Вы тут

Качанава: 30-годдзе МПА СНД — знакавая дата ў развіцці парламентарызму


Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ўзяла ўдзел ва ўрачыстым пасяджэнні Савета Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Мерапрыемства, прысвечанае 30-годдзю арганізацыі, прайшло ў Алматы.


Фота: БелТА

«Гэта сапраўды знакавая дата ў развіцці міждзяржаўнага супрацоўніцтва і парламентарызму, — сказала Наталля Качанава. — Да гэтага часу балюча ўспамінаць, як пасля развалу Савецкага Саюза кожная краіна засталася сам-насам з сабой, а мільёны людзей, якія страцілі любімую Радзіму, былі ў стане разгубленасці і адчаю, перажываючы гэтыя падзеі як асабістую трагедыю. Як паказала жыццё, гэта была найбуйнейшая геапалітычная катастрофа XX стагоддзя. Толькі мудрае рашэнне кіраўнікоў былых саюзных рэспублік аб запуску аб'яднальных працэсаў дало нам магчымасць не адарвацца адзін ад аднаго, зберагчы духоўную блізкасць і, самае галоўнае, — пакінуць шанц на будучыню».

Наталля Качанава заўважыла, што Садружнасць Незалежных Дзяржаў і яе парламенцкае вымярэнне — Міжпарламенцкая асамблея — прынялі на сябе важную цывілізацыйную місію: з'яднанне народаў постсавецкай прасторы адзінствам волі, адзінствам думкі і непахісным маральна-палітычным адзінствам. «Адчуваць адзін аднаго не толькі розумам, але і сэрцам — гэта аснова нашага шматграннага доўгатэрміновага супрацоўніцтва. Як справядліва адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь: толькі аб'яднаўшы намаганні і павысіўшы ролю Садружнасці як рэгіянальнага гульца, мы зможам паспяхова процістаяць усім выклікам і пагрозам» — дадала Старшыня Савета Рэспублікі.

Увабраць у сябе ўсё найлепшае

Наталля Качанава звярнула ўвагу, што сёння Міжпарламенцкая асамблея СНД па праве карыстаецца рэпутацыяй аўтарытэтнай міжнароднай платформы, дзе кожная краіна-ўдзельніца можа данесці сваю пазіцыю, і яе голас будзе пачуты. «Адна з ключавых задач Міжпарламенцкай асамблеі — збліжэнне прававых сістэм дзяржаў — удзельніц Садружнасці і стварэнне ўмоў для ўсебаковай інтэграцыі на аснове мадэльных заканадаўчых актаў і рэкамендацый, што прымаюцца. На гэтым этапе адносіны постсавецкіх незалежных дзяржаў патрабуюць агульных і ўзгодненых падыходаў у мэтах умацавання міжнароднай бяспекі і фарміравання прававых асноў агульнай эканамічнай прасторы СНД», — сказала яна.

Наталля Качанава прывяла канкрэтныя прыклады. На сёння прынята каля 600 мадэльных законаў і іншых актаў. Пастаянны маніторынг пацвярджае запатрабаванасць гэтых дакументаў у прававых сістэмах дзяржаў — удзельніц СНД: нормы больш як 70 працэнтаў з іх былі імплементаваны ў заканадаўства краін, а яшчэ каля 10 працэнтаў змяшчае палажэнні, якія супадаюць з нацыянальнымі законамі.

Паводле яе слоў, дзейнасць Міжпарламенцкай асамблеі не абмяжоўваецца заканатворчасцю і пратакольнымі мерапрыемствамі парламенцкіх дэлегацый. Многія ініцыятывы Асамблеі, уключаючы Пецярбургскі эканамічны форум, Неўскі міжнародны экалагічны кангрэс, форум «Дзеці Садружнасці», Еўразійскі жаночы форум, перараслі ў паўнацэнныя інтэрнацыянальныя рухі. Наталля Качанава ўпэўненая: гэта сведчыць аб тым, што патэнцыял арганізацыі ў вырашэнні глабальных праблем чалавецтва выступае сілай, якая кансалідуе і можа пераадольваць любыя існуючыя бар'еры паміж прадстаўнікамі розных рэгіёнаў і кантынентаў.

Адкрываецца новая эпоха магчымасцяў

«Супрацоўніцтва нашых парламенцкіх дэлегацый у МПА СНД можа быць прыкладам для парламентарыяў усяго свету, як выбудоўваць культурны дыялог на прынцыпах узаемнага даверу, павагі і суверэннай роўнасці, чаго так не хапае ў сучасным свеце, які хутка змяняецца», — канстатавала Наталля Качанава.

Асабліва гэта актуальна сёння, у час, калі, па словах Наталлі Качанавай, мы, магчыма, перажываем самае сур'ёзнае спаборніцтва — за адзінства брацкіх народаў. «На жаль, цяпер спробы пасеяць варожасць і нянавісць паміж нашымі краінамі кратна ўзмацняюцца. Нас спрабуюць запалохаць, прымусіць забыць сваё мінулае, адрачыся адзін ад аднаго. Адным словам, падарваць веру ў тое, што мы — народы адной геапалітычнай прасторы і агульнага лёсу», — заявіла яна.

Спікер заўважыла, што ўсіх паасобку спрабуюць вымотваць выпрабаваннямі на трываласць. Прычым далей лягчэй і прасцей не будзе. Таму ў цяперашніх рэаліях Міжпарламенцкая асамблея набывае асаблівыя ролю, статус і значэнне. «Нам ёсць за што змагацца. Многае ўжо зроблена, але яшчэ больш трэба зрабіць. Для ўсіх нас адкрываецца новая эпоха магчымасцяў. Перакананая, што мы і надалей будзем прымаць разумныя, сапраўды важныя і патрэбныя нашым народам рашэнні, а кожная краіна-ўдзельніца — самы актыўны і непасрэдны ўдзел у іх рэалізацыі на карысць агульнага развіцця і росквіту. Разам мы зробім усё магчымае, каб адрадзіць дух згоды не толькі на прасторы Садружнасці Незалежных Дзяржаў, але і ва ўсім свеце. Гэта ў нашых сілах», — канстатавала Наталля Качанава.

Яна падкрэсліла, што ўклад Міжпарламенцкай асамблеі ў развіццё інтэграцыйнага ўзаемадзеяння — гэта, несумненна, агульны здабытак суверэнных дзяржаў — удзельніц Садружнасці. Старшыня Савета Рэспублікі выказала ўпэўненасць, што юбілейнае пасяджэнне МПА СНД дасць магчымасць намеціць новыя стратэгічныя напрамкі міжпарламенцкага супрацоўніцтва, а таксама паслужыць далейшаму ўмацаванню аўтарытэту арганізацыі. «І ў завяршэнне ад імя парламенцкай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь хачу сказаць: мы — разам. Дружба і братэрства нашых народаў вытрымаюць любыя самыя суровыя выпрабаванні», — дадала яна.

Наталля Качанава таксама абвясціла прывітанне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам пасяджэння Савета Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД да 30-годдзя асамблеі ў Алматы.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».