Вы тут

Ядавітыя расліны Беларусі


Распрацоўка вучэбнага занятку па вучэбным прадмеце для 3 класа.


Мэта: спрыяць фарміраванню канкрэтных уяўленняў аб ядавітых раслінах, іх значэнні ў прыродзе і жыцці чалавека.

Задачы: пазнаёміць з раслінамі Беларусі, якія ўяўляюць небяспеку для жыцця чалавека, з правіламі паводзін пры сустрэчы з імі; ствараць умовы для развіцця ўменняў распазнаваць прадстаўнікоў розных відаў флоры, ажыццяўляць класіфікацыю па іх будове і выкарыстанню чалавекам, усведамленню небяспекі, якую прадстаўляюць ядавітыя расліны для здароўя і жыцця чалавека.

Тып урока: урок новых ведаў.

Абсталяванне: Гербарыі лекавых раслін, малюнкі з выявамі атрутных раслін, тэлеграма ад Лесавічка, карткі з назвамі раслін, карткі з заданнямі, карткі для правядзення рэфлексіі, падручнік «Чалавек і свет-2», запіс шуму лесу.


I. Арганізацыйна-матывацыйны этап

Настаўнік.

Састаўленне формулы поспеху:

«Поспех = веды + увага + супрацоўніцтва +цярпенне».

Пажаданне поспеху на ўроку.

II.Этап актуалізацыі ведаў

1. Франтальнае апытанне. Тэлеграма ад Лесавічка.

Настаўнік.

Лесавік прыслаў тэлеграму, у якой паведамляецца аб бядзе, якая здарылася ў лесе. Просіць у вас дапамогі: можа вы падскажаце, чым лячыць параненых і хворых звяроў. Давайце ўспомнім, якія вы ведаеце лекавыя расліны, калі, пры якіх захворваннях іх выкарыстоўваюць.

  • У лісіцы моцны жар (піць чай з малінай і ліпай).
  • Воўк прастудзіўся, вельмі кашляе (чабор, зверабой, падбел).
  • У зайца параненая лапка (трыпутнік).
  •  Мядзведзь не можа глынаць ежу, баліць горла (паласкаць адварам календулы, рамонку).
  • У лася баліць сэрца, часціць пульс (дапамогуць каплі ландышу).
  • Вавёркі аб’еліся, у іх моцна баляць жываты (зверабой, чарніцы, крываўнік).

Так. Добра. Гэтыя травы могуць тварыць цуды: пазбаўляць людзей ад моцных боляў, непрыемных адчуванняў. (Адказы навучэнцаў суправаджаюцца паказам выяў лекавых раслін, якія размешчаны на дошцы.)

2.Расказы дзяцей, зачытванне падабраных загадак-апісанняў пра лекавыя травы (дамашняе заданне).

Цудоўна! Малайцы!

Настаўнік.

А зараз давайце паслухаем маленькую гісторыю. Перад вамі стаіць задача: уважліва слухаць і даць параду, што рабіць у такой сітуацыі.

Марыйка разам з бабуляй збірае лекавыя расліны. Трапілася расліна, якая мае такі выгляд: кветачкі ружаватыя, сцябло высокае, лісточкі дробныя. Але бабуля не ўпэўнена, што гэта ... (дапаўненні вучняў).

Як трэба паводзіць сябе ў такой сітуацыі? (Ні ў якім разе незнаёмыя расліны і тыя, што выклікаюць сумненне не рвем!)


III.Этап паведамлення тэмы і пастаноўкі мэты ўрока

Настаўнік.

1. Знаёмства з апавяданнем.

Аднойчы Маша разам з мамай і татам гуляла ў веснавым лесе. Дрэвы і кусты стаялі яшчэ голыя. Але вось цуд! Ранняя вясна, а ў лесе ўжо зацвіў бэз. На адным кусце прама на галінках бэзава-ружовыя кветкі, падобныя на гэту расліну. Маша прапанавала сарваць некалькі галінак і паказаць аднакласнікам. Але бацька сказаў: «Бэз не можа цвісці так рана. Лепш гэтую расліну не чапаць.»

Як вы думаеце, якую расліну ўбачыла Маша?

2. Работа ў парах.

Настаўнік.

Каб адказаць на гэта пытанне, трэба правесці даследаванне. Давайце наш клас ператворым у невялікую лабараторыю. Вы — даследчыкі. А прадметам даследавання будуць малюнкі раслін. Падчас работы трэба прыслухоўвацца адзін да аднаго, раіцца. Тады атрымаеце правільны дакладны адказ.

Разгледзьце малюнкі на партах і скажыце, якая з іх падыходзіць па апісанні да расліны з гісторыі? (Адказы дзяцей.)

Так. Знайдзіце выяву расліны ў падручніку. Якую назву мае расліна?

Малайцы. Гэта воўчае лыка. Ядавітая расліна.

Хто з вас здагадаўся, чаму будзе прысвечаны ўрок? (Адказы дзяцей.)

Сёння мы з вамі пазнаёмімся з ядавітымі раслінамі, іх значэннем у жыцці чалавека, будзем вучыцца знаходзіць іх у прыродзе, адрозніваць ад іншых раслін.


IV. Этап засваення новых ведаў

1. Устанаўленне прыкмет, якімі адрозніваецца воўчае лыка ад бэзу па карцінках.

Настаўнік.

З якой раслінай пераблытала Маша воўчае лыка?

Калі цвіце бэз? А калі дзяўчынка была ў лесе? (Ранняя вясна.)

Чытанне тэксту с. 55. Задача: простымі алоўкамі зрабіць паметкі: «—» — ставіце, калі інфармацыя для вас новая; «+» — вам знаёмая; «?» — хочацца даведацца як мага больш пра гэтую расліну.

Вызначэнне падабенства і адрознення бэзу і воўчага лыка. Запаўненне табліцы параўнання на асобных лістках.

Да дзікарослых ці культурных раслін адносяцца воўчае лыка і бэз? (Адказы навучэнцаў.)

Што павінен ведаць кожны чалавек пра гэтую расліну?

А чаму назвалі так расліну? (Меркаванні навучэнцаў.)

Ядавітая ўся расліна. Нават сок зламанай расліны можа выклікаць запаленне скуры, пухіры. Пах кветак вельмі прыемны, але лепш не нюхаць, бо моцна забаліць галава.

2. Фізкультхвілінка.

Настаўнік.

Даследаванне працягваецца.

3. Сустрэча з мудранкай.

Знайдзіце на малюнку, які знаходзіцца на парце, расліну, што адпавядае апісанню: «Вялікая сіне-чорная ягадка, быццам на талерачцы з чатырох шырокіх лістоў, ляжыць на вяршыні прамога сцябла. Паміж гэтымі лісточкамі вясной з’яўляецца толькі адна кветачка, жоўта-зялёны разны каўнерык, і ў ім — маленькі зялёны шарык. Ён і стане чорнай ядавітай ягадкай».

— Здагадаліся, што гэта за расліна? Па чым? Адметныя рысы: чатыры лісточкі і адна ягада. (Выдзяленне сярод малюнкаў раслін, размешчаных на партах.)

Назва расліны? Адказ знайдзіце ў падручніку.

Але для птушак яд мудранкі не страшны. Яны з’ядаюць ягады без усялякай для сябе шкоды.

4. Знаёмства з блёкатам. Чытанне тэксту на с. 56.

Настаўнік.

Ядавітыя расліны можна сустрэць і па суседству з нашым жыллём. Гэтая расліна расце каля дарог, каля плоту, каля куч са смеццем. Яе назва — блёкат. Хто паспрабуе яе сок, на час губляе розум. З-за гэтага і з’явіўся выраз: «Ты што, блёкату аб’еўся». На рускай мове яе назва — белена.

Знайдзіце ў падручніку выяву расліны. Выберыце прыметы з апорай на малюнак і тэкст у падручніку на с. 56.

Травяністая расліна, куст; кветкі брудна-жоўтыя, бэзава-ружовыя, белыя; плады падобныя на гарлачыкі, круглявыя плады, плады маюць прадаўгаватую форму.

Па чым адрозніце блёкат ад іншых раслін? (Адказы дзяцей: па бруднавата-жоўтых кветачках, па пушку, які пакрывае ўсё цела.)

5. Завочная экскурсія на агарод.

Працягніце сказ: «Ядавітыя расліны растуць у лесе ..., ля ..., па суседству з ...». Прапаную адправіцца на агарод. Непадалёк ад агарода, каля самага жылля чалавека можна ўбачыць прыгожую расліну з белымі кветкамі — гэта дурнап’ян. Усе часткі расліны ядавітыя. (Паказ расліны.)

Жывёлы абходзяць дурнап’ян і блёкат, не чапаюць іх: яд, шыпы і калючкі расліны — сродак абароны, зброя для барацьбы за свае правы на жыццё.

6. Рубрыка «Цікава ведаць».

У нашай краіне каля 400 відаў ядавітых раслін. Іх выкарыстоўваюць для вырабу многіх лекаў. Галоўнае: захоўваць пэўную дазіроўку і напрацоўкі вучоных.

Настаўнік. Паслухайце апавяданне «Пазнака на памяць».

У той дзень жыхары Лондана назіралі цікавае відовішча. Узброіўшыся доўгімі нажамі, садоўнікі змагаліся з высокімі раслінамі. Калі расліны падалі, садоўнікі з дзіўнай паспешнасцю адскоквалі ў бакі. Гэта выглядала вельмі пацешна.

А садоўнікам было не да смеху. Ім прыйшлося высякаць баршчэўнік. А з ім жартаваць нельга.

Як толькі дакранешся да лістоў — будзеш пакараны. Праўда, апёк адчуецца не адразу. Толькі праз некаторы час пачынаецца моцны сверб. Некалькі дзён чалавек ходзіць з перавязанымі рукамі або нагамі. А калі зніме бінты, на скуры застаюцца рубцы — памяць на ўсё жыццё.

Траваедныя жывёлы распазналі каварства баршчэўніка задоўга да людзей і стараюцца яго не чапаць. За тысячы гадоў знаёмства расліна навучыла іх «правілам ветлівасці».

7. Праблемнае пытанне: калі расліны небяспечныя, то іх патрэбна знішчаць? (Меркаванні навучэнцаў.)

Работа з падручнікам на с. 57, другі абзац.

Вывад. (Вучні фармулююць вывад, настаўнік карэкціруе адказы.)

8. Правілы паводзін пры сустрэчы з атрутнымі раслінамі.

Настаўнік.

Як пазбегнуць атручэння ядавітымі раслінамі? (Адказы вучняў.)

Заданне: прачытайце словы, пранумаруйце іх па парадку, каб атрымалася правіла бяспечных паводзін пры сустрэчы з ядавітымі раслінамі. Параўнанне свайго адказу з адказам другіх пар.

НА, РУКАМІ, НЮХАЦЬ, РАСЛІНЫ, СМАК, ЗРЫВАЦЬ, ЯДАВІТЫЯ, СПРАБАВАЦЬ, ЧАПАЦЬ, НЕЛЬГА,

9.Запаўненне кластара.

Настаўнік.

Як мы ўжо выявілі, ядавітыя расліны ... (атручваюць, губяць, пагаршаюць здароўе). Але ад іх ёсць вялікая карысць.

Карысць ад ядавітых раслін

Ідуць на выраб імі лечацца і харчуюцца.


V. Этап замацавання новых ведаў

Настаўнік.

1. Разгледзьце адлюстраваныя расліны. Расфарбуйце іх, выкарыстоўваючы малюнкі падручніка (калі ёсць час). Падпішыце іх назвы, назавіце расліны адным словам

2. Адзначце знакам «—» лішнюю расліну ў гэтай групе.

3. Размяркуйце пералічаныя расліны на групы.

Крываўнік, воўчае лыка, каліна, зверабой, блёкат, трыпутнік, ландыш, баршчэўнік, ліпа, чарніцы.

Лекавыя: _____________________________________________________.

Ядавітыя: _____________________________________________________.


VI. Этап падвядзення вынікаў урока. Рэфлексія

Падвядзем вынікі ўрока. Успомнім, чаму быў прысвечаны ўрок, што даследавалі.

Якога самага галоўнага правіла бяспекі трэба прытрымлівацца на прагулцы, у час экскурсіі, каб не атруціцца і не атрымаць апёкі раслінамі?

Ацаніце работу вашай пары на працягу ўрока па плане.

План

1. Наша група працавала (актыўна, пасіўна).

2. Адказы былі (поўныя, няпоўныя).

3. Тэма ўрока была (зразумелая, незразумелая).

4. Сваёй работай на ўроку (задаволеныя, незадаволеныя)

Ацаніце сваю работу на працягу ўрока:

  • як рыба ў вадзе (актыўна);
  • ні рыба ні мяса (было цяжка і незразумела);
  • нямы як рыба (усё зразумела, але гаварыў мала).

VII. Этап інфармавання аб дамашнім заданні

С. 58, адказаць на пытанні, падабраць загадкі для стварэння кніжкі-малышкі пра расліны Беларусі.

Таццяна ПАШАЛЮК, настаўнік пачатковых класаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, ДУА «Пагост-Загародская сярэдняя школа імя славянскіх асветнікаў Кірыла і Мяфодзія» Пінскага раёна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».