Вы тут

Блізіцца да завяршэння рэканструкцыя прыбярэжнай паласы ракі Мухавец у Брэсце


На гэтым тыдні на набярэжнай у раёне Гарадскога саду працавала цяжкая тэхніка. Тут расстаўлялі велізарныя валуны, якія прывезлі з Камянецкага раёна. Дванаццаць каменных глыб стануць з часам паркам валуноў. Як паведаміў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук, над канцэпцыяй парку працуюць спецыялісты абедзвюх вышэйшых навучальных устаноў горада.


Пакуль канцэпцыя трымаецца ў сакрэце, але ж зразумела, што гэтыя прыродныя помнікі ўпрыгожаць сабой участак набярэжнай, якая паступова становіцца славутасцю абласнога цэнтра. Варта сказаць, што да рэканструкцыі набярэжнай паласы Мухаўца ў цэнтры горада ўпершыню падышлі яшчэ ў 2014 годзе. І ўжо да тысячагоддзя Брэста, якое мы адзначылі ў верасні 2019 года, гэты ўчастак уздоўж ракі стаў надзвычай прывабным і запатрабаваным месцам для прагулак і адпачынку. Тут сталі з'яўляцца крэатыўныя зоны, аб'екты, цікавосткі. Калі адкрылі эксклюзіўны сонечны гадзіннік, ён адразу палюбіўся гараджанам і гасцям усіх узростаў. А літаральна праз год побач з'явіўся сад бесперапыннага цвіцення з рознымі, нават даволі экзатычнымі, раслінамі. Гараджан прыцягваюць дзіцячыя пляцоўкі, побач з якімі абавязкова ёсць лаўкі для дарослых, спартыўныя пляцоўкі для актыўнага адпачынку. Па прыгожай добраўпарадкаванай набярэжнай цяпер можна дайсці да Гарадскога саду. Варта адзначыць, што пасля святкавання юбілею горада рэканструкцыя не спынілася, але атрымала працяг.

Апошняя, пятая чарга пераўтварэння, з тых, што былі запланаваныя праграмай развіцця горада, блізіцца да завяршэння. Здача аб'екта прызначана на красавік. Будаўніцтва вядзе філіял Будтрэста № 8. Будаўнікі завяршаюць работу на ўчастку, які заўсёды быў закрыты для праходу — паміж ЦЭЦ і старым рачным портам. Паводле інфармацыі прараба названай арганізацыі Сяргея Луцкага, работу па рэканструкцыі пятай чаргі працягласцю 585 метраў яны распачалі летась у лістападзе. Участак пралягае аж да Брэсцкай крэпасці і выводзіць да Музея паравозаў. Па сутнасці, гэта было новае будаўніцтва. Уладкаваны пешаходная і веласіпедная дарожкі, пракладзены сеткі сувязі, ліўневая каналізацыя. Давялося таксама рабіць вынас водаправода, іншых інжынерных камунікацый, гэтую работу правялі спецыялісты водаканала. Вакол тэрыторыі рачнога порта ўстаноўлена агароджа, зроблена вулічнае асвятленне. Цяпер ідзе ўстаноўка малых архітэктурных формаў, тут з'явяцца зручныя для адпачынку лаўкі. Вядома, будуць пасаджаны дрэвы і кусты.

Побач з будаўнікамі ўжо шчыруюць камунальнікі: высаджваюцца кветкі, дасяваецца газонная трава, ідзе абрэзка дрэў. Неўзабаве будзе зманціравана прыстасаванне для паркоўкі веласіпедаў.

Цікава, што гэтую тэрыторыю ніхто не асвойваў — месцамі з даваенных, месцамі з пасляваенных часоў. Таму будаўнікам давялося займацца дэмантажом вузкакалейкі і падмуркаў прыкладна стагадовай даўнасці. Вельмі ўважліва паставіліся яны да тэрыторыі, якая ўваходзіла ў так званы Аб'ект 802. Справа ў тым, што ў савецкі час паблізу быў пункт перагрузкі ўранавай руды. Аб'ект ліквідавалі, правялі рэкультывацыю ў нулявых гадах. Але праверка на ўзровень радыяцыі, вядома, не перашкодзіла б. Таму замеры былі зроблены, прыборы, як засведчылі спецыялісты, ніякіх адхіленняў не зафіксавалі. Напамін пра былы аб'ект захоўвае толькі зямля: глеба тут мае непрывычна бурае адценне. Галоўнае, падкрэсліваюць будаўнікі, што эколагі вынеслі вердыкт аб бяспечнасці тэрыторыі.

Варта сказаць, спецыфіку гэтаму ўчастку набярэжнай надае Брэсцкая ЦЭЦ. Аб'ект гэты, зразумела, асаблівы, ён мусіць быць за глухой бетоннай сцяной. Дык вось, нейтралізаваць уражанне ад гэтай сцяны вырашылі жывой зялёнай агароджай. Яшчэ летась тут высадзілі кусты бэзу і дзёрану, а таксама ліяны дзявочага вінаграду. Бэз хутка парадуе квеценню, а іншыя расліны — лістотай.

Пакуль ідуць работы, у некаторых месцах прыбярэжная паласа выглядае даволі голай. Але хутка тут з'явяцца новыя пасадкі хвойных дрэў, радамі стануць маладыя ліпы. Ва ўпраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама падкрэсліваюць, што асобныя куточкі набярэжнай стануць сапраўды непаўторнымі. Напрыклад, з зоны саду бесперапыннага цвіцення з магноліямі, рабінамі, бярозамі Юнгі, паўлоніямі, пра які ўжо гаварылася, па ходу руху трапляеш фактычна ў змяшаны лес. А там ёсць «паляна», утвораная экапліткай, пляц жа паміж штучнымі камянямі засыплюць чарназёмам і засеюць травой. Далей наведвальнік звычайна рухаецца ў бок Гарадскога саду, стагадовага парку, які таксама нядаўна быў вернуты ў гарадское асяроддзе фактычна з небыцця і стаў зонай ціхага адпачынку.

Разам з абноўленым участкам працягласць набярэжнай складзе тры кіламетры. Іх можна няспешна пераадолець пехатой ад бульвара Шаўчэнкі аж да Брэсцкай крэпасці, а можна праехаць на веласіпедзе. У гарадской улады ёсць задумка прадоўжыць добраўпарадкаванне ў заходнім кірунку аж да Заходняга абходу, а ва ўсходнім — да Сувораўскага моста. Але гэта — у перспектыве.

А пакуль горад рыхтуецца да ўрачыстага адкрыцця новага аб'екта — пятай чаргі рэканструкцыі, якая запланавана на 1 мая. У гэты ж дзень адбудзецца прэзентацыя ўсёй набярэжнай ракі Мухавец, якая перажыла маштабную рэканструкцыю і стала ўлюбёным месцам для многіх гараджан.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».