Вы тут

Рэктар БДПУ — пра місію настаўніка, пакліканне і важнасць правільнага выбару


Ці кожны чалавек з дастатковым узроўнем ведаў можа стаць педагогам? Што ў прафесіі настаўніка самае складанае? Ці плануецца адкрываць у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце новыя факультэты або новыя спецыяльнасці? Гэтыя і многія іншыя пытанні прагучалі падчас сустрэчы рэктара БДПУ Аляксандра Жука з удзельнікамі профільнай змены «Педклас — гэта клас!», якая прайшла ў мінскім адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Лідар».


На працягу трох тыдняў у дзесяцікласнікаў — навучэнцаў профільных класаў — была магчымасць не толькі аздаравіцца, але і паглыбіцца ў свет педагагічнай прафесіі, будучы актыўнымі ўдзельнікамі розных прафарыентацыйных мерапрыемстваў. Ініцыятарам гэтай змены стаў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, які на працягу апошніх гадоў вядзе сістэмную работу па павышэнні іміджу прафесіі педагога і прыцягненні на педагагічныя спецыяльнасці акадэмічна паспяховых і матываваных абітурыентаў. Тут цудоўна разумеюць: ад таго, наколькі атрымаецца зацікавіць, захапіць, «зачапіць» 16-гадовых старшакласнікаў, залежыць выбар мінскімі школьнікамі педагагічнай прафесіі, а таксама выніковасць прыёмнай кампаніі.
Працаваць кропкава

— Сталіца раней адставала ад іншых рэгіёнаў у адкрыцці педагагічных класаў, але ў апошні час сітуацыя змянілася, — канстатуе Аляксандр Жук. — Сёння Мінск ужо на другім месцы па колькасці такіх класаў і навучэнцаў. Вядома, у сталіцы ў выпускнікоў шмат «спакус», тут вялікі выбар навучальных устаноў і спецыяльнасцяў. Але я ўпэўнены, што ва ўзаемадзеянні ўніверсітэта і мінскіх школ у нас атрымаецца ліквідаваць дэфіцыт педагагічных кадраў, што ўтварыўся ў сталічных установах адукацыі. Трэба працаваць кропкава — і са школьнікамі, і з іх бацькамі. Трэба тлумачыць ім плюсы педагагічнай прафесіі: стабільны заробак, добрыя ўмовы працы, гарантаваны працяглы водпуск у летні час і г. д.

У праграме профільнай змены было 18 займальных адукацыйных мерапрыемстваў прафарыентацыйнай накіраванасці ад факультэтаў, інстытутаў і структурных падраздзяленняў БДПУ (ролевыя гульні, трэнінгі, майстар-класы, акцыі, прэзентацыі, навучальныя гульні, прафарыентацыйная гульнятэка, тэматычная лабараторыя і інш.). Але, напэўна, самым запамінальнымі сталі візіт у галоўны педагагічны ўніверсітэт краіны і сустрэча з яго кіраўніцтвам. Для падлеткаў была арганізавана экскурсія па шасці маршрутах, якую правялі гіды — студэнты гістарычнага факультэта. Госці пабывалі ў інтэрактыўным музеі, дзе даведаліся гісторыю станаўлення педагагічнай адукацыі ў Беларусі, наведалі Залу рэдкай кнігі, мастацкую галерэю «Асветнікі зямлі беларускай», рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі, ім паказалі спартыўную залу і басейн, а таксама ўніверсітэцкую славутасць — маятнік Фуко.

А затым адбылася шчырая гутарка з рэктарам, прафесарам Аляксандрам Жуком: пра асаблівасці педагагічнай прафесіі, місію настаўнікаў і важнасць правільнага выбару.

«Ці магу я? Ці хачу я?»

— Футуролагі кажуць, што ў сярэдзіне ХХІ стагоддзя застануцца тры асноўныя прафесіі — настаўнік, урач і айцішнік. Але на першым месцы ўсё роўна стаіць настаўнік, бо ўсё пачынаецца менавіта з яго. І крэда нашага ўніверсітэта — «Будучыня пачынаецца тут!» Нездарма перад уваходам у галоўны корпус мы ўстанавілі да 100-годдзя ўніверсітэта скульптуру, прысвечаную першай настаўніцы. Ні ў адной сталіцы свету на галоўнай плошчы вы не ўбачыце такі сімвал павагі да настаўніцкай прафесіі, — падкрэсліў Аляксандр Жук. — Усе рэспубліканскія экскурсіі і экскурсіі для замежных гасцей абавязкова спыняюцца, фатаграфуюцца з нашай настаўніцай і вязуць затым гэтыя фота дамоў. Місія і роля настаўніка выключна важныя для будучыні краіны.

Разумеючы гэта, мы і пачалі ствараць сістэму педагагічных класаў, каб на педагагічныя спецыяльнасці прыходзілі прафесійна матываваныя абітурыенты. Быць настаўнікам — адна з найскладанейшых задач, і добра, калі ў старшакласнікаў яшчэ ў школе ёсць магчымасць праверыць правільнасць свайго выбару. Не канстатаваць на трэцім—чацвёртым курсе, што ты памыліўся, а каштоўны час ужо страчаны, а пераканацца ў сваіх здольнасцях і схільнасцях яшчэ падчас першых педагагічных спроб, здзейсненых у школе. Калісьці мы пачыналі са 100 класаў, а цяпер у нас па краіне іх ужо 556. У профільных класах навучаюцца 5100 чалавек, і 30 працэнтаў з іх паступаюць пасля заканчэння школы на педагагічныя спецыяльнасці.

Трэцяя частка ад агульнай колькасці: многа гэта ці мала? Я лічу, што нядрэнная лічба, таму што ў вас ёсць магчымасць прымераць на сябе патрабаванні да педагагічнай прафесіі і зразумець, ваша гэта ці не? Да таго ж, і педсавет у школе не кожнаму дасць рэкамендацыю для паступлення, таму што не кожны выдатнік можа стаць добрым педагогам. Я ў гэтым абсалютна перакананы. Трэба ставіць перад сабой пытанні і шчыра на іх адказваць. Ці магу я? Ці хачу я? Педагогіка — гэта пакліканне. Зразумела, кожны настаўнік павінен валодаць прадметам, які выкладае, але гэтага недастаткова. Сутнасць нашай прафесіі — не проста ў трансляцыі ведаў. Гэта высокая місія і гатоўнасць вучыцца ўсё жыццё разам з дзецьмі і ў дзяцей.

Самае складанае — быць сумленным і шчырым перад сваімі вучнямі, таму што дзеці вельмі добра адчуваць фальш. Трэба прымаць кожнага вучня такім, які ён ёсць, зразумець прычыны яго паводзін, знайсці да яго падыход. Гэта не работа на канвееры, а штодзённая работа з людзьмі. Падчас вывучэння факультатыву «Уводзіны ў педагагічную прафесію» вы можаце зразумець, наколькі блізкая вам прафесія педагога.

Матывацыя — гэта, напэўна, самае важнае. А педагагічныя класы — наш падмурак. Сёння ў БДПУ навучаюцца 750 выпускнікоў профільных класаў. Выпускнікі педкласаў дэманструюць пры навучанні ў нашым універсітэце добрую паспяховасць, яны акадэмічна не менш паспяховыя, чым медалісты, пры гэтым, што вельмі важна для нас, сацыяльна актыўныя. Практычна ўсе займаюцца валанцёрскай работай, з’яўляюцца старастамі груп, уключаюцца ў рэалізацыю адукацыйных і сацыяльных праектаў, прафсаюзную работу і дзейнасць грамадскіх арганізацый, становяцца ўдзельнікамі студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый. Яны складаюць касцяк студэнцкіх актываў факультэтаў і інстытутаў. Па іх ініцыятыве ва ўніверсітэце быў створаны клуб «ПРОФиль+».

Любыя мэты — дасягальныя!

«А як стаць рэктарам? Што самае цяжкае ў вашай рабоце? І якімі дасягненнямі вы ганарыцеся? » — пацікавіліся школьнікі ў Аляксандра Жука.

— Шчыра кажучы, у маладосці я такіх задач перад сабой не ставіў, — усміхнуўся рэктар. — І хоць вучыўся вельмі добра (асабліва захапляла мяне матэматыка), да пэўнага часу ў мяне былі праблемы з паводзінамі, было шмат заўваг. Але затым прыйшло разуменне: калі нешта робіш, то трэба рабіць гэта добра. Спорт заўсёды прысутнічаў у маім жыцці: я займаўся гімнастыкай, барацьбой, гульнявымі відамі, веласпортам. Пры гэтым быў выдатнікам і школу скончыў з залатым медалём. На ўроках максімальна ўключаўся ў работу, нават паспяваў у класе выканаць дамашняе заданне, таму ў мяне і заставаўся час на заняткі спортам.

Затым была вучоба на механіка-матэматычным факультэце БДУ, дзе я быў старастам групы, камандзірам і камісарам будатрада. У аспірантуры падрыхтаваў кандыдацкую не за тры гады, а за два. Потым ствараў Ліцэй БДУ. Гэта быў вельмі цікавы час, калі ўсё рабілася з нуля. Не было ні будынка для ліцэя, ні настаўнікаў, ні навучэнцаў... Мы пачыналі з фізіка-матэматычнага профілю. А сёння гэта самая паспяховая навучальная ўстанова ў краіне.

Потым сем гадоў быў рэктарам Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі (цяпер гэта Акадэмія паслядыпломнай адукацыі). Абараніў доктарскую. Нядоўга папрацаваў першым прарэктарам БДУ, потым амаль 13 гадоў быў першым намеснікам міністра адукацыі. А ў 2014 годзе прыйшоў у БДПУ, добра ведаючы ўсю сістэму, усе яе ўзроўні і разумеючы, якім павінен быць сучасны педагог. Мяркую, складана ў школьныя гады марыць стаць рэктарам ці намеснікам міністра, але я ўпэўнены, што любыя мэты дасягальныя. Трэба толькі працаваць якасна і адказна. І сёння, і заўтра будзе цаніцца прафесіяналізм, таму, чым бы вы ні займаліся, рабіце ўсё так, каб вам не было сорамна. А калі чалавек слаба падрыхтаваны, то на рабочым месцы гэта вельмі хутка становіцца зразумелым.

На пасадзе рэктара адным з галоўных сваіх дасягненнў Аляксандр Жук лічыць стварэнне сістэмы педагагічных класаў і кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі:

— Наш вопыт вывучаўся расійскімі калегамі, і сёлета ў Расіі адкрыліся ўжо 5 тысяч педагагіных класаў. Іх таксама цікавіць вопыт дзяржаўнай падтрымкі выпускнікоў педкласаў у плане выдзялення ім пэўных ільгот пры паступленні. Нас калісьці папракалі, што мы ствараем «пралаз» для слабых абітурыентаў. Але мы даказалі, што такія абвінавачанні не маюць ніякіх падстаў. Гэта даказваюць і вынікі экзаменацыйных сесій. Да таго ж, першыя выпускнікі педкласаў ужо скончылі педуніверсітэт і сёння паспяхова працуюць ва ўстановах адукацыі. А педкласы сталі падмуркам для кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі, асноўная мэта якога — аб’яднанне вучэбна-навукова-інавацыйнага патэнцыялу адукацыйных і навукова-метадычных устаноў. Больш за тое, сёння мы ўжо ў эксперыментальным рэжыме апрабоўваем і мадэль дапрофільнай педагагічнай адукацыі, пачынаючы з пятага класа. Хацелася б, каб на старшай ступені школы ў профільныя класы таксама прыходзілі матываваныя вучні.

Важным дасягненнем Аляксандр Жук лічыць і прызнанне БДПУ базавай арганізацыяй па інклюзіўнай адукацыі. Па выніках 2018 года ўніверсітэт атрымаў прэмію ўрада ў вобласці якасці. А яшчэ БДПУ — адзіная з беларускіх ВНУ, якая была адзначана Прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Так высока былі ацэнены яе заслугі па развіцці сярод студэнтцва валанцёрскага руху. У БДПУ ім ахоплены 1600 чалавек, за год праводзіцца прыкладана чатыры сотні валанцёрскіх акцый і мерапрыемстваў.

Прафілізацыя па запыце

Адказваючы на пытанне пра магчымасць пашырэння спецыяльнасцяў, Аляксандр Жук растлумачыў, што сёння падрыхтоўка ва ўніверсітэце вядзецца па ўсіх запатрабаваных спецыяльнасцях — ад выхавацеляў да настаўнікаў-прадметнікаў, сацыяльных педагогаў і практычных псіхолагаў. Але адукацыйная сфера павінна рэагаваць на запыты часу і трымаць руку на пульсе. «Хутчэй, трэба разважаць не аб новых прафесіях, а аб новых педагагічных ролях, — падкрэсліў ён. — Некалькі гадоў таму расійскае Агенцтва стратэгічных ініцыятыў сумесна з Фондам «Сколкава» распрацавала «Атлас прафесій будучыні». Што датычыцца сферы адукацыі, то там згадвалася, што ў перспектыве будуць запатрабаваныя цьютары, медыятары, распрацоўшчыкі электронных адукацыйных рэсурсаў, арганізатары праектнага навучання і гэтак далей. Зрэшты, гэта ўжо частка нашых рэалій. Змяняецца сам працэс навучання: мы ўсё больш выкарыстоўваем у рабоце ІT-інструменты. Але я глыбока перакананы, што ніколі камп’ютар або штучны інтэлект не заменіць жывых стасункаў з педагогам. І як бы ні называлі спецыяліста — цьютарам, арганізатарам, камунікатарам, усё роўна педагагічны складнік у яго рабоце — галоўны. Таму мы не фармулюем цяпер новыя спецыяльнасці. З прыняццем новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі прадугледжваецца інавацыйны падыход, звязаны з прафілізацыяй. Мы працягнем рыхтаваць педагогаў, але за кошт дадатковых факультатываў і курсаў па выбары студэнт сам будзе ажыццяўляць сваю спецыялізацыю. Напрыклад, будучы настаўнік матэматыкі і фізікі зможа выбраць курсы па робататэхніцы (у нас дзейнічае Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі), а затым выкладаць яе дзецям ва ўстанове адукацыі.

«А як вы паставіцеся, калі студэнт на апошніх курсах захоча сумяшчаць вучобу з работай?» — пацікавіліся школьнікі ў рэктара.

— Працуючы студэнт — гэта ўжо звычайная практыка. Калі малады чалавек працаўладкоўваецца па спецыяльнасці на старшых курсах, мы гэта толькі вітаем. Але трэба разумець, што галоўны абавязак маладых людзей — усё ж такі вучоба. Калі сярэдні бал іх паспяховасці не ніжэйшы за 7, мы не перашкаджаем працоўнай занятасці. У нас ёсць магчымасць індывідуальнай формы навучання, так званага вольнага наведвання. Для маладога чалавека зацвярджаецца навучальны план, даецца магчымасць праходжання педагагічнай практыкі па месцы работы, — адзначыў рэктар. — Дыпломныя і курсавыя работы, якія пішуць студэнты, могуць быць выкананыя па заказе ўстаноў адукацыі і мець практыка-арыентаваны характар. Напрыклад, будучаму педагогу школа, у якой ён падпрацоўвае, можа прапанаваць стварыць электронны рэсурс. Гэта добрае сумяшчэнне тэорыі і практыкі.

А вось наконт магчымасці змяніць свой профіль навучання падчас вучобы ва ўніверсітэце і перавесціся з адной спецыяльнасці на іншую Аляксандр Жук папярэдзіў: «Лепш, вядома, вызначыцца з выбарам спецыяльнасці яшчэ да паступлення, бо перавесціся можна толькі пры пэўных умовах. Найперш павінна быць наяўнасць вакантных месцаў на жаданай спецыяльнасці. Па-другое, неабходна здаць дысцыпліны, якія не вывучаліся. Калі іх не больш за шэсць, можна паспрабаваць. Напрыклад, пасля зімовай сесіі ў нас перавялося з адной спецыяльнасці на іншую (нават з іншых універсітэтаў) і аднавілася каля 100 чалавек. Але калі студэнт вучыўся на настаўніка рускай мовы і літаратуры, стаць матэматыкам будзе для яго нерэальна».

Дарэчы, з наступнага года ўвойдуць у сілу нормы аб павелічэнні працэнта бюджэтных месцаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Для педагагічных спецыяльнасцяў пад мэтавую падрыхтоўку можа адводзіцца да 60 працэнтаў ад іх агульнай колькасці. Пры гэтым такая падрыхтоўка будзе магчымая для арганізацый, размешчаных у буйных населеных пунктах, у тым ліку і ў сталіцы. На думку Аляксандра Жука, павелічэнне мэтавага набору — ідэя нядрэнная. Хлопцы і дзяўчаты будуць прыходзіць у ВНУ і пры гэтым адразу ведаць, дзе яны будуць працаваць на працягу пяці гадоў пасля атрымання дыплома. «Але мы будзем ставіць пытанне перад Міністэрствам адукацыі, камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама, каб мэтавыя накіраванні па нашым профілі выдаваліся найперш выпускнікам педагагічных класаў, — падкрэсліў ён. — Яны і цяпер, калі паступаюць на ўмовах сумоўя, ведаюць, што трэба будзе адпрацоўваць не два, а пяць гадоў. Таму мы лічым, што будзе правільным, калі менавіта выпускнікі профільных педагагічных класаў будуць разглядацца ў якасці прэтэндэнтаў на мэтавую падрыхтоўку ў першую чаргу».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».