Вы тут

Фінал конкурсу LitUP. хто атрымаў шанец апублікаваць сваю кнігу?


У рамках XXIX Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу 26 сакавіка прайшоў фінал другога літаратурнага стартапа LitUP — маштабнага кніжнага конкурсу,  заснаванага Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Па выніках мерапрыемства кампетэнтным журы ў складзе дырэктараў вядучых дзяржаўных выдавецтваў («Звязда», «Мастацкая літаратура», «Народная асвета» і «Беларусь») былі абвешчаны пераможцы, чые задумы атрымаюць кніжныя ўвасабленні.


Марына Петрашкевіч. Фота Кастуся Дробава.

Гэткі літаратурны тэндар праходзіў у межах міжнароднай выстаўкі другі раз запар. Асноўнымі ж мэтамі кніжнага конкурсу з’яўляюцца пошук, падтрымка і прасоўванне таленавітых творцаў, якія ў гэты час шукаюць свайго чытача. На коне — права выдання тысячным тыражом у адным з буйных выдавецтваў. Акцэнт, натуральна, робіцца на пачаткоўцах, аднак у спаборніцтве бяруць удзел не толькі малавядомыя аўтары, але і вопытныя пісьменнікі сталага пакалення, за чыімі плячыма нярэдка не адзін дзясятак выданняў.

Адсутнасць узроставага цэнзу — адна з галоўных асаблівасцей літаратурнага стартапа. Так, сярод фіналістаў сёлетняга конкурсу можна было ўбачыць і маладую паэтэсу з Гродна Вікторыю Смолку, і, напрыклад, Міхася Пазнякова, лаўрэата 11 літаратурных прэмій, старшыню Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, які прадставіў праект новага празаічнага зборніка пад назвай «Голас». Прапанаваная кніга складаецца з твораў розных гадоў, апублікаваных у перыёдыцы і калектыўных зборніках па ўсім свеце.

Аўтары спаборнічалі ў пяці намінацыях: «Паэзія», «Проза», «Дзіцячая літаратура», «Літаратура для падлеткаў» і «Нон-фікшн». З моманту абвяшчэння прыёму работ 22 лютага і да яго завяршэння 2 сакавіка арганізатары атрымалі больш ад 200 заявак аб удзеле ў праекце. Па выніках папярэдняга адбору было вылучана 12 найбольш перспектыўных работ. Уласна, іх і прадстаўлялі ўдзельнікі на цэнтральным стэндзе ХХІХ кніжнай выстаўкі-кірмашу. Прэзентацыі праходзілі ў фармаце пітчу, на якім аўтары павінны былі «прадаць» ідэі сваіх кніжных праектаў.

Каб зацікавіць выдаўцоў у супрацоўніцтве, а разам з тым, магчыма, знайсці будучых чытачоў (нездарма ж мерапрыемства праходзіла на галоўнай сцэне наўпрост пасярод выстаўкі), удзельнікам давялося выкласціся напоўніцу і прадэманстраваць усе свае бізнес-здольнасці. Некаторыя падрыхтавалі камп’ютарныя прэзентацыі і слайд-шоу, асобныя прыйшлі ўжо з гатовымі (нават ілюстраванымі) макетамі кніг, а сям’я Любчанка, напрыклад, увогуле прывезла на выстаўку музычны нумар. Словам, барацьба разгарнулася гарачая.

Перад журы паўстаў дужа складаны выбар: надзвычай раўнасільнымі аказаліся прэзентацыі аўтараў. У выніку з 12 фіналістаў права на выданне ўласнай кнігі тыражом у 1000 экзэмпляраў атрымалі ажно 11 чалавек! Пераможцам былі ўручаны сертыфікаты, якія паслужаць своеасаблівым пацвярджэннем заключанай паміж выдаўцамі і літаратарамі дамоўленасці аб супрацы.

Што ж, падсумуем… Выдавецтва «Мастацкая літаратура» ўзяло на сябе абавязацельствы надрукаваць фантастычную аповесць Вікторыі Карась «Закаханы скідзень» аб каханні дзяўчынкі-пярэваратня і звычайнага хлопца, а таксама цалкам скончаную і ілюстраваную павучальную казку Алесі Прыходзькі «Хлюпик и друг его Нюня». Пад грыфам выдавецтва «Звязда» свет пабачаць зборнік Міхася Пазнякова «Голас», казкі Вікторыі Карась, гісторыя Марыны Петрашкевіч аб дамавіку Сені і вершы Вікторыі Смолкі.

«Народная асвета» ў сваю чаргу абрала апавяданні Алены Курэк (Любчанкі), новую прозу пяцікласніцы Вікторыі Пажыток і падручнік для дзяцей з асаблівасцямі інтэлектуальнага развіцця «Весёлые загадки» настаўніка-дэфектолага Ірыны Бароўскай. Выдавецтва «Беларусь» возьмецца за кнігу пятнаццацігадовага Ільі Набздорава «Трэйдынг і іншыя цуды» аб мастацтве зарабляць грошы на зменах курса і прозу Наталлі Адарчанкі, вопытнай вэб-пісьменніцы.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.