Вы тут

Усё што трэба ведаць пра новы папулярны спорт — скандынаўскую хаду


На сталічных вуліцах усё часцей сустракаецца новы від спорту для беларусаў — скандынаўская хада (Nordic Walking). Ён з’явіўся ў другой палове ХХ стагоддзя і ў канцы 1990-х стаў папулярны ва ўсім свеце. Як мы зразумеем па назве, яго прабацькамі з’яўляюцца паўночныя еўрапейскія краіны, дзе пешыя шпацыры ўжо шмат гадоў з’яўляюцца любімым заняткам больш за два мільёны чалавек.


Самай буйной падзеяй на пачатковай стадыі развіцця хады стала адмененая лыжная гонка 5 студзеня 1988 года. Тады на алімпійскім стадыёне ў Хельсінкі на трасе растаў снег — ісці на лыжах было немагчыма. Арганізатары вырашылі прайсціся па трасе толькі з палкамі, што прыцягнула ўвагу СМІ.

У Беларусі скандынаўская хада паступова прыцягвае масы да здаровага ладу жыцця. Мы пагаварылі з інструктарам па скандынаўскай хадзе Аляксандрам Мехам, які займаецца хадой ужо дзесяць гадоў.

— Аляксандр, што вас прыцягнула заняцца такім невядомым відам спорту для Беларусі?

— Усё пачалося з таго, што я проста паспрабаваў прайсціся са звычайнымі лыжнымі палкамі ў бліжэйшым лесе. Гэта зацікавіла. Раней я больш займаўся экстрэмальнымі відамі спорту, але пасля траўм звярнуў увагу на скандынаўскую хаду і захацеў развіваць яе напрамак у Беларусі.

— У Беларусі скандынаўская хада таксама папулярная, як і ў іншых еўрапейскіх краінах?

— Яна толькі набірае папулярнасць, у параўнанні з Еўропай, дзе ўжо забыліся, што такая «хваля» прайшла. У Расіі гэта значна больш маштабна. Іх федэрацыя паўночнай хады ўваходзіць у склад Федэрацыі спартыўнага турызму.

Федэрацыя скандынаўскай хады ў Беларусі зарэгістравана ў 2017 годзе. З таго часу яна правяла тры сезоны спаборніцтваў з дыстанцыямі 5, 10, 21 і 42 кіламетраў для спартсменаў розных узроставых груп.

Згодна з даследаваннямі, скандынаўская хада дапамагае задзейнічаць каля 90 % цягліц і спаліць амаль удвая больш калорый, чым пры звычайнай хадзе. Палкі важаць каля 100 грам, але праз 30-60 хвілін нават гэтая малая вага будзе здавацца нашмат больш, чым у пачатку хады. Гэта азначае, што нагрузка на мышцы больш важкая, чым пры звычайнай хадзе. На кожным кроку вы ўзмахваеце рукой. А гэта значыць, што, акрамя ног, будзе працаваць плечавы пояс.

— Людзі якога ўзросту займаюцца скандынаўскай хадой? Што ім у ёй падабаецца?

— У парках мы часцей за ўсё бачым пажылых людзей, для якіх хада з палкамі становіцца аптымальным відам аэробнай нагрузкі для падтрымання фізічнай формы. На спаборніцтвах сустракаемся з людзьмі розных узростаў: дзеці, студэнты і дарослыя. Самаму старэйшаму спартсмену 86 гадоў, а асноўны касцяк 40-60 гадоў. Большасць пачаткоўцаў — жанчыны старэйшыя за 50 гадоў, яны лёгка аб’ядноўваюцца ў групы. Маладыя людзі і асабліва мужчыны аддаюць перавагу займацца самастойна ў зручны для іх час.

Некаторым здаецца, што гэта проста «бабуліны забавы», хоць насамрэч, калі вельмі актыўна і тэхнічна паскарацца з дапамогай палак, то будзе адчувальная нагрузка. Калі хто выбіраўся зімой на лыжах, то ведае, што нават у спакойным тэмпе гэта добрая фізічная нагрузка. Тут мы ідзем без лыж, але за кошт таго, што мы актыўна працуем рукамі, нагрузка размяркоўваецца на мышцы рук, спіны і кара.

— Што датычыцца нагрузкі, як часта трэба займацца «хадой», каб яна не пайшла на шкоду здароўю?

— Трэба ўлічваць асабістыя запыты кожнага чалавека, як ён сябе адчувае, чым займаўся раней. Калі чалавек вёў пасіўны лад жыцця, то вядома пачынаць паступова, з 20-30 хвілін, потым павялічваць да гадзіны. Таксама вельмі важна, каб чалавек атрымліваў задавальненне і радасць ад прагулкі.

Што да рэгулярнасці «хады», то ў кожнага свае мэты, і мы ўмоўна дзелім хадакоў на групы «Здароўе», «Фітнэс» і «Спорт». Для здароўя, прафілактыкі і бадзёрага самаадчування можна займацца амаль кожны дзень па 30-40 хвілін. Другая — для больш актыўных людзей, якія ўжо ўспрымаюць гэта як фітнес-нагрузку і імкнуцца палепшыць фізічную форму, знізіць вагу. Ім мэтазгодна хадзіць у актыўным тэмпе па 40-90 хвілін з перапынкамі на адзін-два дні паміж трэніроўкамі. Добра дапаўняць хаду сілавымі практыкаваннямі з эспандэрамі, функцыянальнымі трэнажорамі і палкамі, як гэта мы робім на заняткі ў групах.

Да групы «Спорт» адносім спартсменаў, якія трэніруюцца ў міжсезонне, рыхтуюцца да спаборніцтваў.

— На якіх сталічных вуліцах можна сустрэць людзей, якія займаюцца скандынаўскай хадой?

— Кожны знаходзіць сабе месца, але часцей побач з домам, некаторыя займаюцца на стадыёнах. Сама па сабе скандынаўская хада мае на ўвазе магчымасць пракласці маршрут у парку ці лесапарку, дзе чалавек псіхалагічна разгружаецца і супакойвае свой стан. Таму самымі папулярнымі паркамі ў аматараў хады ў Мінску з’яўляюцца Парк Чалюскінцаў і Парк Перамогі, а таксама Цнянскае вадасховішча, дзе можна прайсці па кольцавым маршруце 5-7 кіламетраў.

— Што можаце параіць пачаткоўцам, якія жадаюць паспрабаваць свае сілы ў скандынаўскай хадзе?

— Як інструктар, раю людзям зрабіць «тэст-драйв» з палкамі, схадзіць на трэніроўку з інструктарам або прайсці майстар-клас, каб зразумець, ці трэба ім гэта ці не. Многія пачынаюць з набыцця палак, але пад надпісам «скандынаўскія палкі» часта сустракаюцца трэкінгавыя, якія прыдатныя толькі для паходаў у горы з заплечнікам. Лепш пачынаць з інструктарам, які можа даць палкі, растлумачыць тэхніку і сфарміраваць дакладнае ўяўленне аб скандынаўскай хадзе, здзівіць маладых людзей, якія коса глядзяць на пажылых людзей, якія выкарыстоўваюць палкі для апоры.

Калі чалавек прывык займацца спортам і любіць бываць на прыродзе, то, калі ласка, «хада» — добрая альтэрнатыва бегу, плаванню, ровару ці іншым аэробным фізічным нагрузкам.

Сама тэхніка не надта складаная. Рухі рук з палкамі дапаўняюць патэрн здаровай бадзёрай хады, якую не так часта сустрэнеш на вуліцах сучаснага горада.

— Дзякуй, Аляксандр, што распавялі аб такім цікавым відзе спорту!

— Дзякуй, запрашаю ўсіх паспрабаваць свае сілы ў скандынаўскай хадзе!

Аляксей КАРПУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».