Вы тут

Тарфяная справа для невяскоўцаў. Чаму брыкет — недарагі, а яго дастаўка — наадварот


Штогод у Беларусі здабываюць каля 2 млн тон торфу, доля якога ў агульным выкарыстанні мясцовых відаў паліва (МВП) складае 15 %. З яго вырабляюць да 900 тысяч тон брыкету. У краіне для ацяплення брыкет выкарыстоўваюць прыкладна ў 200 тысячах дамоў, а жыхарам, якія маюць пастаянную рэгістрацыю (прапіску) у вёсцы, на яго набыццё даюцца субсідыі. Пры гэтым агульнаўстаноўлены па краіне ліміт на чорнае паліва па субсідзіраваным кошце — 3,5 тоны на домаўладанне (фактычная лічба вызначаецца на абласным узроўні). А вось для тых беларусаў, хто не мае пастаяннай рэгістрацыі ў вёсцы (нават калі яны рэгіструюцца і жывуць тут цэлы год, але пастаянна зарэгістраваны ў іншым месцы), брыкет выйдзе ледзь не даражэйшы за дровы. Чаму так, карэспандэнт «Звязды» высвятляла ў спецыялістаў галіны.


Свабодная цана — да 90 рублёў, субсідзіраваная — каля 40

Торфапрадпрыемствы аднагалосна зацікаўлены і ў большых продажах прадукцыі прыватным пакупнікам і гатовы адгружаць паліва непасрэдна з прадпрыемства. Паліўназабяспечвальныя прадпрыемствы абласцей, іх філіялы працуюць і з насельніцтвам, і з арганізацыямі. Адпускная цана брыкету — да 90 рублёў за тону, а людзі, якія маюць права на субсідыі, плацяць за яго прыкладна па 40 рублёў за тону. Розніца субсідзіруецца з раённага бюджэту.

Сістэма рэалізацыі брыкету насельніцтву дакладная, сцвярджаюць спецыялісты. Але ці выгадна гэта звычайнаму спажыўцу?

— Мы зацікаўлены, каб бралі яшчэ больш нашай прадукцыі. Аб'ёмы паставак агаворваюцца. Штодня філіялы аблпаліва ад нас вывозяць па 200—250 тон брыкету для жыхароў. А вось установы, якія ацяпляюцца брыкетам, сельскія бальніцы, бібліятэкі, спартыўныя школы, ФАПы, заказваюць у нас напрамую, — агучыў Казімір Банцэвіч, дырэктар торфабрыкетнага завода «Дзітва».

Чарга «тарфяных ільготнікаў»

Тыя, хто гатовы купіць брыкет па поўным кошце, часцей за ўсё могуць разлічваць на яго хуткую дастаўку, аднак і тут здараюцца недарэчнасці.

Па-першае, чарга «тарфяных ільготнікаў» і тых, хто гатовы набыць яго па свабоднай цане, часта можа канчаткова сфарміравацца бліжэй да восені, калі ацяпляльны сезон ужо пачаўся. А грузавыя машыны ў тую пару ўжо занятыя працай у палях і ім няма часу на дастаўку паліва, тлумачаць у сельсаветах. Людзям даводзіцца чакаць, што не ўсім падабаецца.

Па-другое, на складах у арганізацыях райпалівазбыту, як правіла, няма запасу прадукцыі (асабліва напрыканцы года). А ў многіх арганізацый часта проста няма ўмоў для захоўвання — брыкет фактычна толькі для тых, хто падаў заяўку своечасова і мае права набыць яго па субсідзіраваным кошце. Калі ж чалавек будзе заказваць брыкет у лістападзе — снежні, у яго ёсць шанцы ўвогуле застацца без паліва. Нават заказаны брыкет, здараецца, не паспявае даехаць да спажыўца. Пасля канчаецца каляндарны год і чарга ствараецца нанова, а лічбы нерэалізаванай заказанай прадукцыі абнуляюцца.

— Мы пачынаем нагадваць людзям пра заказ брыкету і дроў ужо ў студзені. І стараст вёсак просім тэлефанаваць аднавяскоўцам. Стараемся сфарміраваць разам не менш як тры заяўкі ад людзей, каб адправіць машыну — так танней выходзіць, — расказаў Сяргей Барычэўскі, старшыня Турэцкага сельвыканкама (Карэліцкі раён), які з'яўляецца пасрэднікам паміж «гартопам» і спажыўцом. — Мы не толькі збіраем заяўкі ад людзей, але і фарміруем адпаведныя дакументы: пацвярджэнне права на льготу па субсідыях ці інваліднасці, даведкі, што чалавек пражывае на тэрыторыі сельсавета, што не карыстаецца для ацяплення ні газам, ні электрычнасцю.

Напрыканцы года і з дровамі, і з брыкетам напружана. Каб не страціць сваю льготу на паліва і не прапусціць чаргу, вяскоўцам варта ўсё ж заказваць яго вясной і не чакаць да апошняга, каб пасля не крыўдзіцца і не абурацца, параіў старшыня.

«Паліўны ланцужок»

Заводы гатовы вырабляць прадукцыю, і яна запатрабавана насельніцтвам. «Паліўны ланцужок» працуе па пэўнай схеме. Штогод торфапрадпрыемствы атрымліваюць у аблвыканкамах заяўкі на брыкет ад насельніцтва ў разрэзе раёнаў. Гэты план у тым ліку ўплывае і на аб'ёмы здабычы торфу, зазначыў Уладзімір Нялюбаў, галоўны спецыяліст аддзела тэхнічнага забеспячэння вытворчасці ўпраўлення тарфяной прамысловасці Белпалівагаза:

— Летам райпалівазбыт можа браць вельмі мала прадукцыі, а ўжо ў ацяпляльны перыяд пачынаецца ажыятаж, калі бяруць нават больш брыкету, чым было запланавана. Летась па ўсіх абласцях «гартопам» для рэалізацыі насельніцтву паставілі нават больш, чым патрабавалася спажыўцам, згодна з дакументамі, — амаль 300 тысяч тон замест 265 тысяч.

Пры гэтым у некаторых раённых няма ўласных пляцовак для складзіравання брыкету — яны працуюць напрамую з торфапрадпрыемствамі. А часта проста не хочуць ствараць запас прадукцыі. У гэтым ацяпляльным сезоне, дарэчы, дэфіцыт брыкету ўзнік з-за праблемы з дровамі, якіх шмат пайшло за межы краіны, і цана на іх узнялася, дадаў ён.

Як варыянт — спажывец, каб набыць брыкет, можа звярнуцца на торфапрадпрыемства. Аднак ёсць акалічнасць, якая робіць «залатой» дастаўку чорнага паліва па свабоднай цане. Гэта аплата дарогі, цана за якую, калі торфапрадпрыемства далёка ад заказчыка, перавышае кошт самога брыкету.

Права на паліўную кніжку і субсідыю

Катэгорыі грамадзян, якім паложаны брыкет па субсідзіруемым кошце, абазначаны таксама ў пастанове Саўміна № 1028. У дакуменце сказана, што вясковыя жыхары, якія знаходзяцца ў спісе тых, хто мае патрэбу ў такім паліве, з указаннем іх імя, імя па бацьку, прозвішча і адраса, павінны прад'явіць сведчанне асобы і паліўную кніжку. Апошнюю можна атрымаць на падставе дакумента, які сведчыць асобу, і даведкі аб жылым памяшканні і складзе сям'і. Выдаць такую даведку (тут указана плошча дома, згодна з якой разлічваецца колькасць неабходнага для ацяплення паліва) чалавеку, які не зарэгістраваны (не прапісаны) ў вёсцы пастаянна, нельга. Адпаведна, ён не можа атрымаць паліўную кніжку і не мае права на «паліўную» субсідыю.

Для вяскоўцаў, згодна з законам, дзяржавай субсідзіруецца не толькі адпускная цана на брыкет, але і кошт яго дастаўкі. Людзі, якія набываюць гэтае паліва па свабоднай цане, такой магчымасці не маюць. Пры заказе брыкету для такой катэгорыі насельніцтва кошт дарогі з торфапрадпрыемства «гартопу» не субсідзіруюць. І ён мусіць напоўніцу ўзяць грошы і за дастаўку прадукцыі да спажыўца, і дадаць сюды ПДВ (пры субсідзіраванні гэты падатак не налічваецца).

Заканадаўствам таксама прадугледжана, што ўсе льготы, якімі можа карыстацца чалавек, прывязаныя да месца яго пастаяннай рэгістрацыі. Атрымліваючы льготы ў адным месцы, ён не можа прэтэндаваць на іх у іншым, дзе зарэгістраваны часова. Пераразлік за некаторыя паслугі ЖКГ зацверджаны пастановай Саўміна № 1466. Калі чалавека працяглы час не жыве па месцы пастаяннай рэгістрацыі, ён можа не плаціць за карыстанне некаторымі паслугамі ў дадзены тэрмін. Аднак гэтыя ў пэўным сэнсе сэканомленыя сумы ўсё роўна цяжка параўноўваць з коштам дастаўкі брыкету.

Вось такая атрымліваецца сітуацыя. Прадпрыемствы хочуць павялічваць рэалізацыю прадукцыі насельніцтву, якое, прынамсі, на вёсцы ў многіх месцах натуральна змяншаецца. А тыя, хто ў вёсцы не прапісаны пастаянна, купіць чорнае паліва дазволіць сабе не могуць, бо свабодны кошт кусаецца. Выступіць з ініцыятывай дазволіць зарэгістраваным па месцы вясковага жыхарства людзям набываць паліва па субсідзіраванай цане могуць аблвыканкамы. Магчыма, там проста не ведаюць аб гэтай «мясцовай» праблеме?

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.