Вы тут

Кітайскія казкі, падручнік, біяграфія. Якія кнігі ўзнагародзілі на кніжнай выстаўкі-кірмашы?


Адна з найбольш чаканых, значных і ўрачыстых падзей сярод тых, што традыцыйна адбываюцца ў межах Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, — узнагароджанне выдаўцоў, аўтараў, мастакоў ды іншых удзельнікаў выдавецкага працэсу па выніках нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Упершыню ён праводзіўся ў 1960 годзе. А сёлета быў шэсцьдзясят першы! Тыя, хто згенерыраваў ідэю больш чым паўстагоддзя таму, мелі канкрэтныя стваральныя мэты: развіццё кніжнага мастацтва, павышэнне мастацкай і паліграфічнай культуры, папулярызацыю найлепшых дасягненняў выдавецтваў краіны. Бясспрэчна, штогод гэтыя мэты знаходзяць рэальнае ўвасабленне ў выглядзе прыгожых, змястоўных і цудоўна аформленых выданняў — іх хочацца гартаць, чытаць і перачытваць, мець у хатняй бібліятэцы і дзяліцца імі з сябрамі... Нездарма беларускую кнігу высока ацэньваюць і замежныя мастацтвазнаўцы.


Намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі ўручае Гран-пры конкурсу «Мастацтва кнігі» выдавецтву «Адукацыя і выхаванне». Фота: БелТА

Побач з тэматычнымі і спецыяльнымі намінацыямі конкурсу, якія ўжо сталі традыцыйнымі і не мяняліся з году ў год («У люстэрку часу», «ЛІТ-фармат», «Залатыя скрыжалі» і пад.), былі і вылучаныя ўпершыню — «Адзінства» і «Беларусь памятае». І ў іх назвах, і ў змесце кніг, узнагароджаных дыпломамі пераможцаў і памятнымі знакамі, адбілася цікавасць грамадства да айчыннай гісторыі і жаданне глыбей пранікнуць у духоўныя складнікі нацыянальнай ідэалогіі. Сярод гэтых праектаў — кнігі Уладзіміра Ліхадзедава «17 верасня. Дзень народнага адзінства» (Выдавецкі дом «Звязда») і «Беларусь у полымі 1941 года: да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны» (выдавецтва «Беларуская навука»), а таксама выданні, што пабачылі свет у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі»: «Яны былі першымі. Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР першага склікання»; «Глыбоцкае гета. Яны перамаглі смерць».

Вынікі спаборніцтва ў адной з найцікавейшых намінацый — «Майстэрства» — уразілі. Найлепшым ілюстратарам кнігі з тых, што летась пабачылі свет, прызнана мастачка Лізавета Пастушэнка за афармленне казак народаў Паднябеснай — «Жоўты Бусел» (выдавецтва «Народная асвета»), а найлепшым дызайнерам названы малады мастак з выдавецтва «Мастацкая літаратура» Міхаіл Дайлідаў за афармленне кніг серыі «Народная бібліятэка».

Галоўная інтрыга — якое ж выданне прызнана найлепшым і найважнейшым і з мастацкага, і з паліграфічнага бакоў, і з пункту гледжання выхавання грамадзяніна — была раскрыта толькі ў фінале цырымоніі. Найвышэйшую ўзнагароду, Гран-пры конкурсу — памятны знак-сімвал «Залаты фаліянт» і Ганаровы дыплом імя Францыска Скарыны (намінацыя «Трыумф») — старшыня журы, кандыдат мастацтвазнаўства Міхаіл Баразна ўручыў выдавецтву «Адукацыя і выхаванне» і тыпаграфіі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі за кнігу Сяргея Мусіенкі «Гонар ЗА Беларусь».


На хвалі прыўзнятага настрою, эмацыянальным узлёце, выкліканым урачыстасцю мерапрыемства, некаторыя з удзельнікаў конкурсу, прадстаўнікі выдавецтваў, што атрымалі прызы, падзяліліся з карэспандэнтам «ЛіМа» ўражаннямі:

Марыя Ліпніцкая, спецыяліст па рэдакцыйнай падрыхтоўцы выданняў (выдавецтва «Чатыры чвэрці», узнагарода — дыпломы ў намінацыі «Арт-кніга» за мастацкі альбом «Валянцін Губараў» і ў намінацыі «Духоўнасць» за кнігу «Горад у імя сваё ўзвёў...: полацкі князь Барыс Усяславіч — заснавальнік горада Барысава (каля 1054–1128)»): «Мы вельмі рады, што атрымалі дыпломы, бо зрабілі грунтоўную работу. Наш калектыў плённа працаваў над стварэннем абедзвюх гэтых кніг, таму мы рады, што плён гэты адбіўся ва ўзнагародах».

Вікторыя Калістратава, дырэктар (выдавецтва «Народная асвета»): «Мы атрымалі чатыры дыпломы. Самы для нас важны — дыплом за падручнікі „Біялогія. 11 клас“ (па-беларуску і па-руску) у намінацыі „Падручнік новага стагоддзя“, бо спецыялізуемся на выпуску падручнікаў з 1951 года. Вельмі важны для нас і дыплом, намінацыя якога стаіць побач — „Навука і веды“ — за двухтомнік „Расказы аб раслінах Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь“ і „Расказы пра жывёл Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь“. Два дыпломы мы атрымалі і за літаратурна-мастацкія выданні, за нашу традыцыйную ўжо з 2016 года серыю прыгодніцкай літаратуры для дзяцей (намінацыя „Разам з кнігай мы расцём“). Кніга „Крыніца, альбо Дзівосныя пераўтварэнні Ціма на ферме“ В. Токаравай — пра хлопчыка, які трапляе ў розныя краіны і месцы: Японію, Грэцыю; нават на ферму — і з ім адбываюцца ўсялякія дзівосы: Цім і яго сябрук ператвараюцца і ў чмялёў, і ў коней, і ў парсючкоў. Гэтак аўтар паказвае, як сябе пачувае жывёла. А таксама за кнігу „З легендаў і міфаў. Героі славянскай міфалогіі“ В. Кажуры, дзе распавядаецца, якім багам пакланяліся нашыя продкі ў дахрысціянскую эпоху. Мы рады, што гэтае выданне спатрэбіцца для ўрокаў па беларускай літаратуры».

Кнігі Выдавецкага дома «Звязда», адзначаныя журы. Калаж Кастуся Дробава.

Алесь Суша, аўтар выдання «Беларускі буквар у нацыянальнай і сусветнай прасторы» (выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», узнагарода ў намінацыі «Духоўнасць») і адзін з укладальнікаў кнігі «Паводле Лукі Святое Евангелле = The Gospel according to Luke» (Нацыянальная бібліятэка Беларусі, узнагарода ў намінацыі «За ўнёсак у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны»): «Меў магчымасць прымаць удзел у розных міжнародных кніжных выстаўках, і Мінская, хаця і не самая пышная, прадстаўленая не самымі вялікімі выдаўцамі свету, але самая цёплая для душы: тут заўжды бачыш шмат сяброў, цудоўных кніг і публікацый. Самае істотнае з таго, што тут адбываецца для аўтара і выдаўца — наладжванне новых стасункаў, дамаўленне пра новыя праекты, што адбылося і сёлета: мы не толькі падводзім вынікі, але і робім пэўныя закіды, каб праз год сустрэцца тут ізноў. Абмяркоўваем новыя ідэі і «прызямляем» іх у выглядзе пэўных дамоўленасцей з выдаўцамі.

Ужо не раз браў удзел у конкурсе і ў якасці тых, хто ўзнагароджвае, і ў якасці тых, каго ўзнагароджваюць, таму маю пэўны досвед: кнігі, да якіх меў дачыненне, на працягу дзесяці гадоў атрымлівалі дыпломы. Гэта былі яркія, незвычайныя праекты, і вельмі прыемна, што яны былі ацэнены. З боку грамадства поспех прыходзіць як камерцыйны складнік (калі кніга распрадаецца, значыць, яна знайшла чытача, рабілася не ў пустую). Калі кнігу заўважае прэса — таксама пацвярджэнне пэўнага дасягнення. Але калі кнігу ўзнагароджваюць на конкурсе такога ўзроўню, то гэта прызнанне з боку самых лепшых экспертаў краіны: мастацтвазнаўцаў, кнігазнаўцаў, друкароў, бібліятэкараў, экспертаў, якія маюць найбагацейшы досвед ва ўспрыняцці кніжных прадуктаў. Не праз кідкую назву ці актуальную тэматыку, а праз комплекс розных крытэрыяў...

Кніга, якую ўзнагародзілі, стала адной з апошніх у выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Вельмі ўдзячны выдавецтву, што яны здолелі завяршыць гэты праект на годным паліграфічным узроўні. Яны зрабілі цудоўны матэрыял даступным для шырокай публікі: ілюстрацыі, якія збіраў дзесяцігоддзі і тэксты, што пісаліся па начах, паўсталі ў выглядзе цудоўна аформленага мастацкага выдання.

Другое выданне, якое атрымала дыплом — гэта факсімільнае ўзнаўленне самага першага перакладу біблейскай кнігі на сучасную беларускую мову. І не проста факсімільнае ўзнаўленне — маленькая, сціплая кніжачка — мастацкі праект, які ўключае і даследаванне на дзвюх мовах, прысвечанае гэтаму перакладу... Яго зрабіў берасцейскі царкоўны і грамадскі дзеяч Лукаш Дзекуць-Малей 96 гадоў таму. У адзіным экзэмпляры праца гэтая захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Над асэнсаваннем мастацкага вобраза разам з мастаком і навукоўцамі, брэсцкімі калегамі працавалі некалькі месяцаў — абмяркоўвалі, як можна яго ўвасобіць..."

Марыя ЯРАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».