Вы тут

Веснавая прыборка краіны: Азеляненне, уладкаванне падвалаў, капрамонт двароў


Штогод вясной мы пачынаем наводзіць парадак на зямлі: саджаць дрэвы, прыбіраць вуліцы і двары, рамантаваць сметніцы і пляцоўкі. За апошнія пяць гадоў у Беларусі высаджана ўжо больш як 3,7 млн дрэў і кустоў. А з 2019-га ў краіне штогод з'яўляецца не менш як мільён новых саджанцаў. У выніку плошча азелянення ў гарадах павялічылася больш як на тры тысячы гектараў, а ў жылых мікрараёнах — на 475,5 гектара. 118 гарадоў і райцэнтраў ужо дасягнулі патрэбнага ўзроўню азелянення (не менш як 40 % тэрыторыі ў населеных пунктах павінны быць «зялёнымі»). Сёлета ў краіне з'явіцца яшчэ не менш за 360 тысяч дрэў і 114 тысяч кустоў, а з 26 сакавіка да 15 мая стартавала экалагічная акцыя «Дрэва героя», прымеркаваная да Года гістарычнай памяці, падчас якой з'явяцца новыя паркі і алеі.


Сістэмы пітнога водазабеспячэння — пад кантроль

Навядзенне парадку на зямлі — комплекснае пытанне, якое ўключае дзейнасць па добраўпарадкаванні, азеляненні, утрыманні ў чысціні тэрыторый абласцей, раёнаў, гарадоў. Каардынуе прыборку краіны Мінпрыроды сумесна з адпаведнымі ведамствамі.

Згодна з рэспубліканскім планам па навядзенні парадку на зямлі на 2022 год, сёлета запланаваны рамонт і ўладкаванне не менш як 2258 спартыўных і дзіцячых гульнявых пляцовак на прыдамавых тэрыторыях, рамонт 1899 кантэйнерных пляцовак для збору адходаў, а таксама 13 тысяч кантэйнераў. У планах таксама — рамонт вулічна-дарожнай сеткі, уладкаванне, рэканструкцыя і рамонт газонаў; знос пустых і трухлявых дамоў; азеляненне прыдамавых і іншых тэрыторый населеных пунктаў, расказала Кацярына Нясцюк, кансультант упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя:

— У лістападзе 2021-га Мінпрыроды падрыхтавала дапаўненні і змены ў пастанову Саўміна аб навядзенні парадку на зямлі. У выніку тыпавы пералік мерапрыемстваў папоўніўся новымі, якія раней не праводзіліся на тэрыторыі населеных пунктаў. Прынамсі, дадалася задача па падтрыманні ў належным стане нецэнтралізаваных сістэм пітнога водазабеспячэння, якімі карыстаецца каля 1,5 млн чалавек. Праверкі паказалі, што шэраг крыніц мае неналежны тэхнічны стан, а частка закінутыя. Гэта з'яўляецца сур'ёзным фактарам забруджвання грунтавых вод.

Стварэнне адпаведнай інфраструктуры пры ўладкаванні велапарковак — яшчэ адно новае мерапрыемства плана, якое мусіць стымуляваць насельніцтва да змяншэння выкарыстання асабістага аўтатранспарту. Гэта ў сваю чаргу паспрыяе змяншэнню выкідаў у паветра. Больш за 70 % ад усіх шкодных выкідаў у атмасферу прыпадае якраз на долю аўтамашын, дадала прадстаўніца Мінпрыроды.

Летась у выніку выканання рэспубліканскага плана па навядзенні парадку на зямлі было ўладкавана 4624 спартыўныя і дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, высаджана больш за мільён дрэў і кустоў, адрамантавана каля 2900 кантэйнерных пляцовак, устаноўлена і адрамантавана звыш 27 тысяч кантэйнераў, у тым ліку больш як 10 тысяч — для раздзельнага збору адходаў. Адрамантвана таксама больш за 4,5 тысячы м2 вулічна-дарожнай сеткі, рэканструявана 354 гектары газонаў, знесена 4167 пустых і трухлявых дамоў.

Зялёны двор — разам!

Акцыя «Зялёны двор разам!», якая скіравана на тое, каб зрабіць больш утульнымі і прыгожымі двары сталіцы, з 2019 года становіцца ўсё больш папулярнай, сцвярджае Настасся Вараб’ёва, намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні, санітарным утрыманні жыллёвага фонду Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі.

За тры гады ў ёй паўдзельнічалі больш як дзве тысячы чалавек, іх намаганнямі азелянілася больш як тысяча ўчасткаў, высаджана 37 тысяч дрэў і 237 тысяч кустоў.

— Жыхары могуць зайсці на сайт з аднайменнай назвай, зарэгістравацца на ім і выбраць раён горада, дзе б яны хацелі азеляніць мясцовасць і ўнесці прапановы на конт гэтага. Сёлета на сайт ужо паступіла каля 70 заявак.

Спецыяліст нагадала пра нормы, якія дзейнічаюць пры пасадцы раслін і датычацца іх аддаленасці ад падземных камунікацый, аб'ектаў знешняга добраўпарадкавання (пешаходных сцежак і дварлвых праездаў), фасадаў дамоў, якія трэба вытрымліваць. Каб не парушыць нарматывы, жыхарам, якія хочуць пасадзіць дрэва ці куст каля дома, трэба звярнуцца ў адпаведны ЖЭС і ўзгадніць месца пасадкі. Самастойна выдаляць кусты і дрэвы, нават калі яны перашкаджаюць жыхарам, нельга — неабходна таксама звярнуцца да камунальнікаў, якія правядуць абследаванне раслін і прымуць рашэнне адносна іх лёсу.

Ясені на праспектах, елкі ўздоўж кальцавой

Штогод «Мінскзеленбуд» распрацоўвае альбомы па кветкавым афармленні гарадоў, дадатковым азеляненні тэрыторый, планы мерапрыемстваў па абароне раслін і павышэнні жыццяздольнасці пасадак. Напрыканцы мінулага года былі распрацаваны альбомы па дадатковым азеляненні дрэвамі і кустамі, пасадкі ўжо пачаліся. Прадпрыемствы сістэмы «Мінзеленбуд» збіраюцца сёлета высадзіць больш як 10 тысяч дрэў і звыш 55 тысяч кустоў, дадаў Аляксандр Ермаловіч, генеральны дырэктар УП «Мінскзеленбуд»:

— Увесну акцэнт будзе зроблены на Мінскай кальцавой аўтадарозе, з'явяцца новыя кампазіцыі на ўездзе ў горад і больш за 48 тысяч кустоў на транспартных развязках. Высадзім уздоўж МКАД каля пяці тысяч елак, каб дэкаратыўны эфект ад іх быў летам і зімою. Фігурная стрыжка зялёных пасадак у горадзе таксама будзе працягнута.

На праспекце Незалежнасці ў сталіцы з'явяцца 150 ясеняў, яшчэ 400 — на праспекце Пераможцаў, — дадала Кацярына Кароткіна, кіраўнік службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб'ектаў зялёнай гаспадаркі прадпрыемства «Мінскзеленбуд»:

— Падчас месячніка па навядзенні парадку на зямлі «Мінскзеленбуд» плануе высадзіць каля чатырох тысяч дрэў і 43 тысяч кустоў, адрамантаваць і пафарбаваць больш як дзевяць тысяч малых архітэктурных формаў, аднавіць 3,5 гектара газонаў, адрамантаваць больш як тысячу м2 сцяжынак і лесвіц. Пройдзе 70 суботнікаў і 21 акцыя. 600 дрэў, прынамсі, высадзілі на гэтых выхадных.

«Мінскзеленбуд» плануе штогод памяншаць колькасць аднагадовых кветак на 25 %. Калі раней саджалі каля трох мільёнаў аднагадовых, то летась ужо 1,47 мільёна. Замест гэтага высаджваюцца шматгадовых.

Новыя кветнікі з'явяцца на праспетах Пераможцаў і Незалежнасці. Юбілейныя кветнікі створаць да 955-годдзя Мінска, 45-годдзя Першамайскага і Маскоўскага раёнаў сталіцы. Узгадняюцца да выкарыстання новыя вазоны, у якія будуць высаджваць дрэвы, кусты і шматгадовыя кветкі. Напрыканцы красавіка з'явяцца кветкі на плошчы Перамогі і каля Стэлы, вазоны на размежавальных агароджах дарожных палос.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».