Вы тут

Як падпалкоўнік КДБ захапляўся творчасцю паэта Максіма Танка


«Якім нарадзіўся, такім мяне ешце». ​Вось гэтаму прынцыпу народнага паэта Максіма Танка наш зямляк «следаваў у жыцці, прытрымліваючыся яго». Гэта вынікае з лістоў самога Мікалая Мікалаевіча Калінковіча, падпалкоўніка дзяржаўнай бяспекі — у гэтым званні служыў у Грузіі — да тагачаснага старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Два з іх надрукаваны на машынцы, адзін — рукапісны. І няхай друкарская машынка не мела тады асобных беларускіх літар, гэта не перашкаджала аўтару звяртацца да славутага паэта на роднай для абодвух творцаў мове.


Максім Танк.

«20 мая 1989 г., Тбілісі. Добры дзень, шаноўны Яўген Іванавіч!

Прабачце, калі ласка, перш за ўсё мяне за турботы. Звяртаюся да Вас вось па якой справе.

Праходзячы афіцэрскую службу ў Туркменіі (1979-1984 гг.), пазнаёміўся і падтрымліваў самыя цёплыя адносіны з найдабрэйшым і шчырэйшым чалавекам і шахірам Керымам Курбаннепесавым. Ён часта ўспамінаў і Вас, расказваў пра сустрэчу ў Цюмені, паказваў Вашы кнігі, прасіў мяне прачытаць вершы Вашы і на беларускай мове. Ён дазволіў у свой час занатаваць Вашы аўтографы, а таксама іншых пісьменнікаў з кніжак, якія былі падараваны Керыму-агу.

Па просьбе ашхабадскіх таварышаў я працую над успамінамі пра Керыма. 18.Х.1989 г. яму будзе 60 гадоў!

Але ж для завяршэння «ўспамінаў» мне «нечага не стае». Таму і вельмі прашу Вас, паважаны Яўген Іванавіч, адказаць на некалькі маіх пытанняў:

  • Калі і пры якіх абставінах адбылося Ваша знаёмства з Керымам? Ваша першае ўражанне аб ім?
  • Калі і дзе яшчэ даводзілася сустракацца з ім?
  • Што Вам у ім падабалася як у чалавеку?
  • Якая, на Ваш погляд, самая «моцная» рыса творчасці, паэзіі Керыма?
  • Якія Вашы вершы ён пераклаў на туркменскую мову?
  • Якое месца, на Ваш погляд, займае творчасць Керыма-агі сярод творчасці вядомых пісьменнікаў краіны?
  • Якія кніжкі падараваў Вам Керым-ага? Ці не маглі б Вы прывесці тэксты яго аўтографаў?
  • Ці сустракаліся вы ў Мінску?

Прыхільнікам Вашай творчасці, Яўген Іванавіч, з’яўляюся даўно. Ды што там прыхільнікам... А зараз па-новаму вывучаю і Вашы творы. Тут і ўплыў Керыма-агі. Быў бы Вам вельмі ўдзячны і за якую кнігу Вашых твораў з аўтографам (усе яны каштоўныя для мяне), асобныя з іх маю і тут, у Грузіі, дзе працягваю службу і адначасова займаюся і літаратурнай працай.

Вельмі чакаю ад Вас адказу, шаноўны Яўген Іванавіч! Зычу Вам усяго найлепшага. Галоўнае ж — здароўя і плёну. Са шчырай павагай да Вас і да Вашай творчасці — Мікола Калінковіч. 

Мой службовы адрас: 380119 г. Тбилиси, в/ч 51143, мне; мой хатні адрас: 380102 г. Тбилиси, Глданский массив, 6 микрорайон, 17 корп., кв. 55, Николаю Николаевичу Калинковичу.

Прабачце, калі ласка, яшчэ раз за непакойства».

«16 чэрвеня 1989 г., Тбілісі. Добры дзень, найшаноўны Яўген Іванавіч!

Сардэчна дзякую Вам за ліст, які атрымаў у пачатку месяца, але знайшоў час адказаць толькі сёння. Вядома, вельмі і вельмі спадзяюся, што ў Вас знойдуцца магчымасць, час і сілы крышачку сказаць пра Керыма Курбаннепесава, прывесці тэксты аўтографаў з яго кніг, якія ў Вас ёсць.

Тут, у Тбілісі, у мяне ёсць вашы асобныя творы. І часта я іх перачытваю, прапрацоўваю, аналізую. На жаль, чамусьці здарылася так, што з Вашага збору твораў у мяне тут ёсць толькі першыя чатыры тамы, а ў іх, вядома, няма перакладаў, у тым ліку і твораў Керыма Курбаннепесава.

Ці знаёмы, Яўген іванавіч, вы з перакладамі Міколы Аўрамчыка — пяць вершаў Керыма, у тым ліку «Тры выпадкі з жыцця Кемінэ»?

Са свайго боку, мне хацелася б падрыхтаваць да 60-годдзя Керыма (18.Х, сёлета) артыкул для «ЛіМа» альбо яшчэ якога беларускага друкаванага органа. Гэта быў сапраўды шчыры друг нашай рэспублікі, сапраўдны чалавек і шахір. 

Ці не маглі б, Яўген Іванавіч, Вы сказаць колькі слоў пра сустрэчы і размовы з Керымам на VIII з’ездзе пісьменнікаў СССР у чэрвені 1986 г. у Маскве? Там з высокае трыбуны выступалі і Вы, выступаў і Керым...

Прабачце, калі ласка, за магчымую надакучлівасць, але яна ў дадзеным выпадку выклікана маім аб’ектыўным інтарэсам да таго, што зыходзіць з глыбінь душы і сэрца.

З вялікай павагай і шчырасцю да Вас, з чаканнем адказу

Мікола Калінковіч. Да пабачэння».

«1.ХІ.1989 г., Тбілісі. Добры дзень, шаноўны і дарагі Яўген Іванавіч!

Перш за ўсё віншую Вас са Святам Кастрычніка! Жадаю моцнага здароўя, плёну, поспехаў ва ўсіх справах і галоўнае ж — каб не маўчала Ваша ліра, а працягвала кранаць сэрцы людзей, абуджаць іх найлепшыя пачуцці.

Ліст Ваш пра Керыма-агу атрымаў яшчэ ўлетку. Вялікае, вялікае дзякуй Вам. І прабачце мяне, калі ласка, Яўген Іванавіч, што своечасова не падзякаваў Вас за гэта.

Так, 18.Х Керыму было б 60. Толькі 60. Гэтая падзея прайшла неяк незаўважана. Нагадалі толькі ў Туркменіі. Мой артыкул з перакладамі некалькіх вершаў Керыма „Шчыры друг Беларусі“ „ЛіМ“ адхіліў. У. Ягоўдзік паведаміў, што, маўляў, сваіх юбіляраў не адзначаем, а то яшчэ там з суседніх рэспублік... Што тут гаварыць?! Шкада, дый годзе. Шкадую, што падрыхтаваў толькі ў „ЛІМ“. На мой погляд, гэты матэрыял ніколі не пастарэе. Але як, Яўген Іванавіч, паўздзейнічаць на іх? Даруйце, што пішу пра гэта, — карціць на душы.

Сачу за перыёдыкай Беларусі, за Вашай творчасцю. З задавальненнем прачытаў вашы новыя творы ў „Полымі“ (1989, № 9). Занатаваў для сябе „Якім нарадзіўся“. Блізка, істотна, праўдзіва.

Колькі было розных 

За мой век дарадцаў,

Іхніх аргументаў, 

Довадаў і рацый...

„Якім нарадзіўся, такім мяне ешце“. Гэтаму Вашаму прынцыпу следую ў жыцці, прытрымліваючыся яго...

Калі ў Вас будзе час, шаноўны Яўген Іванавіч, я прасіў бы адказаць толькі на гэтыя пытанні:

  • Ці назіраеце Вы зараз за туркменскай паэзіяй, літаратурай? Хто, на Ваш погляд, у Туркменіі „роўны“ з Керымам (таксама ў братніх рэспубліках)?
  • З кім з прадстаўнікоў братніх літаратур падтрымліваеце шчырыя, творчыя кантакты?..

Жадаю Вам усяго добрага! Са шчырым прывітаннем і вялікай зямной павагай Мікола Калінковіч».


Гэтыя лісты былі выяўлены ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. З лістоў вынікае, што Максім Танк даваў адказы чэкісту-пісьменніку. Але яго ўдава, Святлана Паўлаўна Калянковіч, паведаміла, што сярод шматлікіх архіўных матэрыялаў мужа, якія сям’я захавала пры вяртанні з Грузіі ў Беларусь, аўтографаў народнага пісьменніка не сустракала...

Таццяна КАНАПАЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».