Вы тут

«Звязда» пабачыла, як у адной з гомельскіх здраўніц жывуць бежанцы з Украіны


«Гэта цяпер дакладна будзе Год Беларусі!» — даведаўшыся, што да іх у «лагер» прыехала карэспандэнт беларускай газеты, просіць перадаць нізкі паклон нашаму народу Аляксандр. Ён — яхтавы капітан, марак грамадзянскага флоту з Севастопаля. Разам з некалькімі дзесяткамі «братоў і сясцёр» па неспадзяваным баявым хрышчэнні быў эвакуіраваны расійскімі вайскоўцамі з Вышгарадскага раёна Украіны ў Беларусь.


Сустракаю Аляксандра ў фае аднаго з корпусаў гомельскай здраўніцы. Тут асобныя пакоі аддаюць бежанцам з суседняй краіны. Праўда, у самім санаторыі слова «бежанцы» ў адрас гэтых мужчын, жанчын і дзяцей не чуваць, толькі — «нашы госці». У першыя дні расійскай ваеннай аперацыі на Украіне гэта здраўніца прыняла больш за 120 «гасцей». Цяпер тыя, хто вызначыўся з далейшым месцам знаходжання, з'язджаюць. Іншыя працягваюць жыць у санаторыі, пакуль чакаюць аднаўлення дакументаў або рашэння па статусе бежанцаў. Засяляюцца і новенькія. Таму ў фае, дзе корпаюцца людзі з пакункамі-каробкамі, дзіцячымі каляскамі, адчуваецца ўзрушаная атмасфера.

— Пасля выбуху моста праз раку Ірпень, гэта за 20 кіламетрах ад Кіева, жыхары нашага пасёлка Глебаўка Вышгародскага раёна Кіеўскай вобласці сталі заложнікамі сітуацыі. Скончыліся прадукты, не было вады, газу, электрычнасці, — расказвае Аляксандр.

Напярэдадні спецаперацыі ён разам з жонкай прыехаў на яе малую радзіму ў Глебаўку. Хацелі навесці парадак на могілках, падрыхтаваць да вясновага сезона бацькоўскі дом.

— На кіеўскім напрамку адразу адкрылі зялёныя калідоры, і жонка мая, кіяўлянка, з'ехала, а я застаўся, каб дабірацца назад у Севастопаль. Пайшоў на блокпост, да начальніка расійскага гарнізона, які адказвае за гэты раён. Сказалі, будзе збірацца калона. За тыдзень сабралі, і нас у Беларусь прыехалі 35 чалавек, шмат дзяцей. Вельмі добра ў Беларусі прынялі, проста як родных. Вось табе і краіна, якая ў гэтым не ўдзельнічае, якую ўсюды ў Еўропе абзываюць «рэжымам», — выказвае пазіцыю севастопальскі марак на роднай для яго рускай мове.

Аляксандру ўдалося ўзяць білет з Гомеля да Масквы, адтуль — да Севастопаля. Яго кароткі аповед сведчыць: палітычныя рознагалоссі балюча ўдарылі па сям'і:

— Жонка зараз у Львове, збіраецца ў Францыю ці Германію. Нездарма кажуць, што рэвалюцыі і войны праходзяць па сем'ях, і гэта самае страшнае.

Рускі марак асякаецца. Міма праходзіць хударлявая жанчына невялікага росту. Ён прадстаўляе яе з вялікай пашанай у голасе: «Хацелі забіць людзей ці што і трапілі якраз у яе дом. Цудам-цудам выжыла. Гэтая бяда ў нашым сяле ўсіх аб'яднала». Жанчыне з «глебаўскага» зялёнага калідора прыходзіцца тлумачыць, што без камеры, што не буду здымаць і пісаць прозвішча, калі яна не захоча. Толькі калі дакранаюся да рукі, гляджу ў вочы і кажу: «я Наташа», жанчына набліжаеццада майго твару, літаральна шэпча: «Я Оля, из Глебовки. Приехали з русийскими солдатами, с чуловіком и сыном». Яна ледзь не плача. Апранута вельмі проста. Кажа, што працавала санітаркай у шпіталі, яе дом накрыла «градамі». «Ми вижили, не поранені, а сусідку вбило, я тільки встигла іі мертву витягнути», — працягвае па-ўкраінску жыхарка Глебаўкі.

Каб аказаць псіхалагічную дапамогу пасля перажытага, у гэтай гомельскай здраўніцы вядуць прыём два спецыялісты. Па такую дапамогу могуць звярнуцца і супрацоўнікі ўстановы, якія працуюць з украінцамі, дадала намеснік дырэктара здраўніцы Алеся Гарахоўская.

— Яны прыязджаюць у стане шоку. Слухаеш і разам перажываеш усё. Многія сваіх родных забітых паспелі толькі закруціць у анучы, неяк прыкрыць, не змаглі пахаваць, нават развітацца, бо трэба было ратавацца самім, дзяцей ратаваць, — дзеліцца яна.

Алеся Аляксандраўна кажа, што ў корпусе для «гасцей» з Украіны імкнуцца засяляць асобна рускіх і ўкраінцаў. Пытаюся, ці былі канфлікты? Адказвае: «Не».

— Робім так на ўсякі выпадак, таму што людзі ў асноўным у посттраўматычным шоку, невядома, як могуць сябе павесці, — тлумачыць Алеся Гарахоўская і зазначае, што некаторыя госці просяць не чапаць іх увогуле, не звяртацца да іх і не лезці з размовамі і роспытамі.

Намеснік дырэктара карыстаецца магчымасцю правесці экскурсію па корпусе і прасачыць за нясеннем дзяжурства адказным супрацоўнікам на пасту ў фае. Дзяжурства наладжана кругласутачна. Фіксуюцца ўсе заяўкі на медыкаменты, сродкі гігіены, дзіцячае харчаванне. У корпусе асобныя пакоі адведзены пад прадукты, гігіенічныя сродкі, гуманітарную дапамогу і рэчы.

— Аказваюць дапамогу нашым гасцям з Украіны ўстановы аховы здароўя, прадпрыемствы, арганізацыі не толькі з Гомеля, але і з Рэчыцы, Светлагорска, Мінска, — падкрэслівае начальнік аддзела маркетынгу здраўніцы Сяргей Шаршнёў. — Нас пытаюцца, як пералічыць грошы, як дапамагчы. Мы падкрэсліваем, што найлепш аказваць дапамогу, як фінансавую, так і гуманітарную, праз арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа.

Пытаюся, што за веласіпеды стаяць у фае корпуса. Аказалася, гэтыя чатыры «жалезныя кані», на дзіва, без паломак вывезлі сям'ю з дзіцем і іх сябрам з Кіеўская вобласці. 13-гадовая Аніта пацвярджае: гэта яна з бацькамі і іх сябрам Русланам на веласіпедах пераадолела больш чым 200 кіламетраў. Руслан шукае сваю сям'ю, якая засталася ў Чарнігаве. Тры тыдні яго родныя не выходзяць на сувязь.

— Мы будаўнікі. Я з'ехаў з Чарнігава да сябра ў Кіеў: трэба было дапамагчы з заказам па рамонце, — уступае ў гутарку па-руску Руслан. — Калі ўсё гэта пачалося, пешшу падаліся да Міхайлаўкі-Рабяжоўкі, бо там чакалі жонка сябра і яго дачка Аніта. Ішлі 14 гадзін. Калі сталі заканчвацца прадукты, вырашылі, што трэба выбірацца з краіны.

Руслан з сябрамі памянялі ў мясцовых жыхароў ежу на веласіпеды. Ехалі на Беларусь прасёлачнымі дарогамі. Прайшлі каля 30 блокпастоў, каля 25 населеных пунктаў. Начавалі ў вёсках. «Ехаць было страшна, чулі выбухі, часам людзі, калі даведваліся, што мы едзем у Беларусь, выказвалі негатыў. У Бубенцах хацелі пабіць, не далі нам начлегу, прагналі», — кажа Руслан.

Аніта на маё пытанне, ці плакала, прызнаецца: моцна плакала, калі на блокпасту ваенныя забралі тэлефон. «Я зразумела потым, што гэта не самае страшнае», — дзеліцца дзяўчынка. Цяпер Руслан і сям'я Аніты вырашаюць, куды падацца далей. Ёсць варыянты паехаць у Маскву да знаёмых ці прасіць статус бежанцаў, застацца жыць і працаваць у Беларусі.

Дазнаюся пра яшчэ адну сям'ю, якая прыехала на Гомельшчыну на абстралянай машыне з трыма дзяцьмі. Гэта Аляксей і Алёна — маладыя бацькі з вёскі Сукачы, што таксама ў Вышгарадскім раёне Кіеўскай вобласці. На руках у іх — дзве дачкі 11 і сямі гадоў і сын Федзя. Малому год і восем месяцаў, але ўжо адчуў, што такое вайна, упэўнены бацька.

— Калі былі абстрэлы, мы ў свой склеп, а там вада стаіць. Я паспеў паддон закінуць толькі. Мы на адным паддоне прастаялі: нас пяцёра, плюс сяброўка з двума дзецьмі. Восем чалавек, — кажа Аляксей. — Нават Федзя маўчаў, баявыя дзеянні, а ён маўчыць. Дзіця адчувала, што сітуацыя асаблівая. Калі ўжо без дома засталіся, жылі ў чужых падвалах — малы еў тое, што гатавалі. Гэта было дзіўна. Зараз ужо пачаў перабіраць ежу, — кажа бацька. — Калі мы перасеклі вашу граніцу, нам кажуць: «Тут не страляюць, не хвалюйцеся». Жонка заплакала, а да гэтага тры тыдні я ў яе слёз не бачыў. Крый божа такое перажыць!

Сям'я Аляксея больш чым два тыдні чакала арганізаванай эвакуацыі. У іх доме жыць было немагчыма. Звярнуліся да прадстаўніка вясковай адміністрацыі, каб пусцілі ў пакінутыя дамы, ім адмовілі. Начавалі ў суседзяў. Пажылая жанчына не вытрымала шуму ад дзяцей больш за чатыры дні. Папрасіліся да шматдзетнай сям'і: прывезлі ім прадукты і два тыдні жылі ў адной хаце 15 чалавек. Дзеці пачалі хварэць, ежа заканчвалася, эвакуацыя не пачыналася. Сям'я Алены і Аляксея разам з іншымі такімі ж бацькамі — на трох машынах 9 дзяцей і 9 дарослых — даехалі да Беларусі.

У родным сяле, не можа супакоіцца Алёна, пад наглядам суседкі засталіся іх шчаняты. У Алёны — заводчыцы шпіцаў — якраз ашчаніліся сабачкі.

— Я падзяліла вакцыну, якая была, таму што трэба было прышчапіць шчанят, каб хаця б жылі. Прыйшла пад краму, адкрыла каробку, кажу: «Каму шчанё?». Бясплатна раздала, каб толькі выратаваць іх, — расказвае з болем пра пакінутых гадаванцаў Алена па-руску, але калі падыходзім да «прахадной» санаторыя, пераходзіць, па вядомай толькі ёй прычыне, на ўкраінскую.

Сям'я цяпер вырашае, ці застацца ў Беларусі, якая вельмі спадабалася, або падацца да сяброў у Польшчу ці сваякоў у Германію. Алёна і Аляксей моцна перажываюць, бо прыяцель з Украіны паведаміў, што нібыта ўжо складзеныя спісы тых, хто з'ехаў бежанцамі ў Беларусь каб будуць прызнаць іх ворагамі народа.

— Мы пражылі ўсё жыццё ва Украіне і жадаем туды вярнуцца. Я ратаваў сваіх дзяцей, у мяне няма палітычных мэт, я за мір проста, — з роспаччу і надзеяй у голасе кажа шматдзетны бацька з маленькім сынам на руках.

Быццам я змагу перадаць гэта вышэйшым сілам.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».