Вы тут

Дзіцячы конкурс «Ратавальнікі вачамі дзяцей»


Дзіцячы конкурс «Ратавальнікі вачамі дзяцей», які праводзіць Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, у Бабруйску вельмі папулярны. Сёлета тыя работы, якія яны падрыхтавалі для яго, не ўмяшчаюцца ў выставачнай зале пажарнай аварыйна-ратавальнай часці № 1. Дзеці не толькі выказваюць у сваіх работах талент, але і дэманструюць, што ў іх ёсць сярод ратавальнікаў сапраўдныя куміры.


Выхаванцы Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Росквіт» зрабілі нават цэлую інсталяцыю на тэму пажарна-выратавальнага спорту з канкрэтнымі героямі. Па правілах гэтага віду спорту на адзенні ратавальнікаў-спартсменаў павінны быць указаны іх прозвішчы. І рабята гэта ўлічылі. Вось былы міністр МНС Уладзімір Вашчанка з хуткасцю спрынтэра і спрытнасцю гімнаста пераадольвае паласу перашкод. У свой час яму ў гэтым відзе спаборніцтва не было роўных. На суседняй дарожцы самы моцны бягун Дзмітрый Мелашунас здае нарматыў на хуткасць. А вунь імкліва ўзбіраецца па штурмавой лесвіцы на чацвёрты паверх Мікіта Уколаў. На табло 12,68 секунды — хуткасць, з якой ён гэта робіць.

Генерал-лейтэнант Уладзімір Вашчанка ўжо афіцэр запасу, а вось Мікіта Уколаў і яго калега Дзмітрый Мелашунас абодва працуюць у магілёўскім Пажарным аварыйна-ратавальным атрадзе. Мікіта — інжынер аддзялення сувязі і апавяшчэння, Дзмітрый — старшы хімік-дазіметрыст. Дзмітрый Мелашунас яшчэ і трэнер дзіцячай каманды па пажарна-ратавальнаму спорту. 

— Мы пастаянна прапагандуем наша ведамства сярод дзяцей, набіраем жадаючых у спартыўныя групы, — тлумачыць спецыяліст Бабруйскага гаррайаддзела па НС Уладзімір Бутко. — Не забываем і пра нашых лепшых супрацоўнікаў-спартсменаў. Яны гэтага заслугоўваюць, бо за апошні час некалькі разоў станавіліся чэмпіёнамі свету. Дзеці праманіторылі інтэрнэт на гэту тэму і цяпер ведаюць не менш нас. Шмат хто ў захапленні ад Мікіты Уколава, які з’яўляецца заслужаным майстрам спорту, яго дасягненні па штурмавой лесвіцы ў Беларусі яшчэ ніхто не перасягнуў. За 12,68 секунд ён пераадольвае адлегласць у 30 метраў да штурмавой лесвіцы, узбіраецца на 4 паверх вежы і заскоквае ў акно. Наогул спартсмены ад Магілёўскай вобласці вельмі моцныя, яны заўсёды складалі касцяк зборнай Беларусі.

Малюнак, малая форма, скульптура, вершы, аповеды — спосабаў для самавыказвання ў дзяцей было шмат.

— Прыемна, што падлеткі займаліся творчасцю з веданнем справы, — адзначае начальнік пажарнай аварыйна-ратавальнай часці № 1 Бабруйска Аляксандр Крык. — На міжнародных спаборніцтвах краіна, дзякуючы нашым спартсменам, дэманструе высокія вынікі. І мы рыхтуем годную змену. Прыцягваем да спартыўных заняткаў і хлопцаў, і дзяўчат.

Усяго на конкурс прадстаўлена амаль 200 работ. І шмат вельмі творчых. Вось макет дома, дзе паказаны нават розныя адценні агню. Невялічкія фігуркі ратавальнікаў, якія спяшаюцца на дапамогу людзям, тэхніка — вельмі шмат дробных дэталяў. А вось дыскавы тэлефон, якім, як жартуюць ратавальнікі, дзеці ўжо і не ведаюць, як карыстацца. Ёсць тут і знакамітая бабруйская вежа-рэстаран, адна з візітовак горада. Праўда, выхаванкі аб’яднання па інтарэсах «Бабруйскі сувенір» Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мілана Вінічэнка і Кацярына Федарава падалі яе ў выглядзе каланчы і вітаючага зверху народ ратавальніка. Аўтаркам усяго 9 і 11 гадоў. Яны прапанавалі зрабіць у горадзе такі сімвал, каб ён нагадваў, што ў Бабруйску ўсё спакойна.

— У горадзе ёсць ужо адзін наш сімвал — пажарная карэта, але дзеці мараць, каб было яшчэ нешта больш грунтоўнае, — адзначае Уладзімір Бутко. — Будзем прапрацоваць іх прапанову.

— Каб неяк разнастаіць традыцыйнае творчае спаборніцтва, гэтым разам вырашылі паралельна правесці сярод дзяцей конкурс графіці, — дадае інспектар Бабруйскага гаррайаддзела па НС Кірыл Аверчэнка. — Шмат маладых людзей, якія б хацелі рэалізавацца менавіта ў гэтым кірунку. Мы прапанавалі зрабіць малюнак на аркушы памерам А3 і шмат хто адгукнуўся. Нехта ствараў малюнкі на камп’ютары, нехта маляваў алоўкамі — мы атрымалі шмат цікавых работ. Спадзяемся, што лепшае графіці пасля ўсіх узгадненняў з’явіцца дзесьці ў горадзе.

Дзеці малююць, майструюць, эксперыментуюць з рознымі формамі і матэрыяламі на тэму бяспекі. Ратавальнікі лічаць, што гэта вельмі карысная справа. Бо іх творчы працэс цесна спалучаецца з вывучэннем правіл пажарнай бяспекі. А гэта самая галоўная мэта конкурсу.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

г. Бабруйск

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?