Вы тут

Як Беларусь стала адным з лідараў па тэмпах зніжэння захваральнасці на туберкулёз


Нягледзячы на істотныя поспехі ў лячэнні, туберкулёз застаецца сацыяльна значнай хваробай. У Еўропе кожныя тры хвіліны адзін чалавек на яго захворвае, а кожныя 25 хвілін адзін еўрапеец ад гэтай інфекцыі памірае. Прычым у краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, у тым ліку і ў Беларусі, захваральнасць у пяць разоў вышэйшая, чым у ЕС. Аднак пры гэтым наша краіна дэманструе істотныя дасягненні ў барацьбе з туберкулёзам. Як дзякуючы інавацыйным метадам лячэння Беларусь стала лідарам па тэмпах зніжэння захваральнасці і смяротнасці, а таксама што ўплывае на рызыку захварэць на гэту інфекцыю, расказалі спецыялісты.


Пандэмія знізіла выяўляльнасць

У 2020 годзе ў Еўрапейскім рэгіёне на туберкулёз захварэла 231 тысяча чалавек, 21 тысяча пацыентаў памерлі ад гэтай хваробы, паведаміў каардынатар праграм СААЗ па інфекцыйных захворваннях краінавага офіса Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Вячаслаў Гранькоў.

— Гэтыя смерці выклікаюць неспакой, бо пры своечасовым і якасным падыходзе туберкулёз з'яўляецца захворваннем, якое можна і папярэдзіць, і вылечыць, — адзначыў прадстаўнік СААЗ.

З 53 еўрапейскіх краін 82 % усіх выпадкаў прыпадае на 18 краін пераважна Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, у тым ліку і Беларусь. У цэлым жа самымі паспяховымі ў змаганні з туберкулёзам у свеце лічацца краіны Паўночнай Амерыкі і Заходняй Еўропы. Узровень захваральнасці там крайне нізкі. Тым часам Беларусь стала адным з лідараў у свеце па тэмпах зніжэння захваральнасці і смяротнасці.

Пандэмія COVІD-19 у свеце паўплывала і на выяўленне туберкулёзу. Колькасць людзей з упершыню пастаўленым дыягназам у апошнія два гады скарацілася на 18 % у свеце, а ў Еўропе — на 24 %. У сувязі з гэтым СААЗ падтрымлівае правядзенне ў нашай краіне даследавання, якое мусіць выявіць, наколькі часта туберкулёз сустракаецца ў людзей, шпіталізаваных з COVІD-19 (папярэднія яго вынікі паказалі, што ў 2,6 % людзей). Пры гэтым спецыялісты адзначаюць, што каранавірусная інфекцыя глабальнага ўплыву на ход туберкулёзу не аказвае.

У 2020 годзе ў Еўропе ўпершыню павялічылася колькасць смерцяў ад туберкулёзу, да гэтага яна нязменна зніжалася.

— На туберкулёз у першую чаргу хварэюць людзі працаздольнага ўзросту. Каля 43 % сярод інфікаваных — узроставая група 25—44 гадоў. Гэта найбольш сацыяльна актыўныя людзі, якія маглі б прыносіць карысць грамадству, сям'і, дзяржаве, — падкрэслівае Вячаслаў Гранькоў.

Латэнтная форма — у чвэрці насельніцтва планеты

Вялікая праблема туберкулёзу — яго форма з множнай лекавай устойлівасцю, якую нельга вылечыць звыклымі антыбіётыкамі і патрабуецца камбінацыя найноўшых прэпаратаў. Кожны чацвёрты з захварэлых у Еўропе мае менавіта такую форму, а ў Беларусі — увогуле кожны трэці. Лячэнне ў такім выпадку больш складанае і доўгае, а яго эфектыўнасць — 56 %. Беларусь, дарэчы, мае куды больш адметныя вынікі ў лячэнні мультырэзістэнтнага туберкулёзу: у нашай краіне эфектыўнасць складае 86,4 %.

— Гэта ў тым ліку дзякуючы і таму, што наша процітуберкулёзная служба выконвае ўсе рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя як па дыягностыцы туберкулёзу, выкарыстанні хуткіх малекулярных тэстаў, так і ў плане лячэння, — заўважыў Вячаслаў Гранькоў. — Яшчэ пяць-шэсць гадоў таму ахоп новымі прэпаратамі быў нізкі — 10—30 % з тых, хто меў патрэбу. На сёння краіна забяспечвае ўсіх пацыентаў. Канешне, усё гэта стварае ўмовы, каб хутка выявіць хваробу, паставіць дыягназ і эфектыўна пралячыць. У гэтай сувязі варта адзначыць ролю беларускай процітуберкулёзнай службы ў распрацоўцы новых метадаў лячэння. Мы не проста ўкараняем рэкамендацыі СААЗ, але і ўдзельнічаем у распрацоўцы новых рэкамендацый. На нашых базах беларускія фтызіятры ўдзельнічаюць у рэгіянальным еўрапейскім даследаванні па ўкараненні скарочаных безын'екцыйных рэжымаў лячэння мультырэзістэнтнага туберкулёзу.

Фактарамі рызыкі для ўзнікнення туберкулёзу з'яўляюцца цукровы дыябет, курэнне, злоўжыванне алкаголем, ВІЧ-інфекцыя, якасць харчавання, скучаныя ўмовы пражывання — цэлы шэраг умоў, змяніўшы якія можна зменшыць пагрозу ўзнікнення гэтай хваробы. Яшчэ адзін важны кірунак у прадухіленні інфекцыі — прафілактычнае лячэнне туберкулёзу.

— Рэч у тым, што латэнтная форма туберкулёзу прысутнічае ў чвэрці насельніцтва планеты. Гэтыя людзі маюць мікабактэрыю туберкулёзу, якая не прыводзіць да захворвання ў актыўнай форме, але дрэмле ў арганізме і ў 10 % выпадкаў можа актывавацца, асабліва ў людзей з імунадэфіцытам. У такіх выпадках мы рэкамендуем абавязковае прафілактычнае лячэнне туберкулёзу. Мы імкнёмся, каб рэжымы лячэння ў пацыентаў з латэнтнымі формамі як мага лягчэй пераносіліся і былі максімальна эфектыўныя.

Пацыентаарыентаваны падыход

Падводзячы вынікі мінулага года, дырэктар РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі Генадзь Гурэвіч адзначыў, што два апошнія гады медыкі працавалі ва ўмовах пандэміі. Каля 41 % ложкаў РНПЦ было перапрафілявана для лячэння COVІD-інфекцыі, што і адбілася на выяўленні туберкулёзу. Захваральнасць у 2021 годзе склала 16 на 100 тысяч насельніцтва. Гэта на 1,8 % ніжэй, чым у 2020 годзе, і на 32 % менш, чым у 2019-м. Такое зніжэнне выяўлення ў сувязі з пандэміяй назіраецца і ў іншых краінах. Спецыялісты звязваюць гэта і са змяншэннем абследавання груп высокай рызыкі, але да такой практыкі вернуцца ў найбліжэйшы час.

На пачатак года ў процітуберкулёзных арганізацыях краіны на ўліку знаходзілася 1769 пацыентаў, у тым ліку 1069 з мультырэзістэнтным туберкулёзам. Летась з такой формай выяўлена 665 чалавек. Удзельная вага мультырэзістэнтнага туберкулёза складае 37 % сярод упершыню выяўленых выпадкаў і 63 % сярод паўторна пралечаных.

У стацыянарах краіны для пацыентаў з туберкулёзам прадугледжана 1965 ложкаў. Адбываецца іх паступовае змяншэнне (за мінулы год на 12,7 %) па прычыне скарачэння тэрмінаў лячэння ў бальніцах і пераводу такіх хворых на амбулаторнае назіранне. Увогуле, як адзначае Генадзь Гурэвіч, у лячэнні цяпер прысутнічаюць усе кампаненты пацыентаарыентаванай мадэлі, уключаючы падтрымку пацыентаў, матываванне персаналу, відэакантраляванае лячэнне (калі пацыент бясплатна атрымлівае смартфон і з яго дапамогай здымае і дасылае медработніку відэа прыёму лекаў). Апошняе, дарэчы, адносіцца да інавацыйных метадаў лячэння, яго выкарыстоўвае ўсё больш пацыентаў, і эфектыўнасць у гэтай групе складае больш за 90%.

Нядаўна на базе РНПЦ быў адкрыты цэнтр камарбіднай паталогіі, дзе дапамагаюць хворым на туберкулёз са спадарожнымі хваробамі — ВІЧ, гепатытамі, алкагольнай залежнасцю. Такія пацыенты цяпер маюць магчымасць атрымаць комплекснае лячэнне ў адным месцы. Тут жа праходзяць лячэнне і людзі з латэнтнай формай туберкулёзу. Дарэчы, на прымусовым лячэнні летась знаходзіўся ўсяго 121 чалавек.

— Гэта значыць, што працавалі іншыя станоўчыя стымулы для ўцягнення пацыента ў процітуберкулёзнае лячэнне, — падкрэслівае Генадзь Гурэвіч. — У цэлым удалося рэалізаваць мэтавыя ўстаноўкі 2021 года і выканаць задачы па эфектыўнасці лячэння.

Новыя прэпараты і скарочаныя тэрміны

Дырэктар РНПЦ адзначае, што цяпер у лячэнні туберкулёзу прымяняюцца пераважна інавацыйныя метады. Найперш гэта выкарыстанне новых лекавых сродкаў. Іх з 2016 года атрымалі амаль чатыры тысячы пацыентаў, і эфектыўнасць такога лячэння складае 78 %. Амаль 800 чалавек прайшлі пераральныя безын'екцыйныя курсы лячэння, ім удалося скараціць працягласць лячэння з 2 гадоў да 11,5 месяца, а эфектыўнасць склала 89 %.

— Адным з інавацыйных кірункаў з'яўляецца ўкараненне скарочаных рэжымаў лячэння, — дадае Вячаслаў Гранькоў. — Традыцыйнае лячэнне займае два гады. А гэта прыём камбінацыі цяжкіх антыбіётыкаў. Уявіце, калі нам доктар прызначае курс антыбіётыка на дзесяць дзён, мы часам не можам вытрымаць, а тут два гады — гэта найскладанейшы для пацыента час. Таму высвятляецца эфектыўнасць больш кароткіх тэрмінаў з прымяненнем новых прэпаратаў.

У Беларусі працягваюцца клінічныя выпрабаванні такіх новых прэпаратаў, як бедаквілін і прэтаманід. З імі працягласць лячэння складае ўсяго шэсць месяцаў. Яго прайшлі больш за 100 чалавек, а эфектыўнасць склала 84 %.

Даследуецца і эфектыўнасць скарочаных курсаў (тры месяцы замест шасці) прафілактычнага лячэння.

— Да нядаўняга часу на працягу 40 гадоў не было вынайдзена ніводнага процітуберкулёзнага прэпарату. І дапамагчы пацыенту з рэзістэнтнай формай, калі мікабактэрыя ўстойлівая да звыклых антыбіётыкаў, было немагчыма. Цяпер наша задача — каб новыя прэпараты максімальны час заставаліся эфектыўнымі, — кажа Вячаслаў Гранькоў.

Як засцерагчы сябе ад туберкулёзу?

Найперш весці здаровы спосаб жыцця і займацца прафілактыкай тых хвароб, якія павялічваюць рызыку захварэць на туберкулёз. У прыватнасці, не злоўжываць курэннем і алкаголем. Тым, хто мае ВІЧ-інфекцыю, варта прытрымлівацца антырэтравіруснай тэрапіі. З цукровым дыябетам важна прымаць прызначаныя ўрачом прэпараты і кантраляваць узровень цукру.

Неабходна звяртаць увагу на здароўе — сваё і навакольных. Калі непакоіць працяглы, больш за два тыдні, кашаль, павышаная тэмпература, потааддзяленне, варта звяртацца да ўрача для ранняй дыягностыкі. У нашай краіне даступныя ўсе сучасныя сродкі і метады дыягностыкі, у тым ліку хуткая малекулярная дыягностыка.

У радзільным доме ўсё немаўляты ў першыя дні жыцця атрымліваюць прышчэпку БЦЖ. Яна не ўплывае на захваральнасць у дарослым узросце, аднак зніжае рызыку імклівых форм і туберкулёзнага менінгіту ў дзяцей. Таму бацькам не пажадана адмаўляцца ад гэтай прышчэпкі.

Калі вы ў групе рызыкі, не адмаўляйцеся ад прызначаных урачом абследаванняў, у прыватнасці флюараграфічнага. Калі ўрач рэкамендуе прайсці прафілактычнае лячэнне, таксама пастаўцеся да гэтага з усёй сур'ёзнасцю, бо ў пацыентаў з групы рызыкі туберкулёз з латэнтнай можа пераходзіць у актыўную форму.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.