Вы тут

Што нам паказала ХХІХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш


Яна скончыла сваю работу 27 сакавіка. На пяць дзён выставачны цэнтр «БелЭкспа» стаў пляцоўкай для сутрэч кнігавыдаўцоў, пісьменнікаў і чытачоў. Адбываліся шматлікія прэзентацыі навінак кніжнага рынку, прайшоў сімпозіум літаратараў, былі адзначаны юбілейныя даты беларускай літаратуры — 140-годдзе з дня нараджэння класікаў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Выдавецтва «Мастацкая літаратура» адсвяткавала сваё 50-годдзе, а Нацыянальная бібліятэка Беларусі, якая адзначае 100 гадоў свайго заснавання, распавяла аб выніках дзейнасці. Не застаўся ў баку і Выдавецкі дом «Звязда», які правёў шмат аўтограф-сесій і прэзентацый. Наша выдавецтва ахапіла ўсе ўзроставыя катэгорыі — знайсці кнігі на ўласны густ маглі як маленькія чытачы, так і дарослыя з розных прафесійных сфер. Пералічваць усе акцыі форуму прыйдзецца доўга, таму «Звязда» сабрала найбольш яскравыя моманты кніжнай выстаўкі-кірмашу. Аб выніках мерапрыемства чытайце ў нашым матэрыяле.


Тэндэнцыі айчыннай літаратуры

Падчас урачыстага закрыцця ХХІХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі засяродзіў увагу на тым, што сёлета было выдадзена больш кніг, у тым ліку на беларускай мове, чым летась. Сярод выданняў, якія карыстаюцца найбольшым попытам у пакупнікоў, ён назваў дзіцячую, адукацыйную і навуковую літаратуру.

Безумоўна, такая тэндэнцыя не можа не радаваць. Але хацелася б, каб і мастацкая літаратура не траціла сваёй папулярнасці ў чытачоў. Падчас прэзентацый супрацоўнікі кніжных крам адзначалі, што проза яшчэ прадаецца, а вось кнігі паэзіі амаль не карыстаюцца попытам. Аб дадзенай праблеме разважаюць і самі пісьменнікі, і кнігавыдаўцы. Спадзяёмся, што выстаўкі-кірмашы накшталт той, што адбылася ў «БелЭкспа», паспрыяюць развіццю ўсіх галін выдавецкай дзейнасці.

Конкурс стартапаў «ЛітUР»

У межах форуму другі год запар праводзіцца рэспубліканскі конкурс літаратурных стартапаў. Міністэрства інфармацыі і айчынныя кнігавыдавецтвы, прааналізаваўшы вынікі мінулага «ЛітUРа», вырашылі правесці яго і сёлета. Мэта стартапа — падтрымаць маладых пісьменнікаў і дапамагчы выдавецтвам знайсці новыя імёны.

Падчас пітчынгу аўтары павінны пазнаёміць аўдыторыю з уласнай ідэяй, распавесці аб будучай кнізе як мага больш яскрава. Удзельнікі паказваюць прэзентацыі, малюнкі, зачытваюць фрагменты з рукапісаў. А некаторыя нават спяваюць песні. Такім чынам, на конкурс было пададзена больш за 200 заявак. Да фіналу дайшлі 12 аўтараў.

Выдавецкі дом «Звязда» заўсёды з радасцю прымае новых творцаў. Сёлета наша выдавецтва абрала трох аўтараў, праекты якіх убачаць свет. Гэта Міхась Пазнякоў — падчас абвяшчэння пераможцаў пісьменнік пахваліўся, што кніга прозы «Голас» будзе ў яго ажно 109-й! Надрукуюць гісторыю Марыны Петрашкевіч пра дамавіка Сеню, а таксама кнігу казак Вікторыі Карась.

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» абрала двух пераможцаў. Галіну Пярун з аповесцю «Закаханы скідзень» — у ёй аўтарка распавядае містычную гісторыю кахання падлеткаў. А таксама рукапіс Алесі Прыходзькі «Хлюпік і яго сябар Нюня».

Выдавецтва «Беларусь» вырашыла, што дасць дарогу двум аўтарам. Гэта 15-гадовы Ілья Набздораў з кнігай «Трэйдынг і іншыя цуды», якая навучыць чытачоў зарабляць грошы, не выходзячы з дому, і Наталля Адарчэнка, якая актыўна прасоўвала свае гісторыі праз «Інстаграм».

Выдавецтва «Народная асвета» адзначыла чатырох пераможцаў. Сярод іх Алена Курэк, Вікторыя Пажыток і Ірына Бараўская, якая разам са сваім мужам распрацавала выданне, што дапамагае дзеткам развіваць прасторавае мысленне. А таксама 10-гадовая Вікторыя Смалко, якая ўжо паспела выдаць адну кнігу. Гэтым разам «Народная асвета» дапаможа дзяўчынцы надрукаваць працяг гісторыі пра хлопчыка Пітэра.

Мастацтва кнігі

У межах выстаўкі-кірмашу былі падведзены вынікі нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі», які ладзіцца ў 61 раз. Удзел у спаборніцтве ўзялі 35 выдавецтваў нашай краіны. У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі сфер культуры і мастацтва дзяржаўных устаноў. Узначальваў калегію рэктар Акадэміі мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кандыдат мастацтвазнаўства Міхаіл Баразна.

Падчас урачыстага ўзнагароджання пераможцаў Ігар Бузоўскі адзначыў:

— Я ўдзячны ўсім, хто мае дачыненне да гэтай справы, — за ўзаемадзеянне з нашымі паліграфічнымі прадпрыемствамі, з нашымі выдавецтвамі. Гэта канкурэнтнае асяроддзе, у якім здзяйсняецца пошук формы таго выяўленчага мастацтва, якое ў далейшым павінна прывесці да выдатнага, паўнавартаснага твора. Як удзельнік адбору я скажу, што працэс ацэньвання вельмі складаны — часам мы можам не пагаджацца адзін з адным. Але мы заўсёды падкрэсліваем: названыя пераможцы — гэта чарговая прыступка на шляху ўдасканалення. Вынікі гэтай работы мы сёння і бачым.

Галоўнаму пераможцу конкурсу «Мастацтва кнігі» ўручылі найвышэйшую ўзнагароду — сімвал «Залаты фаліянт» і Ганаровы дыплом імя Францыска Скарыны. Ім стала выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» за кнігу Сяргея Мусіенкі «Гордасць за Беларусь».

Кнігі Выдавецкага дома «Звязда» перамаглі ў некалькіх катэгорыях. Гэта намінацыя «Адзінства» за выданне Уладзіміра Ліхадзедава «17 Верасня. Дзень народнага адзінства». Найвышэйшая ўзнагарода дасталася «Звяздзе» і ў намінацыі «За ўклад і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны» за кнігу «Сустрэчы. Янка Купала». Найлепшым наша выдавецтва стала і ў спецыяльнай намінацыі «Садружнасць» за альбом «Подзвіг савецкага народа бессмяротны».

 

Зборнік твораў Алеся Бадака «Ідэальны чытач» атрымаў дыплом І-й ступені ў намінацыі «Літфармат».

Спецыяльным прызам адзначылі кнігу «Нязломны», прысвечаную жыццю спартсмена-паралімпійца Аляксея Талая. Над выданнем працавала аглядальнік газеты «Звязда» Валерыя Сцяцко.

Выдавецтва «Беларусь» таксама атрымала некалькі перамог — у намінацыі «У люстэрку часу» за кнігу «Гонар маем!», якая прысвечана Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама ў намінацыі «Беларусь памятае» за выданне «Яны былі першымі». Кніга распавядае аб дэпутатах Вярхоўнага Савета БССР першага склікання. Дыпломам найвышэйшай ступені адзначылі выдавецтва і ў катэгорыі «Духоўнасць» — пераможцам стала кніга «Беларускі буквар у нацыянальнай і сусветнай прасторы». І яшчэ адна перамога — у намінацыі «Арт-кніга» за выданне «Літ-арт. Знакі беларускага алфавіта».

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» стала найлепшым у намінацыі «Літфармат», дыпломам вышэйшай ступені адзначылі серыю кніг «Народная бібліятэка».

«Народная асвета» перамагла адразу ў дзвюх намінацыях. Адзначаныя ў намінацыі «Навука і веды» выданні, прысвечаныя расказам аб раслінах і жывёлінах Чырвонай кнігі, а таксама ў намінацыі «Падручнік новага стагоддзя», прызнаныя найлепшымі дапаможнікамі па біялогіі на рускай і беларускай мове для навучэнцаў 11-х класаў.

Найлепшым ілюстратарам кнігі прызналі Лізавету Пастушэнку за яе работы ў кнізе «Жоўты бусел», якая ўбачыла свет у выдавецтве «Народная асвета». А найлепшым дызайнерам стаў Міхаіл Дайлідаў за серыю кніг «Народная бібліятэка» выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Налета міжнародную выстаўку-кірмаш чакае юбілей — форум правядуць у 30-ы раз. Спадзяемся, што кнігавыдаўцы і пісьменнікі прадставяць яшчэ больш якаснай і цікавай літаратуры. Ну а пакуль можна засведчыць: ХХІХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш адпрацавала паспяхова!


«Звяздоўскія» кнігі на выстаўцы-кірмашы

На выстаўцы Выдавецкі дом «Звязда» падзяліўся з наведвальнікамі вынікамі сваёй работы за мінулы год. Былі праведзены прэзентацыі новых выданняў — Кацярына Хадасевіч-Лісавая распавяла маленькім чытачам аб кнізе казак «Сакрэты аднаго каралеўства». Адметна, што аўтар заўсёды стварае невялікае шоу, якое нязменна прыцягвае ўвагу дзяцей. Пісьменніца ператвараецца ў казачных гераінь сваіх твораў — Шахматную каралеву і Белую Паганку. Расказваць аб кнігах дамагаюць і лялькі, створаныя па ўласным заказе Кацярыны Хадасевіч-Лісавой.

Выдавецкі дом «Звязда» аддае вялікую ўвагу менавіта дзіцячай літаратуры — кнігі робяць невялікімі, але з яскравымі малюнкамі, каб дзецям было лягчэй успрымаць інфармацыю. Добры прыклад — новы зборнік вершаў Міхася Пазнякова «Канцэрт», выданне ўпрыгожана работамі мастачкі Дар'і Чарняўскай. Пазнаёміцца з кнігай і аўтарам можна было падчас прэзентацыі, якая адбылася ў межах выстаўкі-кірмашу.

Не забываецца наша выдавецтва і аб аўдыторыі, якая цікавацца мастацтвам. Так, на выстаўку завітаў знакаміты харэограф, народны артыст СССР і Беларусі Валянцін Елізар'еў. Менавіта ён стаў героем новай кнігі «Феномен Валянціна Елізар'ева». Падчас сустрэчы прыхільнікі творчасці балетмайстра атрымалі аўтографы, а таксама даведаліся аб гісторыі стварэння кнігі. На старонках біяграфічнага выдання паўсталі інтэрв'ю з сусветнымі зоркамі балета — Радзівонам Шчэдрыным і Міхаілам Барышнікавым.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.