатна падыдзе шалік-плед. 
  • Модны нюанс — насіць шалік пад пояс. Аксесуар накідваецца на плечы, а пояс доўгага паліто завязваецца зверху яго. 
  • Шырокія шалікі могуць адначасова паслужыць галаўным уборам — іх добра выкарыстоўваць замест шапкі, а доўгімі канцамі прыкрываць горла і плечы. 
  • Калі вы носіце ў халады кароткую куртку, купіце цёплы і аб’мны шалік. Ім можна пакрыць плечы і спіну, і вы не змерзнеце нават у мароз. 

Варыянтаў завязвання шаліка насамрэч існуе мноства. Вынаходзьце свае спосабы выглядаць цікавай з дапамогай гэтага сапраўды ўніверсальнага аксесуара.

Агата СЛАВІНА

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».