Вы тут

«Яшчэ пару год назад быў у Мар'і заасад...»,


Замест эпіграфа:

...«Звязду» выпісваю заўсёды,

Прывык з паштовай скрынкі браць.

Яна — штодзённаю нагодай

На роднай мове пачытаць

Аб тым, што дзеецца на свеце...

Перажываю — з-за ўсяго...

Ці не загіне ў газеце

Любімы конкурс «Хто каго?»

Іван Астроўскі, г. Мінск

...Людзі праўду кажуць: адзін крок, не больш, ад любові да — мякка кажучы — яе адсутнасці, ад здароўя да хваробы, ад жыцця...

Не будзем працягваць (ва ўсякім разе, тут і цяпер). У адваротным напрамку «шлях» таксама пракладваць не будзем, бо яго, здараецца, проста няма. Заўважым хіба, як шмат апошнім часам змянілася, прычым настолькі, што новы агляд лістоў можна пачаць... з канца.

Такім чынам на папярэднім конкурсным здымку (гл. «Звязда» 25.01. 22) быў агромісты кузаў новага МАЗа, побач з ім — хай невялікі, але ж натоўп (магчыма, турыстаў), аднаго з якіх загнала ўверх — на кола машыны.


 

Які нячысцік тое зрабіў і з якою мэтай, — здагадак (яны ж — подпісы да здымка) было ў пошце нямала. Што, можа, цікава, асобных з аўтараў ці не зрок падвёў: «слана» (то-бок верхалаза) яны не заўважылі — на тым, пазамінулым, здымку. Не зразумелі, на жаль, і хто на мінулым. Добра, што спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў размову дзяцей падслухаў:

Таня кажа: «Тут авечка...

Дзед іх пасвіў каля рэчкі».

— Не і не! — прызнаў

Сярога. —

Тут казёл — глядзі на рогі!

— Барады няма... Баран. —

Думку выказаў Раман.

Хай «Звязда» рассудзіць

 спрэчку:

Тут баран? Казёл? Авечка?

Усё заблытана, але...


«Новы конкурсны здымак, — піша спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавіч, — мы разглядалі разам з сяброўкай, і яна ўспомніла, што некалі ў модзе былі вучэбна-вытворчыя камбінаты, што яны давалі дзецям азы нескладаных прафесій... Адна дзяўчынка, напрыклад, вучылася там на даярку... Разоў колькі ўжо на заняткі з'ездзіла — малодшы брат і цікавіцца: «Ну як? Ты пазнаёмілася з каровай?». Тое ж самае мы ўбачылі на здымку:

На падворак госцік ломіцца

Ў кучаравенькім манто.

Рожкі — супер!

— Пазнаёмімся?

Я — Маруся, а ты — хто?»

Гэта — пакуль — загадка, бо (з тога ж канверта):

Свет жывёл такі

стракаты...

Шмат мы ведаем рагатых:

Навіна ў грамадзе:

Бараном — казёл ідзе.

Клікаць як? Ды невядома:

Не паказваў ён дыплома.


Хоць, напэўна ж, мог, бо (на твары напісана — спадар Сабалеўскі з Узды прачытаў):

Ён з дыпломам,

ён з мандатам,

Непрыступны і сярдзіты,

Сам рагаты, барадаты —

Нібы з золата адліты.

Як васпана даглядаюць

(Нагуляў на пядзю здор)...

За ўсё гэта — не пушчае

П'янчукоў да бабы ў двор.


Трэба разумець, ахоўнікам працуе (ці падпрацоўвае?). І ў багатай, працавітай жанчыны, думкі якой прачытала спадарыня Аляхновіч са Слуцка:

«Як жа добра, што вясна! —

Цешыцца Адарка. —

Не глядзіце, што адна, —

Маю гаспадарку:

Куры, гусі, важны кот

І каза Маруся...

Нехта ломіцца ў плот?

Хто, — не разбяруся?

І гэта — заўважце — пра Адарку, вяскоўку, гаспадыню... Што тады пра іншых казаць?


Чыстую праўду (з падачы спадарыні Гудачковай):

Йшла кабета звычным

шляхам.

Раптам...

Хто ж?

Страшны такі!

Ёй з такога пераляку

Не адкінуць бы канькі!

З правілаў жыцця: цалуй — павольна, уцякай і прабачай — хутка, рондаль ад грэчкі мый адразу... І анекдот: жыццё чалавека дзеліцца на перыяды. У першым ён баіцца монстра, што жыве пад ложкам, потым — не, нават ніколечкі: няхай жыве, нават на (?!) ложку, абы за «камуналку» плаціў...


У запісе спадара Сабалеўскага — маналог (трэба разумець, адной з плацельшчыц):

...Што каханне —

штука злая,

Вечна кажуць у народзе.

Напаткала вось казла я

(Бач, былі бародкі

ў модзе)...

Колькі год ужо цалую

Не найлепшую з істот.

Ды змірылася, цярплю я,

Бо не выганіш за плот...

Іншымі словамі, усё паводле анекдота: ён есць — я гатую, ён носіць — я мыю, ён раскідвае — я збіраю... І што б я без яго рабіла?


Малюнак з натуры ад спадара Мікалая Камароўскага з Оршы...

Зрэшты, не: спачатку — пытанне на засыпку:

Не было раней такога:

Вёска —

вымерла ці спіць?..

Застаецца хоць з казою

Цераз плот пагаманіць.

Пра што? Ну, вядома ж — пра жыццё-быццё, пра жаночае, набалелае:

— Як жывеш, суседка Аза?

— Ды пра што тут

гаварыць?

— Мой казліна спіць,

зараза...

— Мой гультай таксама

 спіць.

Карацей — абое рабое, як той казаў. І можа, за шчасце яшчэ, што спяць дома (праверана: калі мужчына перастае штодзень галіцца, мяняць шкарпэткі, прасіць прабачэння, казаць кампліменты і дарыць кветкі, — супакойся, ён твой).

Не ўсім на гэта пашчасціць...


З таго самага канверта, ад спадара Камароўскага, дыялог мо тых самых «суседак»:

— Што ў сяле чуваць з навінаў?

Калі ласка, раскажы.

— Не паверыш,

мой казліна,

Да другой пайшоў казы.

— Мой не лепшая скаціна —

Хоць стары, а ў бруд ізноў:

Прыжаніўся, кабяліна!

Маладзейшую знайшоў!

(З дыялогаў мужчын: «У выхадныя з'ездзіў з дачкой у вёску, паказаў дзіцяці казла». — «А гэта навошта?» — «Ды каб ведала, як ён выглядае, а то ўсё са слоў маці...»

З дыялогаў жанчын: «Да вяселля мой муж быў самым цудоўным хлопцам на свеце!» — «І не кажы! Майго таксама ў загсе падмянілі!»

...Зрэшты, вернемся да нашых бараноў... Казлоў... Ці ўсё ж такі авечак?


Вось якраз да іх і сапраўды трэ было б (прычым — не толькі на паперы), бо авечкі, на думку спадарыні Любові Чыгрынавай, відаць, найлепшая скацінка: спакойныя, чыстыя, непатрабавальныя. І пры гэтым на многае здольныя. Ва ўсякім разе, яны могуць і адзяваць нас (у натуральнае — цёплае), і абуваць — у такое ж, і карміць, і нават лячыць... Таму цалкам лагічна, што

Заказаў адзін сусед

Барана праз інтэрнэт,

Каб здаваць таго

ў «арэнду»,

Каб зажыць пасля

на рэнту...

Але ж марам яго «швах»:

Бізнес лопнуў на вачах.

Не датумкаў чалавеча,

Што ніводнай тут

авечкі...


Пра тую ж бяду і радкі ад спадара Валерыя Гаўрыша:

Ў цёткі Насты ёсць баран

Па мянушцы Атаман.

Пахаваўшы свайго дзеда,

Наста з ім вядзе «бяседы»:

Ён і чуе, й разумее...

Ды сказаць хіба не ўмее:

Без атары? Атаман?

Не жыццё — адзін падман.


Але ж ён, паводле спадарыні Соф'і Атрохавай са Случчыны, можа скончыцца — па-першае — дабром, па-другое — хутка:

Як заўсёды, рана ранкам

Аглядае жыўнасць Ганка.

Сёння ж — мае навіну,

Можа, нават не адну,

Бо з суседняга падворка

Удавец зайшоў, Ягорка.

Мовіў: «Досыць нам тужыць,

Можа, разам будзем жыць?

Удваіх, па-чалавечы...»

Прывядзе ён і авечак.


Даўно б так! Глядзіш — не ўзнікла б падстаў для сумнага (ад спадара Сабалеўскага):

На ўсю вёску засталіся

Толькі мы з табой, сяброўка.

А былі ж, былі калісьці

Школа, ферма

і сталоўка...


Цяпер — трэба разумець — няма? І, на думку спадарыні Чыгрынавай, не толькі іх:

Яшчэ пару год назад

Быў у Мар'і заасад (!),

Паглядзець таго звяр'я

Людзі ехалі здаля.

Забяспечвалі прыбытак,

Пагашаліся крэдыты...

Ад кавіду усё гора:

Ў «заасадзе» толькі Бора.

Трэба разумець — баран ці...

Козліка бабця вельмі

любіла,

Козліка бражкаю часта

паіла...

Вырас казёл... З казою

здружыўся:

Хутка мутант у яе

нарадзіўся.

Да бабкі прыйшоў

і глядзіць-дакарае:

Ну што ж ты зрабіла,

дурніца старая?

...Падобнае нешта здараецца й з намі,

Як добрую справу, ды зробім «па п'яні».


Да такой несуцяшальнай высновы прыйшоў спадар Мікалай Старых з Гомеля.

Ненашмат весялейшыя назіранні і ў спадарыні Таццяны Новік з Клецка. «Подпісы да апошняга здымка склаліся ў мяне адразу, але ж запісала іх ды забылася, — прызнаецца жанчына. — А потым падумала: мо і праўда ў газету паслаць? Спатрэбяцца дык спатрэбяцца, а не, — дык без крыўдаў: я для звілін размінку зрабіла, радню пасмяшыла і досыць».

Не варта спыняцца на дасягнутым: дзяліцца трэба — дэфіцытнымі па сённяшнім часе думкамі, усмешкамі, успамінамі. Ну згадзіцеся (са спадарыняй Новік):

У часы перабудовы

У людзей былі каровы:

Мяса, масла, сырадой —

Малако ішло ракой...

Ды цяпер няма і блізка,

Доім — хіба Васіліску.

Малака дае нямнога,

Але ж цётцы ўсё падмога.

З тога ж канверта, ад спадарыні Новік:

Шчасце — козачку даіць!

Шчасце — з ёй пагаманіць:

Пра бяду, як ёсць, раскажаш, —

Ад душы, глядзіш,

адляжа...

Вельмі слаўная каза:

Супраць? Не!

Заўсёды «за».


А значыць, трэба іх разводзіць, трэба шкадаваць ці не ўсіх, хто ніколі не меў такіх кармільцаў і суразмоўцаў. Спадар Іван Астроўскі з Мінска, напрыклад, вельмі шкадуе:

Калі б мне, малому,

«звер» такі папаўся,

Я б на ім, браточкі,

добра пакатаўся!

Выбіраў бы з дужых —

век такія біліся,

І гайсаў бы верхам —

покуль не скарыліся...

Малому —

незнаёмы страх,

Але ж не ездзіў на казлах:

Тады быў іншы трохі час:

Коз — не трымаў ніхто ў нас.

Казлоў, вядомых сваёй ваяўнічасцю ды ўпартасцю, — атрымліваецца — таксама?

(З назіранняў: на вуліцы ледзь не бойка ідзе. Толькі і чуваць: «Ты казёл!» — «Ад казла тое чую!»... Нейкі дзед, праходзячы міма: «Хлопцы, вы ж, відаць, радня, сваякі? Дык навошта вам гэтая грызня?!» З заўваг (ці не ад такога ж мудрага дзеда: усе разумныя дружаць між сабой, усе дурныя сварацца).


І нарэшце — завяршальныя акорды ад спадара Мікалая Касмачэўскага з Наваполацка:

Мы у горадзе жывём,

Хлеб ядзім, кефірчык п'ём...

Ды ўсяго адна загана:

Блытаем казла з баранам.

«Звязда» падраджалася разабрацца? Тады шчырыя прабачэнні ўсім баранам: як падказвае дасведчаны інтэрнэт, на здымку ўсё ж... казёл (падобна — прыдонскай пуховай пароды). Хто пра іх абодвух напісаў найлепшыя радкі, пакажа час. А пакуль — з падказкі чытачоў — найбольш удалыя радкі «пра верхалаза з БелАЗа» (гл. нумар «Звязды» за 26 студзеня г.г.) склалі спадары Мікалай Старых з Гомеля, Віктар Сабалеўскі з Узды, Валерый Гаўрыш з Чавусаў, Мікалай Касмачэўскі з Наваполацка, Невяровіч з Гродна, спадарыні Валянціна Гудачкова з Жыткавіч і Іна Алісевіч з Уздзеншчыны.

Вось з гэтым, апошнім меркаваннем вялікага чытацкага журы, пагадзілася і журы маленькае (рэдакцыйнае). А значыць, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на трэці квартал 2022 года накіроўваецца на радзіму слыннага Кандрата Крапівы — на Уздзеншчыну.

Хочаце, каб «родная газета на роднай мове» пяць разоў на тыдзень прыходзіла да вас, тады варыянтаў два: першы — афармляць падпіску, другі — уважліва паглядзець на новы конкурсны здымак, прыдумаць подпіс (можна некалькі, але трапных, дасціпных, кароткіх (пажадана — не больш за восем радкоў) і даслаць у рэдакцыю.

Шанс на выйгрыш мае кожны.

Валянціна ДОЎНАР

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА


Ад іх жа: шчырыя прабачэнні тым, чые подпісы на гэты раз не прайшлі строгага конкурснага адбору. Затое ў наступны... Пішыце і — па магчымасці — усміхайцеся. Як пісаў нехта з вялікіх, смех — гэта сонца: яно праганяе зіму з чалавечага твару.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.