Вы тут

Старшыня Бялыніцкага раёна: Пазіцыі здаваць не збіраемся


Па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця за мінулы год Бялыніцкі раён у сваёй намінацыі сярод гарадоў і раёнаў з насельніцтвам да 20 тысяч чалавек быў прызнаны найлепшым у Магілёўскай вобласці. Старшыня райвыканкама Васіль Захарэнка атрымаў пераходны сцяг, дыплом І ступені і 450 базавых велічынь на развіццё раёна. Карэспандэнт «Звязды» павіншавала пераможцаў і распытала кіраўніка раёна, што трэба для таго, каб перамагчы, і што ў планах далей.


— Летась быў цяжкі сельскагаспадарчы год, але мы зрабілі ўсё магчымае, каб дабіцца высокіх вынікаў, — адзначыў Васіль Аляксеевіч. — Наш раён па зборы ўраджаю заняў другое месца ў вобласці. І наогул па ўсіх галінах мы выступілі паказальна. Асноўных паказчыкаў было 11, і мы выканалі самыя галоўныя з іх. Магу не без гонару запэўніць, што ў нас і «Жылкамгас» найлепшы, і будаўнікі моцныя. Адным словам, наша перамога — заслуга калектыўная.

— Яшчэ не думалі, як будзеце траціць прэмію?

— Чаму ж не думалі?! Ведалі з самага пачатку. Патрацім яе на сацыяльную сферу, падрамантуем школу ў Галоўчыне. Частку грошай выдзеліць наш спонсар — «Белпалівагаз». Генеральны дырэктар канцэрна — сенатар ад нашага раёна Аляксей Кушнарэнка. Ну і раённую бальніцу трэба падтрымаць, дапаможам адрамантаваць памяшканне пад рэнтгенапарат, які выдзяляе краіна.

— Першае, на што звяртаеш увагу, калі прыязджаеш у горад, — чысціня, утульнасць, вясёлы сонечны колер будынкаў. Наколькі важную функцыю выконвае знешні выгляд населенага пункта?

— Наш горад істотна памяняўся ў 2020 годзе, калі адбыўся Дзень пісьменства. Спецыяльна падбіралі колеравую гаму, каб ён выглядаў радасна. Дахі зрабілі чырвоныя, а самі будынкі пафарбавалі ў жоўта-карычневы колер. Дырэктар нашага «Жылкамгаса» Віктар Івулёў ураджэнец горада і цалкам адданы яму чалавек, у сістэме камунальнай гаспадаркі працуе з канца 80-х. Дарэчы, па выніках работы за мінулы год атрымаў званне «Чалавек года». На сёння ў горадзе амаль няма скаргаў па камуналцы, пытанні вырашаюцца да таго, як паступаюць. Не паспеў растаяць снег, а наша прадпрыемства прыступіла да ямачнага рамонту. У планах — да мая навесці з гэтым парадак. «Жылкамгас» утрымлівае Бялынічы ў стылі горада ўтульнага камфорту.

Шмат увагі ўдзяляецца азеляненню. У прадпрыемства ёсць уласны гадавальнік і цяпліцы, штогод на клумбы яны высаджваюць да 40 тысяч розных кветак. І гэта без уліку іншых прадпрыемстваў і арганізацый, на балансе якіх таксама ёсць кветнікі. Шмат высаджваецца кустоў і дрэў. Штогод праводзіцца кранаванне. Работа з дрэвамі наогул паказальная, яны выглядаюць дагледжанымі і надаюць населенаму пункту прыгожы выгляд. У нас шмат паркаў і сквераў. Людзі цэняць работу камунальных службаў і падтрымліваюць чысціню.

— Якія задачы стаяць перад кіраўніцтвам раёна на сёння?

— Асноўная задача — не пагоршыць жыццё насельніцтва, каб былі працоўныя месцы і зарплаты. І для забеспячэння гэтага працуем над выкананнем даведзеных паказчыкаў. Па выніках работы за 2020 год мы былі трэція ў вобласці, за 2021 — першыя. Гэта вялікая адказнасць, наша задача — утрымаць пазіцыі. Не хацелася б аддаваць іншым гэты сцяг. Сёння першачарговая задача — паспяхова правесці сельскагаспадарчую кампанію. Тэхніка гатовая, абласны бюджэт падтрымаў фінансава, ну і самі гаспадаркі падрыхтаваліся.

— І якія планы на сёлетні ўраджай?

— Задачы стаяць вельмі амбіцыйныя. Нам трэба прырасці і сур’ёзна да ўзроўню леташняга ўраджаю. Мы добрымі тэмпамі раслі два апошнія гады, і сёлета збіраемся дадаць не менш чым 5-6 працэнтаў.

— На якія гаспадаркі робіцца стаўка?

— Лідар па-ранейшаму СВК «Калгас «Радзіма»: гаспадарка дае палову ўсёй прадукцыі па раёне. Кіраўнік дзяржавы паставіў перад намі задачу падцягваць і астатнія гаспадаркі да ўзроўню «Радзімы». На жаль, вядомы яе кіраўнік Аляксандр Міхайлавіч Лапацентаў летась пайшоў з жыцця. Але на змену яму прыйшоў яго сын — Алег Лапацентаў. Сямейныя традыцыі захоўваюцца.

— А што з сябе ўяўляе раённы рэальны сектар эканомікі, які яго ўклад у агульную перамогу?

— Летась правёў рэканструкцыю пратэінавы завод, які спецыялізуецца на вытворчасці мукі і тэхнічнага тлушчу. За кошт істотнай мадэрнізацыі прадпрыемства змагло значна павысіць аб’ёмы вытворчасці. Філіял замежнага таварыства з абмежаванай адказнасцю «БАНЕЦІ» завяршыў праект па вытворчасці дацкай беконнай свініны. Гэта прадпрыемства працуе ў нас з 2020 года, але летась выйшла на поўную магутнасць. Наогул, кожны зрабіў свой унёсак у агульную справу. У тым ліку і малы бізнес. З 301 прадпрымальніка летась зарэгістраваліся 35. І ніхто з іх закрывацца не збіраецца. Ёсць праблемы з пастаўкамі на экспарт у далёкае замежжа, але ідуць пошукі новых рынкаў збыту.

— Бялынічы пазіцыянуюць сябе яшчэ і як горад мастакоў і пісьменнікаў.

— Сапраўды. Нездарма нам зрабілі такі цудоўны музей да Дня пісьменства. Прычым цалкам сучасны. Пасля музея гісторыі Вялікай Айчынай вайны ў Мінску наш стаў другі ў краіне па маштабнасці зробленай работы. А ўлічваючы, што ён пабудаваны не дзесьці ў сталіцы, а ў райцэнтры, гэта шмат пра што гаворыць. У нас вельмі моцныя мастацкія традыцыі. Адно імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі чаго каштуе! У райцэнтры жыве вельмі таленавітая мастачка Ларыса Журавовіч. Цыкл яе карцін «Вяртанне» прысвечаны сакральным месцам, быў высока адзначаны. Зараз яна працуе над новай серыяй — «Чалавек працы». Піша партрэты людзей на працоўных месцах.

— Бялынічы можна лічыць горадам высокай культуры. Ёсць што паглядзець, дзе адпачыць, кавы папіць. Звычайна ў райцэнтрах няшмат месцаў, дзе можна было б пасядзець з кубачкам кавы. Бялынічы — выключэнне.

— У нас адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў райспажыўкааперацыі, абслугоўвае, у тым ліку і Круглянскі раён. Сапраўды, мы вельмі шмат працуем над іміджам горада. У нас праводзяцца фестывалі «Тэатральная восень», блінны фэст і іншыя. Сёлета плануем правесці фестываль фэстаў сельсаветаў. Кожны месяц адзін з сельсаветаў будзе прадстаўляць свае традыцыі. У нас вялікі Дом культуры, музей, медыяцэнтр — былы кінатэатр, які атрымаў больш сучасную форму і стаў цікавым для сямейнага адпачынку. Тут знаходзяцца і кінатэатр, і бібліятэка. У горадзе ёсць ФАК — вельмі буйны і запатрабаваны. Да нас прыязджаюць групы з Магілёва, Мінска, з расійскіх гарадоў, паступаюць заяўкі на правядзенне спартыўных лагераў.

— Бялыніччына быццам бы створана для развіцця турызму. Тут і таямнічыя сакральныя месцы, і цудоўныя азёры, і прыгожыя ландшафты...

— Турыстычныя маршруты распрацаваны, запрашаем аматараў падарожжаў! Уражанняў будзе шмат. У нас выдатныя ўмовы для палявання, лясгас паклапоціцца, каб госці былі задаволеныя. Да нас прыязджаюць папаляваць з усёй Беларусі і з-за мяжы. Ну а наша Заазер’е — наогул месца паломніцтва аматараў летняга адпачынку. Шмат месцаў, звязаных з рэлігійным кірункам. Наш горад знаходзіцца пад аховай Бялыніцкай Божай Маці, якая, па гістарычных звестках, дала пачатак яго будаўніцтву. З ёй звязана шмат розных цудаў і паданняў. І гэта таксама вабіць сюды турыстаў. Асабліва ў храм іконы Бялыніцкай Божай Маці. Людзі едуць здалёк, каб пакланіцца гэтай святыні.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Бялыніцкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».