Вы тут

Такое жыццё


Пасля выхаду на пенсію Таісія Казіміраўна пераехала да дзяцей у абласны цэнтр. А так цэлае жыццё адпрацавала ў маленькай раённай бальніцы. Мы сустрэліся з ёй выпадкова, і ледзьве пазналі адна адну. Яно і вядома: больш за дваццаць гадоў прайшло, трэба думаць, не памаладзелі.


Пазнаёміліся мы даўно, недзе ў пачатку 1990-х, калі я прыехала пісаць пра іх лячэбную ўстанову да прафесійнага свята, а яна папрасіла замест гэтага напісаць пра яе сельскую настаўніцу, чалавека вельмі няпростага лёсу. Але тую гераіню згадаю крыху пазней.

Было вельмі цікава пагаварыць з былой сельскай доктаркай, чалавекам па характары вясёлым і пазітыўным. Яна сказала, што сумуе па рабоце, хоць тады часам даводзілася вельмі цяжка: вечна на паўтары стаўкі, каб сям'ю пракарміць, дзяцей вывучыць. Дзяжурстваў начных хапала. А перад вачыма кожны дзень: то камедыя, то трагедыя. Ну, як у жыцці. «Неяк ці не на адным тыдні ў маім аддзяленні два выпадкі адбыліся, з-за якіх мне галоўны ўрач вымову ўляпіў, — згадала доктарка. — Жанчына ў нас памірала. І галоўнае, выратаваць можна было б, калі б яна своечасова звярнулася. Калі ўшчуваць стала за адносіны да сябе, распытваць яе, валасы дуба сталі. Аказалася, яна баялася прызнацца, што нездаровіцца. Бо муж усё жыццё вінаваціў у гультайстве, сачыў, каб не адпачыла лішні раз, не прылегла. Вось і цярпела да апошняга. А калі ўжо нам, медыкам, стала ясна, што прагноз нядобры, ён неяк з'явіўся і, уяўляеце, пытае ў мяне, ці праўда ёй так дрэнна, або яна прыкідваецца. Ну, я не стрывала, слоў не выбіраючы, выпхала ў каршэнь з кабінета. Ён, вядома, скардзіцца пабег, нагаварыў галоўнаму немаведама што.

А ў суседнюю палату мужчыну паклалі з падазрэннем на інфаркт, на шчасце, аказаўся не пашыраны, а мікра-. Жанчына нейкая адразу прыбегла. Калі спыталі, хто, адказала, што жонка. Я, вядома, пусціла. Праз колькі мінут прыбегла другая і на правах законнай жонкі, нават не пытаючыся, паляцела проста ў палату. Карацей, пабіліся кабеты. А мяне зноў абвінавацілі, што не забяспечыла, не прадугледзела, не прадухіліла.

Такіх гісторый, ды не такіх, поўны мех — праўда, нешта забывацца стала. Дачка некалі жартам казала, што каб запісвала, магла б кнігу выдаць. Ды хіба варта пісаць пра гэта? Вось пра такіх людзей, як Ніна Андрэеўна, варта».

Пра Ніну Андрэеўну па падказцы Таісіі Казіміраўны аўтар гэтых радкоў пісала 28 гадоў таму. На ўласнае здзіўленне, знайшла той матэрыял, выразку з абласной газеты. Пастараюся пераказаць у двух словах. Ніна Андрэеўна адпрацавала настаўніцай гісторыі ў вясковай школе 34 гады. Рана засталася без бацькоў, выхоўвалася ў інтэрнаце. У студэнцкія гады жыла на стыпендыю. Як прыехала па размеркаванні, так і засталася тут. Усё жыццё — на прыватных кватэрах. Толькі гадоў за 10 да выхаду на пенсію далі пакой у памяшканні школьнага інтэрната на паддашку, куды вяла крутая лесвіца. Ваду даводзілася насіць з першага паверха, ежу гатаваць на электраплітцы. Мыць бялізну хадзіла ў калгасную пральню. І галоўнае, яна ні на што не скардзілася, жыла на мізэрную ў той час пенсію. Вось цытата з тэксту: «Па ўсёй былой краіне яе вучні. А ў вёсцы некалькі пакаленняў у яе вучылася. Усе свае сілы і веды яна аддала справе выхавання калгаснікаў, а цяпер толькі ў якасці гледача можа заходзіць, напрыклад, у калгасную краму. Там адны яе вучні купляюць цукар утрая танней за дзяржцану, іншыя прадаюць. Яна плаціць у калгаснай пральні па поўным тарыфе, а не па льготным. Яна — ж не калгасніца... Хіба прыходзіла ў галаву каму-небудзь са спецыялістаў ці кіраўнікоў гэтага калгаса, ды і іншых па ўсёй краіне, лічыць веды капіталам?» Адказ быў відавочны.

Скажу адразу, што праз некаторы час Ніну Андрэеўну накіравалі ў інтэрнат для ветэранаў. А тады жанчына спалохалася, што да яе прыехаў карэспандэнт, некалькі разоў падкрэслівала, што яна ні на што не скардзіцца. Пра свой даўні матэрыял я, вядома, забылася, а вось яе, гераіню, памятаю. Часта згадваю, калі даводзіцца бываць на прамых лініях, прыёмах грамадзян, калі некаторыя наведвальнікі просяць і патрабуюць даволі настойліва. Гадоў восем таму ветэран вайны звярнуўся да губернатара з просьбай выдзеліць яму асобную кватэру. Высветлілася, што сваю жылплошчу ён перапісаў на сына і застаўся, можна сказаць, без квадратных метраў. Дапамаглі дзядулю. Знайшлі выйсце.

На прыёмах наогул бываюць ледзь не анекдатычныя сітуацыі. Скажам, у Пружанах да высокага сталічнага чыноўніка прыйшла жанчына і стала жаліцца на суседку па ўчастку. З аповеду выходзіла, што суседка тая ну чыстая ведзьма, такія брыдоты робіць, каб сапсаваць жыццё гэтай няшчаснай, столькі фантазіі і цемрашальства прыкладвае, што шкада становіцца Аж пакуль праз паўгадзіны наступная заяўніца не пачала казаць тое ж самае, адзін к аднаму, але пра сваю суседку. Вы здагадаліся, гэта быў другі бок канфлікту. І трагедыя на нашых вачах стала ператварацца крыху ў іншы жанр. Ну, як у жыцці.

... Напісала гэтыя радкі, а потым прачытала рэпартаж Наталлі Капрыленкі пра людзей, якія суткамі стаялі ў склепе, уцякалі ад куль і бамбёжак, не паспявалі пахаваць блізкіх... І становіцца ясна, што ўсё наогул у жыцці мае сэнс альбо значэнне, калі над галавой ціха. Калі ёсць жыццё: такое ці іншае.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.