Вы тут

Колькі будзе каштаваць дзень у беларускім санаторыі летам?


Цана на пуцёўкі ў беларускіх санаторыях застаецца амаль нязменнай у параўнанні з канцом мінулага года, і на першыя месяцы лета больш за палову месцаў у нашых здраўніцах ужо забраніравана. Цікавасць да аздараўлення ў нашай краіне павялічылася, у тым ліку і з боку расіян, літаральна за два апошнія тыдні — яны актыўна цікавяцца пуцёўкамі і прыязджаюць. Чаго чакаць тым, хто збіраецца гэтым летам адпачыць у беларускім санаторыі, расказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Генадзь Балбатоўскі.


Фота: БелТА

Запаўняльнасць павялічваецца

Падводзячы вынікі пачатку гэтага года, ён адзначыў, што сістэма санаторна-курортнага аздараўлення працавала стабільна, і на адпачынак у санаторыях захоўваўся устойлівы попыт. Запаўняльнасць здраўніц павялічылася ў параўнанні з першым кварталам мінулага года і складае каля 70 %.

— Гэта адпавядае рэкамендацыям Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні, накіраваным на тое, каб санаторыі працавалі ў рэжыме санітарна-гігіенічнага дабрабыту. У першым квартале гэтага года былі выяўлены адзінкавыя завозныя выпадкі каранавіруснай інфекцыі пры тым, што сёння запаўняльнасць складае 73 %. Гэта значыць, аднамомантна ў санаторыях знаходзіцца каля 19 тысяч адпачывальнікаў і 15 тысяч работнікаў. Сёння нашы санаторна-курортныя ўстановы з'яўляюцца дастаткова бяспечнымі месцамі знаходжання, — падкрэсліў Генадзь Балбатоўскі.

У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года рэалізацыя пуцёвак сёлета павялічылася на 10 %. На столькі ж вырасла і выручка, якая склала звыш 120 мільёнаў рублёў. На 15 % павялічыўся экспарт паслуг. А колькасць замежнікаў у беларускіх санаторыях павялічылася з 15 тысяч (за першы квартал 2021 года) да 22 тысяч (у другім квартале 2022-га). Выручка ад экспарту паслуг таксама вырасла на 14 % і складае больш за 17 мільёнаў рублёў.

— Сістэма функцыянуе стабільна і выконвае ўсе сацыяльныя праекты і дзяржпраграмы, — адзначыў Генадзь Балбатоўскі.

Пуцёўкі ў лагер — для ўсіх ахвотных

На гэтым тыдні школьнікі пайшлі на вясеннія канікулы, і ўсім ахвотным дадзена магчымасць правесці іх у аздараўленчых лагерах. Каля 61 тысячы юных беларусаў гэтым скарысталіся. Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні выдаткаваў на гэтыя мэты каля 1,5 мільёна рублёў.

А вось летам у лагерах адпачыць плануе каля 350 тысяч школьнікаў. Папярэднія заяўкі з рэгіёнаў прааналізаваны, і попыт будзе задаволены цалкам.

Сярэдняя цана летам — 72 рублі ў дзень

Пуцёўкі на летні перыяд ужо цяпер актыўна прадаюцца. На чэрвень і ліпень, у прыватнасці, забраніравана 50—60 % месцаў. Таму ўсім ахвотным правесці адпачынак у беларускай здраўніцы варта пра гэта падумаць сёння. Тым больш што пакуль пуцёўкі рэалізуюцца па фіксаванай заяўленай цане.

— Ёсць цікавасць і з боку замежнікаў, — заўважае Генадзь Балбатоўскі. — За два апошнія тыдні іх колькасць павялічылася ўдвая. На сёння колькасць замежных грамадзян у нашых санаторыях (а большую частку з іх складаюць расіяне) перавышае 2200 чалавек. Напэўна, паўплывала зняцце каранавірусных абмежаванняў, хоць для аздараўлення іх і не існавала. Аднак, напэўна, для многіх гэта было фактарам стрымлівання.

Сярэдняя цана 1 ложка-дня ў двухмесным нумары складае 69 рублёў. У параўнанні са снежнем 2021 года яна вырасла ўсяго на дзясятыя долі працэнта. Паводле прагнозаў, летам у сувязі з павышаным попытам цана зменіцца на 2-3 % — да 72 рублёў у дзень.

Нагадаем, што шэраг катэгорый грамадзян маюць ільготы на аздараўленне ў беларускіх здраўніцах. Для іх пуцёўка каштуе значна танней. Іх штогод атрымліваюць каля 700—800 тысяч беларусаў. Найперш гэта дзеці (яны маюць права бясплатнага аздараўлення), таксама інваліды 1-2 груп і шэраг іншых катэгорый. Прэтэндаваць на частковую аплату могуць нават працоўныя грамадзяне, якія маюць хранічныя захворванні і адпаведна права на кампенсацыю аздараўлення.

Хто ў топе найлепшых?

Сёння ў Беларусі 15 санаторыяў маюць найвышэйшую катэгорыю, а значыць, найлепшую матэрыяльна-тэхнічную базу і паслугі самай высокай якасці. Па выніках мінулагодняга конкурсу «Пазнай Беларусь», які праводзіла Міністэрства спорту і турызму сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні, найлепшымі санаторыямі сталі «Юнацтва» і «Пліса». А ўлічваючы сацыяльныя складнікі, лідарам па выніках работы ў 2021 годзе прызнаны «Радон». Каля 75 беларускіх здраўніц прапануюць спецыяльныя праграмы і дадатковыя паслугі па аднаўленні пасля каранавіруснай інфекцыі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.