Вы тут

На Гомельшчыне гаспадаркі масава выйшлі на веснавую сяўбу


На Гомельшчыне гаспадаркі масава выйшлі на веснавую сяўбу. На тэмпы пасяўной кампаніі, распачатай у рэгіёне, не паўплывалі апошнія невялікія мінусавыя тэмпературы. Ход работ — на асабістым кантролі старшыні аблвыканкама Івана Крупко.


Фота: pexels.com

Днямі кіраўнік рэгіёна прааналізаваў ход пасяўной кампаніі ў гаспадарках Светлагорскага раёна. Старшыня аблвыканкама звярнуў асаблівую ўвагу аграрыяў на тое, што Прэзідэнтам перад земляробамі краіны пастаўлена задача правесці веснавую палявую кампанію ў аптымальныя тэхналагічныя тэрміны, на 100 % выканаць дзяржаўны заказ і гарантаваць харчовую бяспеку краіны.

Губернатар падкрэсліў, што ва ўсіх раёнах вобласці цяпер актыўна праходзяць веснавыя палявыя работы. Тэмпы пасяўной захоўваюць высокую інтэнсіўнасць. Пасеяна звыш 27 % запланаваных плошчаў ранніх яравых культур.

— У параўнанні з мінулым годам гэты паказчык значна вышэйшы, што гаворыць аб спрыяльных умовах надвор'я, і высокі тэмп пасяўной кампаніі. Калі ўдасца захаваць такі рытм, то можна разлічваць, што сяўбу ранніх яравых збожжавых культур у Гомельскай вобласці мы зможам завяршыць ужо ў сярэдзіне красавіка, — адзначыў Іван Крупко.

Што датычыцца Светлагоршчыны, то, як адзначылі кіраўнік раёна Дзмітрый Алейнікаў і начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання выканкама Артур Стралец, усе гаспадаркі раёна масава пачалі вясновую сяўбу. Каб якасна выканаць пастаўленыя задачы, у раёне сканцэнтравана дастатковая база насення ранніх яравых каласавых культур, падрыхтавана каля дзвюх тысяч тон насення, што складае 121 % ад патрэбнасці. Для выканання плана яравой сяўбы ў аптымальныя тэрміны яшчэ з восені было ўзнята больш як 13 тысяч гектараў зябліва, праведзена веснавое ўзворванне на плошчы звыш 1,2 тысячы гектараў, падрыхтавана каля дзвюх тысяч гектараў глебы пад сяўбу ранніх каласавых культур.

— Сёлета ў сувязі з павелічэннем цэн на бялок і яго недахопам мы павялічылі на 300 % сяўбу сланечніка. Плюс павялічылі сяўбу рапсу, каб забяспечыць раён сваёй бялковай сыравінай. Рапс і сланечнік — культуры рэнтабельныя. Дадуць нам магчымасць замяніць імпартны бялок на свой для забеспячэння жывёлагадоўлі, — паведаміў Артур Стралец.

Сёлета сланечнік плануюць пасеяць пяць гаспадарак раёна. Сярод іх і сельгаспрадпрыемства — філіял «Дуброва-Агра» РУП «Гомельэнерга». Гэту гаспадарку падчас візіту на Светлагоршчыну наведаў губернатар.

Як было адзначана, дадзенае сельгаспрадпрыемства добра паклапацілася аб пасяўным матэрыяле не толькі ранніх яравых каласавых культурах, але і кукурузы як аднаго з асноўных кампанентаў для сферы жывёлагадоўлі. У філіяле «Дуброва-Агра» тэхніка амаль цалкам падрыхтаваная да работ, наяўнасць насення і ўгнаенняў — у адпаведнасці з патрэбнасцямі. Што датычыцца структуры пасяўных плошчаў, як адзначылі ў гаспадарцы, яна скарэкціраваная з улікам сітуацыі на рынку харчавання.

На тэрыторыі філіяла «Дуброва-Агра» РУП «Гомельэнерга» Іван Крупко таксама наведаў будпляцоўку гаспадаркі ў вёсцы Зарэчча. Тут працягваецца ўзвядзенне новага сучаснага жывёлагадоўчага комплексу, увод якога ў эксплуатацыю запланаваны на канец бягучага года.

У канцы сустрэчы з аграрыямі раёна губернатар звярнуў асаблівую ўвагу, што пры спрыяльных умовах аграпрамысловы комплекс рэгіёна здольны ўнесці значны ўклад у агульны беларускі каравай.

— Згодна з прагнозамі, магчыма атрымаць каля 1-1,1 мільёна тон збожжа збожжавых і зернебабовых, кукурузы на зерне каля 300 тысяч тон, бульбы — 100 тысяч тон, 50 тысяч тон агародніны, каля 4 мільёнаў тон кукурузнага сіласу, 1,5 мільёна тон сенажу, — заўважыў кіраўнік рэгіёна. — З такім вынікам мы зможам атрымаць таварную прадукцыю ў раслінаводстве, забяспечыць дзяржзаказ, іншымі словамі, поўнасцю вырашыць пастаўленыя перад агракомплексам вобласці задачы.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».