Вы тут

Вясновая падкормка


Увесну догляд за газонам, садам, градкамі, дрэвамі, кустамі і кветкамі пачынаецца з унясення адпаведных угнаенняў.


Дрэвы

Снег, які растае, вымывае з глебы назапашаныя за мінулы сезон пажыўныя рэчывы. Першым з грунту сыходзіць так неабходны для нарошчвання зялёнай масы азот. Менавіта з унясення азоту пад пладовыя дрэвы варта пачаць сезон догляду за садам. Угнаенне праводзіцца за 2-3 тыдні да цвіцення. Для гэтага выкарыстоўваюць адзін з наступных раствораў: 5 % раствор мачавіны, аміячнай салетры або птушынага памёту з разліку паўвядра на 1 кв. м прыствольнага круга; разведзеныя ў 2 л вады 
500 г гнаявой жыжкі на 1 кв. м прыствольнага круга.

Таксама можна хутка папоўніць запасы азоту з дапамогай пазакаранёвай падкормкі (апырсквання) мачавінай. Для яблынь падыходзіць 0,3 % раствор, для груш — 0,1-0,2 %, для костачкавых культур (вішні, слівы, чарэшні, абрыкоса) — 0,5-0,6 %.

Кусты

Ягадныя кусты за вясну падкормліваюць двойчы — каранёвым і пазакаранёвым метадам. Першая падкормка робіцца пасля таго, як адтае глеба і набрыняюць пупышкі. Для яе неабходнае азотнае ўгнаенне, напрыклад, 25-30 г аміячнай салетры або 40-50 г сульфату амонію на 1 кв. м. Калі ўвосень пад куст уносілася арганіка (перагной ці гной, які перапрэў), то азотнае ўгнаенне ўвесну можна прапусціць.

У канцы мая агрэст, парэчкі, маліны і іншыя ягаднікі маюць патрэбу ў пазакаранёвай падкормцы 1-2 % растворамі сернакіслага калію і суперфасфату, а таксама мікраэлементамі: сернакіслым марганцам (0,1-0,5 % раствор) і борнай кіслатой (0,01-0,05 % раствор).

Агарод

Найважнейшае ўгнаенне для агарода ўвесну — гэта, вядома ж, азот. Зрэшты, пра калій і фосфар таксама забываць не варта — правільнае спалучэнне гэтых рэчываў дазволіць гародніне раўнамерна нарошчваць каранёвую сістэму і лістоту. Важна правільна спалучаць арганічныя і мінеральныя падкормкі для агарода, таму што толькі ў комплексе яны дадуць добры вынік.

Перапрэлы гной або кампост варта ўносіць за 3-4 тыдні да пасадкі гародніны з разліку 1 вядро на 1 кв. м. А мінеральныя ўгнаенні — непасрэдна перад пасадкай або перакопкай зямлі. Калі арганікі ў вас няма, можна скарыстацца сухімі ўгнаеннямі і ўнесці на 1 кв. м наступныя рэчывы: 30-35 г азотных падкормак (аміячная салетра, карбамід або мачавіна); 25 г фосфарных угнаенняў (суперфасфат, амафоска); 20 г калійных рэчываў (сернакіслы калій, калімагнезія, калімаг), можна замяніць шклянкай драўнянага попелу.

Газон

Падкормліваць газон увесну можна, як толькі сыдзе снег. Угнаенне можна выкарыстоўваць як цвёрдае, так і вадкае. Часцей за ўсё ўжываюць: нітраамафоску «16:16:16» — у сухім выглядзе раскідваюць па 20-40 г на 1 кв. м, а затым старанна паліваюць; «Кеміру», «Універсал 2» — у сухім выглядзе раскідваюць па 40-50 г на 1 кв. м, паліваюць; «Бона Фортэ» (вадкае) — 80 мл разводзяць у вядры вады і паліваюць 6 кв. м газона, праз 2 тыдні паўтараюць.

Кветнік

Падкормку першацветаў праводзяць сумесна з рыхленнем глебы і мульчыраваннем, выбіраючы для гэтага комплексныя мінеральныя ўгнаенні. 

Для добрага цвіцення ружам неабходны фосфар.Маладыя кусты, якія нарошчваюць галіны і зеляніну, аддаюць перавагу арганічным падкормкам. Для іх аптымальным стане вясновае ўнясенне перагною ці слабага раствору гною, курынага памёту, настою пустазелля. Для таго каб не абпаліць расліны, свежы памёт трэба разводзіць 1:20, настойваць 5 дзён, зноў разводзіць 1:3 і толькі пасля паліваць. Перапрэлы гной можна разводзіць 1:10, настойваць тыдзень, затым разводзіць 1:2 і выкарыстоўваць.

Дарослыя кусты руж замест арганікі аддаюць перавагу аміячнай салетры. Яе рассыпаюць па клумбе адразу пасля сыходжання снега з разліку 20-30 г на 1 кв. м. Таксама стымулюе цвіценне майская падкормка, прыгатаваная з 10 г суперфасфату і 10 г сульфату калію на 10 л вады.

Угнаенне для іншых садовых кветак увесну можна падабраць універсальнае. Лепш за ўсё з гэтай задачай справяцца комплексныя мінеральныя ўгнаенні. Акрамя таго, можна насычаць глебу паэтапна, найперш унесці пад кветкі азотнае ўгнаенне (аміячную салетру, карбамід або мачавіну), а па меры росту раслін дадаваць астатнія неабходныя кампаненты.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.